Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цягам усёй гісторыі Амэрыка не зрабіла беларусам анічога кепскага, толькі добрае», — былы дыплямат


Дзяржаўныя сьцягі Беларусі і ЗША, ілюстрацыйнае фота
Дзяржаўныя сьцягі Беларусі і ЗША, ілюстрацыйнае фота

Паводле крыніц амэрыканскага часопісу Foreign Policy, міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей паінфармаваў прадстаўнікоў ЗША аб зьняцьці абмежаваньня на колькасьць амэрыканскіх дыпляматаў у Менску.

Ад 2008 году амбасада ЗША ў Беларусі працуе ў скарочаным складзе на чале з часова павераным, а не амбасадарам. Узровень дыпляматычных дачыненьняў быў паніжаны на патрабаваньне афіцыйнага Менску.

Антыамэрыканскія настроі абсалютна беспадстаўныя «Гэта адназначна сьведчыць пра тое, што стасункі паміж дзяржавамі паляпшаюцца», — сказаў Свабодзе з гэтай нагоды Міхаіл Бацян, адстаўны беларускі дыплямат з досьведам працы ў шэрагу краінаў.

Ён кажа, што адкліканьне амбасадараў, якое адбылося ў 2008 годзе паміж Беларусьсю і ЗША, — адна з радыкальных праяваў палітычнага крызісу ў двухбаковых стасунках. Горш толькі поўнае перарываньне кантактаў са спыненьнем дзейнасьці дыпмісіі.

Міхаіл Бацян
Міхаіл Бацян

Тое, што праз 10 гадоў Менск і Вашынгтон могуць вярнуцца да паўнавартаснага прадстаўніцтва на ўзроўні амбасадараў — добрая навіна і пазытыўны крок з боку МЗС Беларусі, мяркуе Бацян. Ён спадзяецца, што такое рашэньне выкліча ланцуговую рэакцыю — актывізацыю кантактаў на палітычным, эканамічным, культурным, адукацыйным узроўнях.

«Я калі сутыкаюся з антыамэрыканскімі настроямі, у тым ліку ў Беларусі, задаюся пытаньнем: а што на працягу ўсёй гісторыі Амэрыка зрабіла кепскага беларусам? Апрача добрага. Да рэвалюцыі нашы людзі ў пошуках кавалка хлеба выпраўляліся за акіян, дзе мелі магчымасьць зарабіць. Сярод іх і родная сястра маёй бабулі: паехала туды маладой дзяўчынай, прыжылася.

У гады грамадзянскай вайны дзейнічала амэрыканская Армія выратаваньня, якая таксама карміла нашых галодных суайчыньнікаў. У міжваенны пэрыяд шмат жыхароў Заходняй Беларусі выехалі на сталае жыцьцё, таксама Амэрыка дала ўсім прыстанішча. Падчас Другой сусьветнай, каб не амэрыканскі лэндліз, было б складана змагацца з агрэсарам. Пасьля вайны шмат беларускіх эмігрантаў выехалі ў ЗША і знайшлі там другі дом. Асабіста я ўнёсак ЗША для Беларусі бачу толькі пазытыўны».

Масква прысьпешыла пацяпленьне стасункаў з Вашынгтонам Міхаіл Бацян падзяляе думкі некаторых аналітыкаў, якія пачатак «адлігі» зьвязваюць з канфліктам кіраўнікоў Расеі і Беларусі, жаданьнем Крамля актывізаваць «інтэграцыю з паглынаньнем» праз так званую саюзную дзяржаву.

«Натуральна, я ня ведаю ўсіх таямніц палітычнай кухні, але з улікам апошніх падзеяў на беларуска-расейскім „фронце“ на ўсё трэба глядзець менавіта так. Як той казаў, вымалёўваецца з самой лёгікі міждзяржаўных адносінаў. Прынамсі мы маем права рабіць адпаведныя высновы.

Я ня думаю, што так хутка і імкліва будзе адбывацца аднаўленьне стасункаў з ЗША. Усё ж гэта дзяржава № 1, тады як Беларусь мае ў сьвеце досыць сьціплае месца ва ўсіх паказьніках. Таму гэта важна найперш для нас — каб кантакты разьвіваліся больш глыбока, больш інтэнсіўна, больш карысна. Бо калі мае месца факт пацяпленьня, то яно мусіць распаўсюджвацца на ўсе сфэры».

У сакавіку 2008 году пад ціскам уладаў Беларусі дыпляматычны штат амбасады ЗША ў Менску быў скарочаны ад з 35 да 5 чалавек. Так афіцыйны Менск адрэагаваў на эканамічныя санкцыі Вашынгтону, уведзеныя за парушэньне правоў чалавека ў Беларусі. Пазьней кіраўніцтва дыпляматычных прадстаўніцтваў абедзьвюх дзяржаваў было зьніжанае з узроўню амбасадара да часовага паверанага.

Апошнім амбасадарам ЗША ў Менску была Карэн Ст’юарт, апошнім амбасадарам Беларусі ў ЗША — Міхаіл Хвастоў. У канцы жніўня 2018 году ў Менску пачала працу новая кіраўніца амэрыканскай амбасады, павераная ў справах ЗША Джэніфэр Мур.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG