Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што зробіць Зяленскі, калі стане прэзыдэнтам. Тры меркаваньні


Уладзімер Зяленскі
Уладзімер Зяленскі

Такое пытаньне мы задалі двум украінскім экспэртам і аднаму паліттэхнолягу беларускага паходжаньня, які працаваў на ўкраінскіх прэзыдэнцкіх выбарах.

Ці мае Ўладзімір Зяленскі бачаньне, як вырашыць такія вострыя і балючыя для Ўкраіны пытаньні, як вайна, карупцыя і камунальныя тарыфы?

Уладзимир Фясенка
Уладзимир Фясенка

Уладзімір Фясенка, кіраўнік Цэнтру прыкладных палітычных дасьледаваньняў «Пэнта»

— На сытуацыю з вайной і з карупцыяй ён тэарэтычна паўплываць можа, але варта памятаць, што паўнамоцтвы прэзыдэнта ва Ўкраіне абмежаваныя. У нас парлямэнцка-прэзыдэнцкая рэспубліка.

На сытуацыю з карупцыяй ён зможа ўплываць, калі здолее прызначыць свайго генпракурора і кіраўніка СБУ. Тады зьявіцца інструмэнт для больш актыўнай барацьбы з карупцыяй.

Таксама ён зможа дасягнуць пэўных посьпехаў у гэтым, калі зможа наладзіць добрыя адносіны з кіраўніцтвам НАБУ (Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро Ўкраіны). Напачатку трэба паглядзець, ці здолее ён вырашыць кадравыя пытаньні, а потым рабіць высновы, ці атрымаецца ў яго перамагчы карупцыю.

Што тычыцца вайны. Я мяркую, што ён паспрабуе аднавіць перамовы. Ён сам гэтага хоча, на гэта ёсьць і грамадзкае запатрабаваньне. Але ключы ад міру ня ў Кіеве, а ў Маскве. Ці пагодзіцца Пуцін на нейкі кампрамісны варыянт або будзе зноў прымушаць да расейскага сцэнару ўрэгуляваньня ў Данбасе — аўтаномія Данбасу, фэдэралізацыя Ўкраіны, адмова ад NATO.

На гэта, я мяркую, Зяленскі не пагодзіцца. Спроба гэта зрабіць будзе, але наіўна думаць, што гэта залежыць толькі ад прэзыдэнта.

Але ў Парашэнкі ў гэтым пляне шанцаў будзе яшчэ менш. Зь ім Пуцін ні аб чым дамаўляцца ня будзе.

У пытаньні ўрэгуляваньня сытуацыі ў Данбасе Зяленскі не пакіне падмурку Менскіх пагадненьняў

У пытаньні ўрэгуляваньня сытуацыі ў Данбасе Зяленскі не пакіне падмурку менскіх пагадненьняў. У тым ліку і таму, што супраць будуць нашыя заходнія саюзьнікі. Чакаць ад яго ў гэтым пытаньні канкрэтыкі не выпадае. Але зьвярніце ўвагу — ні ў кога гэтай канкрэтыкі няма, і ў Парашэнкі таксама.

А наконт тарыфаў, дык гэтае пытаньне вырашае ўрад, а не прэзыдэнт. Цімашэнка меркавала, у выпадку яе перамогі, вырашыць гэтую праблему шляхам выстаўленьня законапраекту.

Зяленскі цяпер знаходзіцца пад вялікім уплывам эканамічных лібэралаў, былых чальцоў ураду — Айвараса Абрамавічуса і Аляксандра Данілюка. Яны ня пойдуць на зьніжэньне тарыфаў, таму што гэта прывядзе да канфлікту з МВФ.

Зяленскі скажа, што тарыфы — гэта пытаньне ўраду. Ён, дакладней ягоныя эканамічныя дарадцы, можа, і прапануюць нейкі больш гнуткі варыянт, але гэта кампэтэнцыя ўраду.

Што ён зробіць — дык гэта адновіць кадры, будзе прыцягваць больш маладых чыноўнікаў.

Да таго ж ён зробіць шэраг сымбалічных крокаў. Законапраекты, якія будуць тычыцца дэрэгуляцыі, эканамічнай лібэралізацыі, мы ад яго ўбачым. Будуць дастаткова нестандартныя прапановы па судовай рэформе. У яго экспэртаў і дарадцаў ёсьць напрацоўкі ў гэтым пытаньні. Я не зьдзіўлюся, калі ён прапануе памяняць дыслякацыю адміністрацыі прэзыдэнта і Вярхоўнай Рады.

Многія сцэнарныя распрацоўкі, якія мы ўбачым ад прэзыдэнта Зяленскага, ёсьць у сэрыяле "Слуга народу"

І наагул — глядзіце сэрыял «Слуга народу». Многія сцэнарныя распрацоўкі, якія мы ўбачым ад прэзыдэнта Зяленскага, у гэтым сэрыяле ў той ці іншай форме прысутнічаюць.

Ён абяцаў закон аб імпічмэнце, законы аб прамой дэмакратыі, аб электронным галасаваньні. Што ў яго запісана ў праграме — многае з гэтага ён прапануе.

— Вы сказалі пра шматлікія абмежаваньні, зь якімі сутыкнецца Зяленскі, калі ён стане прэзыдэнтам. А ўласнае бачаньне ў яго ёсьць? У інтэрвію Дзьмітрыю Гардону, яшчэ да выбараў, ён прапанаваў такі спосаб вырашэньня пытаньня вайны: Украіна прапануе свой сьпіс умоваў, Расея — свой, і яны прыходзяць да нейкай роўнадзейнай. А ў чым палягае ўкраінскі сьпіс умоваў ад прэзыдэнта Зяленскага?

— Вы ад яго чакаеце палітычнага адказу. Ён не палітык. Вырашальную ролю, асабліва на першым этапе, будуць адыгрываць яго дарадцы і тыя людзи, якія будуць адказваць за МЗС, за Міністэрства абароны. Вы думаеце, што формулу менскіх пагадненьняў Парашэнка асабіста ўзгадняў? Не, гэтым займаўся намесьнік кіраўніка адміністрацыі, які ўдзельнічаў у перамовах. І гэта так пры Парашэнку, які сам усё кантралюе. У нас ёсьць фармальны кіраўнік МЗС, але рэальны міністар — гэта сам Парашэнка. А пры Зяленскім зьявіцца міністар, які будзе весьці дыпляматыю. А Зяленскі пры ім будзе вучыцца. І пазыцыя Ўкраіны на перамовах не памяняецца. Ёсьць «чырвоныя лініі», за якія пераходзіць нельга.

Косьць Бандарэнка
Косьць Бандарэнка

Косьць Бандарэнка, кіраўнік Фонду «Украінская палітыка»

— У Зяленскага няма адказу на пытаньні вайны, барацьбы з карупцыяй і камунальных тарыфаў. Ён як прадстаўнік папулісцкай антыэлітнай, антыістэблішмэнтарнай палітычнай сілы будзе прапаноўваць папулісцкія крокі для вырашэньня гэтых праблемаў.

Ён будзе паказальна ваяваць з алігархамі, пры гэтым парушаючы ўсе магчымыя прынцыпы функцыянаваньня бізнэсу. Ён будзе гатовы адбіраць прадпрыемствы, пазбаўляць алігархаў грамадзянства ці бізнэсу. І гэта будзе ўплываць на інвэстыцыйны клімат у краіне.

Ён будзе весьці размовы наконт вайны на ўсходзе краіны, пры гэтым ня маючы ніводнага рычага і ніводнай магчымасьці дасягнуць міру.

Хоць ён, дакладней, ня ён, а яго сцэнічны пэрсанаж з сэрыялу «Слуга народу», абяцаў спыніць супрацу з МВФ, усё роўна Ўкраіна асуджаная на супрацу з Фондам і будзе вымушаная дзейнічаць па ўказцы МВФ.

Зяленскі не зьяўляецца самастойным гульцом

Зяленскі не зьяўляецца самастойным гульцом. Сёньня шмат хто бачыць у ім марыянэтку алігарха Каламойскага. Але ўсё больш відаць, што Зяленскі трапляе ўва ўсё большую залежнасьць ад пэўных фінансавых колаў у ЗША.

У яго атачэньні паяўляецца ўсё больш людзей, зьвязаных з Джорджам Сорасам, якія да апошняга часу праводзілі ва Ўкраіне амэрыканскую палітыку.

Таму Зяленскі, пры ўсёй несур’ёзнасьці яго вобразу, нясе ў сабе сурʼёзную пагрозу для Ўкраіны, бо будзе правадніком інтарэсаў транснацыянальных карпарацыяў.

— Вы прыгадалі Каламойскага. А ў Каламойскага ёсьць уяўленьні, што ён бы хацеў зьмяніць?

— У Каламойскага ёсьць вялікія праблемы. У найбліжэйшы час ён ня зможа пакінуць Ізраіль і зьявіцца ва Ўкраіне. Ёсьць рызыка выдачы яго ў ЗША, дзе супраць яго распачатыя крымінальныя справы.

Зяленскі паступіць з Каламойскім гэтак жа, як у свой час Пуцін — з Беразоўскім.

Ня выключана, што Каламойскі прывядзе Зяленскага да ўлады, а той, стаўшы прэзыдэнтам, разарве адносіны са сваім былым дабрадзеям. І зробіць з Каламойскім гэтаксама, як у свой час Пуцін зь Беразоўскім.

— Ну а як будаваць адносіны з Расеяй — ці ёсьць у Каламойскага ўяўленьне пра гэта?

— Не, няма. Як іх няма і ў Зяленскага. Шмат што будзе вырашацца сытуацыйна і не ва Ўкраіне. І не з улікам інтарэсаў Украіны. Украіна будзе заставацца пад уплывам ЗША. Гэтаксама, як у Грузіі зьмена Саакашвілі на новую палітычную сілу не прывяла да зьмены палітычных і геапалітычных арыентыраў — так будзе і ва Ўкраіне.

— У Беларусі Зяленскага часам параўноўваюць з Лукашэнкам узору 1994 году. Сам Лукашэнка нядаўна правёў такую аналёгію. Але ў Лукашэнкі ў 1994 годзе было вельмі дакладнае ўяўленьне, што ён зьбіраецца рабіць. Далёка ня ўсім гэта падабалася і ня ўсё ў яго атрымалася, але ён ведаў, што ён хоча рабіць. А Зяленскі?

— Я магу пахваліцца, што быў першым, хто параўнаў Зяленскага з Лукашэнкам узору 1994 году. Гэта было яшчэ летась. Што тычыцца Зяленскага, то ў яго няма дакладнага бачаньня, а людзі, якія галасавалі за яго, галасавалі хутчэй за яго сцэнічны вобраз, ня столькі за канкрэтнага чалавека, колькі супраць усіх астатніх палітыкаў.

Віталь Шкляраў
Віталь Шкляраў

Віталь Шкляраў, паліттэхноляг

— Складана сказаць, якімі будуць першыя крокі Зяленскага, калі ён стане прэзыдэнтам. Адна справа выбрацца, іншая — сфармаваць урад, каманду. Хацелася б, каб ягоныя першыя крокі адпавядалі яго абяцаньням быць слугой народу.

— А ён наагул ведае, чаго ён хоча?

— Як малады, пасьпяховы, крэатыўны чалавек ён ведае, чаго ён хоча. Мы ўсе ведаем, чаго мы прыблізна хацелі б ад жыцьця. Іншая справа — ці атрымліваецца гэта, наколькі нам хапае сілы волі і ўпартасьці. Калі вы спрабуеце кіраваць вялікай карпарацыяй (а дзяржава — гэта вялікая карпарацыя), да таго ж вельмі карумпаванай, вы залежыце ад соцень, тысяч людзей, якія прынамсі не павінныя быць апанэнтамі, ворагамі вашай палітыкі. Відавочна, што ён разумны чалавек і хоча дабра сваёй краіне. Але ці атрымаецца — гэта невядома.

— У інтэрвію Дзьмітрыю Гардону, яшчэ да выбараў, Зяленскі прапанаваў такі спосаб вырашэньня пытаньня вайны: Украіна прапануе свой сьпіс умоваў, Расея — свой, і яны прыходзяць да нейкай роўнадзейнай. А ў чым палягае ўкраінскі сьпіс умоваў ад прэзыдэнта Зяленскага?

— Першае пытаньне — гэта Крым і Данбас. Гэта вельмі складанае пытаньне, дзіды на ім паламалі і Ўкраіна, і Расея, людзі загінулі. Вельмі важны той чыньнік, што нават жорсткія заходнія санкцыі і іх балючыя наступствы для Расеі не зламалі волю Крамля. Таму адных прыгожых словаў мала, гэтая праблема ня вырашыцца лёгка.

— Віталь, вы адказалі на пытаньне пра жаданьне Зяленскага. Ён адказаў на яго ў дзень выбараў — хай Пуцін верне акупаваныя тэрыторыі і яшчэ і кампэнсацыю заплаціць. Жаданьне такое мець можна. Але Расея яшчэ не капітулявала. І таму размова можа ісьці пра нейкія формулы кампрамісу, пра ўгоды. У Зяленскага ёсьць нейкае ўяўленьне пра іх?

— Калі б у яго такі плян быў, я мяркую, ён бы яго агучыў. Тым, хто сачыў за яго кампаніяй, было зразумела, што ён чалавек бяз вопыту. Ён здольны чалавек, але адна справа — гэта бегаць раніцай для здароўя, і зусім іншая — бегаць маратонскую дыстанцыю на Алімпіядзе.

Таму проста добрай волі і жаданьня для вырашэньня такіх пытаньняў мала. Да таго ж у Крамля, у Пуціна ёсьць свае пляны. Наколькі тут маладосьць і харызма дапамогуць у перамовах зь ім — пакуль гэта ўяўляецца даволі сумнеўным.

Я вельмі сымпатызую Зяленскаму, зычу яму посьпехаў. Іншая справа, што сапраўды ёсьць пытаньне — які ў яго плян дзеяньняў?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG