Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскаму сьвятару забаранілі служыць, бо крытыкаваў паводзіны патрыярха Кірыла


айцец Аляксандар Шрамко
айцец Аляксандар Шрамко

Сьвятару Сьвята-Міхайлаўскага праваслаўнага прыходу ў Менску Аляксандру Шрамку было сёння забаронена служыць. Ахова маскоўскага патрыярха Кірыла патлумачыла сьвятару, што ён «моцна закрануў»​ герарха.

«Пакуль забарона вусная. Мы чакалі патрыярха ранкам, мяне паклікалі і сказалі, што я не магу ўжо служыць, што ёсьць забарона. Акалічнасьці, маўляў, будуць у аўторак. Так што чакаю. А там можа быць самае рознае: і тэмы розныя, і ўмовы» — сказаў айцец Шрамко ў камэнтары Свабодзе.

У другой палове дня сьвятар напісаў у сваім профілі:

«Проста ўсё прамысна супала, але не спэцыяльна. Ну ўявіце: атрымаць забарону на адкрыцьці і ў самой сьвятыні, якую называюць "сымбалем праваслаўнага адраджэньня".

Учора ўвечары Аляксандар Шрамко апублікаваў допіс са спасылкай на фотарэпартаж Радыё Свабода з сустрэчы маскоўскага патрыярха ў Менску. Сьвятар раскрытыкаваў паводзіны аховы і самога патрыярха:

«Вось цябе чакаюць не адну гадзіну на вуліцы. Цябе. Чакаюць. Яшчэ. Ня так шмат, як у былыя гады. Але ўсё ж нехта прыходзіць. Камусьці ты цікавы. Нават калі не пускаюць у сабор, куды ўваход толькі з пропускам. Яны прыйшлі і будуць увесь вечар стаяць на вуліцы, задавальняючыся трансьляцыяй на экране. Як быццам яны і так ня могуць нагледзецца такога на якім-небудзь "Саюзе". Чаму ня даць ім мінімальны жывы кантакт? Чаму трэба пад’яжджаць на машыне да самай брамы сабору і, выйшаўшы зь яе, нават не азірнуцца? Няўжо так цяжка выйсьці хаця б за 100 ці 50 мэтраў і прайсьці некалькі дзясяткаў крокаў, вітаючы і дабраслаўляючы народ? Сказаць некалькі цёплых словаў, камусьці паціснуць рукі? Бо проста ж... І выйгрыш атрымаеш несувымерны... Не разумею. Дажыў да пэнсіі і не разумею. Як быццам адмыслова... для патрыярха народу нібы і няма, затое для ахоўнікаў ён ёсьць — але толькі як крыніца патэнцыйнай небясьпекі. Можа проста... дэманстратыўная пагарда? Вельмі маляўнічыя здымкі ў гэтым рэпартажы».

Вернікі ў чаканьні прыезду маскоўскага патрыярха
Вернікі ў чаканьні прыезду маскоўскага патрыярха

Пазьней Шрамко напісаў, што зь ім гутарылі шмат людзей, у тым ліку ахова, бо «там менавіта патрыярх закрануты моцна». Ахове Кірыла не спадабалася, што Шрамко фатаграфаваў нумары аўтамабіля, на якім прыехаў патрыярх.

«Мне даказвалі, што гэта нармальна, што ў патрыярха столькі ахоўнікаў, што ўсюды так, і інакш нельга — маўляў, я ня ведаю, як рызыкуе патрыярх. Калі я сказаў, што наш мітрапаліт таксама прадстаяцель, але няма ніякай аховы, і пакуль нічога ня здарылася, то мне ў адказ сказалі нешта непаважлівае ў адрас мітрапаліта: маўляў, значыць, не заслужыў, нічога сабой не ўяўляе. Сказаў гэта адзін з вядомых усім прадстаўнікоў атачэньня патрыярха», — напісаў сьвятар.

Шрамка, які ўжо быў гатовы да нядзельнай службы, чакаючы патрыярха, не дапусьцілі да набажэнства. Паводле самога сьвятара, у аўторак яго чакаюць у эпархіяльным упраўленьні. Радыё Свабода зьвярнулася па камэнтар на гэты конт у Сынадальны інфармацыйны аддзел Беларускай Праваслаўнай Царквы.

  • Патрыярх прыляцеў у Менск на беларускім урадавым самалёце «Bombardier Challenger 850».
  • На багаслужбу прыехаў на «мэрсэдэсе» з нумарам 0002 МІ.
  • Ля сабора Сьвятога Духа яго сустракалі хлебам з сольлю, але ён прайшоў міма.
  • Падчас службы ў саборы яго ахоўвалі сьвятары з навушнікамі а ля «агент Сьміт».
  • Пасьпеў заявіць, што Беларусь — частка Русі, але не растлумачыў, што трэба разумець пад словам «Русь».
  • ... і што гэткая «частка Русі» ніколі не падпадала пад залежнасьць «іншаземных і іншаверных урадаў».
  • Звычайныя вернікі глядзелі набажэнства на экране.
  • На фоне візыту дыякан-апазыцыянэр Кураеў заўважыў, што Канстантынопаль адмяніў гістарычную прыналежнасьць да РПЦ ня толькі Ўкраіны, але і Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG