Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяляцкі пра звальненьне судзьдзі, які вынес яму вырак: «Цягнуў воўк, пацягнулі і ваўка»


Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі

Указам Аляксандра Лукашэнкі ад 4 лютага 2019 году № 38 «Аб прызначэньні і вызваленьні судзьдзяў» Сяргей Бандарэнка, судзьдзя Менскага гарадзкога суду, быў звольнены па ўласным жаданьні.

У 2011 годзе судзьдзя Першамайскага раёну Сяргей Бандарэнка вёў працэс над старшынём праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесем Бяляцкім. Гэта ён асудзіў праваабаронцу на 4,5 года ўзмоцненага рэжыму, за што трапіў пад візавыя і маёмасныя санкцыі Эўразьвязу.

Нягледзячы на тое, што фармальна Бандарэнка звольніўся па ўласным жаданьні, Бяляцкі лічыць, што цяпер ужо былы судзьдзя пацярпеў за маці, бо пры сёньняшнім рэжыме дзеці адказваюць за бацькоў.

«Мне шкада маці цяпер ужо былога судзьдзі Сяргея Бандарэнкі Тамару Бандарэнку, якую ў сьнежні 2018 году пасадзілі на 8 гадоў за хабар. Што б яна ні зьдзейсьніла, даваць такі тэрмін жанчынам нельга. Ёсьць іншыя формы пакараньня, не зьвязаныя з пазбаўленьнем волі.

Але Сяргей Бандарэнка пацярпеў за маці. Яго мне не шкада. Як кажуць, „цягнуў воўк, пацягнулі і ваўка“. Бо Сяргей Бандарэнка зрабіў сваю кар’еру на палітычных працэсах, а гэта ненармальна.

Маю справу ён разглядаў ў 2011 годзе, будучы судзьдзём Першамайскага раённага суду. А ў 2014 годзе, каля мяне выпусьцілі, Аляксандар Лукашэнка сваім указам павысіў яго, перавёўшы ў Менскі гарадзкі суд. Гэта была ўзнагарода і за тое, што Бандарэнка трапіў пад санкцыі Эўразьвязу, у сьпіс неўязных у ЭЗ.

А кар’ерныя авансы, якія судзьдзі атрымліваюць за палітычныя працэсы, адбіваюцца і на іншых працэсах, бо гэта „кіраваныя“ судзьдзі, беспрынцыповыя судзьдзі, якімі кіруе КДБ, адміністрацыя прэзыдэнта. Гэта ненармальна», — сказаў Свабодзе Алесь Бяляцкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG