Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алена Анісім: Я ня спарынг-партнэр Лукашэнкі, магу атрымаць да 40% галасоў


Алена Анісім выступае на «Сьвяце Незалежнасьці» ў Менску 25 сакавіка 2018
Алена Анісім выступае на «Сьвяце Незалежнасьці» ў Менску 25 сакавіка 2018

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алена Анісім 30 студзеня заявіла пра намер удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году.

У новым інтэрвію Радыё Свабода яна расказвае, у адказ на што прыняла рашэньне ісьці на выбары і на які вынік разьлічвае.

— На падтрымку якіх слаёў беларускага грамадзтва вы разьлічваеце?

— Я разьлічваю, у першую чаргу, на ўсіх патрыятычна настроеных грамадзян Рэспублікі Беларусь, незалежна ад іх нацыянальнасьці. Усіх, хто заклапочаны лёсам нашай краіны і пэрспэктывай яе разьвіцьця.

Вось якраз у дзень, калі я заявіла пра гатонасьць удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах, я атрымала ў сваім ФБ такое паведамленьне. Чалавек напісаў: «Дзякуй, ня ўдзельнічаў у прэзыдэнцкіх выбарах з часоў Пазьняка, а зараз задумаўся».

— Рыторыка галоўнага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах, Аляксандра Лукашэнкі, таксама ў значнай ступені незалежніцкая. Ён таксама кажа, што бароніць незалежнасьць, і што з боку Расеі існуе пагроза. Адпаведна, вы будзеце граць на адным палітычным полі. Вас такая канкурэнцыя не палохае і не бянтэжыць?

— Мяне гэта не палохае і не бянтэжыць. Гэта вельмі важна, калі ўсе прэтэндэнты на самую высокую пасаду ў сыстэме палітычнай улады ў Беларусі будуць трымацца незалежніцкай пазыцыі, будуць вызначаць дзяржаўнасьць нашай краіны, яе самастойнае існаваньне і ўмацаваньне як каштоўнасьць.

— У развагах палітычных аналітыкаў можна пачуць думку і пра такі варыянт разьвіцьця падзеяў, калі апазыцыя здыме ўсіх кандыдатаў, каб Аляксандар Лукашэнка застаўся адзін. У такім выпадку кіраўніку Беларусі патрэбны спарынг-партнэр. Ці не баіцеся абвінавачаньня ў тым, што вы можаце стаць спарынг-партнэрам Лукашэнкі? І ці ня здымеце вы сваю кандыдатуру, калі апазыцыя вырашыць нікога не выстаўляць або зьняць свайго кандыдата (кандыдатаў)?

— Я абвясьціла аб сваім намеры ўдзельнічаць у наступных прэзыдэнцкіх выбарах не таму, што мне няма чым заняцца, і не таму, што мне нехта абяцае нейкую высокую пасаду ці грошы. Я іду таму, што бачу рэальную пагрозу існаваньню нашай незалежнай дзяржавы.

Гэта зьвязана з тымі публікацыямі, у якіх робяцца нападкі на мяне і маю арганізацыю. Таму я ўспрыняла гэтыя публікацыі як асабісты выклік мне і ўсім патрыятычна настроеным грамадзянам. Тут, як кажуць, або вы прымаеце выклік і годна адказваеце на яго, або вы адседжваецеся ў кустах — і тады вас няма, і вашай краіны няма.

Мова тут ідзе пра публікацыі на сайтах teleskop-by.org і Eadaily.com. Спасылку на адну з гэтых публікацый я зьмясьціла ў сваім ФБ, дзе таксама дала адказ на тыя нападкі.

— На які рэальны вынік прэзыдэнцкіх выбараў вы разьлічваеце? Што плянуеце атрымаць на выхадзе?

— Час пакажа. Вынік можа быць розны ў залежнасьці ад сытуацыі. Сёньня, канечне, разьлічваць на перамогу не даводзіцца. Але выбары адбудуцца больш чым праз год, і калі праца будзе пастаўлена добра, то вынік можа быць ня менш як 40 працэнтаў.

— У Беларусі дзьве дзяржаўныя мовы. На якой мове будзе весьціся ваша перадвыбарчая кампанія?

— Мая кампанія, безумоўна, будзе весьціся на беларускай мове. Гэтак жа, як я вяла сваю кампанію падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG