Канцэпцыя інфармацыйнай бясьпекі накіравана на абарону беларускіх сэнсаў, інфармацыйных рэсурсаў ды інфармацыйных сетак. Пра гэта, паводле агенцтва БЕЛТА, у эфіры тэлеканалу АНТ заявіў намесьнік дзяржаўнага сакратара Рады Бясьпекі Беларусі Ўладзімер Арчакоў.
Беручы ўдзел у праграме «Контуры», Арчакоў сказаў:
«Канцэпцыя нацэлена на практычную дзейнасьць... Распрацоўка тэзісаў канцэпцыі вялася на працягу апошніх трох гадоў. Важна, што ў распрацоўцы Канцэпцыі інфармацыйнай бясьпекі ўдзельнічалі спэцыялісты-практыкі ў гэтай сфэра і навукоўцы».
Паводле Ўладзімера Арчакова, існуюць два падыходы да інфармацыйнай бясьпекі: барацьба з кібэрнэтычнай злачыннасьцю і абарона сфэры сэнсаў.
«Для Беларусі важна абараняць сфэру сэнсаў, таму мы прытрымліваемся менавіта такой мадэлі У Канцэпцыі выдзелена тры напрамкі ў забесьпячэньні інфармацыйнай бясьпекі: сфэра сэнсаў, абарона інфармацыйных сетак і абарона інфармацыйных рэсурсаў.», — падкрэсьліў Уладзімер Арчакоў.
На думку намесьніка дзяржсакратара Рады Бясьпекі, супрацьпаставіць фэйкавым навінам неабходна больш дакладнай і пазытыўнай інфармацыі ў афіцыйных СМІ.
Як паведамлялася раней, дакумэнт распрацоўваўся, зыходзячы з геапалітычных інтарэсаў Беларусі, яе месца і ролі ў сучасным сьвеце.
Паводле БЕЛТА, у канцэпцыі адлюстраваныя сучасныя выклікі і пагрозы, якія фармуюцца ў інфармацыйнай сфэры і ўяўляюць небясьпеку для канстытуцыйных асноў і жыцьцядзейнасьці дзяржаў: маніпуляваньне масавай сьвядомасьцю, дыскрэдытацыя ідэалаў і каштоўнасьцяў, размываньне нацыянальнага сувэрэнітэту, няўстойлівасьць інфармацыйнай інфраструктуры і іншыя.