Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наста Грышчук: «Для мяне „Белая муха“ важыць больш, чым „Час сэканд-хэнд“»


Наста Грышчук. Фота Аксаны Манчук
Наста Грышчук. Фота Аксаны Манчук

Сёньня ў нас гутарка з Настай Грышчук, якая акрэсьлівае свой цяперашні род заняткаў як «крытык на фрылансе».

Наста раней працавала ў «ЛіМе», але пасьля звальненьня з рэдакцыі, як кажа, «ні ў якім выданьні якар не закідвала». І ўдакладняе:

«Працую ў незалежнай творчай студыі Haroshak.by. Некалькі разоў у хвіліны адчаю і расчараваньня спрабавала завязаць з беллітам, але гэта цяжкі наркотык: зьмяняе лад жыцьця, разбурае звыклы сьветапогляд, блізкія пакутуюць, а грошай няма… Кніг не выдавала, але пэрыядычна выдаю кнігам. Па натхненьні пішу для сайту СБП, Свабоды, „Новага Часу“. Афіцыйных прывязак да ніводнай герархічнай структуры ня маю. Характар нардычны».

Мы дамовіліся з Настай, што яна крыху паходзіць на фэстываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» ў Менску (4–7 красавіка 2019), паглядзіць, што і хто ды як, і мы, для падкасту «Гутаркі зь Янам», пагаворым якраз пра інтэлектуальныя кнігі і інтэлектуалаў у Беларусі.

Як звычайна, ніжэй толькі фрагмэнты, так бы мовіць, закускі перад галоўнай стравай. А ўсё мэню, якое мы пакаштавалі — у аўдыёфайле.

Фота Насты Грышчук на застаўцы: Аскана Манчук.

Што пад шыльдай «інтэлектуальная кніга»

«Гэты панятак, як сказаў адзін мой знаёмы, — такая фікцыя. То бок гэта прыгожая шыльда, за якую можаш пакласьці ўсё што хочаш».

«Прадмова» як альтэрнатыва

«Гэты фэстываль пазыцыянуецца як альтэрнатыва, калі не казаць проціпастаўленьне, таму дзяржаўнаму міжнароднаму кірмашу-выставе, што ў нас праводзіцца ўжо колькі гадоў, 20 зь нечым. „Прадмова“ сёлета толькі другі раз праходзіла, але ўжо цяпер можна сказаць, што „Прадмова“ якасна пераважае і перамагае вось гэты прадзяржаўны фэстываль-кірмаш».

Недаацэненае «Libido»

«Для мяне самая актуальная тэма ў апошнія месяцы — гэта кніга Ільлі Сіна „Libido“. Калі я яе прачытала, я была абсалютна ўпэўненая, што яе ацэняць усе, то бок усе яе зразумеюць, усе ўбачаць, наколькі гэта моцная рэч. Але пасьля высьветлілася, што гэта ня так, што мяне моцна зьдзівіла. І напэўна як прыклад такой інтэлектуальнай кнігі, якая зьдзіўляе і прыўносіць нешта сваё, новае, кнігі, якую людзі могуць не прымаць — гэта якраз „Libido“, якую на згаданай „Прадмове“ ўзнагародзілі Гліняным Вялесам».

Хто любіць Альгерда Бахарэвіча

«Ёсьць, напрыклад, дзевачкі-філялягіні, якія вельмі яго [Бахарэвіча — РС] любяць. Я ня ўпэўненая, што яны яго чытаюць, але яны яго вельмі любяць…».

Яркая адзнака інтэлектуала

«Як на мяне, адна з самых яркіх адзнак інтэлектуала — гэта пачуцьцё гумару, асабліва самаіронія».

Самы блізкі пісьменьнік-інтэлектуал савецкага часу

«Напэўна, Васіль Быкаў…».

А інтэлектуалы сярод маладых сучасьнікаў?

«Ганна Комар… Дар’я Трайдэн… Крысьціна Бандурына… Дзьмітры Рубін…».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG