Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інкубатар народаў. Сто гадоў таму была створаная паўднёваславянская дзяржава


Сто гадоў таму на мапе Эўропы зьявілася Каралеўства Сэрбаў, Харватаў і Славенцаў, якое з 1929 году пачало называцца Югаславіяй. 1 сьнежня 1918 году прадстаўнікі Каралеўства Сэрбія і толькі што ўтворанай Дзяржавы Славенцаў, Харватаў і Сэрбаў падпісалі ў Бялградзе пагадненьне аб аб’яднаньні.

Нараджэньню новай дзяржавы папярэднічалі складаныя і супярэчлівыя гістарычныя працэсы: паступовае выцясьненьне Асманскай імпэрыі з тэрыторыі Заходніх Балканаў, высьпяваньне канцэпцый нацыянальнага разьвіцьця на паўднёваславянскіх землях, узаемапранікненьне і сутыкненьне розных поглядаў па пытаньнях дзяржаўнасьці і нацыянальнай ідэнтычнасьці. Пра «інкубатар народаў», які паўстаў на Балканскім паўвостраве размаўляюць галоўны рэдактар расейскай службы Радыё Свабода Андрэй Шары і славенскі антраполяг і гісторык Божыдар Езэрнік, аўтар толькі што апублікаванай у Бялградзе кнігі «Югаславія, краіна сноў».

Перадгісторыя

Сэрбія, якая на працягу амаль усяго XIX стагодзьдзя паступова вызвалялася ад залежнасьці ад асманаў і ў 1878 годзе атрымала міжнароднае прызнаньне як самастойная краіна, змагла назапасіць каштоўны досьвед дзяржаўнага будаўніцтва. Каралеўствам кіравала «свая» манархічная дынастыя. У Сэрбіі існавалі навучаны кіраўнічы апарат, загартаваная ў баях армія, нацыянальная сыстэма адукацыі, склалася сыстэма ідэалягічных сымбаляў. У гады Першай сусьветнай вайны Сэрбія выступала на баку Антанты і апынулася ў ліку краін-пераможцаў, заваяваўшы рэпутацыю ўстойлівага баявога хаўрусьніка. Таму абʼяднаньне з «братнімі народамі» адбывалася шмат у чым на сэрбскіх умовах.

Герб Каралеўства Югаславія ў 1929-1941 гадах
Герб Каралеўства Югаславія ў 1929-1941 гадах

Кіраўніком паўднёваславянскай манархіі, да якой была ў той самы пэрыяд далучаная і Чарнагорыя, стаў састарэлы і цяжка хворы кароль Пётр I Караджорджавіч. Ён зьявіўся на публіцы ў новай якасьці толькі адзін раз — на цырымоніі абвяшчэньня новай дзяржавы.

Краінай ад першага дня яе існаваньня кіраваў прынц-рэгент Аляксандар, пасьля кароль. Урэшце ён усталяваў у Югаславіі дыктатуру, заснаваную на прынцыпах карпаратывізму і сэрбскага нацыяналізму. Дзяржава, якая грэбавала правамі некаторых народаў і якая была пабудаваная на недэмакратычных пачатках, не змагла перажыць Другую сусьветную вайну, але была адноўленая ў сярэдзіне 1940-х гадоў пад кіраўніцтвам іншага моцнага правадыра — камуністычнага маршала Іосіпа Броз Ціта. Пад сацыялістычным лёзунгам «братэрства і адзінства» Югаславія змагла праіснаваць яшчэ чатыры дзесяцігодзьдзі.

Палітыкі разглядалі новую дзяржаву як разнавіднасьць пашыранай Сэрбіі

1916 год, Парыж, сход Югаслаўскага камітэту - групы прадстаўнікоў паўднёваславянскіх народаў, якія быліў складзе Аўстра-Вугоршчыны
1916 год, Парыж, сход Югаслаўскага камітэту - групы прадстаўнікоў паўднёваславянскіх народаў, якія быліў складзе Аўстра-Вугоршчыны

— Прафэсар Езэрнік, назва вашай кнігі на паўднёваславянскіх мовах хавае ў сабе падвойны сэнс. Югаславія, пра якую вы пішаце, — гэта сапраўды краіна сноў, якія ня мелі дачыненьня да рэальнасьці, ці краіна мары, якая хоць бы збольшага ажыцьцявілася?

— Гэта краіна, пра якую марылі многія паўднёвыя славяне яшчэ да таго, як у сярэдзіне XIX стагодзьдзя быў уведзены ў абарот сам тэрмін «Югаславія». Многім стварэньне такой дзяржавы ўяўлялася ўвасабленьнем мары — перш за ўсё мары аб мадэрнізацыі і прагрэсе, якія прынесьлі б лепшую будучыню. Гэтыя мары заставаліся салодкімі, пакуль справа не дайшла да іх ажыцьцяўленьня. Праблема была ў тым, што бацькі-заснавальнікі новай дзяржавы мелі рознае бачаньне агульнай паўднёваславянскай будучыні. У цэлым гэтае бачаньне нарадзілася з паданьняў аб выдатным мінулым.

Ніхто не займаўся стварэньнем югаславаў. Югаславія была заснаваная як нацыянальная дзяржава аднаго народу — сэрбскага

На першым пасяджэньні парлямэнту абʼяднанай Італіі Масіма дʼАдзэльё абвясьціў: «У нас ёсьць Італія, цяпер нам трэба стварыць італьянцаў». Дык вось калі паўстала агульная дзяржава паўднёвых славян, ніхто не займаўся стварэньнем югаславаў. У гэтым і заключаецца праблема: Югаславія была заснаваная як нацыянальная дзяржава аднаго народу — сэрбскага.

Адзінае, што можа зьвязаць разам шматнацыянальную дзяржаву, — агульная мадэль нацыяналізму. Аднак югаслаўскага нацыяналізму не атрымалася. Замест яго разьвівалася канцэпцыя нацыяналізму кожнага, хто жыў у агульнай краіне народаў. А мэта любога нацыяналіста — фармаваньне ўласнай нацыянальнай дзяржавы.

— Вы лічыце нацыяналізм пазытыўнай зьявай? Ці бывае пазытыўны нацыяналізм?

Бажыдар Езернік
Бажыдар Езернік

— Для стварэньня нацыянальнай дзяржавы, вядома, неабходны нацыяналізм. Я не лічу нацыяналізм выключана дрэнным. Гэта магутны фактар калектыўнай мабілізацыі, дзеяньняў ня толькі ва ўласных, але і ў агульных інтарэсах. Гэта натхняльны фактар, які дазваляе дамагацца дзівосных вынікаў.

Але нацыяналізм становіцца адмоўнай зьявай, калі ён накіраваны супраць іншых народаў. У паўднёваславянскім выпадку нацыяналізм мог бы выступаць перш за ўсё як фактар мадэрнізацыі і прагрэсу і (што, можа быць, яшчэ важней) як фактар эмансыпацыі. Бо да заснаваньня ўласных дзяржаваў паўднёваславянскія народы жылі ў розных краінах, у Асманскай і Аўстрыйскай (пазьней — Аўстра-Вугорскай) імпэрыях.

— Чаму ж не сфармаваўся югаслаўскі нацыяналізм?

— Такая магчымасьць, на мой погляд, існавала. Аднак сярод стваральнікаў новай дзяржавы аказалася занадта шмат палітыкаў старой фармацыі, якія былі няздольныя адказаць на выклікі часу. Перш за ўсё я маю на ўвазе сэрбскага палітыка Міколу Пашыча, лідэра самай уплывовай — Радыкальнай партыі. Ён неаднаразова займаў пасаду прэмʼер-міністра ў канцы XIX і ў першыя дзесяцігодзьдзі мінулага стагодзьдзя. Пашыч — і такія, як Пашыч, — не прынялі ідэі югаслаўскага нацыяналізму. Яны разглядалі новую дзяржаву як разнавіднасьць пашыранай Сэрбіі.

Не выпадкова першай назвай дзяржавы было «Каралеўства Сэрбаў, Харватаў і Славенцаў», а не «Каралеўства Паўднёвых Славян». Калі дзяржава аформілася, замест працы над стварэньнем паўднёваславянскага нацыяналізму і югаславаў фармаваўся новы сэрбскі нацыяналізм і «новыя сэрбы». У Харватыі заняліся тэорыямі новага харвацтва, у Славеніі — новага славенства. Славенскія палітыкі сказалі: мы не зьбіраемся ні сэрбізавацца, ні ахарвачвацца. Прабачце мяне за такую тэрміналёгію. Калі б пачалася праца па фармаваньні паўднёвых славян, то вынік быў бы іншым.

Адзіны югаслаўскі народ мог бы быць цалкам створаны

У балканскіх краінах засталіся прыхільнікі адзінай Югаславіі
У балканскіх краінах засталіся прыхільнікі адзінай Югаславіі

— Чаму вы наогул лічыце, што існавала магчымасьць фармаваньня «новага югаслаўскага чалавека»? У СССР спрабавалі вывесьці савецкага чалавека, чэхі і славакі будавалі агульную дзяржаву, кіруючыся канцэпцыяй чэхаславакізму, — але нічога не атрымалася. Можа быць, такой канструкцыі наогул не існуе ў прыродзе?

— Адрозьненьні паміж абласьцямі Італіі, якія ў 1870 годзе канчаткова абʼядналіся ў агульнае каралеўства, былі значна больш рэзкія, чым у паўднёваславянскім выпадку, — у мове, у культуры, ва ўзроўні эканамічнага разьвіцьця. Я не кажу пра Румынію і Малдову. Паглядзіце, якое моўная збліжэньне, а не аддаленьне, адбылося там апошнімі гадамі!

Тыя самыя працэсы маглі б адбыцца і з паўднёваславянскімі народамі, калі б палітычныя лідэры, якія апынуліся ва ўладзе ў вырашальны момант, паводзілі сябе па-іншаму. Самы бліскучы прыклад фармаваньня новай нацыі ўяўляюць Злучаныя Штаты — там сабраліся людзі з розных краёў сьвету, і ўсе яны цяпер амэрыканцы.

— Кожны з народаў, згаданых у назьве ўзьніклай у 1918 годзе краіны, меў свае прычыны для ўдзелу ў новым дзяржаўным саюзе. Чаму сэрбы, харваты і славенцы абʼядналіся, чаго яны чакалі ад агульнай краіны?

— Калі б ня здарылася Першая сусьветная вайна, сытуацыя на паўднёвым усходзе Эўропы была б кардынальна іншай. Вайна дала моцны штуршок нацыянальнаму самавызначэньню. Гэта азначала: кожны народ мае права на сваю нацыянальную дзяржаву. Гэта права было прызнана і за паўднёвымі славянамі, з чыстага палітычнага разьліку краін-пераможцаў, перш за ўсё Францыі. Краіны Заходняй Эўропы і ЗША былі зацікаўленыя ў фармаваньні санітарнага кардону ад Адрыятычнага і Эгейскага да Паўночнага і Балтыйскага мораў, які, з аднаго боку, блякаваў бы прарыў Нямеччыны на ўсход, а з другога — зьмякчаў бы бальшавіцкі напор на захад.

Знак роўнасьці паставілі паміж сэрбамі і югаславамі, а славенцы і харваты аказваліся праблемнымі народамі

Але вось што трэба разумець: дзяржава ня ўзьнікла б, калі б гэтага не хацелі людзі. Ідэю агульнай паўднёваславянскай дзяржаўнасьці падтрымала велізарная большасьць насельніцтва. Аднак разьлік стваральнікаў дзяржавы быў іншы: яны мелі намер стварыць нешта падобнае на Вялікабрытанію, якую звычайна і цяпер часта называюць Ангельшчынай, хоць у складзе гэтай манархіі — і Шатляндыя, і Паўночная Ірляндыя, і Валія.

Сапраўды гэтак жа Савецкі Саюз для многіх заўсёды заставаўся Расеяй. Сэрбскія лідэры чакалі фармаваньня Вялікай Сэрбіі з крыху іншай назвай. Рамантычная югаслаўская канцэпцыя мела на ўвазе іншае: наднацыянальную ідэалёгію, якая была б аднолькава блізкая і аднолькава далёкая і сэрбам, і харватам, і славенцам. Аднак у рэальнасьці знак роўнасьці паставілі паміж сэрбамі і югаславамі, а славенцы і харваты аказваліся нейкімі праблемнымі, паколькі яны не былі сэрбамі.

Сталіцай Югаславіі мусіў быць Заграб, а не Бялград

— З дыстанцыі стагодзьдзя ўяўляецца, што амаль кожны народ, які воляй ці няволяй стаў удзельнікам гэтага дзяржаўнага экспэрымэнту, нешта добрае ад яго ўсё ж атрымаў. Славенцы і харваты, якія сфармавалі да пачатку XX стагодзьдзя сучасныя палітычныя нацыі, атрымалі абарону ад моцных суседзяў і захавалі свае тэрыторыі. Чарнагорцы, македонцы, басьнійскія мусульмане дафармавалі свае палітычныя нацыі. Нават косаўскія альбанцы, якія лічаць югаслаўскі пэрыяд эпохай сэрбскай акупацыі, перажылі нацыянальную эмансыпацыю, дамагліся посьпехаў у галіне культуры, эканомікі, адукацыі. На вашу думку, харваты, славенцы, іншыя народы, якія жылі ў Югаславіі, усё ж атрымалі нешта добрае ад гэтага дзяржаўнага абʼяднаньня? Ці толькі дрэннае?

— Ведаеце, калі прыгадваюць распад Аўстра-Вугоршчыны, кажуць, што яна была «турмой народаў». Цяпер тое самае можна казаць і пра Югаславію. Насамрэч і Аўстра-Вугорская імпэрыя, і Югаславія былі «інкубатарамі народаў». І для харвацкай, і для славенскай ідэнтычнасьці Югаславія і тады, і цяпер вельмі важная ў многіх адносінах. Праблема ў тым, што гэтая ідэнтычнасьць часьцей выбудоўваецца на тым, што нэгатыўна, а не на тым, што пазытыўна.

Мой славенскі калега Ёжэ Пір’евэц, аўтар манумэнтальнай манаграфіі «Югаславія. 1918-1992», лічыць, што славенцы прымалі рашэньне аб удзеле ў агульнай дзяржаве з халоднай галавой, рацыянальна, паколькі клапаціліся, каб іх тэрыторыі пасьля распаду Аўстра-Вугоршчыны не былі паглынутыя Італіяй або Аўстрыяй. Думаю, Пір’евэц усё ж мае рацыю: рашэньне прымалася з гарачкі, на вельмі моцных эмоцыях. Радасных чаканьняў было столькі, што пазабывалі: шчасьцем абʼяднаньня немагчыма жыць, трэба нашмат больш. Калі б тагачасныя палітыкі прымалі рашэньні ўзважана, прадметамі абмеркаваньня аказаліся б многія пытаньні, якія потым выклікалі канфлікты.

Заграб быў самым вялікім горадам на захадзе паўднёваславянскага каралеўства, а нацыяналізм — прадукт заходняй цывілізацыі

Першая сусьветная вайна прынесла вялікія пакуты паўднёваславянскім народам, якія апынуліся ў розных варожых лягерах. Цяперашнія тэрыторыі Славеніі, Босьніі, Сэрбіі былі спустошаныя. Сэрбія страціла ў гэтай вайне чвэрць насельніцтва (паводле іншых зьвестак, больш за 10 працэнтаў насельніцтва — РС). Значыць, трэба было ставіць пытаньне: як наладзіць братнія адносіны паміж народамі, прадстаўнікі якіх яшчэ ўчора ваявалі адны супраць адных?

Трэба было сурʼёзна прадумваць пытаньні эканамічнага разьвіцьця, вырашаць, як абʼядноўваць краіну. Калі абʼядноўвалася Італія, Савойская манархічная дынастыя не засталася ў Турыне, а перанесла свой двор у Рым, у цэнта краіны. У нас нават дыскусіі па гэтым пытаньні не ўзьнікла: усе органы дзяржаўнай улады засталіся ў Бялградзе. Я ўпэўнены, што калі б Караджорджавічы перабраліся ў Заграб — усё абярнулася б па-іншаму.

— Чаму вы так лічыце?

— Таму што Заграб быў самым вялікім горадам на захадзе паўднёваславянскага каралеўства, а нацыяналізм — прадукт заходняй цывілізацыі. Сэрбія ў той час яшчэ не была досыць глыбока інтэграванай у заходнюю цывілізацыю, каб пасьпяхова ажыцьцявіць вэстэрнізацыю паўднёваславянскіх сялян. І гэта пры тым, што шматлікія прадстаўнікі сэрбскай эліты атрымалі францускую або нямецкую адукацыю. Заграбская эліта была значна лепш падрыхтаваная да вырашэньня такой задачы, яна эвалюцыянавала, а не прыйшла да кіраваньня дзяржавай рэвалюцыйным шляхам.

Сталіца — ня толькі палітычны і эканамічны цэнтар, але і цэнтар культурнага жыцьця. Неўзабаве пасьля абвяшчэньня абʼяднанага каралеўства ў Бялградзе арганізавалі выставу работ скульптараў. Ну што маглі сказаць з нагоды гэтай выставы бялградскай публіцы, калі праваслаўная традыцыя не занадта шануе творы скульптараў? А ў Харватыі да таго часу існавала разьвітая традыцыя мастацкай скульптуры. Адно імя Івана Мэштравіча чаго вартае!

Наўрад ці Бялград быў здольны задаваць эўрапейскі тон у правядзеньні такога кшталту мерапрыемстваў. Увогуле, калі б сталіца каралеўства перамясьцілася ў Заграб, лідэры новай дзяржавы больш думалі б па-паўднёваславянску, чым па-сэрбску.

Камуністычная партыя пахавала Югаславію

Ёсіп Броз Ціта наведвае Ленінград, 1956 год
Ёсіп Броз Ціта наведвае Ленінград, 1956 год

— «Першая Югаславія» ня вытрымала выпрабаваньняў Другой сусьветнай вайной, а пасьля заканчэньня цыклу дзяржава паўстала з попелу. Камуністычная фэдэрацыя маршала Ціта была арганізаваная на іншых прынцыпах?

— Шмат у чым на іншых, але думаю, што камуністычная партыя і пахавала Югаславію. Сама камуністычная ідэалёгія скіраваная была супраць таго, каб выбудаваць Югаславію як устойлівую міжнацыянальную супольнасьць. Ціта будаваў дзяржаву паводле прынцыпу «ад адваротнага», зьмяняючы ідэалягічныя сымбалі ўсяго таго, што рабіў кароль Аляксандр Караджорджавіч.

Ідэя самавызначэньня народаў, фактычна накіраваная на развал Югаславіі, у міжваенны пэрыяд набірала ўсё большую вагу ў камуністычных колах. У 1925 годзе Сталін праз Камінтэрн паставіў перад паўднёваславянскімі камуністамі задачу развалу агульнай краіны. Вырашалі гэтую задачу палітыкі, якія атрымалі партыйную адукацыю ў Маскве, такія як Ціта або славенец Эдвард Кардэль. У 1937 годзе былі заснаваныя асобныя кампартыі Славеніі і Харватыі, перад якімі паставілі задачу змагацца за нацыянальнае вызваленьне супраць так званай сэрбскай буржуазіі. Калі гэта — тыя асновы, на якіх арганізуецца супольная дзяржава, то зразумела, што ў краіны няма шанцу выжыць.

Пасьпяховы югаслаўскі праект мог бы атрымацца толькі ў тым выпадку, калі б цяпер існавала паўднёваславянская нацыя

Зьяўленьне ў фэдэрацыі Ціта македонцаў, чарнагорцаў, басьнійскіх мусульман азначала ўзьнікненьне новых канцэпцый нацыяналізму. Але ў адной краіне ня знойдзецца досыць месца для некалькіх нацыяналізмаў, яно ёсьць толькі для аднаго!

Паглядзіце, зь якімі праблемамі сутыкаюцца цяпер Вялікабрытанія, Гішпанія, Бэльгія. Ціта ў Югаславіі адыгрываў ролю вярхоўнага арбітра, які вырашаў спрэчкі паміж рэспублікамі, імкнучыся трымаць іх далей адны ад адных. Так, пабудавалі аўтастраду «Братэрства і адзінства» зь Бялграду ў Заграб, але зь Любляны ў Сараева дабірацца было больш складана, чым да Мадрыду або Парыжу! «Іншая Югаславія» была пабудаваная Ціта з дапамогай канцэпцыі штучнага падзелу яе тэрыторый, прыкладна так свайго часу была арганізаваная манархія Габсбургаў.

Ляяльнасьць грамадзянаў мусіла быць адрасаваная не краіне, а яе лідэру. Так было і ў Аўстра-Вугоршчыне, галоўным сымбалем якой заўсёды заставаўся імпэратар. Памёр Франц Іосіф — неўзабаве распалася Аўстра-Вугоршчына; памёр Ціта — неўзабаве распалася Югаславія, бо зьнік галоўны фактар, які злучаў краіну. Невыпадкова ангельскі гісторык Алан Тэйлар, найлепшы біёграф Аўстра-Вугоршчыны, назваў Ціта «апошнім Габсбургам».

Чарнагорыя адзьдзялілася ад Сэрбіі ў 2006 годзе
Чарнагорыя адзьдзялілася ад Сэрбіі ў 2006 годзе

Кароль Аляксандар у параўнанні зь Ціта быў больш сучасным кіраўніком. Нацыянальная дзяржава — прадукт новага часу, калі ляяльнасьць грамадзян паступова перадавалася ад манарха, рэлігіі — уласна ідэі дзяржаўнасьці. У гэтым адрозьненьне ад традыцыйнай дзяржавы, для якой характэрным і самым важным зьяўляецца адданасьць фэадалу, каралю, імпэратару, маршалу-камуністу. Аляксандр у гэтым дачыненьнні ўяўляе сабой іншы тып гаспадара, і невыпадкова ў гісторыю ўвайшлі словы, нібыта сказаныя ім у апошнія імгненьні жыцьця, пасьля замаху ў Марсэлі: «Беражыце Югаславію!»

У кожным разе пасьпяховы югаслаўскі праект мог бы атрымацца толькі ў тым выпадку, калі б цяпер існавала паўднёваславянская нацыя, частка заходнеэўрапейскага культурна-палітычнага кола.

Але адбылося іншае: на гэтай тэрыторыі паўстала некалькі новых народаў, прычым самі сябе яны вызначаюць пераважна супрацьстаўляючы сябе суседзям: «Мы — не такія, як яны, мы зусім іншыя». Набор гэтых адрозьненьняў складзены штучна, але міты жывуць сваім жыцьцём, а муры неразуменьня робяцца ўсё вышэйшымі.

У выніку мы не супрацоўнічаем адны з аднымі, а страчваем кантакты, страчваем веды адны пра адных. Маладыя людзі з розных рэспублік былой Югаславіі, якія нарадзіліся пасьля распаду фэдэрацыі, аддаюць перавагу гаварыць паміж сабой на ангельскай мове, а не на адной з паўднёваславянскіх моваў. І мне гэта катэгарычна не падабаецца.

Мэмарыял у Срэбраніцы, дзе ў 1995 годзе забілі больш за 8 тысяч басьнійцаў
Мэмарыял у Срэбраніцы, дзе ў 1995 годзе забілі больш за 8 тысяч басьнійцаў

Але зразумелая рэч: калі вы спытаеце пра гэта ў харвацкіх або славенскіх нацыяналістаў, яны вам прасьпяваюць пра тое, што гэта вельмі станоўчы вынік, бо «у нас ёсьць свая дзяржава». Але ўсе нашы маленькія краіны зусім нічога ня значаць у сучасным сьвеце, у іх няма ні ўплыву, ні аўтарытэту, яшчэ і таму, што ўсе яны ў той або іншай ступені канфліктуюць адна з адной.

— Цяпер новае абʼяднаньне паўднёваславянскіх народаў здаецца маларэальным. Што павінна адбыцца, каб сытуацыя ў будучыні зьмянілася?

— Паўднёваславянская ідэя ня можа памерці проста так, як памірае чалавек. Гэтая ідэя распрацоўвалася стагодзьдзямі, дый цяпер яе з тых або іншых прычынаў падтрымліваюць многія людзі ў якасьці агульнай канцэпцыі будучага разьвіцьця. Для правядзеньня мадэрнізацыі, для прагрэсу неабходна рэгіянальнае супрацоўніцтва: лепш гандляваць адзін з адным, чым адзін супраць аднаго ваяваць. Гэта ўсе разумеюць, але, на жаль, цяпер мы жывем у тым часе, калі муры ў галовах лёгка ўзьвесьці, але цяжка разбурыць.

Для палітычнага абʼяднаньня на Захадзе Балканаў у найбліжэйшай будучыні няма зусім ніякіх падставаў, што, аднак, не азначае адсутнасьці магчымасьцяў для іншых спосабаў і формаў супрацоўніцтва. І вось у дзень стагодзьдзя Югаславіі я хацеў бы пажадаць, каб ідэя пазытыўнага супрацоўніцтва шмат у чым блізкіх народаў прабіла сабе дарогу.

PS: Распад Югаславіі ў 1990-я гады суправаджаўся шэрагам ваенных канфліктаў рознай інтэнсіўнасьці, ахвярамі якіх, паводле розных падлікаў, сталі ад 100 да 200 тысяч чалавек. Колькасьць уцекачоў і перамешчаных асобаў ацэньваецца на 4 мільёны чалавек. Цяпер на тэрыторыі былой Сацыялістычнай Фэдэратыўнай Рэспублікі Югаславія разьмешчаныя шэсьць самастойных і адна часткова прызнаная дзяржава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG