Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебская міліцыя незаконна зьнішчыла бел-чырвона-белы сьцяг


Андрусь Кешанюк
Андрусь Кешанюк

Віцебскі актывіст Андрусь Кешанюк здолеў часткова аспрэчыць судовае пакараньне, накладзенае на яго за сьвяткаваньне 100-годзьдзя БНР: Вярхоўны суд пастанавіў вярнуць яму бел-чырвона-белы сьцяг, забраны міліцыянтамі. Але ў Першамайскім райаддзеле ўнутарных спраў Віцебску ягоную маёмасьць зьнішчылі і нават не прапануюць яе кампэнсаваць.

Канфіскаваць бел-чырвона-белы сьцяг пастанавіла судзьдзя Першамайскага райсуду Натальля Карабліна.

Андрусь Кешанюк спрабаваў абскардзіць яе рашэньне ў абласным судзе, а потым вышэй, і толькі старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала заўважыў судовую памылку. Ён пастанавіў выключыць з пастановаў згадку пра канфіскацыю рэчавых доказаў, бо гэта не прадугледжана артыкуламі пра незаконнае пікетаваньне (ч. 2 арт. 23.34 КаАП) і непадпарадкаваньне міліцыянтам (23.4 КаАП), паводле якіх актывіста пакаралі.

Аднак на сваё патрабаваньне вярнуць незаконна забраную маёмасьць Андрусь Кешанюк атрымаў адмову з подпісам начальніка Першамайскага райаддзелу МУС Аляксандра Чарняўскага. Маўляў, вярнуць ня можам, бо выканалі пастанову суду ў частцы канфіскацыі маёмасьці «у даход дзяржавы» — зьнішчылі сьцяг разам з бамбукавым тронкам.

Актывіст будзе патрабаваць кампэнсацыі за страчаную маёмасьць, а праваабаронца Павал Левінаў упэўнены, што зьвяртацца трэба ня толькі ў органы МУС, але і ў Сьледчы камітэт, і ў пракуратуру.

«Усё пачалося зь некампэтэнтнасьці судзьдзі Карабліной. Прычым ня толькі ў самой пастанове: чамусьці яна накіравала яе „для выкананьня“ ў міліцыю, хаця мусіла ў аддзел выкананьня пакараньняў. У Першамайскім РАУС таксама прадэманстравалі некампэтэнтнасьць: узяліся яе выконваць. І зьнішчылі чужую маёмасьць „на карысьць дзяржавы“. Гэта ня проста адсутнасьць лёгікі — гэта праява службовай неадпаведнасьці як віцебскіх судзьдзяў, так і міліцэйскага кіраўніцтва», — лічыць праваабаронца.

На яго думку, за такія службовыя пралікі трэба жорстка караць. Бо «сёньня яны зьнішчаць „у даход дзяржавы“ сьцяг, а заўтра — аўтамабіль» і потым напішуць «вярнуць няма магчымасьці».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG