Лінкі ўнівэрсальнага доступу

#КДБ101. Як у Беларусі ўшаноўваюць Дзяржынскага ды іншых «чэкістаў»


Помнік Дзяржынскаму насупраць КДБ у Менску
Помнік Дзяржынскаму насупраць КДБ у Менску

20 сьнежня ў Беларусі і Расеі адзначаюць дзень органаў дзяржаўнай бясьпекі.

У гэты дзень у 1917 годзе пастановай Савету народных камісараў была ўтвораная Ўсерасейская надзвычайная камісія ў барацьбе з контрарэвалюцыяй і сабатажам (у расейскай абрэвіятуры — ВЧК) на чале з ураджэнцам Беларусі Фэліксам Дзяржынскім.

Пазьней савецкая спэцслужба ня раз мяняла назвы — ОГПУ, НКВД, НКГБ, МГБ, КГБ — але сутнасьць яе заставалася нязьменнай.

Супрацоўнікі беларускіх спэцслужбаў ад пачатку 2000-х адзначаюць прафэсійнае сьвята на радзіме першага савецкага чэкіста ў ягоным сямейным фальварку Дзяржынава непадалёк ад Івянца. На дзень народзінаў Дзяржынскага курсанты Інстытуту нацыянальнай бясьпекі (былая Вышэйшая школа КДБ) прымаюць тут прысягу.

Дзяржынава
Дзяржынава

Мэмарыял КДБ замест музэю беларускай шляхты

У свой час была ідэя стварыць у Дзяржынаве музэй беларускай шляхты, аднак кіраўніцтва Камітэту дзяржбясьпекі не пагадзілася. Там цяпер экспазыцыя, якая апавядае пра Дзяржынскага і гісторыю КДБ. У 2004 годзе мэмарыяльны комплекс «Дзяржынава» пасьля рэканструкцыі асабіста адкрываў Аляксандар Лукашэнка разам з тагачасным кіраўніком прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўралам Латыпавым — былым намесьнікам кіраўніка Вышэйшай школы КДБ.

Беларускія ўлады шануюць спадчыну КДБ

У 2017 годзе падчас урачыстасьцяў да 100-годзьдзя органаў дзяржаўнай бясьпекі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «быць чэкістам — гэта перш за ўсё быць патрыётам, цалкам аддавацца сваёй Айчыне». Ён запэўніў, што не дазволіць здрадзіць інтарэсам КДБ — эфэктыўнай і самадастатковай спэцслужбы.

Вялікім аматарам чэкісцкай справы — міністар унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч: сілавік неаднаразова зьяўляўся на публіцы ў форме афіцэра НКВД.

Міністар Ігар Шуневіч у форме НКВД
Міністар Ігар Шуневіч у форме НКВД

У Беларусі, у адрозьненьне ад іншых постсавецкіх краін, ня зьнесьлі ніводнага помніка ці шыльды памяці Дзяржынскага або іншых кіраўнікоў і супрацоўнікаў савецкай спэцслужбы.

Гарады і калгасы імя Дзяржынскага

Замак у Крэве месьціцца на вуліцы Дзяржынскага
Замак у Крэве месьціцца на вуліцы Дзяржынскага

За савецкім часам іменем Дзяржынскага называліся гарады, вуліцы, калгасы, прадпрыемствы. Старажытнае Койданава ў Менскай вобласьці дагэтуль завецца Дзяржынскам.

Найвышэйшы пункт Беларусі з 1958 году і дагэтуль носіць назву гара Дзяржынская. Яе гістарычная назва — Сьвятая гара.

Дзяржынскі: нябожчык, горад і гара
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:08:50 0:00

Калгасы імя Дзяржынскага ў Беларусі апошнім часам былі перайменаваныя падчас рэфармаваньня ў сыстэму сельскагаспадарчых вытворчых каапэратываў.

Помнікі Дзяржынскаму

Помнік першаму чэкісту стаіць насупраць будынка КДБ Беларусі на праспэкце Незалежнасьці ў Менску, яго рэгулярна абнаўляюць. Скульптуры і бюсты Дзяржынскага разьмешчаныя таксама ў Берасьці, Горадні, Гомлі, Дзяржынаве, іншых гарадах і вёсках Беларусі.

У 2006 годзе на тэрыторыі Вайсковай акадэміі ў Менску зьявілася зьменшаная копія манумэнта, які на пачатку 1990-х быў зьнесены на Лубянскай плошчы ў Маскве. Ініцыятарам выступіў тагачасны старшыня Дзяржаўнага камітэту памежных войскаў Беларусі Аляксандар Паўлоўскі, які заявіў, што Дзяржынскі — выбітная асоба ў гісторыі і «няправільна зьвязваць яго з рэпрэсіямі».

Адкрыцьцё помніка Фэліксу Дзяржынскаму ў 6-й гарадзенскай гімназіі
Адкрыцьцё помніка Фэліксу Дзяржынскаму ў 6-й гарадзенскай гімназіі

Зусім нядаўна, у сьнежні 2018 году, урачыста адкрылі адноўлены бюст Дзяржынскага каля гімназіі № 6 у Горадні.

Помнікі іншым чэкістам

Існуе таксама шмат мэмарыялаў у гонар супрацоўнікаў ВЧК-КДБ. У 2012 годзе на тэрыторыі Інстытуту нацыянальнай бясьпекі Беларусі ў Менску адбылося ўрачыстае адкрыцьцё скульптурнай кампазыцыі «Шчыт Айчыны». Там тры барэльефы: заснавальніка ВЧК Дзяржынскага, чэкіста часоў Вялікай Айчыннай вайны і сучаснага супрацоўніка органаў дзяржбясьпекі.

Помнік чэкістам Магілёўшчыны
Помнік чэкістам Магілёўшчыны

У 2015-м старшыня КДБ Валеры Вакульчык адкрыў помнік «Чэкістам Магілёўшчыны». На бронзавым барэльефе ў форме мапы Магілёўскай вобласьці нанесеныя выявы трох чалавек, якія сымбалізуюць тры пакаленьні службы дзяржбясьпекі. У Гомлі ўшанаваныя камунары-чэкісты на брацкім пахаваньні.

Скульптурная кампазыцыя ў выглядзе шчыта, мяча і чырвонай зоркі з савецкай атрыбутыкай усталяваная на ўваходзе ў гарадзкі парк Смаргоняў.

Помнік чэкістам у Смаргоні
Помнік чэкістам у Смаргоні

На мармуровай пліце надпіс па-расейску: «Слава чекистам, павшим в борьбе с врагами нашей Родины».

Галаву Фэлікса можна пабачыць і ўнутры адміністрацыйнага будынку вучэбнай часткі Інстытута памежнай службы ў Смаргонскім раёне. Адметна, што інфраструктура ўзьведзеная за сродкі Эўразьвязу і ААН.

Хто такі Дзяржынскі

Мікалай Талкуноў. Карціна «Ўручэньне Ф.Э.Дзяржынскаму пастановы СНК аб утварэньні ВЧК» (1953)
Мікалай Талкуноў. Карціна «Ўручэньне Ф.Э.Дзяржынскаму пастановы СНК аб утварэньні ВЧК» (1953)

Фэлікс Дзяржынскі (30 жніўня 1877 — 20 ліпеня 1926) нарадзіўся ў сям’і шляхціца-настаўніка ў маёнтку Дзяржынава Ашмянскага павету. У дзяцінстве выпадкова застрэліў сваю сястру Ванду. Бацькі схавалі гэты факт, каб не ўскладняць сыну далейшае жыцьцё. Пэўны час хацеў уступіць у ордэн езуітаў ці стаць ксяндзом, але ў 16 гадоў стаў атэістам.

Навучаўся ў 1-й Віленскай гімназіі, дзе ўступіў у сацыял-дэмакратычную арганізацыю і прысягнуў змагацца супраць манархіі. У 1896 годзе кінуў навучаньне, каб прысьвяціць сябе партыйнай дзейнасьці.

У 1917 годзе быў абраны ў ЦК РСДРП, а пасьля ў Ваенна-рэвалюцыйны цэнтар, у складзе якога стаўся адным з кіраўнікоў кастрычніцкага перавароту. У сьнежні таго ж году прызначаны старшынём ВЧК — карнага органу, які папярэднічаў НКВД і КДБ. Арганізатар «Чырвонага тэрору», ініцыятар начных допытаў, правакацыйных мэтадаў, браньня закладнікаў.

Народны камісар унутраных спраў, кіраваў здушэньнем антыкамуністычных паўстаньняў і вынішчэньнем апазыцыі ўнутры кампартыі. Да самай сьмерці (1926) займаў розныя пасады ў расейскім і савецкім урадах, быў старшынём ГПУ (ОГПУ).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG