Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менск на фэст інтэлектуальнай кнігі прыедуць Вянцлава, Ерафееў, Оксанэн


Ад дзіцячых чытанак да філязофскіх лекцыяў: 4-7 красавіка ў Менску пройдзе другі фэстываль інтэлектуальнай літаратуры «Прадмова».

Фэстываль «Прадмова» — гэта каля сотні імпрэзаў у Менску на пляцоўках культурнай прасторы ОК16 (вуліца Кастрычніцкая, 16). Імпрэза яднае выдаўцоў, крытыкаў, пісьменьнікаў, перакладнікаў, дызайнэраў, чытачоў.

Павел Баркоўскі
Павел Баркоўскі

«У сакавіку фэстывальныя імпрэзы ўжо прайшлі ў Полацку, Горадні, Гомлі, Берасьці, фінальным пунктам пасьля Менску стане Бабруйск, — кажа арганізатар „Прадмовы“ Павел Баркоўскі. — Мы адчуваем зацікаўленасьць людзей інтэлектуальнаю кнігаю. І гэта ня толькі філязофскія ці навуковыя працы, а ўвогуле кожная добрая кніга, якая змушае думаць. Таму праграму пастараліся зрабіць асабліва насычанай».

Стартуе фэстываль 4 красавіка дыскусіяй «Што ж такое беларуская літаратура?» з удзелам Альгерда Бахарэвіча, Людмілы Рублеўскай, Марыі Мартысевіч, Алеся Разанава. У праграме таксама ўспаміны пра героя беларускага культурнага андэрграўнду Кіма Хадзеева.

Замежныя літаратурныя зоркі

Упершыню ў Менск прыедзе фінская пісьменьніца, фэміністка і ЛГБТ-актывістка Софі Оксанэн. Яе раман «Ачышчэньне» перакладзены на 25 моваў і атрымаў на радзіме ўсе магчымыя ўзнагароды. Оксанэн — першая фінская літаратарка, якая стала ляўрэаткай прэміі Швэдзкай акадэміі — так званага «малога Нобэля».

Таксама выступяць расейскі пісьменьнік, літаратуразнаўца Віктар Ерафееў, літоўскі паэт ды інтэлектуал Томас Вянцлава, а зорка ўкраінскае літаратуры Сяргей Жадан зьявіцца празь відэасувязь падчас прэзэнтацыі ягонага раману «Інтэрнат» у беларускім перакладзе.

У праграме фэсту — больш за 20 дыскусіяў. Сярод тэмаў:

  • Ці ўплываюць на пісьменьніка-гуманітара дакладныя навукі?
  • Пра што нельга пісаць дзіцячым аўтарам?
  • Як разьвіваецца жаночая літаратура?
  • Што зьвязвае пісьменьніка і ўладу?
  • Якім чынам раман ператвараецца ў спэктакль?

6 красавіка на «Прадмове» будзе дзіцячы дзень:

майстар-кляса пра птушак, касьцюмаваныя чытаньні любімых казак, а таксама забаўляльны міні-фэст для малых і дарослых зь печывам і напоямі ў межах прэміі імя Цёткі.

Прэміі

На «Прадмове» назавуць найлепшых у розных жанрах:

  • Прэміяй Цёткі адзначаць аўтара ды ілюстратара дзіцячай кнігі
  • Прэмію Францішка Багушэвіча ўручаць за гістарычную прозу
  • «Гліняны Вялес» з Полацку — аўтару найлепшага мастацкага твору
  • Прэмію імя Міхала Анемпадыстава атрымае дызайнэр вокладкі
  • «Залатой літарай» Адам Глобус узнагародзіць упадабаны ім твор
  • «Арт-Прадмовай» адзначаць пераможцаў конкурсу маладых ілюстратараў і кніжных дызайнэраў.

На фэстывалі можна палепшыць літаратурныя ўменьні і атрымаць ацэнку ад вядомых аўтараў. Падзеляцца досьведам і дадуць парады паэтам Андрэй Хадановіч і Ўладзь Лянкевіч, празаікам — Альгерд Бахарэвіч, а перакладнікам — Ганна Янкута і Вера Бурлак. Каб узяць удзел у майстар-клясе, трэба даслаць свае тэксты на адрас mc.pradmova@gmail.com.

Тэатральныя праекты

Фэст «Прадмова» будзе і тэатральным — у ОК16 пакажуць дзьве пастаноўкі.

Спэктакль «Родныя людзі?», створаны лябараторыяй сацыяльнага тэатру ECLAB, заснаваны на інтэрвію з жанчынамі, якія перажылі хатні гвалт. П’еса «Ілюзіі» Івана Вырыпаева, увасобленая беларускай рэжысэркай Тацянай Траяновіч — паэтычная гісторыя дзьвюх сямейных параў.

У межах фэсту спэктаклі і дыскусіі адбудуцца і ў Купалаўскім тэатры: тут пакажуць «Дзьве душы» паводле аповесьці пачынальніка філязофскай прозы Максіма Гарэцкага, а таксама «Радзіва Прудок» паводле дзёньніка Андруся Горвата (пасьля спэктаклю будзе абмеркаваньне з аўтарам, рэжысэрам і акторамі).

Выставы

У сьценах Нацыянальнага цэнтру сучасных мастацтваў з 5 па 16 красавіка пройдуць дзьве выставы. «Колер Беларусі» Міхала Анемпадыстава: бясконцае наша" — гэта візуальная частка дасьледаваньня мастака, дызайнэра і паэта, фатаздымкі аб’ектаў — носьбітаў спрадвечных колераў беларускай культурнай традыцыі.

Праект «Беларусь на старадаўніх геаграфічных мапах» дае ўяўленьне пра культурную ды геапалітычную самаідэнтыфікацыю беларусаў. На выставе пакажуць калекцыю лінарытаў з кнігі Язэпа Драздовіча «Нябесныя бегі».

Кінапаказы

На фэсьце пакажуць стужку «Этгар Керэт — заснавана на праўдзівай гісторыі», якая летась атрымала міжнародную прэмію «Эмі». Фільм, зьняты галяндзкімі аўтарамі Стэфанам Каасам і Рутгерам Лемам, — на мяжы дакумэнталістыкі і анімацыі. Вядомы ізраільскі пісьменьнік Этгар Керэт у кароткіх апавяданьнях гуляе з фантазіяй і рэальнасьцю, праз што ягоная асабістая гісторыя гучыць як казка. Як ствараўся фільм, распавядзе аўтар сцэнара і памочнік рэжысэра Рутгер Лем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG