Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якая незалежнасьць патрэбна афіцыйнаму Менску


Уладзімер Макей падчас выступу на 73-й сэсіі Генэральнай асамблеі ААН
Уладзімер Макей падчас выступу на 73-й сэсіі Генэральнай асамблеі ААН

Кіраўніцтва Беларусі імкнецца вызваліцца ад міжнародных нормаў і стандартаў паводзін.

Выступ міністра замежных справаў Беларусі Ўладзімера Макея на 73-й сэсіі Генэральнай асамблеі ААН 1 кастрычніка цікавы не выкладаньнем асноўных кірункаў замежнай палітыкі Беларусі. Якраз у гэтым пляне усё было звыкла і банальна. Таксама мала зачапілі добрыя пажаданьні міністра «забясьпечыць справядлівую глябалізацыю, у якой не было б тых, хто прайграў, выкараніць галечу, захаваць плянэту для будучых пакаленьняў», падтрымліваць устойлівае разьвіцьцё і г. д. То бок гэта такая прыгожая ідэалістычна-утапічная мадэль сьвету, у якой пануюць вечны мір і шчасьце і якая мае мала дачыненьня да суровай рэальнасьці.

Больш цікава іншае. У выступе Ўладзімера Макея некалькімі штрыхамі выкладзены філязофскі канструкт замежнай палітыкі цяперашняй Беларусі, уяўленьні афіцыйнага Менску аб ідэальных правілах функцыянаваньня сыстэмы міжнародных адносін пад эгідай ААН. Калі казаць яшчэ больш канкрэтна, то міністар сфармуляваў разуменьне беларускім палітычным кіраўніцтвам дзяржаўнай незалежнасьці.

Галоўная тэза Ўладзімера Макея гучыць так: «Агульныя каштоўнасьці ня могуць быць сфармаваныя праз прымус да дэмакратыі, гвалтоўныя дзеяньні для падрыву легітымных уладаў».

Спасылаючыся на дакумэнты ААН і міжнароднае права, міністар даводзіць:

«Гаворка ідзе, з аднаго боку, аб свабодзе дзяржаваў абіраць уласную форму палітычнага праўленьня, свой шлях і прыярытэты разьвіцьця, з другога — аб неўмяшаньні дзяржаваў ва ўнутраныя справы адзін аднаго».

Уладзімер Макей са шкадаваньнем заўважыў, што палітыка санкцыяў, ізаляцыі ў дачыненьні да так званых непажаданых рэжымаў трывала ўвайшла ў замежнапалітычны арсэнал асобных дзяржаваў.

«Усе мы ёсьць сьведкамі шматгадовай палітыкі эканамічнай, гандлёвай і фінансавай блякады супраць свабодалюбівай Кубы», — адзначыў Макей.

Вельмі адметна, што ідэал, узор свабодалюбства міністар знайшоў на Кубе, дзе амаль 60-гадовае панаваньне дыктатарскага рэжыму Кастра давяло краіну да суцэльнай галечы. Добра яшчэ, што ў якасьці прыкладу найбольш свабоднай краіны Макей не прывёў Паўночную Карэю.

Зьвярніце ўвагу: міністар кажа не пра пагрозу незалежнасьці Беларусі з боку Расеі. Калі перакласьці гэтую мудрагелістую тыраду на простую мову, зьняць з яе дыпляматычны флёр, то галоўная ідэя беларускага міністра гучыць так: міжнародная супольнасьць не павінна перашкаджаць дыктатарскім рэжымам рабіць са сваімі народамі ўсё, што яны хочуць.

Дарэчы, міжнароднае права, на якое спасылаецца Макей, якраз дазваляе міжнароднай супольнасьці ўмешвацца ва ўнутраныя справы дзяржаваў, якія парушаюць правы чалавека, у крайніх выпадках нават ажыцьцяўляць «гуманітарную інтэрвэнцыю», каб выратаваць народ ад генацыду.

Аднак кіраўнік беларускага МЗС зноў і зноў вяртаецца да гэтага пытаньня. Відаць, яно моцна баліць.

«Абсалютна перакананы ў тым, што толькі моцная дзяржава можа гарантаваць бясьпеку і дабрабыт свайго насельніцтва. Мяркуем, што людзі, якія жывуць у тых месцах, дзе цьвёрдай улады няма, пацьвердзяць такую ісьціну больш, чым хто-небудзь іншы», — сказаў міністар.

То бок афіцыйны Менск імкнецца навязаць сьвету ідэю «моцнай дзяржавы», «цьвёрдай улады», «моцнай рукі» замест дэмакратыі ў якасьці унівэрсальнага правіла. І адначасова вызваліцца ад усякіх вонкавых рэгулятараў, абмежаваньняў, кантролю на міжнароднай арэне. Умацаваньне незалежнасьці Беларусі трактуецца кіраўніцтвам краіны як незалежнасьць ад міжнародных нормаў і стандартаў паводзін, непадкантрольнасць і непадсправаздачнасьць міжнародным інстытутам дзеяньняў беларускіх уладаў. У гэтым сэнсе самая незалежная краіна ў сьвеце — акурат Паўночная Карэя.

5 верасьня Аляксандар Лукашэнка абмяркоўваў з Уладзімерам Макеем пытаньне ўступленьня Беларусі ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю (СГА). Пасьля чаго міністар замежных справаў заявіў, што дзяржава ня будзе сьпяшацца далучыцца да гэтай структуры. На мой погляд, прычына зразумелая. Бо сяброўства ў арганізацыі накладае пэўныя абмежаваньні на эканамічную палітыку дзяржавы. У выніку Беларусь — адзіная ўдзельніца ЭАЭС, якая не далучылася да СГА, у якую, дарэчы, уваходзяць 164 краіны.

Таксама Беларусь — адзіная эўрапейская дзяржава, якая не ўваходзіць у Раду Эўропы. Бо сяброўства ў гэтай арганізацыі прадугледжвае выкананьне пэўных правілаў і стандартаў у сфэры дэмакратыі і правоў чалавека. Як вядома, беларускія ўлады ігнаруюць высновы і рэкамэндацыі Камітэту правоў чалавека ААН, не прызнаюць статус спэцыяльнага дакладчыка ААН аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Недарэмна кажуць, што замежная палітыка ёсьць працягам палітыкі ўнутранай.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG