Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску зьнясуць два стогадовыя дамы. Калі хопіць грошай


Будынкі канца ХІХ – пачатку ХХ стагодзьдзя
Будынкі канца ХІХ – пачатку ХХ стагодзьдзя

Два мураваныя аднапавярховыя дамы па вуліцы Цітова, збудаваныя на мяжы стагодзьдзяў, трапілі пад пагрозу зносу ўжо другі раз. Іх зьбіраліся зруйнаваць яшчэ ў 2011 годзе ў сувязі з рэканструкцыяй Полацкага шляхаправоду, але на яе бракавала грошай. Сёлета пытаньне пра новую разьвязку паўстала зноў.

Два дамы — равесьнікі віцебскай чыгункі

Рэйкі — за дзясятак мэтраў
Рэйкі — за дзясятак мэтраў

Дамы № 2 і № 4 знаходзяцца ў самым пачатку вуліцы Цітова — адной з гістарычных вуліц Віцебску. Тутэйшая забудова пачала фармавацца ў 18-м стагодзьдзі, уздоўж дарогі Полацкага кірунку. Таму й першы назоў гэтай вуліцы — Полацкая шаша, а пазьнейшы — вуліца Полацкая. У 1961-м годзе яе перайменавалі ў гонар касманаўта Германа Цітова — дублёра Юрыя Гагарына.

Два цагляныя дамы паміж чыгункай і трамвайнымі рэйкамі —самыя старажытныя на гэтай вуліцы, кажа фатограф і дасьледчык гісторыі Віцебску Юры Шэпелеў.

«Як відаць з архітэктурных асаблівасьцяў, яны ўзьведзеныя ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя, гэта так званы „цагляны стыль“. Але афіцыйнага статусу архітэктурнай каштоўнасьці будынкі ня маюць. Да 2013 году ў адным зь іх яшчэ жылі людзі. Сьценкі там фундамэнтальныя, але вібрацыя ад цягнікоў зрабіла сваю справу, яны пачалі разбурацца. Зразумела, што жыць побач з рэйкамі, дзе ходзяць грузавыя цягнікі, некамфортна. Таму жыхары не пярэчылі, калі ім прапанавалі новае жытло. І ўсё ж шкада, што будзе страчаны фрагмэнт гістарычнай забудовы гораду», — тлумачыць спадар Шэпелеў.

Дамы паціху разбураліся
Дамы паціху разбураліся

Закладнікі пратэрмінаванай рэканструкцыі

Два гістарычныя будынкі былі асуджаныя на знос яшчэ 10 гадоў таму, паводле праекту рэканструкцыі Полацкага віядуку — мосту над чыгуначнымі рэйкамі. Яна ўжо й пачыналася ў 2011 годзе, але да зносу не дайшло: будаўнікі толькі пасьпелі заліць бэтонныя падмуркі і ўмацаваць некалькі жалезных апораў, як скончыліся грошы.

За некалькі мінулых гадоў канструкцыі пакрыліся ржой, і некаторыя віцябляне кажуць, што выкарыстоўваць іх ужо небясьпечна. Між тым, патрэба ў аднаўленьні разьвязкі з кожным годам усё больш відавочная: мост, які апошні раз рэканструявалі ў 1958 годзе, ужо не вытрымлівае транспартнай нагрузкі.

Рэканструкцыі так і не было. Фота з архіву Юрыя Шэпелева
Рэканструкцыі так і не было. Фота з архіву Юрыя Шэпелева
Канструкцыі, на якія змарнавалі грошы 5 гадоў таму. Фота з архіву Юрыя Шэпелева
Канструкцыі, на якія змарнавалі грошы 5 гадоў таму. Фота з архіву Юрыя Шэпелева

Паводле адмыслоўцаў зь Беларускага дарожнага навукова дасьледчага інстытуту, выкарыстаньне дарожнага мосту яшчэ ў 2010 годзе было небясьпечным. Але па ім і да сёньня езьдзілі машыны і хадзілі людзі. 9 лістапада 2018 году Віцебская абласная пракуратура запатрабавала спыніць рух па аварыйным Полацкім віядуку, канстатаваўшы «факты неналежнай працы Віцебскага гарвыканкаму ў сфэры гарантаваньня грамадзкай бясьпекі і прафіляктыкі надзвычайных здарэньняў».

Гістарычныя будынкі — зноў пад пагрозай

З 15 лістапада рух па Полацкім шляхаправодзе спыняцца. На адмысловай прэсавай канфэрэнцыі намесьнік старшыні Віцебскага гарвыканкаму Сяргей Саглаеў паведаміў, што ўжо распрацавалі альтэрнатыўныя транспартныя маршруты, а галоўнае — што ўжо падрыхтаваны новы праект рэканструкцыі шляхаправоду.

Рух па мосьце будзе забаронены
Рух па мосьце будзе забаронены

Паводле спадара Саглаева, на будоўлю спатрэбіцца 49 месяцаў, і для яе зьнясуць некалькі жылых дамоў, у тым ліку № 2 і № 4 па вуліцы Цітова. Але пакуль пра знос і будаўнічыя працы гаворка толькі ў пэрспэктыве: на рэканструкцыю яшчэ няма грошай, і сума выдаткаў нават не агучваецца.

Пракурор Віцебскай вобласьці Вадзім Сушчынскі накіраваў ліст у Генэральную прауратуру з просьбай інфармаваць урад пра неабходнасьць уключэньня аб’екту ў дзяржаўную інвэстыцыйную праграму на 2019 год. Невядома, ці атрымаецца знайсьці грошы такім чынам і калі пачнецца рэканструкцыя. Але існуе пагроза, што гістарычныя будынкі па вуліцы Цітова зьнясуць яшчэ да пачатку рэканструкцыі: паводле гарвыканкаму, сёлета «для ўзнаўленьня праектаваньня і працягу будаўніча-мантажных работ» з абласнога бюджэту будзе выдаткавана 183 тысячы рублёў.

Гаспадароў гістарычных будынкаў даўно выселілі
Гаспадароў гістарычных будынкаў даўно выселілі

Антон Астаповіч: «Што-небудзь рабіць ужо позна»

Імаверны знос гістарычных будынкаў камэнтуе Старшыня Рэспубліканскай рады Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч:

«Мне вельмі шкада архітэктурнай спадчыны, але хочацца спытаць у тых, хто цяпер абураецца зносам: „Што вы зрабілі дзеля таго, каб гэтым дамам быў нададзены ахоўны статус?“ Дзе былі нашы рупліўцы спадчыны і краязнаўцы 10 гадоў таму, калі пра знос абвяшчалі першы раз? 92-і артыкул Кодэксу аб культуры ўтрымлівае форму прапановы па наданьні гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Яе трэба падаць у аблвыканкам, і калі б там адмовілі, то былі б падставы скардзіцца на абыякавасьць чыноўнікаў да нашай культуры».

Грошай на рамонт пуцеправоду пакуль няма
Грошай на рамонт пуцеправоду пакуль няма

Паводле Астаповіча, таксама няясна, для чаго маглі б быць скарыстаныя будынкі, нават калі б іх атрымалася захаваць.

«У Беларусі вялікая праблема зь бізнэсам, які мог бы стаць „падушкай бясьпекі“ для захаваньня помнікаў. Але ў дадзеным выпадку паўстае пытаньне: што можна зрабіць у будынку, які стаіць упрыцірку да чыгункі? Наўрад ці нешта атрымаецца. Яго не набудуць нават за адну базавую велічыню, бо памер укладаньняў будзе шалёны, а аддачы ніякай», — разважае Антон Астаповіч.

На ягоную думку, сытуацыя з двума дамамі па вуліцы Цітова ў Віцебску ўжо невырашальная: падставы для зносу цалкам законныя, і скардзіцца віцяблянам няма на каго, апрача як на сябе. Але гэта мусіць стаць урокам на будучыню: ня варта чакаць, пакуль чыноўнікі вырашаць нешта зьнесьці, а трэба ініцыяваць захаваньне гістарычнай спадчыны «зьнізу». Прынамсі, хаця б спрабаваць.

Пачатак вуліцы Цітова, былой Полацкай
Пачатак вуліцы Цітова, былой Полацкай

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG