Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ён не разумее, чаму Армэнія выступае супраць беларускага кандыдата на пасаду генэральнага сакратара АДКБ, перадае Інтэрфакс.
«Гэта ганьба, што мы ня можам выбраць галоўнага чыноўніка АДКБ», — сказаў Лукашэнка на прэс-канфэрэнцыі расейскім СМІ ў пятніцу ў Менску.
Ён падкрэсьліў, што ўладам Армэніі варта пайсьці насустрач астатнім краінам АДКБ, бо менавіта яны «акунулі» арганізацыю ў свае ўнутрыпалітычныя праблемы.
«Я вам аддаю дзеючага дзяржсакратара, маладога генэрала (дзяржсакратар Рады бясьпекі Беларусі Станіслаў Зась. — РС). Талковы хлопец, шмат досьведу, штабной працы. Ён дзяржсакратар, яго ўсе прэзыдэнты ведаюць», — працягнуў Лукашэнка.
«Я раблю гэты крок, каб надалей мы прызначалі дзейных таленавітых генэралаў, каб паказаць значнасьць АДКБ», — падкрэсьліў Лукашэнка.
Пры гэтым ён нагадаў, што прапанаваў, каб Зась наведаў кожную з краін АДКБ, у тым ліку Армэнію.
«Калі вы гатовыя яго прыняць, выслухаць... Можаце не згаджацца, можаце прытрымлівацца сваіх прынцыпаў. Але вы зь ім пагаворыце. Можа, ён для вас будзе лепшы за любога армяніна. Чаго вы баіцеся беларусаў? Мы ж свае людзі», — падсумаваў Лукашэнка.