Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня трапіць у палон «русского мира». У Віцебску абмеркавалі лёс беларускай дзяржаўнасьці


Кандыдат гістарычных навук Ніна Стужынская выступае на канфэрэнцыі «Беларуская дзяржаўнасьць. Гісторыя і сучаснасьць»
Кандыдат гістарычных навук Ніна Стужынская выступае на канфэрэнцыі «Беларуская дзяржаўнасьць. Гісторыя і сучаснасьць»

Канфэрэнцыя «Беларуская дзяржаўнасьць. Гісторыя і сучаснасьць», якая прайшла ў Віцебску 5 студзеня, узьняла пытаньні:

  • станаўленьня беларускай нацыі;
  • утварэньня беларускай дзяржаўнасьці;
  • пэрспэктывах яе захаваньня ва ўмовах расейскага эканамічнага і інфармацыйнага ўплыву.

Канфэрэнцыю арганізавалі прадстаўнікі гарадзкой дэмакратычнай супольнасьці — запрасілі вядомых сталічных навукоўцаў і мясцовых дасьледчыкаў. Актавая заля абласной бібліятэкі была поўнай: слухачы на канфэрэнцыю прыехалі нават з рэгіёнаў.

«Віцебск – гэта Беларусь, а не пляцоўка для стварэньня «саюзаў» з Расеяй»

Каля помніка князю Альгерду
Каля помніка князю Альгерду

Размове пра беларускую ідэнтычнасьць і дзяржаўнасьць папярэднічала ўскладаньне кветак да помніка вялікаму князю Альгерду, які неаднаразова «прыхіляў дзіду сваю да брамы маскоўскае». У часы яго кіраваньня сярэднявечны Віцебск дасягнуў найвышэйшага росквіту, і гэтую постаць гараджане лічаць увасабленьнем моцы і самабытнасьці горада.

Ідэя правесьці канфэрэнцыю, падкрэсьліўшы адметнасьць Віцебску насуперак распаўсюджаным меркаваньням пра тое, што гэта «самы расейскі» з усіх беларускіх гарадоў, зьявілася паўгода таму. Пра гэта распавёў у пачатку імпрэзы яе ініцыятар Хрыстафор Жаляпаў.

Хрыстафор Жаляпаў
Хрыстафор Жаляпаў

«У ліпені, падчас „Славянскага базару“, арганізатар „расейскіх маршаў“ Сяргей Бабурын правёў тут зьезд грамадзянскай ініцыятывы „Саюз“ — супольнага ўтварэньня расейскіх і беларускіх прыхільнікаў „адзінай дзяржавы“. Зьезд праходзіў употайкі ад шырокай грамадзкасьці, але на яго былі запрошаны прадстаўнікі праваслаўнай царквы і віцебскіх прарасейскіх колаў. Калі зьвесткі пра ініцыятыву „Саюз“ трапілі ў прэсу, я чарговы раз адчуў крыўду за імідж горада, які „прытуліў“ удзельнікаў антыбеларускага сходу», — сказаў Жаляпаў.

«100 год БНР» адзначалі гучней за стагодзьдзе БССР, – Стужынская

Падчас канфэрэнцыі выступоўцы неаднаразова згадвалі і выказваньне Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што «Магілёў — больш расейскі, чым беларускі», бо за гэтымі словамі праглядаецца і ўмоўная паралель зь Віцебскам. Абодва гарады знаходзяцца на памежжы з Расеяй, і абодва ледзьве ня сталі яе часткай неўзабаве пасьля абвяшчэньня БССР — дакладней, ССРБ (Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь), якое адбылося ў пачатку студзеня 1919 г. у Смаленску.

Ці было гэта праявай свабоднага волевыяўленьня беларускага народу, як пісалі ў савецкіх падручніках, калі стварэньне БССР ініцыявалася «з Крамля»? Якімі былі сапраўдныя мэты расейскіх стваральнікаў «беларускай дзяржаўнасьці», што кіраваліся парадай Уладзіміра Леніна пра стварэньне «буфэрнай рэспублікі» на мяжы с Польшчай? Пра гэта распавяла дасьледчыца Ніна Стужынская, падкрэсьліўшы, што фармулёўка пра «мару беларусаў стацца часткай вялікай сацыялістычнай краіны» выглядае сумнёўным нават для сучасных беларускіх уладаў.

Ніна Стужынская
Ніна Стужынская

Невыпадкова 100 год БССР гучна не адзначалася на дзяржаўным узроўні, а дазвол на сьвяткаваньне стагодзьдзя БНР улады ўсё-ткі далі, лічыць дасьледчыца. Аднак у сучасных падручніках па гісторыі Беларусі, перапрацаваных у канцы 1990-х, паўтараецца прасавецкая вэрсія выкладаньня падзеяў, канстатавалі слухачы.

Віцебск, Полацак і Ворша — эўрапэйскія гарады, але памяць пра гэта зьнішчылі

З паведамленьнямі пра гісторыю гарадоў Віцебшчыны выступілі гісторыкі Сяргей Тарасаў і Ігар Цішкін, краязнаўцы Міхась Баўтовіч і Ігар Казьмярчак. Яны казалі пра адметнасьці, што сьведчаць пра адрознасьць лёсаў Віцебска, Полацка і Воршы ад расейскіх гарадоў.

Адметнае архітэктурнае аблічча таго ж Віцебска ў большай частцы страчанае, падкрэсьліў Цішкін.

Ігар Цішкін
Ігар Цішкін

«Віцебск паўставаў як эўрапэйскі горад. Але віцебскім уладам заманулася паставіць тут помнік княгіні Вользе, якая нібыта заснавала горад, — паставіць насуперак гістарычным фактам. Кіраўнікі гораду ня дбаюць пра аднаўленьне архітэктуры, страчанай ня толькі падчас апошняй вайны, але й зьнішчанай сьвядома ў паваенны час. Затое ў нас ёсьць помнік Пушкіну і «залатой рыбцы». Нібыта ў культурнай палітыцы ўлады ўвасабляюць колішняе выслоўе Хрушчова — «чым хутчэй мы загаворым па-расейску, тым хутчэй збудуем камунізм», — кажа гісторык.

Пра расейскі інфармацыйны ўплыў, у якім патанае Віцебск, дый іншыя беларускія гарады, разважаў мясцовы журналіст Зьміцер Казакевіч. Зь ягоных назіраньняў, гэта ўплыў перадусім тэлевізійны — як расейскіх тэлеканалаў, так і мясцовых, што ствараюць пераважна расейскамоўны кантэнт. Супрацьпаставіць гэтаму практычна няма чаго: у Віцебску няма ніводнай беларускай клясы, тым болей — школы, зазначыў пачэсны старшыня абласной рады Рады ТБМ​ Ёсіф Навумчык.

Ёсіф Навумчык
Ёсіф Навумчык

Рыхтавацца да нішчымніцы, але пашыраць беларушчыну

Паводле палітоляга Андрэя Ляховіча, які разважаў пра пэрспэктывы адносінаў з Расеяй, Лукашэнка наўрад ці пагодзіцца ахвяраваць незалежнасьцю Беларусі дзеля эканамічнай расейскай падтрымкі. Бо гэта пагражае ягонай асабістай бясьпецы праз страту пазыцыі кіраўніка дзяржавы. Але ў такім выпадку Расея можа пазбавіць Беларусь нафтавых датацый, а гэта пацягне за сабой эканамічны спад і зьбядненьне насельніцтва.

Удзельнікі канфэрэнцыі сьпяваюць гімн «Магутны Божа»
Удзельнікі канфэрэнцыі сьпяваюць гімн «Магутны Божа»

Аднак, незалежна ад далейшай хады падзеяў, беларусам варта дбаць пра захаваньне нацыянальнай ідэнтычнасьці. Асабліва тут, у памежных рэгіёнах, дзе ўплыў «рускага сьвету» найбольш адчувальны. Таму ўдзельнікі канфэрэнцыі выклалі тэзы, якія варта ўключыць у рэзалюцыю да накіраваць яе ўладам пасьля канчатковай дапрацоўкі. Сярод патрабаваньняў віцяблянаў — абмежаваньне прапагандысцкіх перадач расейскіх тэлеканалаў, стварэньне беларускамоўных клясаў, забарона дзейнасьці шэрагу грамадзкіх аб’яднаньняў і інтэрнэт-паблікаў прарасейскага накірунку.

Але самае істотнае, пагадзіліся ўдзельнікі канфэрэнцыі, — гэта пашырэньне беларушчыны на ўласным прыкладзе: ня быць абыякавымі да праяваў чужога гвалтоўнага ўплыву, паведамляць пра кожны выпадак антыбеларускай агрэсыі ў адпаведныя ворганы і ў СМІ, і самім «лезьці ў скрыню», зважаючы на прапагандысцкі магчымасьці тэлевізіі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG