Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваслаўным беларусам забаранілі маліцца ў храмах Праваслаўнай царквы Ўкраіны


Старшыня Сынадальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускай праваслаўнай царквы протаярэй Сергій Лепін
Старшыня Сынадальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускай праваслаўнай царквы протаярэй Сергій Лепін

Праваслаўныя вернікі Беларусі ня маюць права браць удзел у таінствах новаўтворанай Праваслаўнай царквы Ўкраіны. Пра гэта ў інтэрвію карэспандэнту Свабоды заявіў афіцыйны прадстаўнік Беларускай праваслаўнай царквы Сергій Лепін.

Таксама айцец Сергій сказаў, што беларускія праваслаўныя «ня могуць браць удзелу» у набажэнствах ПЦУ.

15 сьнежня на аб’яднаўчым саборы ў Кіеве выбралі галаву адзінай Украінскай памеснай праваслаўнай царквы — Эпіфанія. Ён быў мітрапалітам Пераяслаўскім і Белацаркоўскім, рэктарам Кіеўскай праваслаўнай багаслоўскай акадэміі.

Паводле айца Сергія Лепіна, Беларуская праваслаўная царква ставіцца да ўтварэньня Праваслаўнай царквы Ўкраіны гэтаксама, як і Расейская праваслаўная царква.

​«Як да пэўных вонкавых падзей, якія ня маюць дачыненьня непасрэдна да жыцьця кананічнай Праваслаўнай царквы».

Таксама, паводле айца Сергія Лепіна, кіраўніцтва БПЦ не накіроўвала віншаваньня першаярарху Праваслаўнай царквы Ўкраіны мітрапаліту Кіеўскаму і ўсяе Ўкраіны Эпіфанію.

«Мы сябры для ўсіх»

Ці будуць падтрымлівацца кантакты паміж БПЦ і ПЦУ?

«Якія кантакты? Звычайныя добрасуседзкія кантакты. Мы не шукаем вайны, варожасьці. Мы сябры для ўсіх. Дружба дружбай, але пэўныя пытаньні ўсё ж асобна. Ні пра якія кананічныя, літургічныя стасункі размова не ідзе. Яны нават немагчымыя з гэтай царквой».

Паводле айца Сергія Лепіна, «кантакты магчымыя толькі ў агульнаграмадзянскай пэрспэктыве». Што гэта азначае?

«Гэта азначае, што мы ня ставімся да іх як да царквы-сястры. А мы ставімся да іх як да прадстаўнікоў, мабыць, іншай канфэсіі. Гэтаксама, як да каталікоў, уніятаў ці як да якіх-небудзь раскольнікаў», — сказаў прадстаўнік БПЦ.

Паводле айца Сергія Лепіна, Беларуская праваслаўная царква мае кананічныя і літургічныя стасункі «толькі з Украінскай праваслаўнай царквой, якая падпарадкоўваецца Маскоўскаму патрыярху і застаецца пакуль што ў рэлігійнай большасьці».

Айцец Сергій Лепін мяркуе, што пазыцыя БПЦ у дачыненьні ПЦУ не адаб’ецца на дзяржаўных беларуска-ўкраінскіх стасунках.

«Украіна сьвецкая дзяржава. Як мы мелі зь ёй стасункі, так і будзем мець. І спадзяёмся, што нашы стасункі будуць добрыя і будуць толькі паляпшацца, калі там ёсьць палітычныя і эканамічныя падставы».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG