Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты зь Беларусі і Расеі прызначылі нараду, каб комплексна разгледзець ўзаемныя прэтэнзіі


Сяргей Рахманаў
Сяргей Рахманаў

Пра сустрэчу экспэртаў, якая пройдзе ў Санкт-Пецярбургу, Свабодзе паведаміў старшыня камісіі Савета Рэспублікі ў міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Сяргей Рахманаў.

Сяргей Рахманаў у інтэрвію Свабодзе заявіў, што беларуска-расейскія стасункі трэба разглядаць у геапалітычным пляне, не выхопліваючы зь іх асобныя аспэкты:

«Для нас Расея была, ёсьць і будзе стратэгічным партнэрам. Гэта ключавое палажэньне. І яно, я ўпэўнены, мусіць распаўсюджвацца ня толькі на пытаньні нашай агульнай бясьпекі, але і ахопліваць усю палітру двухбаковых дачыненьняў. Карціна тады аб’ектыўная, калі бачыш яе ўсю, а не асобныя фрагмэнты».

Рахманаў паведаміў, што на сярэдзіну ліпеня заплянаваная першая ўсёабдымная сустрэча экспэртаў Беларусі і Расеі аб вялікім комплексе двухбаковых пытаньняў.

«Мы хочам, каб на ёй усё разглядалася комплексна», — падкрэсьліў Рахманаў.

Анішчанка: не шукайце палітыкі, уся справа ў якасьці

Сярод патэнцыйных удзельнікаў гэтай сустрэчы былы галоўны санітарны лекар Расеі Генадзь Анішчанка, які 29 красавіка прыбыў у Менск на міжнародную парлямэнцкую канфэрэнцыю ў падтрымку кітайскага праекту «Адзін пояс — адзін шлях».

З 1996 па 2013 год Анішчанка кіраваў «Роспотребнадзором». Менавіта ён забараняў экспарт у Расею віна з Грузіі і Малдовы, «малочнай прадукцыі» зь Літвы. «Роспотребнадзор» таксама знаходзіў парушэньні ў беларускіх малочных вырабах, заяўляў, што празь Беларусь у Расею паступае нелегальная прадукцыя з Польшчы.

Анішчанка цяпер зьяўляецца першым намесьнікам старшыні камітэту адукацыі і навукі Дзяржаўнай Думы Расеі.

На просьбу Свабоды ацаніць сытуацыю з пастаўкамі ў Расею беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі ў часы, калі ён узначальваў «Роспотребнадзор», і цяпер, Анішчанка адказаў, што сытуацыя зьмянілася прынцыпова.

«Раней у нас не было наднацыянальных структур. А цяпер яны існуюць у выглядзе Эўразійскай эканамічнай супольнасьці. З аднаго боку, гэта добра, паколькі зьнятыя бар’еры на шляху перасоўваньня тавараў. З другога боку, ніхто не адмяняў падыходаў да стандартаў прадукцыі, у тым ліку і беларускай. Таму канфлікты, калі яны і адбываюцца, то выключна праз невыкананьне беларускім бокам вызначаных стандартаў. У гэтым уся прычына. Калі прадукцыя адпавядае стандартам, то і спрэчак не ўзьнікае. Так што ня трэба тут шукаць палітыкі — уся справа ў якасьці»,— кажа Генадзь Анішчанка.

На думку старшыні камісіі Савета Рэспублікі ў міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Сяргея Рахманава, рашэньні, якія ў свой час прымаў адносна пастаўкі беларускіх вырабаў у Расею спадар Анішчанка, прымушаюць задумацца: а ці ня бачыў ён тады толькі верхавіну айсбэрга.

«Падобна, што ён зыходзіў у сваіх рашэньнях зь нейкіх адзінкавых фактаў. А хацелася, каб расейскія чыноўнікі бачылі і іншыя рэчы; найперш, што Беларусь і Расея азначаюць адна для другой. Трэба не пагаршаць становішча, а шукаць агульнае, каб у нас не было розных ацэнак адных і тых жа фактаў» — заявіў старшыня камісіі Савету Рэспублікі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG