Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскага псыхіятра Паснова асудзілі на тры гады «хіміі» за паклёп на пракурора


Ігар Пасноў, архіўнае фота 2014 году
Ігар Пасноў, архіўнае фота 2014 году

Віцебскага «лекара-праўдаруба» Ігара Паснова прызналі вінаватым у паклёпе на пракурора Юрыя Раманоўскага, паведамляе рэгіянальны праваабарончы сайт «Віцебская вясна».

Суд Бешанковіцкага раёну пад старшынствам судзьдзі Натальлі Рошчынай прызнаў вінаватым Ігара Паснова «у распаўсюдзе заведама непраўдзівых выдумак, якія няславяць іншую асобу (паклёп), разьмешчаных у глябальнай сетцы інтэрнэт», і на падставе ч. 2 арт. 188 Крымінальнага кодэксу Беларусі пакараў яго абмежаваньнем волі на 3 гады з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Паводле выраку, выпраўленьне абвінавачанага «магчымае толькі шляхам ускладаньня абавязкаў, якія абмяжуюць ягоную свабоду ва ўмовах ажыцьцяўленьня за ім нагляду». «Іншыя віды пакараньняў для абвінавачанага неэфэктыўныя», — гаворыцца ў прысудзе.

Паседжаньні выязнога суду Бешанковіцкага раёну адбываліся ў Віцебску і праходзілі ў закрытым рэжыме. Прысуд пакуль не набыў законнай сілы і можа быць абскарджаны.

Ад самага пачатку абвінавачанымі ў справе аб паклёпе на пракурора Раманоўскага праходзілі два жыхары Віцебску — Ігар Пасноў і Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард, але пазьней іхныя справы разьдзялілі.

Паводле пастановы аб завядзеньні крымінальнай справы, Ігар Пасноў і Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард напісалі заяву, у якой абвінавацілі пракурора Віцебску Юрыя Раманоўскага ў цяжкім злачынстве: што ён, карыстаючыся службовай уладай, заступіўся за сяброўку сваёй жонкі, на якую была заведзена крымінальная справа, а пазьней спрыяў яе незаконнаму вызваленьню ад крымінальнага перасьледу. Заява была разасланая па больш чым 20 адрасах (у тым ліку ў Amnesty International, амбасады Вялікай Брытаніі, Латвіі, Чэхіі) і ў той жа дзень апублікаваная на старонках Ігара Паснова ў сацсетках Facebook і «ВКонтакте».

Праваабаронца: прысуд несправядлівы

Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў лічыць прысуд Паснову несправядлівым. На ягоную думку, наогул не павінна быць крымінальнай адказнасьці за абразу альбо паклёп. А ў гэтым выпадку немагчыма казаць пра тое, даказаная віна Паснова ці не, бо судовае паседжаньне праходзіла ў закрытым рэжыме.

Павал Левінаў
Павал Левінаў

«Маніторынг паказаў, што асоба, якую абразілі і на якую ўзьвялі паклёп, у судзе практычна не зьяўлялася і ніякіх паказаньняў не давала. Прысуд збольшага абгрунтаваны матэрыяламі дасудовага сьледзтва. А казаць пра нейкае спаборніцтва бакоў у працэсе, калі аднаго не было ўвогуле, а другога судзьдзя выдаліла да канца разбору з залі паседжаньня, проста не выпадае. Таму гэта поўная бакханалія ўладаў, у тым ліку судовай сыстэмы», — дадаў праваабаронца.

***

Віцебскі лекар Ігар Пасноў вядомы сваімі шматлікімі выступамі ў інтэрнэце з крытыкай мясцовых уладаў і стану мэдычных установаў Віцебшчыны. Пасьля шэрагу крытычных выступаў галоўны ўрач Віцебскага абласнога клінічнага цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі Алена Мартынава ініцыявала зьмяшчэньне яго на прымусовае псыхіятрычнае лячэньне. Суд Віцебскага раёну санкцыянаваў гэтае рашэньне. Пасноў спрабаваў яго аспрэчыць, але беспасьпяхова.

Прымусовае псыхіятрычнае лячэньне ён праходзіў на працягу месяца. Праваабарончая арганізацыя Amnesty International заявіла пра гатоўнасьць прызнаць Паснова вязьнем сумленьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG