Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20 фактаў пра Янкеля Кругера, які вучыў Хаіма Суціна і не паразумеўся з жонкай Янкі Купалы


Аўтапартрэт у чырвоным бэрэце. 1889 г. (фрагмэнт карціны). Усе рэпрадукцыі — з Нацыянальнага мастацкага музэю Беларусі. Асабістая падзяка Вользе Архіпавай
Аўтапартрэт у чырвоным бэрэце. 1889 г. (фрагмэнт карціны). Усе рэпрадукцыі — з Нацыянальнага мастацкага музэю Беларусі. Асабістая падзяка Вользе Архіпавай

14 траўня спаўняецца 150 гадоў выдатнаму жывапісцу і пэдагогу Янкелю Кругеру. Гэты мастак быў адным з самых папулярных менскіх творцаў 1910–20-х гадоў. Ён першы намаляваў неафіцыёзныя партрэты Янкі Купалы і Якуба Коласа, а пасьля выявіў ці ня ўсіх вядомых беларускіх дзеячоў (ад Скарыны да Чарвякова) і ніколі ня здраджваў рэалістычнаму стылю.

1. Партрэт Тургенева вызначыў творчы лёс Кругера

Партрэт Тургенева работы 14-гадовага Кругера
Партрэт Тургенева работы 14-гадовага Кругера

«У чатырнаццаць гадоў ён зрабіў вельмі ўдалы партрэт... Тургенева. Работу ўбачыў дырэктар Менскай гімназіі і, зьвярнуўшы ўвагу на таленавітага хлопчыка, дамогся яго адпраўкі на сродкі дабрачыннага фонду ў Кіеўскую мастацкую школу М. І. Мурашкі»[1].

Брат мастака. 1896 г.
Брат мастака. 1896 г.

2. Абражаны адмовай прыняць яго ў Пецярбурскую акадэмію мастацтваў, зьехаў у лепшыя акадэміі Эўропы

«Я цяжка і мэтанакіравана працаваў над сабой, імкнучыся трапіць у Акадэмію мастацтваў. Акрылены гэтай марай, падʼяжджаў да Пецярбургу. Горад сустрэў мяне сурова і па-чужому. Перад працоўным яўрэем усюды былі замкнутыя дзьверы. Ніякія рэкамэндацыі ад менскіх мэцэнатаў, якія пацьвярджалі мае здольнасьці як мастака, не дапамаглі»[2].

Партрэт скрыпача Жухавіцкага. 1897 г.
Партрэт скрыпача Жухавіцкага. 1897 г.

«...Празь нейкі час Кругер паехаў у Варшаву... У 1888 г. малады мастак перабраўся ў Парыж, каб вучыцца жывапісу ў акадэміі Жульена. /.../ Пабываў у Лёндане, Бэрліне, Брусэлі. Неаднаразова дэманстраваў свае палотны на парыскіх выставах»[1].

3. Змог вучыцца ў Пецярбургу дзякуючы заступніцтву Ільлі Рэпіна

Янкель Кругер. Аўтапартрэт. 1899 г.
Янкель Кругер. Аўтапартрэт. 1899 г.

«Па словах самога Якава, у Акадэмію яго прынялі пры актыўным судзеяньні Ільлі Рэпіна: „Я пазнаёміўся са знакамітым рускім мастаком Рэпіным, і толькі дзякуючы яго стараньням быў прыняты ў Акадэмію мастацтваў“... Вучыўся ён у клясе Ўладзімера Макоўскага...»[1].

4. Яго дыплёмную працу надрукаваў папулярны расейскі часопіс

«Дыплёмная праца — карціна „На суд прафэсара“ — атрымала высокую адзнаку. Рэпрадукцыя карціны была надрукаваная ў часопісе „Ніва“ за 1901 г.»[1].

Дыплёмная праца Янкеля Кругера «На суд прафэсара»
Дыплёмная праца Янкеля Кругера «На суд прафэсара»

5. Лічыў, што лепей быць першым у Менску, чым другім у Парыжы

«Ён не прыняў мастацкі Парыж, нягледзячы на тое, што неаднаразова дэманстраваў свае палотны на парыскіх выставах. /.../ А можа... хутчэй за ўсё перамог яўрэйскі практыцызм. Кругер пакінуў Парыж і вярнуўся на радзіму, каб у Менску быць першым мастаком. Каб мець тую сініцу ў руках, якая лепшая за жураўля»[3].

Ранішняя малітва. 1897 г.
Ранішняя малітва. 1897 г.

6. Ажаніўся па разьліку зь неадукаванай дачкой млынара

«Падчас прыезду ў Менск, пасьля заканчэньня Пецярбурскай Акадэміі мастацтваў, у 1901 годзе Кругер узяў шлюб з дачкой багатага млынара.

„Бядняк-дзед ажаніўся з грашыма, — сьцьвярджае... яго ўнучка Людміла Кругер. — Бабуля была непісьменная і не магла спакойна бачыць сваіх унучак-студэнтак з кнігай: яна лічыла, што гэты занятак не для жанчыны. Але заўсёды ганарылася сваім мужам — заслужаным мастаком, які атрымліваў пэрсанальную пэнсію“»[4].

Лістаноша. 1907 г.
Лістаноша. 1907 г.

7. У дарэвалюцыйным Менску ўвёў моду на пастэльныя партрэты

«У 1910-я гг. ... актыўна піша партрэты пастэльлю, вытанчанай „арыстакратычнай“ тэхнікай, якая патрабуе беспамылковага майстэрства, пастаўленай рукі, адчуваньня колеру. Кругер „завёз“ у правінцыйны Менск моду на пастэльны партрэт і ня здраджваў яму ўсё жыцьцё...»[5].

«У гэтай тэхніцы ён дасягнуў найбольшых вынікаў. Усе яго работы пастэльлю, асабліва „Партрэт жанчыны“ (1914 г.), вылучаюцца асаблівай танальнасьцю. Як на ўдалыя работы пастэльлю можна яшчэ ўказаць на наступныя: „Партрэт М. Грэдзінгер“ і „Партрэт старога партызана“»[6].

8. Адна зь яго карцін настолькі раззлавала жандараў, што яе парэзалі на шматкі

«Мастак пісаў ня толькі партрэты, але і жанравыя карціны. Адна зь іх, створаная ў 1906 г., называлася „Пагром“. Даведаўшыся, што Кругер стварыў „крамольнае“ палатно, жандары ўварваліся ў майстэрню мастака і зьнішчылі карціну — парэзалі на шматкі»[3].

9. Адкрыў у Менску адну зь першых мастацкіх школ

«Кругер — мастак, што кіраваў студыяй, — абяцаў першыя посьпехі ўжо праз тры месяцы. У гэтым абяцаньні было нешта сумнеўнае, але маладыя людзі заставаліся, бо не было лепшых варыянтаў...»[7].

10. У яго вучыўся будучы геній жывапісу Хаім Суцін, зь якім Кругер ня мог знайсьці агульнай мовы

«Калі я вучыўся ў школе ў Менску, — расказваў Суцін, — нас, вядома, прымушалі маляваць, і настаўнікі дакаралі мяне за тое, што я маляваў ня як усе. Запэўніваю... я мог, але ня так, як ім хацелася, і ня так, як гэта рабілі іншыя...»[8].

Партрэт старога. 1920-я гг.
Партрэт старога. 1920-я гг.

11. На месцы колішняй майстэрні Кругера атайбавалася праўленьне Саюзу мастакоў БССР

«І школа, і майстэрня, і кватэра Якава Кругера былі ў двухпавярховым каменным доме кандытара Венгржэцкага. Дом стаяў на рагу вуліц Захарʼеўскай і Петрапаўлаўскай... прыкладна ў тым месцы, дзе цяпер дом № 23 з унівэрсамам „Цэнтральны“. У савецкія часы па нейкім містычным супадзеньні ў гэтым доме (на месцы майстэрні Кругера) працавала праўленьне Саюзу мастакоў БССР»[3].

12. Доўгі час заставалася загадкай, хто гераіня самага вядомага партрэта Кругера «Дзяўчынка ў чырвоным»

Дзяўчынка ў чырвоным. 1910-я гг.
Дзяўчынка ў чырвоным. 1910-я гг.

«Партрэт ня быў падпісаны і датаваны, а гэта рэдкасьць для Я. Кругера. Супрацоўнікі галерэі ў 1940 г. чамусьці не палічылі неабходным удакладніць ва ўдавы імя мадэлі. Так і засталося б, каб ня два шчасьлівыя выпадкі. Першы — нечаканае знаёмства з унучкамі мастака: Марынай Чарняк і Людмілай Кругер, якія не загінулі... у менскім гета, як меркавалася раней, а жылі ў Пецярбургу і Маскве. Другі — выпадковая знаходка ў Канатопе... рэдкага каталёга менскай мастацкай выставы 1910 г... ніводнага экзэмпляра якога не захавалася ў бібліятэках Беларусі. У ім пазначана карціна Я. Кругера зь пяшчотнай назвай „Партрэт маёй дачушкі“. Адразу ж прыгадалася безыменная „Дзяўчынка ў чырвоным“ — можа, гэта той самы партрэт? Параўнаньне партрэта і фатаздымкаў дачкі Кругера зь сямейных альбомаў унучак мастака пацьвердзіла гэтую вэрсію...»[9].

13. Яго даводзіла да лютасьці жонка Янкі Купалы

«Кругер лютаваў. Увесь наліўся крывёй...

— Што яна ў мастацтве разумее?.. Ёй кветачкі патрэбныя... Ружачкі! Вяночак надзену яму на галаву?.. Ня ёй партрэты заказваць! Зь яе дастаткова фатаграфіі /.../ Хай ідзе да Напэльбаўма, ён здыме пад фікусам! /.../ Калі ня хоча, дык і ня трэба... партрэт пакуль яшчэ мой... я зьнішчу яго! Гэта маё апошняе слова!

...мастак... схапіўся за сэрца і выбег са студыі. /.../ Загаварыла незнаёмая жанчына:

— Уладзіслава Францаўна заказала партрэт. Цяпер яна незадаволеная. Просіць намаляваць ружы. Хаця б адну! Калі трэба, яна гатовая даплаціць мастаку...»[10].

Партрэт Янкі Купалы. 1923 г. Рэпрадукцыя ўзятая зь Літаратурнага музэю імя Янкі Купалы
Партрэт Янкі Купалы. 1923 г. Рэпрадукцыя ўзятая зь Літаратурнага музэю імя Янкі Купалы

14. Партрэты Янкі Купалы і Якуба Коласа работы Кругера выпадкова ўратаваў зь «нямецкага палону» савецкі жаўнер

У вайну гэтыя палотны, які і многія іншыя карціны Кругера, былі вывезеныя ў Нямеччыну. «...Адзін жаўнер-беларус выпадкова знайшоў у адным з падвалаў невялікага нямецкага мястэчка скрутак палатна, а калі разгарнуў, то пазнаў абліччы любімых паэтаў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Ён згарнуў партрэты ў свой мяшок. Пасьля заканчэньня вайны жаўнер вярнуўся ў Менск і аддаў карціны ў музэй»[1].

Партрэт Якуба Коласа. 1923 г. Рэпрадукцыя ўзятая зь Літаратурнага музэю імя Янкі Купалы
Партрэт Якуба Коласа. 1923 г. Рэпрадукцыя ўзятая зь Літаратурнага музэю імя Янкі Купалы

15. У 1920-я гады найбольшую славу здабыў як афіцыйны партрэтыст беларускіх культурніцкіх дзеячоў

Бацька беларускага мастацтвазнаўства Мікола Шчакаціхін так апісвае яго партрэты:

«Портрэт В. Ігнатоўскага, прэзыдэнта Беларускае Акадэміі Навук. /.../ У тыпе натуралістычнага офіцыйнага портрэту. /.../

Портрэт Якуба Коласа, народнага поэты БССР /.../. Адзін з характэрных для манеры малера портрэтаў, дзе рэалізм агульнае трактоўкі імкнецца да найбольшае дакладнасьці портрэтавага падабенства, а задні плян — у даным выпадку тыповая беларуская вёска — служыць для частковае нутраное характарыстыкі орыгіналу. /.../

Портрэт Зьмітрака Бядулі (Ясакара), сучаснага беларускага поэты і пісьменьніка... У трактаваньні падобны да папярэдняга, але неяк болей інтымны з прычыны меншага памеру, мяккай пастэльнай тэхнікі і цяплейшага колёрыту. Пагрудзьдзе пісьменьніка падана ў чыстых рэальных рысах, з вялікім падабенствам, але на заднім пляне ледзь накрэсьлены фантастычныя мары яго тыповых апавяданьняў першага пэрыоду са зборніку „На зачарованых гонях“»[11].

Аўтапартрэт. 1931 г.
Аўтапартрэт. 1931 г.

16. Многія дасьледчыкі лічаць Кругера пачынальнікам стылю сацрэалізму ў мастацтве Беларусі

«Застаўшыся ў савецкай Беларусі, Кругер не ў малой ступені пасадзейнічаў фармаваньню сацыялістычнага рэалізму ў 1930-я, ствараючы ўзорныя партрэты Сталіна, Варашылава, Горкага. За гэта ён ва ўзросьце сямідзесяці гадоў атрымаў ганаровае званьне „Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР“ — за чатыры месяцы да сваёй сьмерці»[12].

Партрэт ударніка. 1931 г.
Партрэт ударніка. 1931 г.

«У тагачасных партрэтах... паступова крышталізаваўся будучы стыль савецкага параднага афіцыёзу, які канчаткова ўсталяваўся пазьней, пасьля 1934 г. /.../ Я. Кругер ідэальна адпавядаў палітычнай каньюнктуры...»[13].

17. Меў больш за ўсіх пэрсанальных выстаў сярод беларускіх мастакоў

«У канцы 1920-х — 1930-я гады Кругер быў адзіным мастаком БССР, якому дазволілі правесьці ў Менску тры пэрсанальныя выстаўкі. У той час такія выстаўкі ладзіліся надзвычай рэдка. Гэта сьведчыць, з аднаго боку, пра яго працаздольнасьць, з другога — пра ляяльнасьць да яго творчасьці савецкай улады»[4].

Партрэт старога. 1920-я гг.
Партрэт старога. 1920-я гг.

18. У 1930-я яго крытыкавалі ў Маскве ды Ленінградзе

«У творчасьці... Кругера ярка выяўляецца нацыяналістычная сутнасьць дробнабуржуазнага „гуманізму“, жаль да сацыяльных слаёў, якія адыходзяць, і падыход да ўсяго яўрэйства як да адзінага цэлага»[14].

«...Патрабаваньні рэалізму, якія наша жыцьцё прадʼяўляе да мастакоў, знаходзяць у ягоных палотнах крыху прымітыўнае тлумачэньне. Жывапіс ягоны ілюзіяністычны і крыху сухаваты»[15].

19. Апантана маляваў партрэты Сталіна, каб пазьбегнуць рэпрэсій

Янкель Кругер. 1939 г.
Янкель Кругер. 1939 г.

«Да работы над партрэтам Сталіна я вяртаюся зноў і зноў. Мне як мастаку дастаўляе вялікую творчую радасьць вывучаць і ўвасабляць рысы вялікага чалавека — нашага правадыра... вялікага сябра беларускага народа, стваральніка беларускай дзяржаўнасьці»[2].

«Яго шматлікія партрэты Сталіна другой паловы 30-х — ня толькі параксізм афіцыёзу, але і своеасаблівае „замаўленьне“ страшэннай навалы рэпрэсій, якая пранеслася над яго ўчарашнімі мадэлямі. Героі яго партрэтаў (Усевалад Ігнатоўскі, Ізі Харык, Аляксандар Чарвякоў, Мікалай Галадзед, Уладзіслаў Галубок...) гінулі... Каб выжыць, трэба было прымаць новыя „правілы гульні“»[5].

Яго апошняй незавершанай карцінай было вялікае палатно «Сталін слухае даклад», пра якое за чатыры месяцы да сьмерці мастака захоплена пісала крытыка: «Ён працуе над карцінай пра Сталіна... Усю сілу свайго таленту аддае мастак гэтай карціне. Любоў да правадыра, да сваёй вялікай радзімы натхняе старога майстра»[16].

20. Акрамя магілы і 30 карцін, ад Янкеля Кругера нічога не засталося

«...Не засталося бацькоўскага дома і ягонага ўласнага, што месьціўся ў раёне Дома ўрада, не засталося і шыкоўнага дома Венгржэцкага, дзе была ягоная славутая школа. На тым месцы — перад будынкам № 23 — сёньня тратуары ля праспэкта, у савецкі час па вайне было праўленьне Саюза мастакоў БССР і мастацкі салён, дзе цяпер казіно. Не пашкадавалі ў 70-я і адзін з найстарэйшых мураваных будынкаў нашае сталіцы — гатычную Халодную сынагогу, дзе маліўся Кругер. Некранутай засталася толькі магіла на Вайсковых могілках...»[12].

Аўтар выказвае вялікую падзяку Паўлу Каралёву за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу.

Сьпіс выкарыстанай літаратуры

1. Марина Черняк. Род Якова Кругера // Асоба і час. Вып. 1. Менск, 2009.
2. Я.М. Кругер. На благо моей родины // Советская Белоруссия. № 295. 24 сьнежня 1938 г., субота.
3. Светлана Шидловская. «Я — художник Минска» // Авив. 2012 г., № 3-4, сакавік-красавік.
4. Н.М. Усава. Якаў Кругер. Постскрыптум. Новыя матэрыялы аб жыцьці і творчасьці мастака / Музэй ХХІ стагодзьдзя: актуальныя праблемы дзейнасьці. Менск, 2008.
5. Надзея Усава. Якаў Кругер. Славутыя мастакі з Беларусі. Менск, 2013.
6. Н. Дучыц. Я.М. Кругер // Літаратура і мастацтва. № 40. 3 сьнежня 1939 г., нядзеля.
7. Werner A. Cheim Soutine. Paris, 1986.
8. Барыс Крэпак. Хаім Суцін. Крылаты вандроўнік са «зьвярынай інтуіцыяй» / Вяртаньне імёнаў. Нарысы пра мастакоў. Менск, 2014.
9. Надзея Усава. Партрэт дачкі // Мастацтва. 2007 г., № 7.
10. Александр Дитлов. Цветок к портрету Янки Купалы, или «Дарил» ли розу художник поэту // Рэспубліка. № 187. 28 жніўня 2002 г., серада.
11. М. Шчакаціхін, В. Ластоўскі. Сучаснае беларускае мастацтва. Менск, 1929.
12. Сяргей Харэўскі. Той, хто запальваў зоры // Мастацтва. 2015 г., № 4.
13. Надзея Усава. Мастак і ўлада: Якаў Кругер — беларускі Жэрар // Роднае слова. 2000. № 4.
14. Кастелянский Е. Изобразительное искусство БССР. Москва-Ленинград, 1932.
15. Замошкин А. Белорусские художники // Каталог выставки белорусского искусства. Москва, 1935.
16. Е. Садовский. Юбилей старейшего мастера живописи // Советская Белоруссия. № 277, 1 сьнежня 1939 г., пятніца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG