Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі даляр таньнее ад росту цэнаў на нафту і слабых санкцыяў супраць Расеі, — экспэрт


Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

Даляр ЗША каштуе 2,1 беларускага рубля, гэта паўгадавы мінімум (зь верасьня 2018). Ці будзе даляр далей таньнець адносна беларускага рубля і што на гэта ўплывае, расказвае старшы фінансавы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб.

Сьцісла

  • Даляр ЗША таньнее адносна беларускага рубля, бо ўмацоўваецца расейскі рубель і расьце цана на нафту.
  • Беларусь ніяк не ўплывае на гэты працэс, бо палову «валютнага кошыка» складае расейскі рубель.
  • Даляр зноў пачне расьці, калі патаньнее расейскі рубель, на гэта ўплывае зьмяншэньне цэнаў на нафту і ўвядзеньне эканамічных санкцыяў супраць Расеі.

Колькі будзе таньнець даляр адносна беларускага рубля

Зьмяншэньне цаны даляра адносна беларускага рубля зьвязана найперш з умацаваньнем расейскай валюты, мяркуе старшы фінансавы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб.

«У тым, што адбываецца цяпер з далярам, няма ніякіх дзеяньняў нашых фінансавых уладаў. Цяпер адбываецца доўгатэрміновае і моцнае ўмацаваньне расейскага рубля да даляра. Найбольш рэзка гэта было ў пачатку студзеня і апошнія два тыдні. У нашым валютным кошыку расейскі рубель займае долю 50%. Калі там адбываюцца такія працэсы, гэта аўтаматычна ўплывае на Беларусь».

Колькі яшчэ даляр будзе зьніжацца адносна беларускага рубля, залежыць ад росту сусьветных цэнаў на нафту, а таксама ад міжнародных санкцыяў супраць Расеі.

«Цяпер у Расеі асноўная тэма санкцыяў. Але яна працуе ў два бакі. Калі ўводзяць санкцыі, рубель падае, але калі санкцыі абяцаюць, але ня ўводзяць, то гэта ўплывае на ўмацаваньне рубля. Летась у жніўні анансавалі балючыя фінансавыя санкцыі супраць Расеі, але там зьмяніліся законапраекты ЗША і санкцыяў не прынялі. Таму цікавасьць інвэстараў да Расеі вярнулася», — тлумачыць Вадзім Іосуб.

Што рабіць cа зьберажэньнямі

Вадзім Іосуб раіць не трымаць зьберажэньні ў адной валюце, тады праблемы з ваганьнямі на валютным рынку ня будуць уплываць на дабрабыт. Але, нягледзячы на рост расейскага рубля, аналітык ня раіць іх набываць. На яго думку, варта мець ашчаджэньні ў далярах, эўра і беларускіх рублях на выгодным дэпазыце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG