Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анісім і Канапацкая будуць удзельнічаць у новых парлямэнцкіх выбарах


Алена Анісім і Ганна Канапацкая, архіўная ілюстрацыя
Алена Анісім і Ганна Канапацкая, архіўная ілюстрацыя

Апазыцыйныя дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім і Ганна Канапацкая сказалі Свабодзе, што зьбіраюцца ўдзельнічаць у новых парлямэнцкіх выбарах, якія плянуецца правесьці ў лістападзе 2019 году.

Анісім будзе зноў балятавацца ў Стоўпцах

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім прадстаўляе ў Палаце прадстаўнікоў выбарнікаў Стаўпецкай выбарчай акругі № 70. Яна кажа, што на новых выбарах будзе вылучацца ў гэтай жа акрузе, дзе балятавалася ў 2016 годзе.

Алена Анісім лічыць, што яна не падводзіць тых, хто галасаваў за яе на апошніх парлямэнцкіх выбарах:

«Я павінна працягваць працу з выбарнікамі. Тое, што мы супольна зрабілі, гэта ўжо, можна казаць, гісторыя. Але, на жаль, ня ўсё, што хацелася, здолела выканаць. Вядомы прыклад з чыгуначным прыпынкам у маёй роднай вёсцы. Трэба будзе тлумачыць людзям, што я выкарыстала свае паўнамоцтвы цалкам. Але ня ўсё залежыць толькі ад дэпутата».

Анісім ня хоча сыходзіць з палітычнага жыцьця. Яна кажа, што пераканалася, наколькі гэта станоўча, калі ў органах дзяржаўнай улады ёсьць людзі, якія прасоўваюць беларускія нацыянальныя каштоўнасьці. Таму будзе рэкамэндаваць актывістам Таварыства беларускай мовы ўдзельнічаць у новай выбарчай кампаніі.

Канапацкая садзіць дрэвы ў сваёй акрузе і зьбіраецца там балятавацца

Ганна Канапацкая, якая абраная ў Кастрычніцкай выбарчай акрузе № 97 у Менску, кажа, што прызначэньне выбараў на лістапад ніякім чынам не зьмяняе яе плянаў:

«Я і раней казала, што буду ўдзельнічаць у наступных выбарах. І хоць у нас, дзейных дэпутатаў, „скралі“ 10 месяцаў ад поўнага тэрміну цяперашняга скліканьня, гэта не ўплывае на маё рашэньне. Асабіста я лічу, што правядзеньне выбараў у Палату прадстаўнікоў сёлета, а не ў 2020-м годзе, — гэта парушэньне заканадаўства. Але што тут зробіш?»

Канапацкая прызнаецца, што нават ня думала пра тое, што можна на новых выбарах балятавацца ў іншай акрузе.

«Я, падаецца, шмат зрабіла для сваёй акругі. Мая перадвыбарчая кампанія, можа, ня так яскрава, але ўжо ідзе. І ідзе даўно. Думаю, што я адзіны дэпутат, які кожны чацьвер па тры гадзіны прымае грамадзянаў. Людзі да мяне ідуць. І даволі часта выходзяць задаволеныя, удзячныя», — кажа Ганна Канапацкая.

Яна згадвае, што ўжо некалькі апошніх выходных разам са сваімі выбарнікамі высаджвае ў акрузе дрэвы. І гэта таксама частка яе дэпутацкай працы, як і заканадаўчыя ініцыятывы ў Палаце прадстаўнікоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG