«Мама, тата і я — шчасьлівая сямʼя». Ці гэта адзіная слушная форма сямʼі ў 21 стагодзьдзі? Як мяняецца ў сучасным грамадзтве інстытут сямʼі? Як мяняюцца сямейныя ролі і самі мэты стварэньня сямʼі? Ці гатовае беларускае грамадзтва прызнаваць, што нармальнымі і шчасьлівымі могуць быць ня толькі традыцыйныя семʼі? І ці апраўданыя асьцярогі клірыкаў і прыхільнікаў традыцыйных каштоўнасьцяў, якія лічаць, што трэба бараніць традыцыйную сямʼю? Абмяркоўваюць сямейныя псыхолягі Алена Ермакова, Вольга Андрэева і Юлія Макоўская.
Сьцісла
- Андрэева: Гомасэксуальнасьцю заразіцца нельга. Ніякай пагрозы традыцыйнай сямʼі я тут ня бачу.
- Ермакова: Найчасьцей ініцыятарамі разводу зьяўляюцца жанчыны. Яны менш схільныя цярпець, чым папярэднія пакаленьні.
- Макоўская: Жанчына можа здабываць і карміць ня горш за мужчыну. А мужчына можа займацца нашчадкамі і надалей адчуваць сябе мужным.
«Бабуля і ўнук, якія жывуць разам, гэта такая ж сямʼя, як мама, тата і дзеці»
Ганна Соўсь: У Беларусі стала агульным месцам гаварыць пра сямейныя каштоўнасьці. Што адбываецца з інстытутам сямʼі ў Беларусі і ў эўрапейскім рэгіёне? Якія асноўныя тэндэнцыі вы б адзначылі, якія аднолькавыя для ўсіх, і ці ёсьць беларуская спэцыфіка сямʼі?
Алена Ермакова: Мы жывем у вельмі цікавы пераходны час. У пэўныя пэрыяды жыцьця любога грамадзтва ёсьць адносна стабільныя, вядучыя ўяўленьні пра тое, што такое сямʼя, і як там разьмяркоўваюцца ролі. Цяпер у нас можна вылучаць шмат розных групаў, дзе вядучымі зьяўляюцца нейкія ўяўленьні, а глябальнай цэласнай карцінкі няма. Апытайце дзесяць чалавек, што такое сямейныя каштоўнасьці, і адказы будуць кардынальна розныя. Агульныя фармулёўкі будуць прыблізна аднолькавыя, але, калі капнуць глыбей, яны будуць розныя.
Ганна Соўсь: А як бы вы вызначылі, што такое сямейныя каштоўнасьці?
Алена Ермакова: Найперш гэта клопат і павага людзей, якіх абʼядноўвае сямʼя. А сямʼя, у маім уяўленьні, можа быць вельмі рознай. Бабуля і ўнук, якія жывуць разам, гэта такая ж сямʼя, як мама, тата і дзеці. Ня горшая і ня лепшая.
«Я 25 гадоў займаюся сямейнай тэрапіяй і сутыкаюся з тым, што ўнутры сямʼі вельмі шмат гвалту і непавагі»
Вольга Андрэева: Беларуская сямʼя — месца даволі праблемнае ўжо дастаткова даўно. Цягам аднаго году колькасьць разводаў складае палову колькасьці заключаных шлюбаў, і гэтая лічба практычна не мяняецца ўжо гадоў дваццаць. Гэта кажа пра тое, што тыя формы сямʼі, якія ў нас чалавек можа выбраць, часта не адпавядаюць ягоным патрэбам. Часта гэта не зусім тое месца, дзе чалавек сябе адчувае добра. Я 25 гадоў займаюся сямейнай тэрапіяй і сутыкаюся з тым, што ўнутры сямʼі вельмі шмат гвалту і непавагі. Я разумею, што псыхоляг мае справу са скаргамі, мы менш сустракаемся са шчасьлівымі семʼямі, але тым ня менш, гэтая колькасьць праблемаў уражвае.
У эўрапейскім рэгіёне нарастае тэндэнцыя павагі да індывідуальных патрэбаў чалавека. Чалавек ня хоча быць ахвярным, ён хоча рэалізаваць свае ўяўленьні пра шчасьце. І не заўсёды сямʼя для яго выглядае тым месцам, у якім ён можа свае індывідуальныя патрэбы рэалізаваць. Людзі сёньня не разглядаюць сямʼю як апраўданьне нейкай ахвярнасьці. Калі нашыя маці маглі на сабе эканоміць дзеля дзяцей, то сёньня ўсё меншая колькасьць маці гатовыя гэта рабіць, таму што, напэўна, у гэтым няма вялікага сэнсу. Сапраўды, сямʼя — гэта інстытут, які павінен прыстасавацца да індывідуальных патрэбаў чалавека.
«Мужчыну можна быць нават каханкам! Для грамадзтва гэта больш зразумела, чым калі каханкай становіцца жанчына»
Ганна Соўсь: І як мяняюцца ролі і абавязкі ў сямʼі? І для каго гэтыя зьмены найбольш цяжка ўспрымаюцца і чаму?
Юлія Макоўская: Да ролі мужа-жонкі бацькі рыхтуюць нас яшчэ ў дзяцінстве. Часта дзеці чуюць ад іх інтраекты кшталту «ну што зь цябе будзе за жонка, калі ты гатаваць не ўмееш, прыбіраць не ўмееш» і г. д. Дзеці таксама несьвядома ўспрымаюць погляды сваіх бацькоў за свае. Яны бачаць, як функцыянуе ў сямʼі маці, бацька, якія яны выконваюць ролі. І несьвядома могуць альбо паўтараць гэта альбо абраць штосьці зусім супрацьлеглае. Пасьля стварэньня сямʼі зьяўляюцца новыя дадатковыя ролі. Сын ці дачка становяцца мужам або жонкай. Гэта час, калі можна разьмяркоўваць абавязкі, дыскутаваць аб тым, хто і чаго патрабуе. Але калі нараджаюцца дзеці, то акрамя быцьця дачкой, жонкай, сяброўкай, сястрой я цяпер мушу быць таксама маці.
А грамадзтва кажа — ты мусіш быць перадусім маці або жонкай і ўжо пасьля дачкой, сяброўкай і толькі напрыканцы жанчынаю са сваёй прывабнасьцю і сэксуальнасьцю. Але я лічу, што адно другое не выключае. Важная раўнавага. Перадусім важна дбаць пра свае індывідуальныя патрэбы, не зважаючы на тое мужчына ты ці жанчына, маці ці жонка, бацька ці сын.
Мужчыны, на маю думку, маюць усе ж больш дазволу з боку грамадзтва на тое, што акрамя быцьця бацькам быць пасьпяховым спэцыялістам, сябрам, сынам і г. д. Можна быць нават каханкам! І для грамадзтва гэта больш зразумела, чым калі каханкай становіцца жанчына. Бо жанчына — гэта перш за ўсё маці. Мяне страшна злуе стары падыход да гэтага, нават спэцыялістаў, маўляў, мужчыны — павіны здабываць і карміць, а жанчыны павінны быць цярплівымі і прысьвячаць сябе сямʼі. Так было раней, бо гэта было неабходнасьцю, каб выжыць і пракарміць нашчадкаў. Сучасны сьвет іншы і дае іншыя магчымасьці і мужчынам, і жанчынам. Жанчына можа здабываць і карміць ня горш за мужчыну. А мужчына можа займацца нашчадкамі і мець ад гэтага таксама прыемнасьць і надалей адчуваць сябе мужным.
Грамадзянскі шлюб ці ўсё ж сужыцьцё?
Ганна Соўсь: У многіх краінах Эўразьвязу можна акрамя традыцыйнага шлюбу зарэгістраваць іншыя формы партнэрства з рознымі ступенямі абавязкаў і правоў. Як вы лічыце, ці варта Беларусі таксама пераняць такую практыку?
Вольга Андрэева: Гэтая практыка вельмі эфэктыўная. Яна дае большую колькасьць мадэляў, якія адпавядаюць розным патрэбам людзей. У некаторых эўрапейскіх краінах развод — шматгадовая і дарагая працэдура, і ў сувязі з гэтым узьнікаюць такія формы афармленьня шлюбу як зарэгістраванае партнэрства, якія даюць пэўныя правы абодвух партнэрам, але спрашчаюць працэдуру выхаду, калі яны расчараваныя ў гэтым сваім праекце. Гэтая форма пасуе пэўнай колькасьці людзей. Гэта таксама ўлічвае нейкія маёмасныя правы і сытуацыі партнэраў. Я думаю, што для нас гэта было б вельмі зручным. І такая рэч, як шлюбны кантракт, якая пакуль ня так шырока распаўсюджаная ў Беларусі, таксама магла б папярэджваць патэнцыйна складаныя сытуацыі ў будучыні.
Ганна Соўсь: У Беларусі распаўсюджаная такая форма партнэрства, як так званы грамадзянскі шлюб без афіцыйнага афармленьня. Якія мінусы і плюсы ў гэтай формы партнэрства?
Вольга Андрэева: Я яго шлюбам не лічу. Нехта пакідае дзьверы прыадчыненымі з гэтага партнэрства. Уласна кажучы, грамадзянскі шлюб — гэта шлюб, аформлены ў дзяржаўнай установе, а не ў царкве. А калі людзі жывуць разам і не афармляюць свае адносіны, заўсёды гэта называлася проста сужыцьцё. Як часовы саюз гэта падыходзіць некаторай колькасьці людзей, але ён ніколі не бывае выпадковым. Калі людзі не афармляюць ва ўстановах свае адносіны, то гэта і ня шлюб, гэта свабоднае партнэрства без вялікіх абавязкаў.
«Дастаткова часта чую ад маладых, адукаваных жанчын фразу "усе так жывуць"»
Ганна Соўсь: Вельмі часта цяпер маладыя людзі зусім не імкнуцца ствараць сямʼю. Ці мяняецца матывацыя людзей, якія вырашылі пабрацца шлюбам ці разьвесьціся?
Алена Ермакова: Калі ёсьць страх перад шлюбам, то заўсёды карані — у бацькоўскай сямʼі. Траўматычны, драматычны досьвед бацькоўскай сямʼі часта зьвязаны з гвалтам, здрадай, цяжкімі разрывамі, выкарыстаньнем дзяцей у пэўных мэтах, маніпуляцыямі, і гэта прыводзіць да таго, што карцінка сямʼі, шлюбу становіцца вельмі праблемнай.
А чалавек цэніць сваю свабоду і індывідуальнасьць і хоча пазьбегнуць паўтарэньня гэтага. Я дастаткова часта чую ад маладых, адукаваных жанчын фразу «усе так жывуць». І мяне заўсёды гэтая фраза вельмі насьцярожвае і палохае. Найчасьцей, паводле статыстыкі, ініцыятарамі разводу зьяўляюцца жанчыны. У нечым гэта тэндэнцыя станоўчая. Жанчыны значна менш схільныя цярпець, чым гэта рабілі папярэднія пакаленьні. З другога боку часам прысутнічае матыў: нехта павінен зрабіць мяне шчасьлівай. Гэта нам у пэўнай ступені насаджае папулярная культура. Прыходзіць прынц і вось яно шчасьце?
Ганна Соўсь: Наколькі вялікая частка людзей стварае сямʼю проста таму, што так заведзена? Мне столькі гадоў і трэба замуж, трэба нараджаць дзяцей.
Алена Ермакова: Ня так даўно я чытала цікавую публікацыю ў нямецкім часопісе пра тое, што праблемная ці не праблемная сямʼя, насамрэч ня так моцна залежыць ад матывацыі, а значна больш залежыць ад каштоўнасьцей тых, хто бярэ шлюб, ад уменьня будаваць адносіны і супрацоўнічаць. Але калі сыходзіць з маёй практыцы, то ня так ужо і часта сучасныя жанчыны ўступаюць у шлюб проста таму, што час прыйшоў, што так трэба. Але зьвяртаюцца па дапамогу да псыхоляга, псыхатэрапэўта далёка ня ўсе, гэта пэўны сацыяльны зрэз.
У той жа час насамрэч шмат перажываньняў кшталту «гадзіньнік цікае», «пэўны ўзрост, а я яшчэ ня ў шлюбе». Як правіла, я сутыкаюся з двума фактарамі, якія ўзмацняюць гэтае перажываньне. Калі размова ідзе пра дзяцей, маладая жанчына задумваецца, што яе час у гэтым пляне неяк абмежаваны. Тут і нашы мэдыкі «падаграваюць» сытуацыю: 20 зь лішнім — ужо старая парадзіха. Другі фактар — сябры, знаёмыя, члены сямʼі, якія бясконца абмяркоўваюць гэтую тэму. Часам жанчыны вельмі хваравіта пераносяць гэтае параўнаньне, я адна, а сяброўкі ўсе замужам. І ўсё ж я сутыкаюся з тэндэнцыяй не выхадзіць замуж проста для таго, каб урэшце выйсьці, таму што пэўны ўзрост падышоў. І гэта радуе.
«Каб не гаспадарка нас абʼядноўвала або крэдыт, а сапраўдныя пачуцьці»
Юля Макоўская: Гэта насамрэч вельмі добра, што сучасная моладзь не сьпяшаецца ствараць сямʼю. Для мяне гэта сьведчыць пра рэфлексыйнасьць і адказнасьць. У сучасным сьвеце сямʼя — гэта ня тое, што было раней. Семʼі не ствараюцца пад узрост, бо застанесься сам-сама, або бацькі ціснуць ці грамадзтва, бо нараджаць будзе за позна і г. д. Хоць і гэтыя матывы ёсьць. Але, на шчасьце, часта гэта сьвядомы падыход да зьявы, адчуваньне адказнасьці, пастаноўка сабе вельмі сурʼёзнага пытаньня, ці я з гэтым чалавекам гатовы зьвязаць сваё жыцьцё?
Адначасова гэта вынікае з таго, што людзі хочуць быць больш незалежнымі, хочуць атрымаць адукацыю, знайсьці працу, паглядзець сьвет, бо каб стварыць нешта блізкае і бясьпечнае разам, патрэбная таксама незалежнасьць і сьвядомасьць кожнага паасобку, каб не гаспадарка нас абʼядноўвала або крэдыт, а сапраўдныя пачуцьці. А з другога боку адкладаньне стварэньня сямʼі можа быць вынікам сьвядомых або несьвядомых страхаў перад адказнасьцю, абмежаваньнем і больш сурʼёзных прычын, каторыя могуць вынікаць нават зь дзяцінства
«Для гарманічнага разьвіцьця дзіцяці патрэбны і ўзор жаноцкасьці і мужчынскасьці»
Ганна Соўсь: Ці могуць быць аднолькава шчасьлівыя людзі ў розных фарматах сямʼі (сямʼя з адным з бацькоў, сямʼя безь дзяцей, аднаполая сямʼя, прыёмная сямʼя ды іншыя)? Ці гатовае беларускае грамадзтва прызнаваць, што нармальнымі і шчасьлівымі могуць быць ня толькі традыцыйныя семʼі?
Юлія Макоўская: Ці гатовае беларускае грамадзтва прызнаваць, што нармальнымі і шчасьлівымі могуць быць ня толькі традыцыйныя семʼі? Спачатку я хацела адказаць — так, так, так! А пасьля задумалася, бо слова «аднолькава» тут ня вельмі пасуе. Я лічу, што аднолькава шчасьлівымі людзі ў прынцыпе быць ня могуць. Бо кожны сам для сябе вырашае, чым зьяўляецца для яго шчасьце. Для аднаго шчасьце — гэта мець, што зьесьці і дзе жыць, для іншага — падарожнічаць і самарэалізавацца, для кагосьці — мець сямʼю, мужа, дзяцей і г. д. Я ведаю шчасьлівыя семʼі безь дзяцей і семʼі безь дзяцей, але нешчасьлівыя. Ведаю семʼі з прыёмнымі дзецьмі, шматдзетныя семʼі альбо семʼі, дзе дзіця выхоўваецца толькі адным з бацькоў... І тут таксама, некаторыя зь іх «шчасьлівыя», а некаторыя менш. Таму што гэта ня склад сямʼі акрэсьлівае, а шмат іншых фактараў.
Першы і найважнейшы фактар — адносіны паміж чальцамі сямʼі, паміж дарослым і дзіцем. Я кажу тут дарослым, бо гэта не абавязкова мусяць быць бацькі. Гэта могуць быць прыемныя бацькі, дзядуля, бабуля, сястра, цётка, брат і г. д. Патрэбны так званы стабільны абʼект. Гэта асоба, якая з розных жыцьцёвых прычынаў стала займаецца дзіцем і рэалізуе яго патрэбы. Ці мае нейкае значэньне і ўплыў на разьвіцьцё дзіцяці тое, у якой сямʼі ён выхоўваўся? Безумоўна. Першыя 5 гадоў жыцьця малога чалавека закладаюць пэўную аснову для яго «я».
Для гарманічнага разьвіцьця дзіцяці патрэбны і ўзор жаноцкасьці, і ўзор мужчынскасьці незалежна ад полу дзіцяці. Але гэта не азначае, што калі такіх прыкладаў у сямʼі ня будзе, то дзіця вырасьце з адхіленьнямі. Памятайма, што сямʼя — гэта не адзіны рэсурс. Ён вельмі істотны ў жыцьці кожнага з нас, але есьць яшчэ асяродзьдзе па-за ўнутранай сямейнай структурай, і гэта таксама ўплывае на тое, як маленькі чалавек фарміруецца.
Ці гатовае беларускае грамадзтва прызнаць, што нармальнымі і шчасьлівымі могуць быць ня толькі традыцыйныя семʼі? Я ня ведаю адказу на гэта пытаньне. Кожны сам асабіста павінен адказаць на яго. Бо тут гаворка пра шырэйшае, пра зразуменьне, прыняцьце таго, што хтосьці можа мець іншую сытуацыю, чым я, што для кагосьці шчасьце — гэта проста мець пры сабе кагосьці блізкага і роднага, незалежна ад полу.
«Дазволены шлюб паміж людзьмі аднаго полу — гэта вялікі прарыў»
Ганна Соўсь: Калі мы гаворым пра розныя формы сямʼі, мы гаворым і пра аднаполую сямʼю, калі мужчыны жывуць разам ці жанчыны жывуць разам. У Беларусі вельмі патрыярхальнае грамадзтва, гамафобнае ў вялікай ступені. І ці апраўданыя асьцярогі клірыкаў і прыхільнікаў традыцыйных каштоўнасьцяў, якія лічаць, што трэба бараніць традыцыйную сямʼю? Ці пагражае нешта традыцыйнай сямʼі?
Вольга Андрэева: Ва ўсе часы ў любой краіне нейкая частка насельніцтва зьяўляецца гомасэксуальнай. На працягу працяглага пэрыяду гэтыя людзі спазнавалі вельмі жорсткую дыскрымінацыю, яны павінны былі хавацца. Калі гэта мужчыны, яны маглі спазнаваць крымінальны перасьлед. І гэта вялікі прарыў, што ў многіх краінах, і нават такіх як Гішпанія, дзе вялікую ролю адыгрывае каталіцкая царква, дазволены шлюб паміж людзьмі аднаго полу. Нейкая частка насельніцтва можа стаць бачнай, і яны могуць будаваць свае сямейныя адносіны.
Часта гэта людзі зь вельмі працяглымі пачуцьцямі, і яны не адчуваюць сябе ізгоямі ў грамадзтве. Гэта вялікі рух наперад, каб кожны чалавек знайшоў тую форму шчасьця, якая яму падыходзіць. Традыцыйнай сямʼі гомасэксуальная сямʼі ніякім чынам не нашкодзіць. Па-першае, калі людзі прытрымліваюцца традыцыйных каштоўнасьцяў, хай яны самі ў іх будуць перакананыя, і самі будуць трансьляваць іх такім чынам, каб іх дзеці хацелі ім сьледаваць.
А гомасэксуальнасьцю заразіцца нельга. Ніякай пагрозы я тут ня бачу. Я — чалавек сьвецкі, нерэлігійны, і я бы хацела, каб царква ніяк не ўмешвалася ў жыцьцё людзей, якія па-за царквой. Ёсьць вернікі, нейкая рэлігійная частка насельніцтва, і імі ўплыў царквы павінен абмяжоўвацца. Царква не павінна лезьці ў жыцьцё ўсіх астатніх членаў грамадзтва, навязваць свае каштоўнасьці, правілы і ўплываць на заканадаўства. У кожнай краіне ўсе людзі маюць роўнае права на шчасьце і на рэалізацыю таго спосабу быць шчасьлівым, які ім падаецца слушным.
Алена Ермакова: Ці трэба бараніць традыцыйную сямʼю? Мне складана сказаць, як можна нейкім чынам узяць і абараніць, нават, калі нейкія добрыя матывы. Людзі кажуць пра сваю заклапочанасьць і пра свае погляды. Што такое традыцыйная сямʼя? Калі мы гаворым пра нейкія фармальныя прыкметы, то гэта размова на ўзроўні тэорыі, размова ні пра што. Ёсьць чалавечае жыцьцё ва ўсёй разнастайнасьці. Мне падаецца, гэта тое, што трэба паважаць і пра што трэба клапаціцца.
«Ёсьць такая польская прымаўка, што дзеці і рыбы ня маюць голасу»
Ганна Соўсь: Ці зьяўляецца сямʼя найбольш бясьпечным месцам для чалавека ў сучасным сьвеце? Зь якімі асноўнымі сямейнымі праблемамі прыходзяць да вас пацыенты?
Юлія Макоўская: У ідэале добра было б, каб сямʼя гарантавала дарослым і дзецям бясьпеку, стабільнасьць і давер, матывавала людзей да самаразьвіцьця. Але семʼі бываюць розныя. Цяжка казаць пра бясьпеку ў сямʼі, калі ёсьць гвалт, зьнявага, агрэсія, псыхічныя захворваньні, залежнасьці ад псіхаактыўных рэчаў і г. д... Гэта крайнія выпадкі занядбаньня. Але неяк так прынялося ў звычайных семʼях, нават ёсьць на гэтую тэму такая польская прымаўка, што дзеці і рыбы ня маюць голасу. Дзеці часта не ўспрымаюцца як незалежныя, сьвядомыя асобы, якія маюць свае пачуцьці, эмоцыі і патрэбы, яна ўспрымаюцца, як тыя, хто павінен падпарадкоўвацца, павінен быць «нейкім» — паслухмяным, спакойным, добра вучыцца, выконваць загады, бегаць па малако ў краму, гадаваць сястрычку-браціка і г. д. І ўсё гэта таксама нясе за сабой пэўную эмацыйную цану і часамі доўгія гады тэрапіі.
Асноўныя праблемы альбо патрэбы, зь якімі прыходзяць кліенты, гэта патрэба блізкасьці, зразуменьня, прыняцьця сябе такім якім ты ёсьць. Часта гэта адкрыцьцё для самога сябе — хто я насамрэч. Бо ў дзяцінстве не было напрыклад магчымасьці адкрываць сябе і быць сабой. Трэба было дастасоўвацца да чаканьняў іншых. Часамі і глыбейшыя траўмы — гвалт, насільле, зьнявага зь дзяцінства.