Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забіты ў Стоўпцах школьнік быў сябрам Таварыства беларускай мовы. Яго ўзгадваюць знаёмыя


Старонка стаўпецкай філіі ТБМ, якую вёў Алякcандар Р.
Старонка стаўпецкай філіі ТБМ, якую вёў Алякcандар Р.

Вучня стаўпецкай школы нумар 2 Аляксандра Р., які загінуў ранкам ад нажавога нападу, узгадваюць знаёмыя, зь якімі ён працаваў у мясцовай суполцы Таварыства беларускай мовы.

Як распавялі Свабодзе калегі Аляксандра, ён быў сябрам Таварыства беларускай мовы і веў у сацыяльных сетках акаўнты суполкі ТБМ.

Пра свайго загінулага паплечніка распавядае Павал Савіцкі са Стоўпцаў.

«Саша быў не па ўзросьце сур'ёзны і мэтанакіраваны. Зьбіраўся паступаць у Польшчы на палітоляга-журналіста. Па панядзелках і серадах я езьдзіў разам зь ім зь Менску ў Стоўпцы. Вялі сурʼёзныя і цікавыя размовы пра культуру, гісторыю і мову. Абмяркоўвалі жыцьцёвыя пытаньні. Саша амаль заўжды размаўляў па-беларуску. І, наколькі я ведаю, гэтым зацікаўліваў і заахвочваў да вывучэньня мовы сваіх аднаклясьнікаў. Захапляўся відэамантажом. Заўжды праяўляў ініцыятыву і гатовы быў дапамагчы. Да гэтага часу мы ня можам паверыць, што гэткае адбылося. Мае спачуваньні бацькам і родным».

На старонцы Аляксандра Р. у сацыяльных сетках разьмешчаныя спасылкі на артыкулы пра гісторыю Беларусі, беларускую літаратуру, а таксама ягоныя фатаздымкі ў вопратцы з нацыянальнай сымболікай.

Свайго калегу ўзгадвае рэвізор стаўпецкай філіі ТБМ Міхаіл Мацкевіч:

«Саша з тых маладзёнаў, якіх чуеш і разумееш, што ў іх будзе вялікі шлях. Што праз год 10 ці 15 будзеш казаць: «Я ведаю гэтага хлапца!» Заўжды адкрыты, з валявым і па-юнацку добрым позіркам. Ніколі не адмаўляў у дапамозе, рабіў усё дакладна. Сумую, што так мала зь ім размаўляў і што цяпер я ня ў горадзе».

Як даведалася Свабода ад знаёмых, Аляксандар добра вучыўся, удзельнічаў у школьных алімпіядах.

11 лютага вучань 10 клясу Стаўпецкай школы № 2 напаў на настаўніцу гісторыі і іншых вучняў з нажом. Ад ранаў настаўніца і вучань 11 клясу загінулі, яшчэ двое вучняў у лякарні ў цяжкім стане.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG