Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1993: Нацыянальнае Адраджэньне набірае сілу


Працягваем публікацыю фрагмэнтаў кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста трэці», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе».

Замовіць кнігу можна тут

Аляксандар Вярцінскі (Смаргонская гарадзкая выбарчая акруга № 269): Паважаны прэзыдыюм, паважаныя народныя дэпутаты! Хачу зьвярнуць вашу ўвагу на адну нешараговую падзею ў духоўным жыцьці рэспублікі, а іменна падзяліцца сваімі ўражаньнямі аб першым нацыянальным фэстывалі беларускай песьні і паэзіі, які адбыўся ў Маладзечне, удзельнікам якога мне давялося быць. У першую чаргу я ўражаны не арганізацыйнай формай, хоць і яна таксама была на найвышэйшым узроўні, а глыбокім зьместам, самім духам гэтага сьвята, якое ў значнай меры выявіла сутнасьць таго, што мы называем Адраджэньнем нашай культуры, мовы, самой беларускай нацыі. Тое, што зроблена ў Маладзечне, — гэта прыклад, як трэба змагацца ня словамі, не мітынгоўшчынай за культуру і мову, а як яе, нашу беларускую культуру, даваць людзям, даводзіць да сьвядомасьці кожнага, як закласьці яе ў душу чалавека незалежна ад яго нацыянальнасьці. Такая форма адраджэньня культуры беларускага слова і музыкі не магла ня быць успрынятая ўсім насельніцтвам як іменна вялікае сьвята. Альтэрнатыву такой форме беларускага слова, паэзіі, музыкі цяжка знайсьці. Хачу адзначыць і такі бок фэстывалю — тое, што наш малады бізнэс не заціснуў грошы ў кішэні, а цалкам падтрымаў ініцыятыву старшыні Маладзечанскага гарадзкога савету народных дэпутатаў народнага дэпутата Рэспублікі Беларусь Генадзя Дзьмітрыевіча Карпенкі аб правядзеньні фэстывалю і выдзеліў неабходныя сродкі. Гэтым яшчэ раз было засьведчана імкненьне розных слаёў насельніцтва да сваёй нацыянальнай культуры.

Выступ у "Розным"

1 верасьня 1993 году 80% першаклясьнікаў пайшлі ў беларускія клясы.

Гэты факт часам прыводзяць як прыклад беларусізацыі пачатку 90-х, як адно з найвялікшых яе дасягненьняў.

Але вучыліся яны (як і другаклясьнікі, і трэцяклясьнікі — і так аж да 10-й, выпускной клясы) па расейскамоўных падручніках.

І гэта ўжо — сьведчаньне цяжкасьцяў, зь якімі сутыкнулася нацыянальнае адраджэньне, а калі больш дакладна, паказчык выкананьня Закону аб мовах, прынятага яшчэ ў студзені 1990 году Вярхоўным Саветам папярэдняга, XI скліканьня.

У 1993 годзе меўся пачацца новы этап выкананьня гэтага Закону, пра які выканаўчыя органы ўлады — як у сталіцы, гэтак і ў рэгіёнах — пастараліся забыцца. Але актывісты Таварыства беларускай мовы нагадвалі пра яго.

Вось што тлумачыў у інтэрвію мясцовай газэце старшыня Віцебскай гарадзкой рады ТБМ, выкладчык тэхналягічнага інстытуту Валянцін Арлоў:

«Закон увогуле лібэральны, нават занадта. У ніводнай былой рэспубліцы не даецца столькі правоў людзям, якія ня хочуць валодаць мовай. Больш таго, закон адзіны сярод падобных, бо прымушае вывучаць у школах як прадмет расейскую мову.

У чым яго недасканаласьць, на мой погляд? Няма артыкулу, які б абавязваў кіраўнікоў афіцыйных устаноў і прадпрыемстваў у межах сваёй кампэтэнцыі адказваць за выкананьне Закону.

…К верасьню 1993 году сфэра культуры павінна працаваць на беларускай мове (арт. 28), тэксты афіцыйных абвестак, паведамленьняў, афішаў, рэклямы павінны быць на беларускай мове (арт. 28), аб’явы на транспарце і ў гандлі павінны рабіцца на беларускай мове (разьдзел другі, арт. 9 Дзяржпраграмы), маркіроўка тавараў для Беларусі — таксама на беларускай (арт. 32), мовай афіцыйных сродкаў масавай інфармацыі павінна быць беларуская (арт. 29)».

Натуральна, у чыноўнікаў і кіраўнікоў прадпрыемстваў быў час, каб падрыхтаваць прадугледжанае законам.

«Было і ёсьць шмат магчымасьцяў памяркоўна, спакойна пашырыць сфэру ўжываньня беларускай мовы ў горадзе ўвогуле, — працягваў Арлоў. — Але якраз гэта сабатуецца, перш-наперш многімі адказнымі асобамі, і нават з найвышэйшага гарадзкога і абласнога эшэлёнаў улады… Боязь зноў-такі сьведчыць, што пераважная большасьць людзей закон так і не глядзелі. Ад звычайнага чалавека ў сэнсе авалоданьня беларускай мовай нічога не патрабуецца!.. А вось тыя, хто мае справу з грамадзкасьцю (на транспарце, у гандлі і г. д.), службовыя асобы ўсіх рангаў, у адпаведнасьці з Праграмай, вызначанай Саветам міністраў рэспублікі, павінны ведаць беларускую мову і карыстацца ёю ў межах сваёй кампэтэнцыі, Калі ты, скажам, старшыня нейкага савету, рабіць афіцыйныя заявы, выступаць, афармляць паперы павінен па-беларуску» («Витьбичи», 18 траўня 1993).

Але вось якраз старшыня Віцебскага гарсавету Валер Неўшаў падаў прыклад стаўленьня да выкананьня Закону. На пытаньне рэдактара газэты Ніны Тулінавай — «Вам как главе городской власти не обойти стороной национальный вопрос, или, как сейчас модно кричать (sіc! — С. Н.) — вопрос возрождения Беларуси. Вы — русский, и если не попадёте в струю «демократов», придётся нелегко» — адказ такі: «Каждая национальность имеет право на свою культуру, язык, национальные чувства. Но их не надо культивировать искусственно, с нажимом. Исторически сложилось так, что в Витебске преобладает русский язык… Перевод учебников по физике, астрономии, истории, математике сейчас невыгоден ни с научной, ни с экономической стороны. Я понимаю, что белорусский язык должен быть доведён до уровня государственного. Но надо делать это спокойно, размеренно, без давления особенно на простых людей. И только через культуру, народное образование (но опять-таки без давления) поколению за поколением прививать эти чувства. Возрождение Беларуси, повторюсь ещё, должно идти через культуру, через театр».

Фактычна, мэр Віцебску адкладаў беларусізацыю «на пакаленьні», гэта значыць на сотню гадоў, пры гэтым прапаноўваючы вярнуцца на сто гадоў назад, у канец XIX — пачатак XX стагодзьдзяў, калі ініцыятары Адраджэньня праз тэатар і пачыналі. Але тое было ў Расейскай імпэрыі, а цяпер існавала сувэрэнная беларуская дзяржава, з законам, які дзейнічаў ужо чацьвёрты год і які чыноўнік абавязаны быў выконваць. Але — не жадаў выконваць: «Меня часто спрашивают: говорите ли вы по-белорусски. Я думаю, чем говорить безграмотно на любом языке, лучше на нём не говорить» («Витьбичи», 3 красавіка 1993).

Нічога з таго, пра што казаў старшыня Віцебскай гарадзкой рады ТБМ Валянцін Арлоў, не было зроблена ні да верасьня, ні пасьля верасьня, як таго патрабаваў закон. У Віцебскім абласным савеце мой бацька Іосіф Навумчык быў адзіным дэпутатам, які выступаў па-беларуску.

Увогуле, Віцебск зрабіўся апірышчам праімпэрскіх, прарасейскіх сілаў, і гэтаму ў немалой ступені паспрыяў «Славянскі базар», які з пачатку 90-х рэгулярна праводзіўся ўзамен фэстывалю польскай песьні (менавіта для гэтага фэстывалю і была пабудаваная ў 1988 годзе вялікая канцэртная заля). Культурніцкі вэктар быў імгненна памяняны: ня Захад, а Ўсход, канкрэтна — Расея. Памятаю, як на адным з канцэртаў інтэрмэдыя нейкіх двух артыстаў з Украіны, дзе абсьмейвалася незалежнасьць Украіны і Беларусі, выклікала авацыю 5-тысячнай залі — і гэта быў не адзіны гэткі жарцік на фэстывалі. У краіне, дзе ўлада паважае сваю дзяржаву, такі канцэрт быў бы апошнім, арганізатары былі б прыцягнутыя да адказнасьці. А ў Віцебску «Славянскі базар» да зусім нядаўняга часу быў трыюмфам расейскай эстрады ня самага лепшага гатунку і штогод рабіў моцную праімпэрскую ін’екцыю ў сьвядомасьць віцяблянаў. Ня дзіўна, што пад песьню «Офицеры, офицеры, ваше сердце под прицелом, за Россию и свободу до конца» — пяцітысячная заля ўстае.

Прыехаўшы ў Віцебск у траўні 2016-га пасьля 20-гадовай адсутнасьці, я ўбачыў спрэс зрусыфікаваны горад — такім маглі б быць Тула, Вятка альбо Кемерава. Расейскамоўныя вітрыны (нават з «Ъ» ), расейскія цыбуліны на храмах, аднаўленьня якіх дамагаліся мы ў канцы 1980-х — пачатку 90-х, і за некалькі дзён я пачуў толькі адно беларускае слова (калі не лічыць родных і сяброў). Затое таксісты, не стрымліваючы сябе ў нэгатыўнай ацэнцы Лукашэнкі («маленькие зарплаты»), хацелі, каб прыйшоў Пуцін і навёў парадак («и зарплаты нам сделал, как в России»).

Канешне, у 1993-м Віцебск ня быў выключэньнем — па ўсёй Беларусі Закон аб мовах, прыняты яшчэ Вярхоўным Саветам ХІ скліканьня, ня дзейнічаў, бо проста сабатаваўся чыноўнікамі. Пра гэта казалі з трыбуны сэсіі кіраўнікі парлямэнцкай камісіі Ніл Гілевіч, Алег Трусаў, Лявон Баршчэўскі, Яўген Цумараў, дэпутаты Апазыцыі БНФ — але словы ляцелі ў паветра. Вялізнымі намаганьнямі камісіі Гілевіча ўдалося нешта прасунуць у галіне адукацыі і культуры — але і толькі.

Прыклад чыноўнікам паказваў старшыня Савету міністраў Кебіч, выступаючы выключна па-расейску.

Тут я павінен адзначыць, што іншымі былі пазыцыі некаторых членаў ураду — віцэ-прэм’ера Міхаіла Дземчука, міністра інфармацыі Анатоля Бутэвіча, міністра культуры Яўгена Вайтовіча, міністра замежных спраў Пятра Краўчанкі — пры сваім партыйна-камуністычным мінулым, пры часам непрымальных для нас палітычных поглядах, гэтыя асобы сымпатызавалі нацыянальнаму Адраджэньню. Ва ўсялякім разе, рабілі яны значна больш, чым маглі б рабіць пры цалкам індыфэрэнтным стаўленьні да беларушчыны іх галоўнага патрона.

Хоць былі і прыемныя сюрпрызы там, дзе, здавалася, іх чакаць не даводзілася.

У газэце Міністэрства абароны «Во славу Родины» існавала сталая рубрыка ўрокаў беларускай мовы (кожная публікацыя займала амаль паласу), вяла іх Валянціна Раманцэвіч. Другі год выходзіла тэматычная гістарычная рубрыка «Паходня» з тэкстамі, якія зрабілі б гонар што «Літаратуры і мастацтву», што «Свабодзе», што «Навінам БНФ».

У рубрыцы «Знаёмыя незнаёмцы» газэта зьмяшчала інтэрвію зь дзеячамі нацыянальнай культуры і літаратуры. Пералічу загалоўкі: «Калі кожны заб’е “крыжака» ў сваім сэрцы, мы, можа, і прыйдзем да чалавечага жыцьця» (пісьменьнік Кастусь Тарасаў), «Мы павінны ведаць такую гісторыю, якой яна была, хай нават там былі і непрыемныя моманты» (археоляг Георгі Штыхаў), у іншым нумары — гутарка з Вольгай Іпатавай. Пра былых дысыдэнтаў і актывістаў дэмакратычнага руху — герояў сваёй кнігі «Іншадумцы», уганараванай Дзяржаўнай прэміяй Беларусі — распавёў Аляксандар Уліцёнак. На беларускай мове пісалі адказны сакратар газэты падпалкоўнік Сьвятаслаў Асіноўскі, капітан Аляксандар Карлюкевіч. Скажам, рэпартаж апошняга зь Першага зьезду беларусаў сьвету вызначаўся куды большай аб’ектыўнасьцю, чым у «Советской Белоруссии», падрабязна пераказваліся выступы Васіля Быкава ды іншых прамоўцаў, якія крытыкавалі ўрад і міністра абароны.

Падручнікі распавядаюць пра Курапаты і пра Гарэцкага

Цяпер, калі я пішу гэтую кнігу, афіцыйнай прапагандай сьвядома культывуецца адмоўнае стаўленьне да пачатку 1990-х гадоў — як да пэрыяду нібыта безуладзьдзя і галечы, калі толькі невялікая купка нацыянальнай інтэлігенцыі ды бізнэсоўцы радаваліся пераменам, а большасьць людзей ахапілі роспач і адсутнасьць пэрспэктывы. І толькі Лукашэнка адкрыў новыя гарызонты. Маўляў, быў «бардак» — стаў «парадак».

Добра адказаў на такія закіды тэатральны крытык, журналіст Вячаслаў Ракіцкі:

«Бачылі простыя людзі пэрспэктывы, чакалі пераменаў, верылі ў іх. З гэтай надзеяй выходзілі дзясяткі тысяч людзей на вуліцы і плошчы. Гэта для мяне, маёй мамы, маіх сяброў, калегаў, суседзяў былі шчасьлівыя і поўныя надзеяў гады. Мы радаваліся краху агіднай імпэрыі, краху чорнай ідэалёгіі камуністаў. Слова «бардак» датычна агулам 1990-я гадоў зьневажае мяне і асабіста.

На пачатку 90-х усё, што мы рабілі, было падпарадкавана лёгіцы пераменаў, незалежнасьці. Паступова нашы справы зьліваліся ў сыстэму. І ў палітыцы, і ў культуры. Пра культуру, да якой я меў дачыненьне. Была адмененая цэнзура. У Купалаўскім тэатры ішлі дзясяткі гадоў забароненыя «Тутэйшыя». Геніяльны быў спэктакль. На «Беларусьфільме» ўзьніклі самастойныя кінастудыі, вынікам — шэраг вельмі цікавых фільмаў. Беларуская рок-музыка знайшла сабе месца ў мастацкай прасторы.

Я быў галоўным рэдактарам першага незалежнага культурніцкага часопіса «Спадчына», у якім мы вярнулі сотні раней забароненых тэкстаў. З рэдакцыі я бег выкладаць у першы недзяржаўны Інстытут сучасных ведаў, паралельна набраў упершыню абсалютна беларускамоўны курс драматургаў ва Ўнівэрсытэце культуры. І на Плошчу пасьпяваў. Тое, што рабілася ў культурнай сфэры і вылівалася ў сыстэму, гэта найвялікшае ў гісторыі Беларусі нацыянальна-культурнае будаўніцтва.

А ўжо ў другой палове 1990-х новая ўлада, якая стала на калені перад Масквой, пачала разбураць зробленае. І дасягнула неўзабаве жахлівых посьпехаў. Каб выкарыстоўваць слова «бардак», прынамсі трэба расплюшчыць вочы, вывучыць найноўшую гісторыю. І не пляваць у чысты калодзеж, якім гэтая гісторыя і ёсьць».

Адзначэньне гадавіны бітвы пад Воршай, верасень 1993. Фота Ул. Кармілкіна
Адзначэньне гадавіны бітвы пад Воршай, верасень 1993. Фота Ул. Кармілкіна

Канкрэтызую словы Вячаслава Ракіцкага пра нацыянальна-культурнае будаўніцтва.

У адукацыі адбываўся сапраўдны нацыянальны прарыў — у вышэйшых навучальных установах не паўсюль, але пачалося выкладаньне па-беларуску. Беларускі гуманітарны ліцэй стаў экспэрымэнтальнай беларускамоўнай пляцоўкай для новых праграмаў, мэтодык і нават новых школьных прадметаў, якіх у краіне дагэтуль не выкладалі — гісторыі і культуры беларускай мовы, усясьветнай літаратуры.

У 1993 годзе падручнікі савецкага часу мяняліся на новыя.

У вучэбным дапаможніку «Беларусь — мая Радзіма», зацьверджаным Міністэрствам адукацыі Беларусі для сярэдняй школы, абвяшчэньне незалежнасьці БНР 25 сакавіка 1918 году падавалася як «акт вялікага гістарычнага значэньня», распавядалася пра рэпрэсіўны характар калектывізацыі і высылку тысяч беларускіх сялян у Сібір, пра зьнішчэньне нацыянальнай інтэлігенцыі, пра Курапаты — «фактычна такімі курапатамі была пакрытая ўся беларуская зямля». У разьдзеле, прысьвечаным сучаснасьці, казалася, што з 1991 году «над намі лунае спрадвечны бел-чырвона-белы нацыянальны сьцяг. А наша «Пагоня», якая парвала ланцугі камуністычнай тыраніі, зноў імчыць у пагоню за шчасьцем і воляй беларускага народа».

Менавіта ў 1993 годзе ўрочышча Курапаты — месца масавых расстрэлаў ахвяраў бальшавіцкіх рэпрэсій — было ўнесенае ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў.

У лютым маштабна былі адзначаныя 100-я ўгодкі Максіма Гарэцкага. У Менску ў тэатры імя Янкі Купалы прайшла ўрачыстая вечарына з удзелам старшыні Вярхоўнага Савету Станіслава Шушкевіча, намесьніка старшыні Саўміну Міхаіла Дзямчука, міністраў культуры і інфармацыі Яўгена Вайтовіча і Анатоля Бутэвіча. А на Магілёўшчыне, у Малой Багацькаўцы быў адкрыты музэй пісьменьніка, у Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі прайшлі юбілейныя літаратурныя чытаньні і ўрачыстае пасяджэньне, была адкрытая мэмарыяльная шыльда.ФОТА 39

Ва ўрачыстасьцях на Магілёўшчыне ўзялі ўдзел ня толькі пляменьнік пісьменьніка віцэ-прэзыдэнт Акадэміі навук Радзім Гарэцкі, літаратары Янка Брыль і Ніл Гілевіч, рэктар Горацкай акадэміі, але і віцэ-прэм’ер Міхаіл Дзямчук, намесьнік міністра культуры Ўладзімер Гілеп, кіраўнікі Мсьціслаўскага і Горацкага раёнаў, і нават кіраўнік Вяземскай раённай адміністрацыі (Расея).

Праз дваццаць гадоў уявіць такі дзяржаўны ўзровень і маштаб ушанаваньня памяці рэпрэсаванага беларускага літаратара будзе немагчыма, а дом у Горках, дзе жыў Гарэцкі (адзінае жытло пісьменьніка, якое яшчэ захавалася на тэрыторыі Беларусі), будзе зьнесены — мясцовае начальства рыхтавалася да правядзеньня «Дажынак» з удзелам Лукашэнкі, а дом замінаў дарозе да амфітэатру, дзе адбывалася «сьвята ўраджаю».

Вечарына ў Доме літаратара памяці Тодара Кляшторнага. Прамаўляе Ніл Гілевіч, за сталом - Аляксандар Лукашук, Анатоль Вярцінскі, Мая Кляшторная.
Вечарына ў Доме літаратара памяці Тодара Кляшторнага. Прамаўляе Ніл Гілевіч, за сталом - Аляксандар Лукашук, Анатоль Вярцінскі, Мая Кляшторная.

Айцы БНР, Купала і Геніюш

«Небагата, але шчасьліва і цікава» — так можна было б ахарактарызаваць нашае з жонкай жыцьцё ў 1993-м, і ня толькі таму, што былі маладыя.

Небагата — таму што я ўжо не працаваў на сталай пасадзе ў парлямэнцкай камісіі, і наш месячны сямейны бюджэт складаўся, калі не памыляюся, з 35–40 даляраў. Гэта сапраўды было няшмат. Неяк сябра прапанаваў перакласьці на беларускую інструкцыю для сокавыціскалкі фірмы Bosh. Працу трэба было зрабіць да раніцы, затое аплата — аж 20 даляраў! Усю ноч перакладалі, але пасьпелі.

А шчасьліва — вось якраз у тым ліку і таму, што замежныя фірмы, якія прыходзілі ў Беларусь, лічылі нормай зьвяртацца да людзей на беларускай мове, што з кожным днём беларускасьць пашыралася, і зваротнай дарогі, як нам здавалася, ня будзе.

І, канешне, гэта было цікава — новыя кнігі, новыя спэктаклі, новыя выставы.

Але тут я хачу зрабіць адно прызнаньне.

У пачатку 1990-х я не чытаў «Нашу Ніву», не чытаў кнігі аўтараў, якія раней былі забароненыя, і творы, якія выходзілі. І зусім не таму, што «Наша Ніва» была нявартым выданьнем — вельмі вартым. І аўтары, якія падпісвалі мне кнігі, справядліва лічацца клясыкамі беларускай літаратуры.

У той час, здаецца, я не прачытаў ніводнага твора мастацкай літаратуры.

Хоць да гэтага і пасьля — чытаў і чытаю шмат.

Тады я не чытаў нічога іншага, што не было непасрэдна зьвязана з актуальнай палітыкай.

Бо ўсе сілы гэтай палітыцы аддаваў.

Гэта ня значыць, што паміж сэсіямі парлямэнту, пасяджэньнямі апазыцыі, сустрэчамі з выбаршчыкамі і мітынгамі зусім не было вольнага часу — ён быў, канешне. Але я пераключаўся не на літаратуру. Бо чытаньне ці перачытваньне сурʼёзнай мастацкай літаратуры для мяне — гэта таксама праца, якая, даючы асалоду, адначасна забірае ўсяго, нават калі гэта творы, якія я ведаю на памяць.

Калі адзін знаёмы скрывіўся ва ўхмылцы пасьля такога майго прызнаньня, я сказаў, што калі б шмат чытаў — мяне трэба было б судзіць народным трыбуналам і пакараць найвышэйшай мерай. Бо тады б ужо не засталося сілаў на палітыку — на тое, у чым палягала мая і маіх калегаў па апазыцыі галоўная на той час місія.

А чытаць у 1993 годзе было што.

Часопіс «Спадчына», дзе фармальным рэдактарам быў Іван Чыгрынаў, але рэй вялі Вячаслаў Ракіцкі (пазьней ён заняў пасаду галоўнага рэдактара), Кастусь Тарасаў і Вінцук Вячорка, вяртаў у масавую сьвядомасьць дзясяткі імёнаў, падзеяў і тэкстаў, ключавых для беларускай гісторыі і сьветапогляду, але забароненых цягам дзесяцігодзьдзяў.

У 1993-м на старонках «Спадчыны» зьявіліся публіцыстыка Антона Луцкевіча (у рубрыцы «Вяртаецца да чытача» — зрэшты, амаль усё ў часопісе вярталася да чытача), п’еса «Рагнеда» Пётры Крачэўскага, эпісталярый Сымона Рак-Міхайлоўскага (гэта ў сакавіцкім нумары, да 75-х угодкаў БНР), тэксты Вацлава Ластоўскага, цягам году друкаваліся фрагмэнты кнігі Сагановіча «Невядомая вайна» (1654–1657), Юзафа Вольфа «Князі на абшарах Вялікага Княства Літоўскага ад канца XIV ст.» і Вацлава Пануцэвіча «Кс. Вінцэсь Гадлеўскі», публікаваліся дасьледаваньні Анатоля Грыцкевіча, Валянціна Голубева. Наклад часопіса (дзяржаўнае выданьне!) быў амаль 9 тысяч асобнікаў.

У 1993-м у кніжных вокладках працягвалі выходзіць тэксты, якія ў дзяржаўных выдавецтвах не друкаваліся дзесяцігодзьдзямі. Назаву некалькі.

Першае — зборнік вершаў і артыкулаў Янкі Купалы «Жыве Беларусь», кніга, якую, паводле прадмовы ўкладальніка Вячаслава Рагойшы, «яшчэ гадоў пяць-шэсьць таму выдаць было немагчыма. Дастаткова сказаць, што некаторыя творы, якія друкуюцца тут, нават у энцыкляпэдычным даведніку «Янка Купала» (1986) ня згадваліся зусім».

І другое — надрукаваныя, як і купалаўскі зборнік, у выдавецтве «Мастацкая літаратура» ўспаміны Ларысы Геніюш «Споведзь», у якіх яна, сярод іншага, прыгадвае драматычныя эпізоды перадачы паўнамоцтваў сьмяротна хворым старшынём Рады БНР Васілём Захаркам у Празе, арышт і перасылку ў СССР, допыт у кабінэце Цанавы з патрабаваньнем аддаць архіў БНР, зьдзекі сьледчых і гады ў ГУЛАГу.

А ў выдавецтве «Ўнівэрсытэцкае» выйшла «Кароткая гісторыя Беларусі» Вацлава Ластоўскага.

У 1993-м беларусы замежжа вярталіся на Бацькаўшчыну ня толькі ў якасьці дэлегатаў Першага зьезду беларусаў сьвету, але і як аўтары кніг — у выдавецтве «Беларусь» у перакладзе з ангельскай выйшла кніга Вітаўта Кіпеля «Беларусы ў ЗША». «У тэксьце кнігі выкарыстаны правапісны варыянт беларускае мовы, які ўжываецца ў друкаваных выданьнях беларусаў паваеннае хвалі эміграцыі», — патлумачыў перакладчык Сяргей Шупа ўжываньне «тарашкевіцы», і гэта, напэўна, было першае, за дзесяцігодзьдзі, выданьне на «данаркамаўскім» правапісе такім салідным накладам у дзяржаўным беларускім выдавецтве.

У дзяржаўным выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшлі 3-ці і 4-ты тамы Збору твораў Васіля Быкава, з «Круглянскім мастом» і «Мёртвым не баліць», быў падрыхтаваны да друку том з быкаўскай публіцыстыкай — у тым ліку прадмовамі да кнігі Аляксандра Лукашука «Зьдзек» і Зянона Пазьняка «Сапраўднае аблічча», да артыкулу Пазьняка і Шмыгалёва «Курапаты — дарога сьмерці», выступамі на першым і другім зьездах БНФ. Том будзе здадзены ў набор у жніўні 1993-га — ужо праз год вышэйназваныя тэксты наўрад ці былі б уключаныя дзяржаўным выдавецтвам. Увогуле, у 1993-м былі здадзеныя ў набор шмат якія надрукаваныя ў наступным, 1994-м годзе, кнігі — аўтары і рэдактары якіх, як гаворыцца, пасьпелі «ўскочыць у апошні вагон».

У выдавецтве «Беларусь» працягвалася сэрыя «Плошча Свабоды» — выйшлі зборнікі публіцыстыкі Ніла Гілевіча і Сяргея Законьнікава, у якіх аўтары востра гаварылі пра лёс нацыі і беларускай мовы.

Канкурэнцыю дзяржаўным складалі прыватныя, незалежныя выдаўцы. Так, у выдавецкім цэнтры «Бацькаўшчына» выйшаў зборнік эсэ Ўладзімера Арлова «Мой радавод да пятага калена», у якім было зьмешчана цяпер ужо культавае эсэ «Незалежнасьць — гэта…» («… Незалежнасьць — гэта калі ад нараджэньня да скону пачуваесься сваім чалавекам на сваёй зямлі. Я веру, што калі-небудзь так будзе. Бо іначай проста ня варта жыць»). Магчыма, твор, які даў назоў зборніку — «Мой радавод…», сам Арлоў не адносіць да ліку сваіх найлепшых — але гэта адзін з маіх любімых ягоных тэкстаў.

Космас маладых літаратараў

Цяпер ужо не ўзгадаю, хто з аднакурсьнікаў — ці Сяргей Дубавец, ці Ігар Гермянчук — прывёў мяне на зборку «Майстроўні» ў пачатку 80-х гадоў. Хадзіў я туды два ці тры разы, потым перастаў: нічога цікавага. Сьпяваюць песьні, нейкія фальклёрныя сьвяты ладзяць, ну дык падобнага я наглядзеўся, калі на студэнцкай практыцы ў аддзеле культуры абласной газэты пісаў пра калгасныя клюбы. «Ты, дзядзька, не разумееш, гэта ж — іншае», — запаліў сваю трыццаць пятую за дзень цыгарэту Дубавец, але прымушаць мяне ня стаў.

Пра тое, што гэта сапраўды было нешта зусім іншае і што пасьля сьпеўных вечарынаў невялікая група пасьвечаных стварала — хай пакуль што ў марах — правобраз незалежнай Беларусі, я тады ня ведаў.

«Майстроўня», хоць узьнікла яна самастойна і незалежна, працягвала незалежніцкую традыцыю суполкі «На паддашку» Яўгена Куліка і Зянона Пазьняка, а потым перадала эстафэту моладзевым ды культурніцкім суполкам — «Тутэйшым», «Талацэ». «Узгорʼю», «Паходні» — і такім чынам гэтая эстафэта ідэі беларускай незалежнасьці дайшла да ўтварэньня Беларускага Народнага Фронту і была пераможна рэалізаваная 25 жніўня 1991 году.

Гэта сапраўды была перамога, і шмат каму здавалася, што канчатковая. У тым сэнсе, што пры ўсіх складанасьцях з дэмакратыяй, з эканамічнымі рэформамі, рэформы і дэмакратыя будуць прабіваць сабе дарогу, а незалежнасьць — тым больш незваротная.

Думаў так і я. Гісторыю нельга павярнуць назад — гэта была папулярная фраза ў той час. І многія з творчых людзей сышлі з палітыкі, пакінуўшы яе тым, хто згодны быў ёй займацца. Сярод іх быў і Сяргей Дубавец, які вярнуўся ў літаратуру і аднавіў у Вільні выхад «Нашай Нівы».

Маладое пакаленьне літаратараў — тыя, хто ўваходзіў у «Тутэйшыя», ці нават яшчэ ў «Майстроўню» — перайшло ад грамадзкай дзейнасьці да «чыстай літаратуры», і ў гэтым сэнсе прыкладам ці нават своеасаблівым маніфэстам можа быць інтэрвію таго самага Сяргея Дубаўца, зь якога прывяду такі фрагмэнт:

«Літаратура адначасова была палітыкай; палітыка вельмі часта пераходзіла ў літаратуру. І тое, і другое было неакрэсьлена. Але цяпер, калі беларуская дзяржаўная палітыка набывае акрэсьленасьць і самастойнасьць, і нацыянальная мара такім чынам ператвараецца ў рэальнасьць — а тое для мары пэўная «сьмерць» — для беларушчыны ёсьць выйсьце ў Космас, на касмапалітычны ўзровень. Беларушчына — стартавая пляцоўка, зь якой мы выходзім у сьвет творчасьці. У ёй мы набываем сьветапогляд, набываем галоўнае дзеля творчасьці — мову, каторая ёсьць мысьленьне, і з тым выходзім у Космас, дзе наша мара і мае быць» («Літаратура і мастацтва», 5 лістапада 1993).

Пазьней Сяргей Дубавец адчуе, што зарана было разьвітвацца з палітыкай, напіша не адзін дзясятак тэкстаў з самых актуальных, злабадзённых нагодаў, але тады, у 1993-м, сапраўды здавалася, што лёс мары вырашаецца недзе ў Космасе, а не ў Авальнай залі і не плошчах ды выбарчых участках, што літаратарам ужо ня трэба займацца палітыкай і, як бы там ні было, а нацыянальная ідэя будзе толькі замацоўвацца — як і сама Незалежнасьць.

Беларуская літаратура сапраўды выходзіла ў Космас — але і сусьветная літаратура рабілася здабыткам чытача. І калі Ўладзімер Арлоў у інтэрвію таму самаму «ЛіМу» цытаваў згадку пра Менск у рамане Генрыха Мілера «Тропік Рака», дык мусіў нагадваць, што ў СССР раман быў забаронены. У пачатку 90-х творы сусьветных клясыкаў загучалі па-беларуску.

У Менску ладзілі выставы мастакі суполкі «Пагоня» з творамі Генадзя Драздова, Яўгена Куліка, Міколы Купавы, Аляксея Марачкіна, Віктара Маркаўца, Сержука Цімохава, Льва Талбузіна, Яўгена Шатохіна. У Магілёве ўпершыню прайшоў міжнародны фэстываль духоўнай музыкі «Магутны Божа».

Мастак Аляксей Марачкін ля партрэту Зянона Пазьняка, 1993. Фота Ул. Кармілкіна
Мастак Аляксей Марачкін ля партрэту Зянона Пазьняка, 1993. Фота Ул. Кармілкіна

Захоўваючы традыцыі нацыянальнай згоды

Асаблівасьць нацыянальнага Адраджэньня пачатку 1990-х у тым, што яно адбывалася пры ўважлівым стаўленьні да правоў нацыянальных меншасьцяў, з павагай да іх часам няпростай і трагічнай гісторыі.

Перада мной — зварот групы дэпутатаў Вярхоўнага Савету «Захавайма добрыя традыцыі».

Подпісы дэпутатаў пад заявай супраць зьнішчэньня яўрэйскіх могілак. З архіву Сяргея Навумчыка
Подпісы дэпутатаў пад заявай супраць зьнішчэньня яўрэйскіх могілак. З архіву Сяргея Навумчыка

«Нядаўна невядомымі асобамі быў учынены акт вандалізму на яўрэйскіх могілках у Барысаве, — нагадвалі аўтары звароту. — Раней падобныя выпадкі, на жаль, мелі месца ў Ельску, Рэчыцы, Воршы, Бабруйску. Нічога, апроч абурэньня, усё гэта ня можа выклікаць у нас, народных дэпутатаў Беларусі — людзей, якім добра вядомыя палітычныя і маральна-псыхалягічныя наступствы такіх падзей.

Наша родная зямля — Рэспубліка Беларусь — традыцыйна была добрай Бацькаўшчынай ня толькі для беларусаў, але і для прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў, якія зьвязалі зь ёй свой лёс. Беларусы ў сваёй агромністай большасьці заўсёды вызначаліся талерантнасьцю і гасьціннасьцю ў дачыненьні да рускіх, палякаў, яўрэяў, літоўцаў, татар… У цяжкія гады фашысцкай акупацыі нашыя дзяды і бацькі ня раз ратавалі яўрэйскіх жанчын і дзяцей ад немінучай пагібелі.

Дарагія суродзічы! Давайце зробім усё, каб захаваць добрыя традыцыі нацыянальнай згоды ў нашым агульным доме — Беларусі. Не дамо невукам і авантурыстам разьдзьмуць у нас полымя канфліктаў!»

Гэты зварот падпісалі народныя дэпутаты Рэспублікі Беларусь Лявон Баршчэўскі (ён і быў аўтарам тэксту), Пётра Садоўскі, Алег Трусаў, Сяргей Навумчык, Зянон Пазьняк, Яўген Глушкевіч і Віктар Радамысльскі (гераманах Віталій).

З нацыянальным адраджэньнем было зьвязанае і адраджэньне ў Беларусі ўніяцкай царквы. У 1993 годзе ўжо працаваў Закон аб свабодзе веравызнаньняў, да стварэньня якога аўтар гэтых радкоў меў непасрэднае дачыненьне, уніяцкая царква атрымала магчымасьць засноўваць свае парафіі. Гісторык Сяргей Абламейка прыгадвае, што ў той год ён падрыхтаваў не адзін статут для рэгістрацыі такіх парафіяў.

Вялікі артыкул віцебскага краязнаўцы Міхася Паўлава «Пакутніцкі крыж айца Ясафата», прысьвечаны лёсу Ясафата Кунцэвіча, быў надрукаваны ў «ЛіМе» — аўтар пісаў, што «даўно пара асэнсаваць Унію з іншых (не прарасейскіх — С. Н.) пазыцый, убачыць, што дала яна справе незалежнасьці Вялікага Княства Літоўскага, суседам і гістарычным супернікам якога была Масковія, што набірала моц і была гатовая «бараніць» інтарэсы праваслаўя ў Беларусі (і Ўкраіне) нават цаною зьнішчэньня беларускай дзяржаўнасьці і беларускага народа» («Літаратура і мастацтва», 10 верасьня 1993).

Неўзабаве ў Беларусі зьявяцца дзясяткі ўніяцкіх парафіяў — але на момант, калі я пішу гэтыя радкі, уніяцкая царква як адзіная агульнанацыянальная рэлігійная арганізацыя застаецца незарэгістраванай. Ёй ня вернуты ніводзін храм і ніводзін новы храм пабудаваць не дазволена, і вернікі моляцца ў розных прыстасаваных памяшканьнях.

Заслугі энтузыястаў і аматараў

Калі аналізуеш здабыткі 1993-га на ніве нацыянальнага Адраджэньня, прыходзіш да высновы, што яны — хутчэй не заслуга дзяржаўнага апарату (як мусіла б быць), а вынік высілкаў нацыянальнай інтэлігенцыі.

Пацьверджаньнем гэтага зьяўляецца статыстычны аналіз дынамікі пэрыядычных выданьняў, праведзены ў лябараторыі этнічнай геаграфіі Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту і апублікаваны ў кастрычніку 1993-га: «Калі ў 1990 г. колькасьць беларускамоўных газэт перавышала колькасьць расейскамоўных (132 і 88), дык ужо ў 1992 г. дынаміка зьмяняецца на карысьць расейскамоўнай пэрыёдыкі (163 газэты на расейскай мове і 157 газэт на беларускай). Падобнае назіраецца і ў адносінах часопісаў. Калі ў 1990 г. выходзіла 22 часопісы на беларускай мове і 16 на расейскай, дык у 1992 г. расейскамоўных часопісаў ужо выходзіць 50, а беларускамоўных усяго толькі 30».

«Беларуская дзяржава па-ранейшаму, на жаль, не зацікаўленая ні ў чым беларускім, — адкамэнтаваў гэтыя лічбы тыднёвік «Літаратура і мастацтва» (29 кастрычніка 1993). — Нават абвяшчэньне незалежнасьці мала што зьмяніла ў стаўленьні дзяржаўных інстытутаў да мовы, культуры, традыцый карэннай нацыянальнасьці… Па ўсім відно: а) што энтузіязм і аматарства вычарпалі свае магчымасьці ў справе нацыянальнага адраджэньня; б) што бяз новых выбараў і новай улады нам не абысьціся».

Выбары — прэзыдэнцкія — адбудуцца ў наступным годзе, але «новая» ўлада перакрэсьліць шмат што са зробленага «энтузіястамі і аматарамі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG