Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гродна Азот» і Гомельскі хімічны завод прыпынілі адгрузку ўгнаеньняў ва Ўкраіну


Прадпрыемства «Гродна Азот»
Прадпрыемства «Гродна Азот»

Украінская мытня заблякавала ўвоз беларускіх угнаеньняў, падазраючы, што яны расейскія.

У Ровенскай і Жытомірскай абласьцях украінская мытня затрымала 80 вагонаў зь беларускімі ўгнаеньнямі. Прычына — падазрэньні, што пад сэртыфікатамі Беларусі ўвозіцца расейская прадукцыя, на якую сёлета ў сакавіку ва Ўкраіне ўвялі антыдэмпінгавыя пошліны.

Беларускія вагоны былі спыненыя 7 сьнежня і ўжо два тыдні стаяць на мяжы. Праз тыдзень абмежаваньні закранулі і іншых пастаўшчыкоў угнаеньняў — з Грузіі, Казахстану, Польшчы, Літвы і Турэччыны.

«Няма сэнсу адгружаць прадукцыю, каб яна стаяла на мяжы, а нам налічвалі штрафы за прастой. Памежныя службы ўзялі ўзоры пробаў для праверкі прадукцыі, і як толькі яны атрымаюць вынікі экспэртызаў, абяцаюць разблякаваць пастаўкі», — сказаў Свабодзе Валер Сохар, намесьнік генэральнага дырэктара кампаніі «БНХ Украіна», афіцыйнага дылера беларускай хімічнай прадукцыі.

Паводле яго, «Гродна Азот» і Гомельскі хімічны завод адновяць выкананьне сваіх кантрактных абавязаньняў адразу пасьля таго, як ва Ўкраіне будзе забясьпечаны бесьперашкодны рух грузаў.

«Па ўсёй Украіне стаіць каля тысячы вагонаў з угнаеньнямі — з Польшчы, зь Літвы, з Казахстану, з Узбэкістану. У марскіх партах стаяць баўгарскія, турэцкія і грузінскія ўгнаеньні. Лябараторыя заваленая ўзорамі, яны фізычна ў такім аб’ёме ніколі не праводзілі экспэртызы. У часе ўсё расьцягваецца, але нам абяцаюць, што неўзабаве сытуацыю разблякуюць», — сказаў Валер Сохар.

Паводле яго, справа не ў паходжаньні прадукцыі:

«Бязглузда ж падазраваць тую ж Турэччыну ці Грузію, што яны перасыпаюць расейскія ўгнаеньні. Паводле афіцыйных дакумэнтаў, мытня правярае прадукцыю на адпаведнасьць заяўленым тэхнічным парамэтрам — то бок ці заяўленая прадукцыя ўвозіцца, а таксама ці не прысутнічаюць у ёй атрутныя дамешкі, якія могуць нанесьці шкоду здароўю людзей», — падкрэсьліў Валер Сохар.

Пасьля атрыманьня вынікаў экспэртыз «БНХ Украіна» разгледзіць пытаньне аб кампэнсацыі праз суд стратаў, нанесеных кампаніі ў сувязі з вымушаным прастоем на мяжы:

«Пакуль мы ня можам ацаніць агульную шкоду, але абавязкова будзем гэта рабіць. І зможам распачаць, калі зразумеем, які памер шкоды нанесены кампаніі і хто перавысіў свае паўнамоцтвы ці парушыў заканадаўства».

«Эканамічная дывэрсія»

Украінскія аграрыі разглядаюць блякаваньне ўсіх імпартных паставак угнаеньняў як эканамічную дывэрсію і патрабуюць ад Службы бясьпекі Ўкраіны правесьці расьсьледаваньне. Паводле іх, у выніку такіх дзеяньняў мытных органаў аграрны сэктар недаатрымае неабходную колькасьць угнаеньняў, а гэта, у сваю чаргу, паўплывае на аб’ёмы наступнага ўраджаю і павелічэньне цэнаў як на мінэральныя ўгнаеньні, гэтак і на сельскагаспадарчую прадукцыю.

Угнаеньні зь Беларусі і Казахстану разам займаюць 40 адсоткаў украінскага рынку.

Не дывэрсія, а парушэньні

У Дзяржаўнай фіскальнай службе Ўкраіны паведамілі, што захады дадатковага кантролю за перамяшчэньнем мінэральных угнаеньняў былі ўведзеныя пасьля таго, як на Сумскай мытні былі выяўленыя парушэньні пры афармленьні ўвозу расейскай хімпрадукцыі.

Былі заведзеныя некалькі дысцыплінарных спраў супраць мытнікаў, якія нібыта дапамагалі пастаўшчыкам пазьбягаць сплаты антыдэмпінгавай пошліны, уведзенай сёлета ў сакавіку на мінэральныя ўгнаеньні з Расеі.

У той жа час фіскальная служба не ўдакладняе, пад сэртыфікатам якой краіны ўвозілася такая прадукцыя. Першымі пад пільны кантроль трапілі грузы зь Беларусі, а праз тыдзень пачалі затрымліваць угнаеньні і зь іншых краін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG