Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адкрыўся кінафэстываль «Лістапад»: на фоне скандалу вакол цэнзуры


У Менску стартаваў 25-ы па ліку міжнародны кінафэстываль «Лістапад». Знаўцы кіно кажуць: з улікам скандалаў, якія яму папярэднічалі, у такім фармаце ён рызыкуе больш не паўтарыцца.

Разьбітая талерка Давыдзькі

Урачыстае адкрыцьцё кінафэстывалю адбылося ў менскім кінатэатры «Масква». Па чырвонай дывановай дарожцы прайшлі беларускія творцы, чальцы журы, стваральнікі фільмаў з розных краінаў, а таксама ганаровыя госьці — у гэтым статусе сёлет расейская акторка Сьвятлана Немаляева і ўзбэцкі актор, рэжысэр Рустам Сагдулаеў.

Акторы Сьвятлана Немаляева і Рустам Сагдулаеў
Акторы Сьвятлана Немаляева і Рустам Сагдулаеў

Па традыцыі ўручаны прыз ад імя прэзыдэнта Беларусі «За захаваньне і разьвіцьцё традыцый духоўнасьці ў кінамастацтве», які арганізатары пазыцыянавалі як галоўную інтрыгу сёньняшняй дзеі. Яго ўладальнікам стаў ужо згаданы Рустам Сагдулаеў, найбольш вядомы па адной з галоўных роляў у савецкім кінафільме «У бой ідуць адны старыя». Узнагароду яму ўручыў віцэ-прэмʼер Ігар Петрышэнка, які перад тым зачытаў вітальную тэлеграму ўсім удзельнікам ад Аляксандра Лукашэнкі.

Яшчэ адзін прыз, ад выканаўчага камітэту СНД, атрымала народная артыстка Расеі Сьвятлана Немаляева.

А сымбалічны старт «Лістападу» дала пабітая аб штатыў кінакамэры талерка — гэта зрабіў старшыня кінафэстывалю Генадзь Давыдзька, які ў гэтай ролі ўжо апошнія 8 гадоў. Дапамагалі яму ўганараваныя Сагдулаеў і Немаляева. Пасьля гэтага паказалі невялікі канцэрт і фільм адкрыцьця «Халодная вайна» польскага рэжысэра Паўла Паўлікоўскага.

У кулюарах імпрэзы
У кулюарах імпрэзы

Першы «Лістапад» прайшоў у 1994 годзе, да 2002-га ён насіў назву «Міжнародны кінафэстываль краін СНД і Балтыі». У 2011-м імпрэза атрымала новы статус. Міжнародная фэдэрацыя асацыяцый кінапрадусараў (FIAPF) дала Беларусі часовую акрэдытацыю, а яшчэ праз два гады, калі скончыўся выпрабавальны тэрмін, — пастаянную, як прызнаньне добрай арганізацыі.

​Зь некалькіх тысяч кінафэстываляў па ўсім сьвеце FIAPF акрэдытавала толькі паўсотні. Такім чынам, Менск увайшоў у лік самых прэстыжных форумаў, сярод якіх сусьветна вядомыя Бэрлінскі, Вэнэцыянскі, Варшаўскі, Канскі, Маскоўскі, Шанхайскі ды іншыя. Але нечакана міжнародны статус апынуўся пад пагрозай.

Самадзейнасьць ад Дрыгі

Ад 2014 году на фэстывалі праходзіць спэцыяльны конкурс для беларускіх фільммэйкераў — як для тых, хто жыве і працуе ў Беларусі, так і для тых, хто ад’ехаў у іншыя краіны.

Спачатку адборам фіналістаў займалася дырэкцыя кінафэстывалю, але пару гадоў таму пад дахам Міністэрства культуры была ўтвораная адмысловая камісія пад кіраўніцтвам першай намесьніцы міністра Ірыны Дрыгі, каб зьнізіць градус незадаволенасьці з боку тых, хто застаўся за бортам. У яе ўваходзілі прадстаўнікі розных структур, крытыкі, культуролягі, мастацтвазнаўцы, але канчатковае слова заставалася за дырэкцыяй.

Сёлета фармат зьмяніўся: культурнае ведамства манапалізавала працэдуру адбору, пакінуўшы дырэкцыю па-за гульнёй.

Незадоўга да адкрыцьця кінафэстывалю дырэктарка «Лістапада» Анжаліка Крашэўская папярэдзіла, што дзейнасьць Мінкульту можа перакрэсьліць шматгадовыя намаганьні атрымаць міжнародны статус. Згодна з рэглямэнтам FIAPF дзяржава не павінна ўмешвацца ў творчы працэс, бо гэта цэнзура.

На знак пратэсту з Нацыянальнага конкурсу пачалі адклікаць свае працы рэжысэры, якія трапілі ў фінал. Першымі гэта зрабілі рэжысэрка Ева-Кацярына Махава і прадусар Дзяніс Пуцікаў, якія зьвярнуліся ў аргкамітэт фэстывалю з просьбай зьняць з конкурсу іх дакумэнтальную стужку «Перазімаваць». Неўзабаве да калегаў далучыліся рэжысэры Кірыл Галіцкі і Сьвятлана Казлоўская, зьняўшы з конкурсу ў намінацыі «гульнявое кіно» свой фільм «Пляж/Лес/Тамбур».

У абодвух выпадках аўтары выступаюць «за свабоду ад цэнзуры Міністэрства культуры» і ня хочуць удзельнічаць у конкурсе, дзе ігнаруюцца правы і свабоды творчасьці.

Падчас апошняй прэсавай канфэрэнцыі першая намесьніца міністра культуры і старшыня адборачнай камісіі Ірына Дрыга спрабавала аспрэчыць абвінавачаньні ў цэнзуры, спасылаючыся на «нефармат» заявак.

«Траплялі да нас і караценькія сацыяльныя ролікі — безумоўна, справа патрэбная, але не зусім фэстывальная, — тлумачыла чыноўніца. — Асобныя кінэматаграфісты прадстаўлялі жанравае кіно — дэтэктывы, прыгоды, камэдыі. Відаць, патрэбная большая асьветніцкая праца, каб потым было меней крыўдаў і пытаньняў з боку тых, хто падае такія заяўкі. Трэба ўсё ж разумець, што такое фэстывальнае кіно і што такое жанравае. Былі працы нібыта па ўсіх канонах, паспрабавалі нешта зрабіць „пад праблему“. Глядзіш, але быццам пры ўсёй канве, пры прэтэнзіі на нейкае філязофскае асэнсаваньне стройнага ўражаньня няма».

Рэакцыя гільдыі кінавытворцаў

Напярэдадні адкрыцьця кінафэстывалю сваю заклапочанасьць выказала Беларуская гільдыя прадусараў і кінавытворцаў. Адна з заснавальніц прафэсійнага аб’яднаньня, прадусарка Вольга Чайкоўская патлумачыла, што зварот складзены дзеля таго, каб выказаць занепакоенасьць беларускай кінасупольнасьці дзяржаўным наглядам і паказаць поўную бездапаможнасьць перад адміністрацыйным рэсурсам. Па яе словах, тое, што цяпер адбываецца, «выклікае боль».

Ні яна асабіста, ні гільдыя не заклікаюць нікога здымаць свае працы з конкурсу: кожны мастак можа сам прымаць рашэньні. Дарэчы, фільм «Мая бабуля з Марсу» Вольгі Чайкоўскай і Аляксандра Міхалковіча ў гэтым годзе рашэньнем Міністэрства культуры не дапушчаны ў міжнародны конкурс дакумэнтальнага кіно.

«Шмат прыкладаў, калі Міністэрства культуры не ўспрымае ўсур’ёз беларускіх фільммэйкераў, якія групуюцца ў альянсы, — адзначыла яна. — Цяпер мы выступаем ад імя афіцыйнай арганізацыі і спадзяёмся, што нас пачуюць. Ад сябе хачу дадаць: зварот — ні ў якім разе не „наезд“ на „Лістапад“. Асабіста я яго вельмі люблю, працавала валянтэрам, зь яго пачыналіся мае кінэматаграфічныя крокі. Гэта не пазыцыя, якая выказвае „а-та-та“ кінафэстывалю за тое, што туды ня трапілі нейкія стужкі. Гэта заклік да кансалідацыі беларускай кінасупольнасьці, спроба зьвярнуць увагу міжнародных арганізацый на наяўнасьць праблемаў з цэнзурай і гіпэркантролем над мастацтвам кіно».

Цяпер гільдыя рыхтуе афіцыйны зварот у Міжнародную фэдэрацыю асацыяцый кінапрадусараў з просьбай даць ацэнку дзеяньням Міністэрства культуры Беларусі і ў выпадку парушэньня рэглямэнту абвясьціць афіцыйнае папярэджаньне, што менскі кінафэстываль «Лістапад» можа быць пазбаўлены акрэдытацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG