Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кабінэт на мяжы адстаўкі: Брытанію раскалола фінальнае пагадненьне з ЭЗ пра Brexit


Тэрэза Мэй
Тэрэза Мэй

Урад Вялікай Брытаніі зьбярэцца сёньня, 14 лістапада, на тэрміновае пасяджэньне, каб абмеркаваць фінальны варыянт пагадненьня пра Brexit (выхад Вялікай Брытаніі з ЭЗ). Напярэдадні прэм’ер Тэрэза Мэй, паводле яе словаў, здолела ўзгадніць канчатковы варыянт пагадненьня з ЭЗ.

Аднак пагадненьнем у Брытаніі шмат хто незадаволены, прычым ня толькі сярод апазыцыі, але і ўнутры кіроўнай Кансэрватыўнай партыі, якую прадстаўляе Мэй. Вядома, што пачынаючы зь вечара 13 лістапада прэм’ер па адным выклікала да сябе ў рэзыдэнцыю на Даўнінг-стрыт 10 міністраў кабінэту, спрабуючы пераканаць іх у тым, што дакумэнт варты падтрымкі. Экспэрты ўжо называюць гэты палітычны крызыс самым сур’ёзным за ўвесь час кіраваньня Мэй.

Але калі частка міністраў ураду Мэй ўсё ж адмовіцца падтрымліваць дакумэнт (а менавіта такі варыянт разьвіцьця падзей экспэрты лічаць найбольш верагодным), гэта, хутчэй за ўсё, будзе каштаваць Мэй пасады прэм’ера і прывядзе да новага перадзелу ўлады ўнутры кансэрватараў і ў парламэнце краіны.

Пра што менавіта дамовілася з ЭЗ Мэй

Вядома, што перамовы з ЭЗ праходзілі вельмі цяжка, і многія, у тым ліку і прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, рэкамэндавалі Мэй паводзіць сябе больш агрэсіўна і патрабаваць для Вялікабрытаніі больш выгадных умоваў.

Аднак Мэй мала што змагла супрацьпаставіць ціску ЭЗ.

Тэрэза Мэй і Эманюэль Макрон
Тэрэза Мэй і Эманюэль Макрон

Паводле тэксту пагадненьня, які ЭЗ распаўсюдзіў вечарам 13 лістапада:

  • «Развод» абыдзецца Вялікай Брытаніі ў суму ад 39 да 46 мільярдаў фунтаў стэрлінгаў, якія павінны быць заплачаныя Брусэлю. Гэта значна больш, чым Мэй абяцала, калі пачынала перамовы.
  • Працэс «разводу» зойме ня менш за 21 месяцы ад моманту адабрэньня пагадненьня абодвума бакамі, якое назначана на канец сакавіка 2019 году. Гэта значна даўжэй, чым раней абяцала Мэй.
  • Ня будзе ніякай фактычнай мяжы паміж Ірляндыяй (якая па-ранейшаму застаецца часткаю ЭЗ і ўваходзіць ва ўнутрыэўрапейскі мытны зьвяз) і Паўночнай Ірляндыяй, часткай Злучанага Каралеўства. Паміж двума рэгіёнамі працягнецца свабоднае перамяшчэньне тавараў і людзей.
  • Мэй не ўдалося адстаяць паўнавартасны выхад Вялікай Брытаніі з ўнутрыэўрапейскага мытнага зьвязу — менавіта гэты пункт выклікаў найбольшыя пратэсты ў паплечнікаў прэм’ера ў Кансэрватыўнай партыі. Мытныя правілы ЭЗ працягнуць сваё дзеяньне для ўсіх тавараў, якія экспартуе або імпартуе Вялікая Брытанія. А гэта азначае, што краіна ня зможа заключыць асобныя, выгаднейшыя ёй гандлёвыя пагадненьні з ЗША, Кітаем, Аўстраліяй ці Канадай. Менавіта на гэта Дональд Трамп паказваў Мэй, калі крытыкаваў яе за тое, як яна вяла перамовы пра Brexit.
  • Рашэньне аб тым, калі мытныя правілы ЭЗ спыняцца ў адносінах да Вялікай Брытаніі, мусіць прыняць «незалежная рада» з чыноўнікаў ЭЗ і Брытаніі. Але калі гэта будзе — невядома. У інтарэсах ЭЗ зацягнуць прыняцьце гэтага рашэньня на як мага даўжэй.
  • Вялікая Брытанія таксама будзе абавязаная на працягу ўсяго пераходнага пэрыяду выконваць правілы рэгуляваньня рынку, якія дзейнічаюць у ЭЗ. У тым ліку экалягічныя абмежаваньні і абмежаваньні на вытворчасьць асобных відаў тавараў, у першую чаргу электронікі і прадукцыі сельскай гаспадаркі.
  • Тры мільёны жыхароў ЭЗ, якія жывуць у Вялікай Брытаніі, а таксама мільён брытанцаў, якія жывуць у ЭЗ, па-ранейшаму будуць мець права бязьвізавага ўезду, пражываньня і будуць паводле ранейшых правілаў атрымліваць мэдычнае абслугоўваньне. У тым ліку эўрапейцы змогуць бясплатна лячыцца ў шпіталях брытанскай дзяржаўнай сыстэмы NHS.

Што кажуць унутры Кансэрватыўнай партыі

Агульная пазыцыя наконт выніковага пагадненьня з ЭЗ нават унутры партыі, якую аказвае Мэй, выяўляецца ў словах: «Гэта ня тое, на што мы разьлічвалі».

Чалец парлямэнту і адзін з ультракансэрватараў Джэйкаб Рыз-Мог раніцай 14 лістапада апублікаваў калёнку ў Telegraph. Ён апісаў заключаную Мэй угоду, працытаваўшы «Вэнэцыянскага купца» Шэксьпіра: «Пышны плод з гнілой сярэдзінай / О, які прыгожы зьнешні бок каварства!».

Рыз-Мог быў адным з прыхільнікаў «брэксыту» і падтрымліваў Мэй, калі яна пачала перамовы. Аднак цяпер, на яго думку, прэм’ер спрабуе выдаць дрэннае пагадненьне за добрае.

Борыс Джонсан
Борыс Джонсан

Былы кіраўнік МЗС Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан (ён таксама быў прыхільнікам «брэксыту», але сышоў з кабінэту, разышоўшыся з Мэй у думках, як трэба весьці перамовы) заявіў, што пагадненьне ў цяперашнім выглядзе «цалкам непрымальнае для ўсіх, хто верыць у дэмакратыю» і ён асабіста будзе галасаваць супраць. Асаблівую незадаволенасьць Джонсана выклікаў пункт аб дзеяньні эўрапейскага мытнага рэгуляваньня і гандлёвых абмежаваньняў.

Былы сакратар у справах «брэксыту» Дэйвід Дэйвіс (ён сышоў з ураду Мэй разам з Джонсанам) заявіў, што «ўрад і кансэрватары павінны паўстаць і сказаць рашучае „не“ падобнай капітуляцыі».

Што кажуць іншыя партыі

Лідэр апазыцыйных лейбарыстаў Джэрэмі Корбін, кіраўнік Шатляндзкай нацыянальнай партыі Вінс Кейбл, а таксама кіраўнікі лібэральных дэмакратаў і валійскай партыі Plaid Cymru падпісалі сумесную заяву, патрабуючы дэбатаў наконт прапанаванага Мэй дакумэнту і агульнага галасаваньня ў падтрымку любога пагадненьня пра «брэксыт».

Джэрэмі Корбін
Джэрэмі Корбін

Корбін са свайго боку заявіў, што перамовы з ЭЗ прадстаўнікі Вялікай Брытаніі вялі ў «хаатычнай» манеры.

Кіраўнік паўночнаірляндзкай Дэмакратычнай уніянісцкай партыі (Democratic Unionist Party) Джэфры Дональдсан таксама заявіў, што ня будзе падтрымліваць пагадненьня ў вэрсіі Мэй: паводле яго, яно прывядзе да «сьмерці» Злучанага Каралеўства.

Што далей?

Што да Эўразьвязу, то 27 краінаў-удзельніц павінны абмеркаваць пагадненьне аб «разводзе» зь Вялікай Брытаніяй і сабраць нечарговы саміт, каб яго ўхваліць. Заключанае пагадненьне сёньня таксама абмяркоўваюць ўлады Ірляндыі, бо яно датычыць гэтай дзяржавы.

Калі гэта адбудзецца, а ўрад Мэй са свайго боку таксама здолее ўхваліць пагадненьне і пры гэтым не рассыпацца, дакумэнт аб «разводзе» будзе накіраваны ў брытанскі парлямэнт. Ён таксама павінен падтрымаць гэты дакумэнт. Але з улікам таго, што нават кансэрватары-торы не займаюць наконт «брэксыту» адзіную пазыцыю, шанцы на тое, што Мэй удасца правесьці дакумэнт праз парлямэнт, невялікія.

Ці зможа Мэй утрымацца ва ўладзе і захаваць пасаду прэм’ера — стане вядома ўжо ўвечары 14 лістапада. Калі гэтага не адбудзецца, з усяго відаць, што перамовы наконт «брэксыту» ад Вялікай Брытаніі далей будзе весьці іншы чалавек, менш схільны да кампрамісаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG