Каля 150 чальцоў «Белай Русі», Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі і Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі правялі 27 кастрычніка суботнік у Курапатах — месцы масавых расстрэлаў у часы сталінскіх рэпрэсій. 28 кастрычніка тут мае прайсьці акцыя памяці ахвяраў рэпрэсій.
Кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька казаў журналістам дзяржаўнага тэлебачаньня падчас суботніку: «Тут ні ў якім разе ня можа быць ніякіх супрацьстаяньняў. Тут наадварот месца для кансалідацыі». Ён заклікаў «рабіць усё разам і забыцца пра нейкую афарбоўку».
Аднак ён назваў тых, хто пратэстуе супраць рэстарану ў Курапатах, «людзьмі, не настроенымі на кансалідацыю, якім важны нейкі бунт». «Яны ж шчасьлівыя, што тут пабудавалі рэстаран, бо можна пратэставаць, каб яго не было».
Абаронца Курапатаў Дзяніс Урбановіч кажа, што лесьнікі сьпілавалі адзін з трохмэтровых крыжоў на ўваходзе ва ўрочышча. Паводле Ўрбановіча, крыж ня быў пашкоджаны. Супрацоўнікі лясгасу сказалі, што крыж зламаўся, і запэўнілі, што яго адновяць і ўсталююць на тое ж месца.
Як валянтэры на суботніку, ставяцца да Курапатаў? Аляксандар Харэвіч, настаўнік фізыкі з Лагойску кажа, што на суботнік іх ніхто не заганяў, а проста прапанавалі з раённага аддзелу народнай адукацыі ўзяць удзел у такой акцыі.
«Мне было цікава. Ніколі тут ня быў, хаця шмат чытаў і бачыў рэпартажы адсюль у інтэрнэце», — сказаў Аляксандр карэспандэнту Свабоды.
Паводле Аляксанда Харэвіча, зь ім з Лагойску прыехала на суботнік каля 15 чалавек, у асноўным настаўнікі рознага ўзросту. Аляксандр ведае, што праз дзень тут у Курапатах адбудзецца мітынг на Дзяды.
«Было б добра пабываць», — сказаў малады настаўнік.
На пытаньне, чаму, на ягоную думку дзяржава толькі цяпер, праз 30 гадоў пасьля публікацыі сьведчаньняў пра масавыя забойствы ў Курапатах, пачала тут нешта рабіць, Аляксандр адказаў: «Відаць, раней было нецікава».
«Моладзь цяпер амаль нічога не чытае і мала чым цікавіцца. Ці будуць ім цікавы Курапаты? Гледзячы як распавесьці», — мяркуе Харэвіч.
Ганна, студэнтка Новапольскага аграрнага каледжу: «Так, шмат ведаю пра Курапаты, чытала, што тут было забіта больш за 100 тысяч чалавек у 1930-ыя гады, Гэта жах. Папрацаваць тут лічу сваім абавязкам».