Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск «расьпісалі» кантактамі наркадылераў?


Фрагмэнт «рэклямы» наркотыкаў побач са школай №11 у Віцебску
Фрагмэнт «рэклямы» наркотыкаў побач са школай №11 у Віцебску

Жыхары розных раёнаў Віцебску заўважылі, што на будынках зьявіліся «загадкавыя надпісы» — са знакам «@» ды наборам літар. Неабыякавыя віцябляне сьцьвярджаюць, што гэта кантактныя зьвесткі распаўсюднікаў наркатычных рэчываў у сацыяльных сетках і мэсэнджэрах, а іх мэтавая аўдыторыя — школьнікі.

Паводле віцябляніна Яўгена Крыскевіча, у Віцебску адбываецца сплянаваная «рэклямная кампанія» распаўсюду наркотыкаў. Кантактныя зьвесткі гандляроў сустракаюцца ва ўсіх раёнах гораду: дзе праз трафарэт, дзе ад рукі. Надпісы ніхто не падлічваў — можа іх сотні, а можа тысячы.

Надпісы на трансфарматарнай падстанцыі. Ня кідаюцца ў вочы, бо падобныя да службовых
Надпісы на трансфарматарнай падстанцыі. Ня кідаюцца ў вочы, бо падобныя да службовых

Віцебляне спраўдзілі: каб дамовіцца праз такі адрас пра набыцьцё прэпарату, дастаткова 10–15 хвілін. На разрэклямаваных інтэрнэт-рэсурсах ёсьць і абвесткі: «Запрашаюцца графіцісты».

«І тут вельмі важна, каб мы не маўчалі, не былі абыякавымі. Трэба самім фатаграфаваць, замазваць на здымку надпіс і дасылаць на 115.бел, пісаць звароты ў РАУСы, выканкамы, іншыя інстанцыі. Уздымаць гвалт любымі шляхамі», — кажа Крыскевіч.

Некаторыя надпісы наносяць праз трафарэт, некаторыя дапаўняюць «мапамі», дамаляванымі ад рукі
Некаторыя надпісы наносяць праз трафарэт, некаторыя дапаўняюць «мапамі», дамаляванымі ад рукі

«А чаго гэта вас так хвалюе?»

Яўген Крыскевіч накіраваў шэраг скаргаў у службу 115.бел, прызначаную для вырашэньня пытаньняў з камунальнымі службамі. Ён прасіў, каб зафарбавалі надпісы каля сярэдняй школы № 45 і ў мікрараёне «Медцэнтар». Прайшло 4 дні, але зрухаў няма.

Яўген Крыскевіч
Яўген Крыскевіч

У прыёмнай ЖЭУ № 9, які курыруе іншы раён гораду, пацьвердзілі наяўнасьць праблемы. За апошнія два дні паступілі дзьве заяўкі на зафарбоўваньне несанкцыянаваных надпісаў. Камунальнікі абяцаюць, што «пастараюцца нешта зрабіць».

Віцебская ўдзельніца руху «Маці 328» Натальля Шарыпа, чый сын адбывае 14-гадовае зьняволеньне па «наркатычным» артыкуле, таксама спрабавала змагацца з рэклямай наркотыкаў у горадзе.

Натальля Шарыпа, архіўнае фота
Натальля Шарыпа, архіўнае фота

«Я двойчы за апошнія паўгода зьвярталася ў аблвыканкам. Пасьля першага звароту мяне запрасілі ў... наркакантроль, каб дапытаць, чаму мяне гэта так хвалюе. Рэкляму, праўда, зафарбавалі хутка, але празь некаторы час яна зноў зьяўлялася. На другі зварот мне ўжо адказалі з Кастрычніцкага РАУС, што заведзена і ўжо закрыта справа аб адміністрацыйным правапарушэньні, бо нікога не знайшлі», — кажа Натальля.

Паводле яе назіраньняў, зьвесткі пра продаж наркотыкаў на гарадзкіх сьценах паўтараюцца.

«Значыць, распаўсюднікі працуюць бесьперашкодна, і калёніі будуць папаўняцца новымі асуджанымі па артыкуле № 328», — заключае жанчына.

Двух падлеткаў аштрафавалі за надпісы

Паводле словаў кіраўніцы групы інфармацыі і грамадзкіх сувязяў МУС Віцебскага аблвыканкаму Вольгі Шкуратавай, у 2018 годзе дваіх падлеткаў прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці за рэклямаваньне пляцоўкі па продажы наркотыкаў.

А гэтыя надпісы зьявіліся заўчора
А гэтыя надпісы зьявіліся заўчора

Асуджаныя тлумачылі, што ім прапанаваў падзарабіць незнаёмы малады чалавек: за кожны малюнак і сэлфі на яго фоне для справаздачнасьці быў паабяцаны «заробак» — 1 рубель. Узяўшы балёнчыкі з фарбай, падлеткі — 16- і 17-гадовы — расфарбавалі каля 60 дамоў, пакуль іх не затрымалі.

За рэклямаваньне наркотыкаў непаўналетніх хлопцаў пакаралі штрафамі ў адну базавую велічыню (24,5 рубля), якія сплацілі іхныя бацькі. Гэта найменшы штраф, прадугледжаны артыкулам 21.14 КаАП РБ (парушэньне правілаў добраўпарадкаваньня і ўтрыманьня населеных пунктаў), максымум па гэтым артыкуле — 25 «базавых».

Спробы зафарбоўваньня. Надпісы яшчэ чытаюцца
Спробы зафарбоўваньня. Надпісы яшчэ чытаюцца

Падлеткаў паставілі на ўлік у інспэкцыю па справах непаўналетніх і паведамілі пра здарэньне зь іхным удзелам у навучальныя ўстановы, каб там пільней кантралявалі іхнія паводзіны.

На пытаньне Свабоды, ці ёсьць у Віцебску праблема з рэклямай наркотыкаў на сьценах, у аддзеле інфармацыі і грамадзкіх сувязяў УУС Віцебскага аблвыканкаму не адказалі.

Дом на Маскоўскім праспэкце
Дом на Маскоўскім праспэкце

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG