Лінкі ўнівэрсальнага доступу

3,9 мільёна «зайцоў» або 102 тысячы актывістаў. Як дзяржаве сабраць штрафаў на 100 мільёнаў


Беларускія грошы, архіўнае фота
Беларускія грошы, архіўнае фота

100 мільёнаў рублёў — на столькі плянуюць аштрафаваць беларусаў у 2019 годзе. Гэта вынікае зь бюджэту, апублікаванага на сайце Міністэрства фінансаў (PDF). Свабода падлічыла, на колькі і каго трэба будзе аштрафаваць, каб выйсьці на такую суму.

3,9 мільёна «зайцоў»

Каб набраць штрафаў на 100 мільёнаў рублёў, ці амаль 50 мільёнаў даляраў, трэба будзе аштрафаваць за безьбілетны праезд 3,9 мільёна грамадзян. Гэта больш як 10 тысяч безьбілетнікаў кожны дзень.

102 тысячы актывістаў

За акцыю «Ноч расстраляных паэтаў» у Курапатах новага кіраўніка зарэгістраванага ў Чэхіі «Маладога фронту» Дзяніса Ўрбановіча пакаралі штрафам у 908 рублёў. Наагул, такім штрафам суды каралі многіх абаронцаў Курапатаў у 2018 годзе. Каб сабраць 100 мільёнаў, спатрэбіцца аштрафаваць 102 тысячы такіх актывістаў.

2000 незалежных тэлеканалаў

За 2017 год журналістаў незалежнага тэлеканалу «Белсат» аштрафавалі агулам на 50 тысяч рублёў. Каб набраць штрафаў на 100 мільёнаў, спатрэбіцца 2 тысячы такіх тэлеканалаў.

1666 абвінавачаных па «справе БелТА»

Абвінавачаныя па «справе БелТА» журналісты заплацілі дзяржаве шкоды як мінімум на 60 тысяч рублёў. Каб набраць 100 мільёнаў, трэба 1666 фігурантаў такой справы.

3,9 мільёна парушальнікаў хуткасьці

Мінімальны штраф за перавышэньне хуткасьці на беларускіх дарогах — 25,5 рубля. Каб сабраць 100 мільёнаў, трэба аштрафаваць 3,9 мільёна кіроўцаў, якія перавысяць хуткасьць.

40 тысяч разоў аштрафаваць McDonalds

У 2017 годзе ў Беларусі сетку хуткага харчаваньня McDonalds аштрафавалі за правядзеньне незаконнай рэклямнай гульні. Штраф склаў 100 базавых велічыняў, або 2450 рублёў. Каб набраць 100 мільёнаў, трэба штрафаваць сеткі хуткага харчаваньня 40 тысяч разоў.

Сем буйных карупцыянэраў

Летась пры затрыманьні гендырэктара «Белмэдтэхнікі» Аляксандра Шарака супрацоўнікі КДБ знайшлі ў яго 620 тысяч даляраў. Пасьля паведамлялася, што гэта сума хабараў, якія браў чыноўнік. Каб набраць 100 мільёнаў, трэба 77 такіх затрыманьняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG