Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20 фактаў пра першага беларускага пісьменьніка Яна Баршчэўскага, чыё надмагільле знайшлі ва Ўкраіне


Ян Баршчэўскі
Ян Баршчэўскі

На гэтым тыдні адбылася ўнікальная знаходка — выяўлена надмагільная пліта аднаго з самых загадкавых, яркіх і творча-нечаканых беларускіх пісьменьнікаў Яна Баршчэўскага.

​Ягоныя творы натхнялі Янку Купалу і Якуба Коласа, Уладзімера Дубоўку і Ўладзімера Караткевіча. Паводле ягонага «Шляхціца Завальні» рэжысэры здымалі і рабілі арыгінальныя экспэрымэнтальныя пастаноўкі. Свабода сабрала цікавыя факты пра гэтага незвычайнага творцу.

1. Яго натхнялі на стварэньне арыгінальных фантастычных гісторый Гогаль і Шаўчэнка

Тарас Шаўчэнка
Тарас Шаўчэнка

Калі Ян Баршчэўскі жыў у Пецярбургу, то сустракаўся з Тарасам Шаўчэнкам, даваў чытаць свае творы, напісаныя ў стылі клясыцызму.

Кабзар крытыкаваў падобную творчасьць і раіў зьвярнуць увагу на багаты беларускі фальклёр, натхняцца менавіта ім.

Мікалай Гогаль
Мікалай Гогаль

Акрамя таго, Ян Баршчэўскі быў вялікім прыхільнікам фантасмагарычнай прозы раньняга Мікалая Гогаля, а таму вырашыў аб’яднаць сваё захапленьне беларускімі паданьнямі зь містычнасьцю аўтара «Вія». Але, у адрозьненьне ад Гогаля, у Баршчэўскага было меней гумару, а болей сурʼёзных разваг пра лёс роднага краю, пра тое, як яго акупавалі розныя дʼяблы і шатаны.

2. У артыста Аўсяньнікава пачалося другое творчае жыцьцё дзякуючы Баршчэўскаму

Генадзь Аўсяньнікаў у монаспэктаклі «Шляхціц Завальня. Беларусь у фантастычных апавяданьнях»
Генадзь Аўсяньнікаў у монаспэктаклі «Шляхціц Завальня. Беларусь у фантастычных апавяданьнях»

На пачатку 2000-х гадоў рэжысэр Уладзімер Савіцкі паставіў на Малой сцэне Купалаўскага тэатру «Беларусь у фантастычных апавяданьнях» Яна Баршчэўскага. Савіцкі вырашыў зрабіць монаспэктакль і запрасіў у яго Генадзя Аўсяньнікава. На той час новых яркіх галоўных творча-нечаканых роляў у артыста не было. Але ён не адразу згадзіўся. Аўсяньнікаў не іграў монаспэктаклі і вельмі хваляваўся; ня верыў, што атрымаецца. Тым ня менш рэжысэр здолеў яго ўгаварыць.

Публіка ўбачыла новага Аўсяньнікава, які зь лёгкасьцю пераўвасабляўся і ў галоўнага героя, шляхціца Завальню, і ў інфэрнальную Белую сароку, і ў іншых шатаноў. Артыст чарговы раз даказаў, што можа іграць ня толькі гумарыстычна-сялянскіх тыпаў, але і ствараць складаныя, незвычайныя вобразы. Спэктакль быў адным з самых папулярных на той час у Купалаўскім тэатры.

3. Баршчэўскі — адзін з улюбёных пісьменьнікаў сёньняшніх старшаклясьнікаў

Вокладка «Шляхціца Завальні»
Вокладка «Шляхціца Завальні»

Па словах выкладчыкаў беларускай літаратуры, калі праходзяць творы Яна Баршчэўскага з вучнямі старшых клясаў (8-9-ыя), то вочы ў іх загараюцца. Містычныя гісторыі пра тое, як слабыя людзі прадаюць душы дʼяблу і тое, якія іх за гэта чакаюць пакуты, аказаліся вельмі блізкія і цікавыя падлеткам. Асабліва ім падабаецца, што фантастыка ў Баршчэўскага цесна зьнітаваная з рэальнасьцю і што сытуацыі, у якія трапляюць пэрсанажы (адсутнасьць каханьня, непаразуменьні зь блізкімі, мара багата жыць), вельмі блізкія падлеткам. Некаторыя са школьнікаў нават пачалі пісаць свае аправяданьні ў стылі «Шляхціца Завальні».

4. Адчуваў сябе вінаватым, калі ў сваіх лістах ня мог нічога вясёлага напісаць сваёй каханай

«Правініўся, ня выканаў волю Пані, не напісаў ёй нічога вясёлага, а толькі тое, што ня раз было паўторана вусна, што ня раз выклікала сьлёзы ў мяне на вачах і пра што мне забаронена гаварыць. Мая Пані, нічога мне цяпер жартоўнага, нічога вясёлага не прыходзіць у галаву...»

5. Наракаў на свайго кватэрнага гаспадара, які краў у яго творчую адзіноту

Ян Баршчэўскі
Ян Баршчэўскі

«О, як я задаволены, калі знайду час, каб пабыць аднаму ды, будучы вольным ад маіх абавязкаў, заняцца кніжкаю альбо пяром. /.../ Мой гаспадар — немец руплівы, добры лекар, маючы вялікія прэтэнзіі да філязофіі, узброіўшыся аргумэнтамі, вечарамі нападае на мяне і часта вольны час, што такі рэдкі ў мяне, гвалтам выдзірае».

6. Ягоныя ўлюбёныя часопісы былі прыродазнаўчыя

«...Гэтыя часопісы мне падабаюцца больш, чым якія іншыя, што выходзяць у сталіцы [Пецярбургу. — В. Дэ Эм]. Зьмешчаны тут расьліны самыя звычайныя; яны, пэўна, растуць і на руднянскіх палях. Іхныя малюнкі вельмі натуральныя, з апісаньнем, дзеля чаго кожная кветка можа быць ужыта ды якая карысьць ад яе...»

7. Быў вялікім прыхільнікам паэзіі Адама Міцкевіча

Адам Міцкевіч
Адам Міцкевіч

«Дасылаю... адзін асобнік „Пецярбургскага альманаха“, выдадзенага ксяндзамі-піярамі. Шмат у ім добрых вершаў, але мне найбольш падабаецца Міцкевіча „Роздум у восеньскую ноч“. Тут відаць, наколькі паэтычнымі здольнасьцямі ён перасягнуў іншых».

8. Любіў чытаць на прыродзе грэцкіх паэтаў у арыгінале

«...У вольныя ад працы дні, ці то дзеля адпачынку, ці то дзеля баўленьня часу, калі сонца схіліцца да вечара, я бяру з сабою якога-небудзь грэцкага паэта і накіроўваюся за горад. Прыемная самота з кніжкай! Прыемна таксама, перапыніўшы чытаньне, акунуцца ў роздум...»

9. Наракаў, што жыхары Пецярбургу бязглузда марнуюць час

«Цяперашнія доўгія восеньскія вечары праводзяцца за вістам альбо пры жартах з тэатральных вадэвіляў ці пры апавяданьні сьмешных показак, якімі поўняцца літаратурныя газэты. Тут нікому ня прыйдзе ў галаву, што час дарагі. Кожны прыдумляе спосабы, як хутчэй пражыць дзень, не разумеючы таго, што дзень мінулы ня вернецца... Вось густ публікі! Вось агульная асьвечанасьць сталіцы!»

10. У горадзе яго засмучала жалезная агароджа ў садзе

Ян Баршчэўскі
Ян Баршчэўскі

«...Тут, у сталічным горадзе, травень ад кастрычніка адрозьніваецца толькі тэмпэратураю паветра ды яркасьцю сонца; крык і гоман люду аднолькавы ў любую пару году; грукат экіпажаў не сьціхае ні ўдзень, ні ўночы. Рэдка дзе ўбачыш дрэвы, ды і тыя ў аточаным жалезнымі кратамі садзе. Тут жалезная агароджа скоўвае думкі і размовы людзкія, празь яе гаворка халодная, ляканічная і часта перапыняецца доўгім маўчаньнем...»

11. Не любіў гуляць у карты

«...Усеагульныя і самыя прыемныя забавы тут — віст і бастон. Што да мяне, непрыяцеля картаў, дык ня маю ахвоты нават і глядзець на такія забавы...»

12. Сьвяткаваньне Новага году выклікалі ў яго сумныя думкі

«Калі стары год заканчваецца, а новы пачынаецца, людзі танцуюць, радуюцца, нібыта да іх зь неба прыляцеў анёл. Я ж, наадварот, паглыбляўся ў змрочныя думкі... заўсёды будзе панаваць тут глухая, халодная і невыносная зіма...»

13. Пры выхадзе ягонага часопіса «Незабудка» засмучаўся працай наборшчыкаў і карэктараў-немцаў

«...Наборшчыкі-немцы ня ведаюць аніводнага слова па-польску, дык ад гэтага шмат памылак... А ў асобных канцавых творах прапушчаныя радкі. Гэта прыкрая памылка, ды што рабіць: віна карэктара...»

Тытульны ліст кнігі «Шляхціц Завальня» (мастак Рудольф Казіміравіч Жукоўскі)
Тытульны ліст кнігі «Шляхціц Завальня» (мастак Рудольф Казіміравіч Жукоўскі)

14. Найбольш любіў у Пецярбургу змрочныя ветраныя дні, якія абуджалі ў ім фантазіі пра дэманаў і шатаноў

«Цяпер у Пецярбургу сама той час, які найбольш мне падабаецца: дні цёмныя, вятры выюць каля муроў, хвалі вырываюцца з каналаў, гарматы страляюць, палохаючы гараджан, а я, седзячы за столікам у чатырох сьценах, мрою пра здані, чараўніц і шатаноў. Словам, каб хто зазірнуў у маю галаву, дык убачыў там страшэнныя жахі».

15. Ягоны выгляд і артыстычная натура захаплялі ксяндзоў

Ілюстрацыя да выданьня кнігі Баршчэўскага. Малюнак В.Славука
Ілюстрацыя да выданьня кнігі Баршчэўскага. Малюнак В.Славука

Ксёндз Ігнат Главіньскі пісаў: «Ягоны твар, загарэлы, не кабінэтны, гаворыць, што гэта — чалавек дзеяньня, не спэкуляцыі... Беларусь ён ведае дасканала, бо разоў трыццаць абышоў усю яе пешшу ... усюды ён там жаданы, усюды яго міла прымаюць, бо як бард таго краю апавядае няспынна — показкі, аповесьці сыпле, як з рукава. Дзівосны ў яго інстынкт у апрацоўцы паданьняў, амаль нічога свайго не дадае, а ўсё — ягоная ўласнасьць... Словам, вялікі скарб атрымае наша літаратура...»

16. Многіх крытыкаў-палякаў раздражнялі ягоныя гісторыі пра шляхціца Завальню

Паводле дасьледчыка Міколы Хаўстовіча, «ідэйная канцэпцыя кнігі Яна Баршчэўскага ўжо тады выклікала пэўнае непрыняцьце асобнымі па-прапольску настроенымі публіцыстамі. Напрыклад, Вінцэнт Пракаповіч рашуча запярэчыў аўтару:

«Баршчэўскі... частуе нас апавяданьнямі, якія маюць выразна іншы характар, чым народны. Гэта яго ўласныя творы, што зьяўляецца перш-наперш сьвятатацтвам, бо народныя паданьні — нешта сьвятое, пакінутае нам мінуўшчынаю, а яны, паўтару, — непрыемная неспадзяванка чытачу, якога адштурхоўвае ад іх адсутнасьць мастацкасьці...»

17. Пасьля сьмерці ягонае імя на нейкі час было забыта

Тытульны аркуш першага выданьня кнігі Баршчэўскага
Тытульны аркуш першага выданьня кнігі Баршчэўскага

«Пасьля сьмерці паэта доўгі час ягонае імя амаль ня згадваецца ў літаратуразнаўчых працах, а ягоная літаратурная спадчына не перавыдаецца. І толькі ў другім дзесяцігодзьдзі ХХ стагодзьдзя Рамуальд Зямкевіч надрукаваў беларускамоўныя вершы Я. Баршчэўскага...

Празь некалькі год Янка Станкевіч ды Язэп Лёсік пераклалі і выдалі шэраг аповесьцяў з „Шляхціца Завальні“, Максім Гарэцкі і Ўладзіслаў Дзяржынскі ўключалі творы Я. Баршчэўскага ў свае хрэстаматыі».

18. У сваёй працы імкнуўся да аўтэнтычнасьці і ніколі не займаўся перайманьнем замежных формаў

«Я не пераймаю формаў, якія любілі пісьменьнікі ангельскія, нямецкія або францускія: лічу, што чужаземнае ня будзе пасаваць негаваркому жыхару Беларусі. Узяў я форму з самой прыроды. Сірата штодзённа наракае на сваю нядолю, апавядае пра розныя пакуты, якія ён мусіў трываць на гэтым сьвеце, і яго скаргі на працягу ўсяго жыцьця зьліваюцца ў адну аповесьць, хоць ён і ня думаў сёньня пра тое, што будзе апавядаць заўтра».

19. Непрыхільна ставіўся да сучаснай яму крытыкі

«...На зямлі, пакрытай безьліччу расьлін і жывёлаў, я чытаў аб міласэрнасьці і волі Творцы. Гэтая кніга прыроды вучыла мяне сапраўднай паэзіі, сапраўдным пачуцьцям лепей, чым сёньняшнія гаваркія крытыкі, якія чужыя пачуцьці і розныя здольнасьці, дадзеныя чалавеку ад Бога, хочуць, быццам фрак, перашыць на сваю фігуру».

20. Дасьледчыкі творчасьці Яна Баршчэўскага ня ведаюць дакладна даты ягонага нараджэньня

Меркаванае надмагільле Яна Баршчэўскага, знойдзенае ва ўкраінскім Чуднаве
Меркаванае надмагільле Яна Баршчэўскага, знойдзенае ва ўкраінскім Чуднаве

Паводле Міколы Хаўстовіча: «Нягледзячы на шматлікія намаганьні дасьледчыкаў, год нараджэньня Яна Баршчэўскага з поўнай дакладнасьцю высьветліць пакуль што не ўдалося. Адны зь іх называюць 1790-ы, другія — 1794-ы, трэція — 1796-ы і 1797-ы гады. Аўтар гэтых радкоў на падставе знойдзеных дакумэнтаў падаў у друку яшчэ адну дату — 16 сьнежня 1799 году. Але, як пераканаўча давёў Генадзь Кісялёў, гаворка ў тых дакумэнтах ішла пра іншага Яна Баршчэўскага... Такім чынам, пытаньне пра год нараджэньня пісьменьніка застаецца адкрытым».

На знойдзенай ва Ўкраіне надмагільнай пліце напісана, што Баршчэўскі жыў 70 гадоў, а памёр у 1851 годзе. Такім чынам, зьявіўся яшчэ адзін магчымы варыянт году нараджэньня — 1781-ы.

Пры падрыхтоўцы матэрыялу выкарыстаны наступныя крыніцы: Ян Баршчэўскі «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях» (1990); Ян Баршчэўскі «Выбраныя творы» (1998); «Маладосць». 1984. № 10; «Полымя», 1925. № 5.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG