Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор запатрабаваў для абвінавачаных у выбуху на цукровым заводзе ў Скідзелі да 5 гадоў турмы


Скідзельскі цукровы камбінат пасьля выбуху, люты 2017 году.
Скідзельскі цукровы камбінат пасьля выбуху, люты 2017 году.

Пракурор запатрабаваў для абвінавачаных па справе выбуху ў 2017 годзе на цукровым заводзе да пяці гадоў пазбаўленьня волі. Ад таго выбуху загінулі чатыры жанчыны, а яшчэ адна засталася інвалідам. Пацярпелыя просяць вызваліць ад крымінальнай адказнасьці некаторых фігурантаў, а пакараць генэральнага дырэктара прадпрыемства.

Спрэчкі бакоў прайшлі ў судзе Горадзенскага раёну 10 красавіка.

Пракурор заатрабаваў да пяці гадоў калёніі

Начальнік аддзелу пракуратуры Горадзенскай вобласьці Андрэй Сакомскі запатрабаваў 5 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму для былога галоўнага інжынэра цукровага заводу Ўладзімера Губарэвіча і былога начальніка цэху гатовай прадукцыі Ўладзімера Малашэвіча, а таксама 4 гады калёніі агульнага рэжыму для намесьніка Малашэвіча Сяргея Грушэўскага.

на першай лаве абвінавачаныя (зьлева направа) Малашэвіч, Грушэўскі, Губарэвіч
на першай лаве абвінавачаныя (зьлева направа) Малашэвіч, Грушэўскі, Губарэвіч

Дзяржаўны абвінаваўца Сакомскі на падставе паказаньняў удзельнікаў працэсу і пісьмовых матэрыялаў справы сьцьвердзіў, што выбух адбыўся з прычыны празьмернай канцэнтрацыі пылу ў памяшканьні, утварыўся аэразоль, які выбухнуў і загарэўся. Праўда, дакладна не былі высьветленыя канкрэтнае месца выбуху і ягоныя абставіны. Магчыма, у памяшканьне быў занесены электрычны зарад або была няспраўнай электраправодка.

У выніку загінулі чатыры жанчыны, яшчэ адна атрымала цяжкія траўмы, былі пашкоджаныя памяшканьні заводу на суму больш як 560 тысяч рублёў.

Кепска працавала сыстэма асьпірацыі і вэнтыляцыі

Як паведаміў пракурор, у цэху ўпакоўкі і фасоўкі, дзе здарыўся выбух, зьбіралася вялікая колькасьць цукровага пылу. У некаторых месцах часткі канвэернай стужкі няшчыльна прылягалі адна да адной, таму цукар сыпаўся на падлогу. Прамысловы пыласос купілі, але не выкарыстоўвалі.

Пракурор Андрэй Сакомскі
Пракурор Андрэй Сакомскі

Пыл прыбіралі самі супрацоўніцы, якія пакавалі цукар, уручную са шчоткамі і шуфлікамі прыкладна раз на гадзіну, а таксама пасьля зьмены. За зьмену выходзіла каля 10 няпоўных 50-кілаграмовых мяхоў цукровага сьмецьця. Паводле пракурора, часам у цэху за сьцяной пылу не відаць было чалавека, які працаваў побач. У тую ноч, калі здарыўся выбух, трэба было спакаваць і загрузіць 6–7 вагонаў цукру.

На першым пляне пацярпелыя: Марына Ўрбановіч (другая зьлева)
На першым пляне пацярпелыя: Марына Ўрбановіч (другая зьлева)

Дадатковыя праблемы стваралі «жучкі» — яны ўтвараліся, калі на канвэер насуперак тэхналёгіі трапляла вільгаць, цукар цямнеў і зьліпаўся ў брудныя кавалкі. Тады на стужку ставілі дадатковых супрацоўнікаў, якія мусілі счышчаць «жучкі», каб тыя ня трапілі ў чысты цукар. Часам «жучкі» прымушалі спыняць канвэер. «Жучкі», казаў пракурор, сталі прычынай таго, што ў апошнія два месяцы перад здарэньнем пылу паболела.

Да таго ж, па высновах абвінаваўцы, сыстэма асьпірацыі і вэнтыляцыі працавала няспраўна. На яе часам трапляла вільгаць, сыстэма забівалася і прапускала менш паветра, чым павінна была па нормах.

Паводле Сакомскага, фігуранты Малашэвіч, Губарэвіч, Грушэўскі ведалі пра праблемы з пылам — работнікі ня раз скардзіліся на гэта. Аднак звычайна на мадэрнізацыю не было грошай. Абвінавачаныя разьлічвалі, што нічога ня здарыцца.

Генэральны дырэктар цукровага заводу Дзьмітры Ягораў праходзіць па справе як сьведка. Як паведаміў пракурор, падчас допыту ў судзе Ягораў патлумачыў: ён лічыў, што сыстэма асьпірацыі працуе спраўна, меркаваў, што ягоныя спэцыялісты дбаюць пра бясьпеку на вытворчасьці як мае быць. Пра пыл у цэху гатовай прадукцыі Ягораў ведаў, але, на ягоную думку, гэта было нармальнай зьявай, бо цэх адносіўся да катэгорыі Б, а яна дапускае ўтварэньне пылу.

Пацярпелыя: фігурантаў — апраўдаць, дырэктара — пакараць

Прадстаўніца інтарэсаў Ігара Кудзеркі (сына загінулай Алены Кудзеркі) зьвярнула ўвагу на тое, што ад пылу ў цэху ў супрацоўніц зьліпаліся вейкі, што вільготная прыборка ў цэху павінна была праводзіцца штодня, але насамрэч ладзілася рэдка. Сынтэтычнае адзеньне работніц, казала яна, электрызавалася, што таксама адыграла сваю ролю ў іхнім сконе. Яна папрасіла з прадпрыемства кампэнсацыі маральнай шкоды Ігару Кудзерку ў памеры 120 тысяч рублёў.

Цукровы камбінат у Скідзелі
Цукровы камбінат у Скідзелі

Прадстаўнік дачкі Ліліі Ямант, Дынары, не запатрабаваў кампэнсацыі маральнай шкоды. Ён падкрэсьліў, што Дынара прапануе апраўдаць Грушэўскага і Губарэвіча, бо мяркуе, што яны не вінаватыя ў выбуху. Малашэвіча ж, па ягоных словах, ёсьць за што прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці.

Паводле адваката, дачка загінулай Ліліі Ямант мяркуе, што не фігуранты справы — галоўныя вінаватыя ў выбуху. Па ягоных словах, сьледзтва недаацаніла ролю галоўнага кіраўніка прадпрыемства Ягорава, які павінен быў забясьпечыць, каб яно працавала без аварый. Некалькі гадоў работнікі пісалі кіраўніцтву прадпрыемства, што неабходна адрамантаваць сыстэму асьпірацыі. Ён падкрэсьліў, што рашэньне аб выдзяленьні грошаў на рэканструкцыю мог прыняць толькі дырэктар.

«Пытаньне пра ролю генэральнага дырэктара мае быць пастаўлена перад адказнымі органамі... Дырэктар цяпер знаходзіцца на сваім месцы. Я мяркую, што гэта не зьяўляецца нармальным у дадзенай сытуацыі», — заявіў адвакат.

Дачка загінулай Вольгі Цярэшкі Маргарыта таксама адзначыла, што наймальнік павінен рупіцца пра тое, каб супрацоўнікі, якія прыйшлі на працу здаровыя, вярнуліся зь яе таксама здаровыя. Яна лічыць: у выбуху, пасьля якога загінула ейная маці, вінаватыя ня толькі падсудныя.

Муж загінулай Тацяны Слуцкай — Уладзімер мяркуе, што трое фігурантаў вінаватыя і іх трэба пакараць.

Прадстаўніца грамадзянскага пазоўніка, Скідзельскага цукровага камбінату, сказала, што сумы для кампэнсацыі маральнай шкоды пацярпелым завышаныя. Яна спаслалася на тое, што завод ужо па калектыўнай дамове выплаціў вялікія грошы — на ейную думку, гэта кампэнсавала і маральную шкоду. Яна дадала, што фінансавы стан цукровага заводу «жалю варты».

Абаронца: дакладнай прычыны выбуху ня выявілі

Абаронцы абвінавачаных зьвярнулі ўвагу суду на тое, што дакладнай прычыны выбуху падчас расьсьледаваньня справы так і ня выявілі. Адпаведна, абвінавачаньне, на іхнюю думку, базуецца на здагадках, а ня фактах. Яны падкрэсьлівалі, што ў тую ноч канцэнтрацыя пылу была недастатковая для выбуху, патрэбны быў нейкі дадатковы фактар, які выклікаў выбух. Да таго ж было досыць вільготна (81–85%), а пры такой вільготнасьці выбух быў немагчымы — так казалі ў судзе экспэрты.

Адвакаты зьвярталі ўвагу, што санітарнае становішча падчас праверак у цэху было добрае.

Яны таксама спасылаліся на добрыя характарыстыкі абвінавачаных, добрае стаўленьне калегаў да Губарэвіча і Грушэўскага. Пералічвалі выпадкі, калі фігуранты дбалі пра рамонт сыстэмы асьпірацыі і зьвярталіся з гэтым пытаньнем да вышэйшага кіраўніцтва.

Абаронца Губарэвіча зьвярнула ўвагу суду, што супрацоўнікі не зьвярталіся са скаргамі на запыленасьць да ейнага падабароннага — толькі да начальніка цэху Малашэвіча. Яна заўважыла, што Губарэвіч адказваў толькі за частку цэху гатовай прадукцыі, так званы «новы цэх», дзе не было выяўлена парушэньняў правілаў аховы працы. За ўвесь цэх, у тым ліку за яго старую частку, адказваў Малашэвіч. Аднак падзел абавязкаў ня быў зацьверджаны пісьмова.

Па словах адвакаткі, у той пэрыяд, калі здарыўся выбух, загружалі ў 6 разоў больш цукру, чым дазваляла памяшканьне цэху. Адпаведна, вырасла і запыленасьць. Адвакатка падтрымала думку, што ў выбуху вінаваты генэральны дырэктар Ягораў.

Абаронцы прасілі ўлічыць 378 тысяч рублёў спонсарскай дапамогі, якую выдзелілі іншыя прадпрыемствы. Гэтыя грошы былі накіраваныя на ліквідацыю наступстваў выбуху. Агульная ж шкода заводу была ацэненая ў 560 тысяч рублёў. Завод хоча спагнаць гэтыя 560 тысяч з трох фігурантаў.

Абаронца Малашэвіча таксама зьвярнула ўвагу, што начальнік цэху гатовай прадукцыі працаваў амаль 20 гадоў бездакорна, а цяпер у яго кепскае здароўе.

Што трэба ведаць пра выбух на цукровым камбінаце?

Трох работнікаў Скідзельскага цукровага камбінату судзяць за выбух, ад якога загінулі 4 жанчыны, а яшчэ адна засталася інвалідам. Справу пачалі разглядаць у судзе Горадзенскага раёну 11 лютага, амаль праз два гады пасьля выбуху.

Пасьля здарэньня на Скідзельскім цукровым камбінаце
Пасьля здарэньня на Скідзельскім цукровым камбінаце

Выбух здарыўся ў начную зьмену 25 лютага 2017 году. Успышка пылапаветранай сумесі, як паведамілі тады на сайце Сьледчага камітэту, адбылася ў галерэі побач з цэхам пакаваньня і фасоўкі. Сьцены цэху дэфармаваліся, былі пашкоджаныя вокны і дзьвярныя праёмы.

У выніку пяць жанчын атрымалі апёкі больш як паловы цела і пашкоджаньні ўнутраных органаў. Чатыры жанчыны — Тацяна Слуцкая, Алена Кудзерка, Вольга Цярэшка і Лілія Ямант — сканалі менш як празь месяц. Пятая, Марына Ўрбановіч, выжыла, але засталася інвалідам.

Родныя нябожчыц, а таксама Марына Ўрбановіч прызнаныя пацярпелымі па справе.

Падсудных трымалі пад вартай некалькі месяцаў, а потым выпусьцілі.

Крымінальную справу адразу завялі паводле артыкула «Службовая нядбайнасьць» (арт. 428 Крымінальнага кодэксу Беларусі).

Справу разглядае судзьдзя Дзьмітры Грышын.

Гэта публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG