Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізатары налічылі на Дні Волі ў Менску 5-7 тысяч чалавек, міліцыя — 1,5 тысячы


Чакаецца, што толькі «паслугі міліцыі» абыдуцца арганізатарам у 6 385 рублёў, а такой сумы яны яшчэ не сабралі.

Паводле старшыні руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча, за сьвяточным канцэртам да Дня Волі, які адбыўся 24 сакавіка ў Менску ў Кіеўскім сквэры, назірала ад 5 да 7 тысяч гледачоў.

«Па нашых назіраньнях, там было прыкладна чвэрць ад наведнікаў леташняга канцэрту каля Опэрнага тэатру. Такім чынам, недзе 5-7 тысяч чалавек агулам наведала канцэрт за некалькі гадзін», — сказаў Свабодзе адзін з арганізатараў падзеі Юрась Губарэвіч.

Кольлі трэба заплаціць міліцыянтам?

Ня выключана, што арганізатарам Дня Волі давядзецца павялічыць аплату паслуг міліцыі ў ахове імпрэзы, кажа Юрась Губарэвіч.

«Паводле першапачатковай дамовы зь міліцыяй, мы абавязаліся аплаціць іхная выдаткі ў памеры 150 базавых велічынь (3825 рублёў) — гэта пры яўцы наведнікаў да 1 тысячы чалавек. Але ўжо праз гадзіну самі міліцыянты сказалі, што праверку прайшлі больш за 1,5 тысячы і адпаведна аплата мусіць быць павялічаная да 250 базавых велічынь (6385 рублёў). Пра гэта казалі кіраўнікі Цэнтральнага РУУС Менску 24 сакавіка. Пакуль мы не атрымалі зь міліцыі новых зьвестак пра зьмены ў рахунку, але гатовыя да гэтага», — сказаў Юрась Губарэвіч.

Ці ёсьць у арганізатараў канцэрту больш за 6 тысяч рублёў на аплату рахунку, які намерана выставіць сталічная міліцыя за свае паслугі?

«Пакуль ёсьць прыкладна палова ад гэтай сумы. Давядзецца шукаць дадатковыя грошы», — сказаў Юрась Губарэвіч.

Апрача таго, арганізатарам сьвята трэба заплаціць камунальнікам, МНС і лекарам.

Колькі налічыла міліцыя?

У Менскай міліцыя свая арытмэтыка.

«Мерапрыемствы прайшлі з 12.00 да 18.30, максымальная колькасьць удзельнікаў якіх не перавысіла 1,5 тысячы чалавек. Грубых парушэньняў пры правядзеньні мерапрыемстваў зарэгістравана не было», — паведамляе сайт ГУУС Менску.

Паводле менскай міліцыі, 24 сакавіка на акцыях у сувязі з Днём Волі затрымалі 2 чалавекі. Адзін зь іх — апазыцыйны актывіст Зьміцер Дашкевіч, якога зьмясьцілі ў ізалятар і, як чакаецца, будуць судзіць. Таксама ёсьць сьведчаньні, што ноч там правяла і актывістка Натальля Гарачка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG