Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А мітынгі будуць? Палітыкі адказалі, што будзе з вулічнымі акцыямі пасьля адмовы ад «Чарнобыльскага шляху»


Арганізатары «Чарнобыльскага шляху» ў Менску адклікалі заяўку на шэсьце і мітынг, бо ня хочуць плаціць міліцыі больш як 5000 рублёў за абавязковую ахову.

«Чарнобыльскага шляху» ў Менску ня будзе ўпершыню за 30 гадоў. А што зь іншымі акцыямі?

«Улады хочуць, каб грамадзкае жыцьцё сышло на кухні», — Лябедзька

Экс-старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі, кіраўнік цэнтру «Эўрапейскі дыялёг» Анатоль Лябедзька сёлета ня меў дачыненьня да «Чарнобыльскага шляху». Але пад ягоным кіраўніцтвам партыя амаль 20 гадоў ладзіла з розных нагодаў акцыі пратэсту — у тым ліку, разам зь іншымі арганізацыямі, і «Чарнобыльскі шлях».

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

Лябедзька мяркуе, што цяпер трэба абʼядноўваць высілкі палітычных і няўрадавых арганізацыяў, а таксама простых грамадзянаў, каб сытуацыя з адмовай ад шэсьця і мітынгу «Чарнобыльскі шлях» не паўтарылася.

«Гэта выклік, і выклік даволі моцны, — кажа Лябедзька. — Мэта выкліку — каб грамадзкае жыцьцё канчаткова сышло на кухню ці ў курылку, і гэтаму трэба супрацьстаяць.

Як мінімум трэба правесьці мазгавыя штурмы, кансультацыі і абмены думкамі. Трэба ствараць адзіны фронт супраць такой стратэгіі беларускіх уладаў, якія рыхтуюцца да выбарчых кампаніяў, таму хацелі спыніць усялякую актыўнасьць, незалежна ад таго, ці ўтрымлівае яна палітычны кантэнт».

На думку Анатоля Лябедзькі, трэба ня толькі працаваць унутры краіны, але таксама апэляваць да міжнароднай супольнасьці, бо абмежаваньне свабоды сходаў парушае і Канстытуцыю Беларусі, і міжнародныя абавязаньні дзяржавы. Лябедзька не пагаджаецца, што ва ўладаў Беларусі няма прычынаў адмаўляцца ад «падатку на канстытуцыйныя правы», як ён гэта называе.

«Улады сёньня не ў такім шыкоўным стане, каб усё ігнараваць, — кажа Лябедзька. — Калі ўвязаць гэта на тыя эканамічныя і фінансавыя прэфэрэнцыі, якія ёсьць або на якія разьлічваюць беларускія ўлады, тут як мінімум ёсьць поле для перамоўнага працэсу.

І сытуацыя ўнутры — ня ўсё проста, бо ўлады такім чынам радыкалізуюць настроі людзей, якія ў сацыяльных сетках і так даволі радыкальныя. Ідзе назапашваньне нэгатыву, які можа выбухнуць у час парлямэнцкай кампаніі».

«„Чарнобыльскі шлях“ — rest in peace», — Пальчыс

Эдуард Пальчыс
Эдуард Пальчыс

Аўтар блогу «1863x» Эдуард Пальчыс быў адным з арганізатараў мітынгаў-канцэртаў на Дзень Волі #БНР100 у Менску і #БНР101 у Горадні. У Facebook ён заклікаў сустаршыню Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталя Рымашэўскага «пачынаць хацець і рабіць» — той узяў на сябе арганізацыю #БНР102 адразу ў шасьці абласных цэнтрах.

«Такім чынам, „Чарнобыльскі шлях“ — Rest in Peace, — „пахаваў“ Пальчыс акцыю. — Я ўсё разумею, фармат паволі зжываў сябе, але нібы столькі структураў, экалягічных арганізацыяў і НДА разьвялося паўсюль, а пары тысячаў рублёў на аплату паслугаў МУС знайсьці не змаглі (разам з аргкамітэтам апазыцыі). Магчыма, з такой жа праблемай сутыкнецца восеньню і КХП-БНФ на Дзяды».

«Да Дзядоў яшчэ трэба дажыць», — Чахольскі

Алесь Чахольскі
Алесь Чахольскі

Адказны сакратар Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Алесь Чахольскі заявіў Свабодзе, што арганізатарам вулічных акцыяў трэба звыкаць да новых умоваў. Ягоная партыя ладзіць традыцыйнае шэсьце на Дзяды ў канцы кастрычніка ці ў пачатку лістапада — што будзе з гэтай акцыяй, пакуль невядома.

Тое, што цяпер адбываецца з арганізацыяй мітынгаў, ён называе «жыцьцём пад акупацыяй», але дадае: «Партызанскія атрады ў гестапа рэгістравацца не хадзілі».

«Зараз усё пераходзіць на такі культурна-асьветніцкі ўзровень, — мяркуе Чахольскі. — Да Дзядоў яшчэ трэба дажыць. Акцыі праводзіць можна, але трэба думаць, як гэта ўсё рабіць».

Паводле Чахольскага, новым парадкам аплаты парушаецца Канстытуцыя, права на мірныя сходы.

«Пры тым гэта такія даты! — абураецца Чахольскі. — Мы ж не заклікаем нікога ісьці біцца, мы проста ўшаноўваем памяць. Я сам ліквідатар, а з майго батальёну мо ўжо дзьве траціны хлопцаў ляжаць у зямлі даўно. Мы ўшаноўваем памяць гэтых людзей, ахвяраў страшнай трагедыі, якую зрабіла нам камуністычнае кіраўніцтва Савецкага Саюзу...»

Чахольскі заклікае арганізатараў іншых акцыяў «не чакаць, што нехта зьверху нейкія ўказаньні спусьціць», а ствараць вакол сябе «беларускую прастору» і гуртаваць людзей.

«Зьмяніць гэтую ўладу», — Статкевіч

Мікола Статкевіч
Мікола Статкевіч

Старшыня арганізацыйнага камітэту па стварэньні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада» Мікола Статкевіч ня раз заклікаў беларусаў на санкцыянаваныя і несанкцыянаваныя акцыі. Другія нярэдка сканчаліся затрыманьнямі, у тым ліку самога Статкевіча затрымлівалі за заклік на малітву ў цэнтры гораду — малітву палічылі акцыяй пратэсту.

На пытаньне аб тым, што рабіць з вулічнымі акцыямі пасьля сытуацыі з «Чарнобыльскім шляхам», Статкевіч адказаў каротка:

«Зьмяніць гэтую ўладу».

На просьбу ўдакладніць, як да зьмены ўлады ці ў час гэтага працэсу праводзіць вулічныя акцыі, ён дадаў:

«Нічога больш не дапаможа, я адказаў на пытаньне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG