Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь трапіла ў дзясятку самых неспагадлівых краінаў


Беларуска Аляксандра Папчанка (у верхнім шэрагу чацьвёртая зьлева), якая займаецца дабрачыннасьцю ў Нігерыі, ілюстрацыйнае фота
Беларуска Аляксандра Папчанка (у верхнім шэрагу чацьвёртая зьлева), якая займаецца дабрачыннасьцю ў Нігерыі, ілюстрацыйнае фота

Амэрыканскі Інстытут Гэлапа апублікаваў даклад «Самыя спагадлівыя краіны сьвету 2018». Вынікі дасьледаваньня, у якім апыталі 150 тысяч чалавек з 146 краінаў, пераказвае BBC.

З апытаньня вынікае, што з 7,6 млрд людзей на зямлі каля 2,2 млрд калі-небудзь дапамагалі незнаёмцам, 1,4 млрд давалі грошы на дабрачыннасьць, 1 млрд працавалі валянтэрамі.

Найбольш дапамагалі незнаёмцам (або казалі, што дапамагалі) у Лібіі. Там пра гэта заявілі 83% апытаных. Далей Ірак (81%), Кувэйт, Лібэрыя і Сьера-Леонэ (па 80%). У дзясятку самых спагадлівых трапілі таксама Злучаныя Штаты: там пра дапамогу незнаёмцам заявілі 72%.

Беларусь адкрывае дзясятку самых неспагадлівых: толькі 31% апытаных заявілі, што некалі дапамагалі незнаёмцам. Прыблізна столькі ж у Кітаі і Індыі (31%), а таксама Македоніі (30%). Наступныя— Латвія (28%), Чэхія (26%), Харватыя (25%), Японія (23%), Лаос (22%) і Камбоджа (18%).

Чаму так?

Прафэсар факультэту псыхалёгіі брытанскага Ўнівэрсытэту Эсэксу Пітэр Сьміт растлумачыў BBC такія вынікі: на адказ уплывае доўгі шэраг фактараў: дабрабыт, давер, розьніца ў даходах, успрыманьне карупцыі, страх, асноўная рэлігія або сацыяльная этыка.

Некаторыя грамадзтвы адрозьніваюцца культурай калектывізму, у якой перавага аддаецца групе людзей, а не асобам. Пры гэтым людзям па-за калектывам часам адмаўляюць у даверы. Індывідуалістычныя культуры, наадварот, могуць спрыяць альтруістычным паводзінам, калі замяняюць унутрыгрупавую салідарнасьць даверам і акцэнтам на раўнапраўі для ўсіх.

Таксама мяркуецца, што ў краінах, дзе ўрад бярэ на сябе абавязаньне клапаціцца аб сацыяльна неабароненых слаях насельніцтва, людзі менш ахвотна дапамагаюць незнаёмцам. Да «прасацыяльных паводзінаў» штурхае таксама зьмена каштоўнасных установак у сьвеце і ўзьнікненьне надзвычайных сытуацыяў, напрыклад крызісаў з уцекачамі.

Нізкія паказьнікі краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы тлумачаць таксама спадчынай камуністычных рэжымаў, якія стрымлівалі дабрачыннасьць. Але, напрыклад, у Кітаі ў 2016 годзе спрасьцілі працэс збору грошай на дабрачыннасьць — і паказьнік грамадзянскай адказнасьці пачаў расьці.

Па суме балаў «уцягнутасьці ў грамадзкае жыцьцё» беларусы стаяць вышэй за Літву і Латвію

У дасьледаваньні былі і іншыя пытаньні. Паводле сумарнага рэйтынгу беларусы ня трапілі ў дзясяткі найбольш і найменш уцягнутых у грамадзкае жыцьцё. Самыя ўцягнутыя па суме адказаў — Інданэзія, Аўстралія, Новая Зэляндыя і ЗША.

Самыя няўцягнутыя — Азэрбайджан, Камбоджа, Кітай, Грэцыя і Емэн, а таксама Палестынская аўтаномія. На 7-м і 8-м месцы з канца — Літва і Латвія з аднолькавымі сумарнымі баламі.

На дабрачыннасьць найчасьцей ахвяравалі ў М’янме (88% апытаных), Інданэзіі (78%), Аўстраліі (71%) і Вялікай Брытаніі (68%), а найменей — у Аўганістане і Грузіі (6%), Лесота і Марока (5%), Емэне (2%).

Найчасьцей дабраахвотна працавалі ў дабрачыннай арганізацыі людзі з Інданэзіі (53%), Лібэрыі (47%), Кеніі і Шры-Лянкі (45%), Аўстраліі, Ірляндыі і Новай Зэляндыі (40%), крыху радзей у ЗША (39%). Найменей у дабрачыннасьці працавалі жыхары Баўгарыі і Македоніі (5%), Лаосу (4%).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG