Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін не пусьціў Лукашэнку ў Мюнхэн?


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін у Сочы, 15 лютага
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін у Сочы, 15 лютага

Сочынскія перамовы не далі вынікаў, аднак бакі ўпарта гэта хаваюць.

Сьцісла

  • Палітычная вага беларускага пытаньня ў замежнай палітыцы Расеі ўзрастае.
  • Галоўнае пытаньне двухбаковых адносін ня вырашанае.
  • Абодва бакі старанна мікшыруюць правал.
  • Лукашэнка ахвяраваў паездкай на Мюнхэнскую канфэрэнцыю дзеля пустога трэцяга дня перамоваў.

Беларуска-расейскія саміты працягваюць біць рэкорды. Калі перад Новым годам Лукашэнка два разы на адным тыдні наведаў Крэмль, усе казалі, што такой інтэнсіўнасьці перамоваў раней не было. Але вось цяпер мы ўбачылі сочынскі маратон. Трохдзённыя перамовы лідэраў Беларусі і Расеі таксама адбываюцца ўпершыню.

Важна зьвярнуць увагу, што напярэдадні сустрэчы ў Сочы 8 лютага адносіны зь Беларусьсю былі абмеркаваныя на паседжаньні Рады бясьпекі РФ. Чаго, здаецца, таксама раней не было. Ва ўсялякім разе, пра гэта публічна не паведамлялася. Таму можна зрабіць выснову, што палітычная вага беларускага пытаньня ў замежнай палітыцы Расеі ўзрастае.

Трэба меркаваць, ініцыятарам новай сустрэчы лідэраў быў беларускі бок. Менск больш зацікаўлены хутчэй вырашыць пытаньне кампэнсацыі за падатковы манэўр. Пра гэта сьведчыць той факт, што на пачатку першага дня перамоваў Лукашэнка 6 (шэсьць!) разоў дзякаваў Пуціну за запрашэньне ў Сочы.

Перамовы скончыліся, што ў сухім астатку? Калі галоўным вынікам трохдзённага саміту абвяшчаецца дамова аб супрацоўніцтве ў гуманітарнай сфэры, то выснова адна: бакі зноў не паразумеліся па галоўным пытаньні. Як і падчас сустрэч 25, 29 сьнежня.

Але адрозьненьне цяперашняга няўдалага саміту ад папярэдніх — у тым, што абодва бакі старанна мікшыруюць правал, усяляк дэманструюць посьпехі супрацоўніцтва, старанна будуюць «пацёмкінскія вёскі» інтэграцыі. Гэта выявілася ня толькі ў тым, што прэзыдэнты па выніках сустрэчы разам пагулялі ў хакей. Раней прыкметай правалу была якраз адмова Лукашэнкі ўдзельнічаць у спартовых мерапрыемствах ці прысутнічаць на іх.

Нечаканай стала заява Лукашэнкі, што пытаньне падатковага манэўру не абмяркоўвалі. Гэта вельмі дзіўна. Чаго ж тады езьдзіў у Сочы, калі галоўную праблему двухбаковых адносін нават не чапалі? І цэлыя тры дні!

Мусіць, такой заявай Лукашэнка хацеў схаваць няўдачу перамоваў. Маўляў, паколькі пытаньня пра кампэнсацыю падатковага манэўру не было на парадку дня, то нельга казаць пра няўдалы вынік. Але, падаецца, на паверхні атрымалася наадварот: тое, што найбольш цікавіць афіцыйны Менск, Пуцін не захацеў нават абмяркоўваць.

Хаця мне падаецца, што насамрэч пытаньне падатковага манэўру ўсё ж абмяркоўвалася. Паглядзіце на склад прадстаўнікоў ураду, якія ўдзельнічалі ў перамовах. Гэта віцэ-прэм’еры, міністры, якія адказваюць за энэргетыку, эканоміку і фінансы. Менавіта ў такім складзе і можна абмяркоўваць гэтае пытаньне.

І яшчэ. Зьвярнула на сябе ўвагу доўгая рэпліка Лукашэнкі перад журналістамі пра сувэрэнітэт, незалежнасьць, спасылка на волю народаў. Склалася ўражаньне, што ён працягвае спрэчку, паўтарае аргумэнты, якія выкарыстоўваў зусім нядаўна, падчас перамоваў.

Найбольш дзівіць парадак дня трэцяга дня сустрэчы. Супрацоўніцтва ў галіне культуры, адукацыі, спорту. Ніякіх асаблівых праблем у гэтай сфэры паміж краінамі няма. Гэта пытаньні яўна не прэзыдэнцкага ўзроўню. І дзеля гэтага Лукашэнка ахвяраваў паездкай на Мюнхэнскую канфэрэнцыю!

Адразу зьяўляецца спакуса вылучыць вэрсію, што дзеля таго, каб не пусьціць беларускага кіраўніка ў Эўропу, Пуцін нешта паабяцаў яму на трэці дзень. У любым выпадку эўрапейскім журналістам і палітыкам лёгка зрабіць выснову: чаму Лукашэнка не паехаў у Мюнхэн? Бо Пуцін не пусьціў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG