Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Свастыкай, чырвонай фарбай, кувалдай... Гісторыя вандалізму ў Курапатах у 15 фактах


Пашкоджаная вандаламі «лава Клінтана» ў Курапатах, 7 лютага.
Пашкоджаная вандаламі «лава Клінтана» ў Курапатах, 7 лютага.

Лава памяці ад амэрыканскага народу ў Курапатах другі раз за месяц разбураная вандаламі. Гэта адбылося неўзабаве пасьля адзначэньня 25-ай гадавіны візыту прэзыдэнта ЗША ў Беларусь. Мы сабралі самае асноўнае пра розныя выпадкі вандалізму ў Курапатах.

1. 7 лютага 2019 году стала вядома, што мэмарыяльны знак «Лава Клінтана» разбураны другі раз за месяц.

Як паведаміла Свабодзе актывістка абароны Курапатаў Ганна Шапуцька, «налічылі больш за 14 кавалкаў. 4 адносна вялікія ляжаць на пастамэнце, іншыя раскіданыя вакол, вянок таксама разламаны. Пастамэнт цэлы, але лава разбураная. Прычым бачна, што цэлая сьцежка вытаптаная ад лесу да лавы. Відаць, не адзін раз туды-сюды хадзілі. Магчыма, і не адзін чалавек», — сказала Шапуцька.

2. ​1 лютага 2019 году невядомыя разьбілі «лаву Клінтана» ва Ўрочышчы Курапаты.​

Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за вандалізм. Амбасада ЗША заклікала беларускія ўлады расьсьледаваць здарэньне і пакараць вандалаў.

3. Спроба разьбіць «Лаву Клінтана» прадпрымалася ў сьнежні 2018 году. Абаронцы Курапатаў спынілі вандала, які прыйшоў на тэрыторыю народнага мэмарыялу з кувалдай і сякерай, адмыслова каб зламаць адзін зь яго аб’ектаў — лаву Клінтана.

Акцыя напярэдадні 25-ай гадавіны візыту Біла Клінтана ў Беларусь. 11 студзеня 2019 году.
Акцыя напярэдадні 25-ай гадавіны візыту Біла Клінтана ў Беларусь. 11 студзеня 2019 году.

​4. За 25 гадоў «Лаву Клінтана» больш за 13 разоў апаганьвалі невядомыя вандалы.

І іх ніколі не знаходзілі.

5. У 2001 годзе гарызантальную гранітную пліту лавы раскалолі невядомыя вандалы.

Супрацоўнікі амбасады ЗША ля лавы Клінтана.
Супрацоўнікі амбасады ЗША ля лавы Клінтана.

​Пазьней пліту склеілі, і на месца расколу ўсталявалі мэталічны вянок. Гэты вянок таксама пазьней быў скрадзены.

6. У 2002 годзе пасьля чарговага акту вандалізму лавы адбылося ўрачыстая цырымонія адкрыцьця адноўленага знаку з удзелам амбасадар ЗША Майкла Козака.

Гэта ўсё адбывалася падчас 8-месячнай кругласутачнай вахты памяці ў Курапатах падчас будаўніцтва менскай кальцавой дарогі.

7. 2005 годзе невядомыя вандалы павалілі на зямлю амэрыканскі мэмарыяльны знак, а праз некалькі дзён пасьля таго, як лаву паставілі на месца, на яе была нанесеная чырвоная фарба. Тады ж свастыка і зьневажальныя надпісы зьявіліся і на іншых курапацкіх знаках. На факце вандалізму ў Курапатах была заведзеная крымінальная справа. Вінаватых не знайшлі.

8. У 2007 годзе пасьля чарговага выпадку вандалізму лаву аднавілі скульптар Алесь Шатэрнік, актывіст КХП БНФ Алесь Чахольскі і іншыя валянтэры.

​Быў зроблены цэмэнтны фундамэнт, каб лаву было цяжка пашкодзіць.

9. Дзясяткі разоў да лавы ўскладалі кветкі амбасадары ЗША і краінаў Эўразьвязу. Сотні разоў побач зь ёй запальвалі сьвечкі людзі, якія прыходзілі ў Курапаты ўшанаваць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.

Штогод жанчыны ля лавы высаджваюць белыя і чырвоныя кветкі ля лавы...

10. «Лаву Клінтана» разьбівалі, размалёўвалі фарбай, выкрадалі яе кавалкі.

Але яна працягвала стаяць, кожны раз адноўленая, як памяць пра ахвяраў і як знак павагі ад народу ЗША.

11. У розныя гады вандалы паганілі свастыкай і сатанінскімі надпісамі курапацкія крыжы, помнік загінулым ва ўрочышчы габрэям і выяву Маці Божай Курапацкай мастака Аляксея Марачкіна.

​З фактаў вандалізму ў Курапатах заводзілі крымінальныя справы, аднак злачынцаў ніколі не знаходзілі.

12. У 2007 годзе напярэдадні Дзядоў быў паламаны Крыж Пакуты, актывісты Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ аднавілі яго.

13. У 2008 годзе актывісты КХП БНФ затрымалі двух падлеткаў, якія павалілі некалькі крыжоў на алеі ў Курапатах.

Затрыманы вандал.
Затрыманы вандал.

Актывісты выклікалі міліцыю і потым далі паказаньні супраць падлеткаў. Бараўлянская міліцыя распачала справу паводле артыкулу Крымінальнага кодэксу «Апаганьваньне гістарычна-культурных каштоўнасьцяў».

Затрыманы вандал.
Затрыманы вандал.

Артыкул прадугледжвае пакараньне да трох гадоў пазбаўленьня волі. Пазьней з прычыны недастатковасьці доказаў міліцыя Бараўлянскага сельскага савету спыніла крымінальны перасьлед двух маладзёнаў, якіх падазравалі ў разбурэньні крыжоў.

14. У 2018 годзе невядомыя пашкодзілі дзяржаўны помнік у Курапатах.

На дзяржаўным помніку ў Курапатах невядомыя надрапалі зоркі Давіда. Афіцыйны мэмарыяльны знак «Ахвярам палітычных рэпрэсій 30–40-х гадоў XX стагодзьдзя» ўсталявалі сёлета ў лістападзе. 14 лістапада прайшла працэдура прыёмкі. Цырымоніі адкрыцьця не было

15. Пасьля адкрыцьця праўды пра Курапаты акты вандалізму адбываюцца ва ўрочышчы практычна штогод. ​Міліцыя пільна сочыць за рознымі акцыямі грамадзкасьці ў Курапатах. Пры гэтым вандалы ніколі ня былі пакараныя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG