Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Кальварыйскіх могілках таксама будзе «добраўпарадкаваньне», але пазьней, — спэцкамбінат КБА


Кальварыйскія могілкі ў Менску
Кальварыйскія могілкі ў Менску

Карыстальнікі сацыяльных сетак заўважылі, што пасьля пачатку спрэчнага добраўпарадкаваньня менскіх Вайсковых могілак аналягічныя работы нібыта пачаліся і на Кальварыі.

На здымках у сацсетках відаць зваленыя ў кучу жалезныя крыжы і мэталічныя агароджы, бэтонныя блёкі і бардзюры. У спэцкамбінаце КБА абверглі гэтыя здагадкі.

«Такога працэсу, як на Вайсковых могілках, у нас няма, гэта адназначна», — запэўніў карэспандэнта Свабоды супрацоўнік адміністрацыі Кальварыйскіх могілак. Пры гэтым зазначыў, што без дазволу вышэйшага кіраўніцтва ня можа камэнтаваць фатаздымкі «невядомага паходжаньня».

Сяргей Руды, намесьнік дырэктара спэцкамбінату камунальна-бытавога абслугоўваньня, у падпарадкаваньні якога знаходзяцца ўсе менскія могілкі, пацьвердзіў, што пры наяўнасьці фінансаваньня паступова «добраўпарадкавана» ў Менску будзе ўсё, але пазьней.

Кальварыйскія могілкі ў Менску 19 кастрычніка 2018 году
Кальварыйскія могілкі ў Менску 19 кастрычніка 2018 году

Ён сказаў, што, пакуль асноўныя сілы кінутыя на Вайсковыя могілкі, работы на Кальварыі не плянуюцца — прынамсі сёлета іх ня будзе дакладна.

«Я разумею, што ёсьць пэўная нэрвознасьць па Вайсковых могілках, таму любы намёк на „перабудову“ ўспрымаецца так востра, — кажа Сяргей Руды. — У гэтым выпадку, хутчэй за ўсё, мае месца індывідуальная замена помніка, агароджы. Захацеў чалавек штосьці памяняць, наймае арганізацыю ці зьвяртаецца да нас і прыводзіць да ладу пахаваньні сваіх продкаў. Але такая праца вядзецца штодня, гэта абавязак кожнага перад раднёй...»

Кальварыйскія могілкі ў Менску
Кальварыйскія могілкі ў Менску

Паводле кіраўніцтва спэцкамбінату, адпаведныя работы прадугледжаныя рашэньнем Менгарвыканкаму і інвэнтарызацыяй могілак, праведзенай у 2015 годзе, а таксама на падставе закону «Аб пахаваньні і пахавальнай справе». Паводле гарадзкіх уладаў, упарадкаваньне адбываецца законна, спыняць яго няма падстаў.

Тым часам гісторыкі, рэстаўратары, грамадзкія актывісты на прыкладзе «добраўпарадкаваньня» Вайсковых могілак кажуць, што ў большай ступені гэта нагадвае знос.

На пачатку чэрвеня работнікі спэцкамбінату КБА пачалі дэмантаваць агароджы, пілаваць старыя дрэвы, зносіць старыя крыжы і надмагільлі. На іх месца ставяць аднолькавыя невялічкія пліты — так званыя «надгалоўнікі».

Пасьля Вайсковых могілак у чарзе на добраўпарадкаваньне стаяць іншыя месцы, дзе пахаваныя многія знаныя беларусы — палітычныя і грамадзкія дзеячы, літаратары, акторы, мастакі. Тычыцца гэта найперш Кальварыйскіх могілак, якія існуюць ад канца XVIII стагодзьдзя і зьяўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю першай катэгорыі. Там налічваецца каля 30 тысяч пахаваньняў — у чатыры разы больш, чым на Вайсковых.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG