Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўная рэдактарка «Хартыі-97» Натальля Радзіна адной зь першых атрымала мэдаль БНР


Натальля Радзіна і Аляксей Дзікавіцкі падчас цырымоніі ўручэньня ўзнагароды
Натальля Радзіна і Аляксей Дзікавіцкі падчас цырымоніі ўручэньня ўзнагароды

19 лютага ў Варшаве галоўная рэдактарка сайту Charter97.org Натальля Радзіна была ўзнагароджана мэдалём да стагодзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі.

Узнагароду ўручыў прадстаўнік рады БНР, намесьнік дырэктара тэлеканалу «Белсат» Аляксей Дзікавіцкі.

«Да 100-годзьдзя зь дня абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі Рада БНР упершыню вырашыла заснаваць мэдаль, якая ўручаецца ня толькі беларусам, але і наогул людзям, якія працуюць на ніве беларушчыны, якія папулярызуюць беларускую ідэю ў сьвеце — усім тым, каго можна назваць верным ідэалам 25 Сакавіка 1918 году, ідэалам свабоднай, дэмакратычнай, незалежнай Беларусі» — сказаў Аляксей Дзікавіцкі.

Ён паведаміў, што такіх мэдалёў будзе 130, яны будуць уручацца ў розных краінах. Першы мэдаль атрымала 18 лютага сёлета Зінаіда Туронак — удава выбітнага беларускага гісторыка Юрыя Туронка — за свайго мужа, які пайшоў з жыцьця 2 студзеня сёлета.

Другой мэдаль атрымала Натальля Радзіна. «Можна любіць ці не любіць «Хартыю-97», але бясспрэчным зьяўляецца той факт, што сотні тысяч людзей штодня даведваюцца пра сытуацыю ў Беларусі менавіта дзякуючы гэтаму парталу — падкрэсьліў намесьнік дырэктара тэлеканалу «Белсат».

Ён дадаў, што ў такой цяжкай сытуацыі, у якой сёньня апынулася «Хартыя-97», Рада БНР вырашыла паскорыць гэтае ўзнагароджаньне, каб такім чынам падтрымаць партал.

«Рада БНР ужо зрабіла заяву ў падтрымку "Хартыі-97″, але мы спадзяемся, што самая цырымонія ўручэньня ўзнагароды прыцягне ўвагу да сытуацыі вакол "Хартыі" там, дзе гэта трэба, і сайт будзе і далей працаваць і выконваць сваю выключна важную місію» — заявіў Аляксей Дзікавіцкі, уручаюць узнагароду.

Пасьля гэтага быў зачытаны дэкрэт старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы аб узнагароджаньні Радзінай.

«Атрымаць гэты мэдаль ад рады БНР для мяне — вялікі гонар. Беларуская Народная Рэспубліка — гэта сымбаль нашай незалежнасьці і свабоды. Я ведаю, што Рада Ўкраінскай Народнай Рэспублікі перадала свае паўнамоцтвы ўраду незалежнай Украіны. У Беларусі, на жаль, сёньня гэта немагчыма. Рэжым Лукашэнкі нелегітымны. Я ўспрымаю гэты мэдаль як дзяржаўную ўзнагароду і лічу што гэта ўзнагарода — усёй камандзе "Хартыі-97″. Асабліва дзякуй за тое, што падтрымалі нас у такі цяжкі час, калі салідарнасьць неабходная і "Хартыі", і ўсяму свабоднаму слову Беларусі» — скзала Натальля Радзіна.

Мэдаль да стагодзьдзя Рада БНР уручае «за прыжыцьцёвыя заслугі ў зьдзяйсьненьні ідэалаў Акту 25 сакавіка 1918 году, у тым ліку за дасьледаваньні і папулярызацыю беларускай мовы, здабыцьцё і ўмацаваньне дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, барацьбу за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі».

Мэдаль, сярод іншых, атрымаюць пісьменьнік Уладзімер Арлоў, пасол Швэцыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан, акадэмік Радзім Гарэцкі, удзельнікі стварэньня эталёну дзяржаўнага гербу «Пагоня» Аляксей Марачкін і Леў Талбузін і многія іншыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG