Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь дамагаецца ад Украіны выдачы «наркабарона». Што пра яго вядома


Грамадзянін Беларусі Ўладзімер Юрчанка спрабуе пазьбегнуць экстрадыцыі з Украіны. Апошняе судовае рашэньне чакаецца на наступным тыдні.

Уладзімера Юрчанку затрымалі ў Чарнігаве ў ліпені 2018 году на запыт МУС Беларусі: яго абвінавачваюць паводле трох артыкулаў, зьвязаных з арганізацыяй злачыннай групоўкі, што займалася міжнародным трафікам цяжкіх наркотыкаў.

Вышук Ўладзімера Юрчанкі ў Беларусі абвясьцілі ў 2013 годзе, а праз год — міжнародны. Ва Ўкраіне ён жыў на падставе статусу ўцекача, які атрымаў у 2017 годзе.

Гісторыя справы

Як адзначаецца ў судовых рашэньнях, апублікаваных ва Ўкраіне ў справе Ўладзімера Юрчанкі, у поле зроку беларускіх праваахоўных органаў ён трапіў у 2009 годзе як арганізатар міжнароднай злачыннай групоўкі, створанай у 2008 годзе для атрыманьня прыбытку ад незаконнага абарачэньня наркотыкаў у Расеі, Таджыкістане, Казахстане і Беларусі.

Паводле матэрыялаў справы, з 26 красавіка па 2 траўня 2010 году Ўладзімер Юрчанка разам зь іншымі зламысьнікамі закупілі ў расейскім Омску гераін (асабліва небясьпечны наркотык) і плянавалі яго перавезьці і рэалізаваць у Беларусі. Ішлося аб вялікай партыі — ня менш як 46 кіляграмаў, але яе затрымала расейская міліцыя.

У верасьні 2010 году групоўка зрабіла другую спробу пераправіць у Беларусь наркотыкі, закупленыя месяцам раней у расейскай Пярмі, але зноў няўдала — на гэты раз машыну з 28 кіляграмамі гераіну спыніў беларускі наркакантроль у пункце збору дарожнага мыта «Рэдзькі» на аўтадарозе «Берасьце — Менск — мяжа Расейскай Фэдэрацыі». Наркотык везьлі ў машыне «Опэль-Астра» з расейскім рэгістрацыйным нумарам, а гераін быў схаваны ў 187 цыбулінах.

Паводле Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі, у выніку больш як паўгадовай распрацоўкі гэтага наркатрафіку выявілі дзейнасьць транснацыянальнай арганізаванай злачыннай групы, якая дастаўляла гераін з Цэнтральнай Азіі.

У абодвух выпадках сканфіскаваныя наркотыкі прызначаліся для далейшага транзыту ва Ўкраіну і празь яе — у краіны Эўразьвязу. Частку наркотыкаў рэалізоўвалі на тэрыторыі Беларусі. А сеткаю кіравалі грамадзяне Беларусі і Таджыкістану, адзін зь якіх кіраваў «сындыкатам» з турмы.

Цыбуля, у якой быў схаваны гераін
Цыбуля, у якой быў схаваны гераін

Праўда, абвінавачаньні Ўладзімеру Юрчанку былі выстаўленыя толькі ў студзені 2012 году. Яму інкрымінаваліся злачынствы паводле часткі 1 артыкулу 285 (стварэньне злачыннай арганізацыі альбо ўдзел у ёй, караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 5 да 13 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці або безь яе), часткі 1 артыкулу 14 (замах на злачынства), часткі 4 артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу Беларусі (незаконны збыт, набыцьцё і захоўваньне наркатычных сродкаў у складзе арганізаванай групоўкі, караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 10 да 20 гадоў).

У шэрагу рашэньняў украінскіх судоў паведамляецца, што Магілёўскі абласны суд у сакавіку 2013 году прыняў пастанову аб вышуку і затрыманьні Ўладзімера Юрчанкі.

Гераін, схаваны ў цыбулі
Гераін, схаваны ў цыбулі

Украінская гісторыя беларускага «наркабарона»

Калі Ўладзімер Юрчанка зьехаў зь Беларусі і як трапіў на тэрыторыю Ўкраіны — пакуль дакладна невядома. Але ў верасьні 2017 году (на гэты момант ён ужо тры гады знаходзіўся ў міжнародным вышуку), згодна з рашэньнем міграцыйнай службы Кіеўскай вобласьці ён атрымаў статус уцекача.

Па такі статус можна зьвярнуцца ў выпадку легальнага перасячэньня мяжы на працягу 90 дзён знаходжаньня ва Ўкраіне. На час разгляду адпаведнай заявы замежны грамадзянін атрымлівае часовую абарону ўкраінскай дзяржавы, а ягонае знаходжаньне ў краіне лічыцца легальным, нават калі завяршаецца максымальна дазволены законам тэрмін знаходжаньня. У выпадку, калі міграцыйная служба адмаўляе ў наданьні статусу ўцекача, іншаземец павінен выехаць з тэрыторыі Ўкраіны.

Атрымаўшы ў Кіеўскай вобласьці статус уцекача, Уладзімер Юрчанка пераяжджае ў Чарнігаў і дэкляруе, што нібыта працуе дырэктарам прыватнага прадпрыемства «Шэйх». Ва Ўкраіне ён мае незарэгістраваны шлюб і, паводле ягоных сьведчаньняў, дваіх дзяцей на ўтрыманьні. Аднак пра зьмену месца жыхарства і новы адрас сваёй рэгістрацыі, як гэтага патрабуе ўкраінскае заканадаўства, ён не паведаміў у міграцыйныя органы.

У той жа час прадпрыемства «Шэйх» у Чарнігаве ці Чарнігаўскай вобласьці не зарэгістраванае. Няма яго і ў дзяржаўным рэестры юрыдычных асобаў і прыватных прадпрымальнікаў. Адзіная кампанія з такой назвай і арганізацыйнай формай з 2000 году дзейнічала ў Мелітопалі Запароскай вобласьці — яна мела 100 грыўняў статутнага капіталу і ў розныя гады займалася вытворчасьцю аграрнай ці побытавай хіміі. На гэты момант прадпрыемства ліквідаванае.

Зарэгістраваць ва Ўкраіне прыватнае прадпрыемства — нескладана. Для гэтага дастаткова копіі пашпарту і ідэнтыфікацыйнага коду дырэктара, а таксама адрасу для юрыдычнага разьмяшчэньня кампаніі.

Украінскія праваахоўнікі не сьпяшаліся з арыштам

Ілюстрацыйнае фота. Служба бясьпекі Ўкраіны
Ілюстрацыйнае фота. Служба бясьпекі Ўкраіны

​Пад абаронай украінскае дзяржавы Ўладзімер Юрчанка пражыў у Чарнігаве ўсяго паўгода — у сьнежні 2017-га Галоўнае ўпраўленьне барацьбы з карупцыяй і арганізаванай злачыннасьцю Службы бясьпекі Ўкраіны просіць Дзяржаўную міграцыйную службу пазбавіць беларуса статусу ўцекача. Неабходнасьць яго скасаваньня ў СБУ патлумачылі менавіта тым, што Юрчанка ў міжнародным вышуку «на падставе выяўленых фактаў арганізацыі ім міжнароднага наркатрафіку цяжкіх наркотыкаў», а такая дзейнасьць беларуса «можа несьці пагрозу нацыянальнай бясьпецы, грамадзкаму парадку і здароўю насельніцтва Ўкраіны».

Улічваючы матывацыю спэцслужбы, Дзяржаўная міграцыйная служба вымушана перагледзець сваё рашэньне і ў красавіку 2018-га паведамляе Ўладзімеру Юрчанку аб пачатку адпаведнай працэдуры. На сумоўе ў міграцыйныя органы той зьявіўся не адразу, а калі прыйшоў, адмовіўся даваць тлумачэньні. Праз два тыдні статус уцекача быў скасаваны. Але Юрчанка ня здаўся і пачаў абскарджваць гэтае рашэньне ў судах.

Тымчасам праваахоўныя органы Ўкраіны, нягледзячы на тое, што мелі ўсю інфармацыю пра Ўладзімера Юрчанку прынамсі зь лістапада 2017 году, не сьпяшаліся з арыштам — яго затрымалі толькі 14 ліпеня 2018-га, у Чарнігаве. Цяпер ён у Чарнігаўскім сьледчым ізалятары, а ягоныя адвакаты ўжо безь яго дамагаюцца скасаваньня рашэньня міграцыйнай службы аб пазбаўленьні статусу ўцекача. На гэты момант беларус прайшоў усе інстанцыі, якія пацьвердзілі незаконнасьць дзеяньняў міграцыйнай службы. На наступным тыдні мае адбыцца апошні судовы разгляд апэляцыі Дзяржаўнай міграцыйнай службы.

У выпадку, калі апэляцыйны суд канчаткова прызнае незаконнымі дзеяньні міграцыйнай службы, а Ўладзімер Юрчанка захавае статус уцекача, ягоная экстрадыцыя ў Беларусь стае немагчымай.

Як паведаміла Свабодзе Натальля Гуйван, адвакат Уладзімера Юрчанкі ў міграцыйнай справе, сёлета ў ліпені заканчваецца максымальны для экстрадыцыі тэрмін арышту — згодна з заканадаўствам, грамадзянін ня можа быць арыштаваны больш як на 12 месяцаў у чаканьні выдачы краіне патрабаваньня.

«Калі за гэты час зьнікнуць падставы для экстрадыцыі, то яна не адбудзецца і арышт будзе скасаваны», — пацьвердзіла адвакат.

Цяпер суд у Чарнігаве практычна кожныя 40 дзён прадаўжае тэрмін утрыманьня Ўладзімера Юрчанкі ў сьледчым ізалятары. Штораз і падазраваны, і адвакаты спрабуюць пераканаць суд у тым, што яго трэба вызваліць: ён «вымушана пакінуў Беларусь, ня згодны з рашэньнем аб пазбаўленьні яго статусу ўцекача, абскардзіў гэта ў судзе, і ня можа быць прымусова вернуты ў краіну, дзе яму пагражае небясьпека».

Статус уцекача ва Ўкраіне мае няшмат беларусаў

У судовых рашэньнях у справе Ўладзімера Юрчанкі не паведамляецца, на якіх падставах ён атрымаў статус уцекача.

Аднак, як сьведчыць практыка, такі спосаб легалізацыі беларусаў ва Ўкраіне надзвычай складаны. На гэты момант статус уцекача маюць 18 грамадзян Беларусі, яшчэ 6 атрымалі дадатковую абарону Ўкраіны. Прозьвішчаў гэтых грамадзян не называюць, спасылаючыся на канфідэнцыйнасьць інфармацыі, бо яе распаўсюджаньне можа «стварыць небясьпеку для іх уладальнікаў».

У міграцыйнай службе няма адзінага падыходу да ацэнкі пагрозаў беларусам у краіне паходжаньня. Часьцей у такіх статусах ім адмаўляюць, але грамадзяне Беларусі не адступаюць і спрабуюць праз суд давесьці факты перасьледу на радзіме. І толькі ў адзінкавых выпадках суд становіцца на бок беларусаў і абавязвае Дзяржаўную міграцыйную службу Ўкраіны ўхваліць адпаведнае рашэньне.

Гісторыя з выдачай статусу ўцекача абвінавачанаму ў кантрабандзе наркотыкаў беларуса выклікала абурэньне ва Ўкраіне.

Паводле ўкраінскага заканадаўства, суд мае вызначыцца з экстрадыцыяй Уладзімера Юрчанкі ў Беларусь да 25 ліпеня. А пакуль Новазаводзкі раённы суд Чарнігава зноў падоўжыў утрыманьне беларуса пад вартай да 13 траўня — ён па-ранейшаму разглядае ягоную справу як грамадзяніна, які мае статус уцекача ва Ўкраіне. Адначасова ў судовым рашэньні адзначаецца, што на працягу двух месяцаў суд ня змог праверыць усе падставы, якія могуць перашкодзіць выдачы Ўладзімера Юрчанкі — толькі пасьля гэтага Генэральная пракуратура Ўкраіны можа ўхваліць канчатковае рашэньне аб экстрадыцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG