Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палова біялёгіі — чарвякі, а матэматыкі непатрэбныя. 7 цытатаў Лукашэнкі пра адукацыю


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка 1 лютага заслухаў даклад аб пэрспэктывах разьвіцьця адукацыі ў Беларусі. Ягоная прэс-служба і інфармацыйныя агенцтвы перадаюць пераказ прамовы Лукашэнкі пра стан і будучыню адукацыі.

Рэформы ідуць, але іх не было і ня будзе

«Я проста хачу перш за ўсё сам пераканацца, наколькі рэалізуюцца нашы рашэньні ў сфэры адукацыі. Калі ёсьць неабходнасьць, падштурхнуць тыя рэформы, якія ідуць. Хоць рэформамі мы ніколі не займаліся і займацца ў адукацыі ня будзем. Мы павінны ўдасканальваць тое, што маем сёньня, і тое, што атрымалі ўчора. Ламаць нічога нельга».

Працэсы зацягваюцца празь бюракратыю

«Самае галоўнае ў адукацыі, дый наагул у эканоміцы і іншых пытаньнях, — калі мы ведаем, што трэба рабіць, але праз наш махровы бюракратызм пачынаем зацягваць гэтыя працэсы. Тады мінае час, і мы бачым: тое, што трэба было рабіць учора, ужо непрымальнае для сёньняшняга і тым больш заўтрашняга дня. Атрымліваецца, этап ня пройдзены, і мы хапаемся за перадавое, а пад гэтым перадавым няма падмурку. Таму ўсё трэба рабіць паступова, як кажуць у народзе, плаўна».

Матэматыкі непатрэбныя

«Здаецца, матэматыкаў адных толькі рыхтуем. Давайце казаць шчыра, не хачу быць рэтраградам: нам, напэўна, менш за ўсё ў краіне трэба матэматыкі. Разуменьне матэматыкі павінна быць, таму што мы ў жыцьці заўсёды сутыкаемся з матэматыкай. Але ў вялікіх матэматыках патрэба менш за ўсё».

«Я не хачу, каб матэматыкі пакрыўдзіліся на мае развагі, я нічога дрэннага пра іх не сказаў. Але яшчэ раз паўтараю: матэматык — гэта рэдкасьць. Давайце рыхтаваць матэматыкаў дзесьці на факультатыве, але ў асноўным — у ВНУ. А мы пачынаем унівэрсытэцкія праграмы перакідваць у школу. Навошта вы гэта робіце?»

Палова біялёгіі — чарвякі

Выказваньне падаецца агенцтвам Інтэрфакс.

«Нядаўна я паглядзеў, як у восьмым клясе вывучаюць біялёгію: слухайце, паўкурсу — чарвякі! Пабудова, жыцьцядзейнасьць і што трэба зрабіць чарвяку, каб ён быў паразытам. Ну адкажыце мне на гэтае пытаньне. Добра, для прасунутых хай будзе. Так, трэба ведаць пра гэтую істоту, але навошта яго скрупулёзна вывучаць? Калі ты будучы біёляг, калі біялёгію ўзяў за аснову — так, гэта трэба. Але колькі такіх у нас? Вось у чым праблема».

Падручнік —​ гэта ікона

«Падручнікі — гэта абраз, гэта сьвятое. Я як пэдагог па адукацыі стаўлюся да падручніка як да іконы, нават у сучасным жыцьці, калі кніга ня стала патрэбнай, надзённай для людзей: інтэрнэт і іншае... Адно другога, праўда, не выключае. Але для мяне кніга як была абразком, так і засталася. А падручнік на парадак вышэй, чым звычайная кніга, нават самая каштоўная».

Як людзі жэняцца?

«Вы паглядзіце на нашых хлопцаў. Я ня ведаю, як яны жэняцца. Чаму іх жонкі выганяюць з дому і сем'і бурацца? Ды таму, што нічога рабіць ня ўмеюць! Ён лямпачку ня можа ў люстру ўкруціць, элемэнтарна паправіць чайнік або кававарку. Ён ня можа зразумець, чаму яна не працуе. Ня ведае, што такое гэбель, фуганак, стамеска, долата, малаток, сякера і як працаваць імі. Гэта ж нас навучылі ў школе. Чаму ж мы на гэта „забілі“ і гэтак ставімся да дзяцей? Чаму дзяўчынка ня ведае, як падсмажыць яечню, ня можа прышыць гузік?»

Ідэалёгію — у кожны прадмет?

«Так званая „Школа актыўнага грамадзяніна“ [нядаўна ўведзены ў школах адзіны дзень інфармаваньня] — гэта асобная размова. Гэта павінна прасякаць усе курсы: ад матэматыкі да гуманітарных дысцыплінаў. Гэта трэба выкладаць на кожным уроку па кожным курсе, фармуючы грамадзянскую пазыцыю чалавека, а не вылучэньнем нейкага асобнага курсу — „Школа актыўнага грамадзяніна“».

«І што, пасьля таго як вы прыдумалі ў Мінадукацыі гэты ШАГ, яны будуць выкладаць на ім? Для гэтага ў нас ёсьць гістарычныя дысцыпліны, ёсьць літаратура і гэтак далей. Там трэба выкладаць элемэнты гэтых крокаў, сям'ю трэба задзейнічаць і сродкі масавай інфармацыі, каб сфармаваць гэтага актыўнага грамадзяніна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG