Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прызначыў новых амбасадараў і памочнікаў


Кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка зрабіў шэраг кадравых прызначэньняў 12 лютага: новых сваіх памочнікаў, некаторых кіраўнікоў мясцовых адміністрацый, дырэктараў прадпрыемстваў і амбасадараў.

Новы дырэктар БелОМА

Новым гендырэктарам «БелОМА» стаў 43-гадовы Аляксандар Мароз. Раней ён займаў пасаду першага намесьніка дырэктара холдынгу.

Пасьля таго, як былога гендырэктара «БелОМА» Вячаслава Бурскага затрымалі і пасадзілі пад варту, Мароз выконваў абавязкі гендырэтара.

Раней камэнтуючы затрыманьне Вячаслава Бурскага, генпракурор Аляксандар Канюк не патлумачыў у чым яго падазраюць, маўляў, «трэба разабрацца толкам у сытуацыі».

Да сёньняшняга дня Вячаслаў Бурскі на афіцыйным сайце холдынгу па-ранейшаму быў паказаны як гендырэктар ААТ «БелОМА».

Холдынг «БелОМА» спэцыялізуецца на выпуску оптыкі, у тым ліку для вайсковых патрэбаў, а таксама робіць бытавыя лічыльнікі і дэталі для аўтамабіляў.

Новыя амбасадары ў Польшчы і ў Гішпаніі

Новым амбасадарам Беларусі ў Польшчы стаў Уладзімер Чушаў (раней быў Аляксандр Авяр’янаў).

Раней ён працаваў начальнікам упраўленьня міжнароднага супрацоўніцтва і нацыянальнай бясьпекі Савета рэспублікі.

Таксама раней Чушаў быў амбасадарам Беларусі ў Чарнагорыі і Рэспубліцы Македонія па сумяшчальніцтве.

Амбасадарам Беларусі ў Гішпаніі і па сумяшчальніцтве пастаянным прадстаўніком Беларусі пры Усясьветнай турысцкай арганізацыі прызначаны Павал Пуставы. Раней абавязкі пасла ў Гішпаніі выконваў пасол у Францыі.

Таксама пасол Беларусі ў Аўстрыі, пастаянны прадстаўнік Беларусі пры міжнародных арганізацыях у Вене Алена Купчына будзе прадстаўляць інтарэсы Беларусі ў Славеніі, у АБСЭ.

Пашырана сфэра адказнасьці пасла Беларусі ў Вугоршчыне і па сумяшчальніцтве ў Босьніі і Герцагавіне Аляксандра Панамарова і пасла Беларусі ў Японіі Руслана Есіна.

Першы прызначаны паслом па сумяшчальніцтве ў Харватыі, другі — па сумяшчальніцтве ў Аўстраліі і Новай Зэляндыі.

Два новыя памочнікі прэзыдэнта

Новымі памочнікамі прэзыдэнта прызначаныя Анатоль Маркевіч (памочнікам, інспэктарам па Берасьцейскай вобласьці) і Віталь Прыма (памочнікам, інспэктарам па Менску).

Раней Анатоль Маркевіч узначальваў Наваградзкі райвыканкам.

На пасадзе старшыні Наваградзкага райвыканкаму Анатоль Маркевіч адмовіўся перайменаваць вуліцу ў гонар беларускага навукоўца Барыса Кіта, палічыў гэта немэтазгодным.

У мінулым годзе ён ініцыяваў малебен за дождж.

​Цяперашні старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс раней таксама ўзначальваў Наваградзкі райвыканкам.

Віталь Прыма быў першым беларускім амбасадарам у Індыі, акрэдытаваным у Шры-Ланцы і Нэпале па сумяшчальніцтве. Быў намесьнікам міністра прамысловасьці.

Новы намесьнік Шэймана

Аляксандр Лукашэнка прызначыў таксама Андрэя Сьвірыдава намесьнікам кіраўніка справамі прэзыдэнта Беларусі.

Раней Андрэй Сьвірыдаў працаваў старшынёй камітэта эканомікі Горадзенскага аблвыканкама.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG