Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвінавачаньні ў сэксуальным гвалце выстаўленыя супраць кандыдата ў члены Вярхоўнага суду ЗША


Брэт Кавана.
Брэт Кавана.

У наступныя дні сусьветныя мэдыі будуць шырока абмяркоўваць абвінавачаньні ў сэксуальным гвалце, выстаўленыя супраць кандыдата ў члены Вярхоўнага суду ЗША Брэта Каваны.

Цяпер у ЗША ідзе бурлівы працэс абмеркаваньня кандыдатуры Каваны, якога ў судзьдзі Вярхоўнага суду прапанаваў прэзыдэнт Дональд Трамп. Нядаўна працэс гэтага абмеркаваньня зазнаў сапраўдны землятрус, калі супраць Каваны выставілі абвінавачаньне ў сэксуальным гвалце адносна 15-гадовай дзяўчыны ў часы, калі ён быў падлеткам.

Але сама магчымасьць, што кандыдат можа быць адхілены, у ЗША нікога не зьдзіўляе. З часу стварэньня Вярхоўнага суду ў 1789 годзе каля чвэрці ўсіх кандыдатаў былі адхіленыя. Вось некаторыя гучныя спрэчныя выпадкі.

Робэрт Борк — ідэалягічныя падставы

Судзьдзя Робэрт Борк быў намінаваны ў Вярхоўны суд прэзыдэнтам Рональдам Рэйганам у 1987 годзе і стаў адным зь першых кандыдатаў, адхіленых паводле ідэалягічных матываў.

Супраць Борка выступіў уплывовы сэнатар Тэд Кэнэдзі, які сказаў што Борк марыць пра Амэрыку, дзе жанчыны будуць вымушаныя падпольна рабіць аборты, чарнаскурыя па-ранейшаму будуць адчуваць сэгрэгацыю, а паліцыянты будуць мець права ўломвацца ў дамы падчас начных рэйдаў.

Таксама Борка абвінавачвалі ў тым, што ён на загад прэзыдэнта Рычарда Ніксана звольніў спэцыяльнага пракурора, які расьсьледаваў Уотэргейцкі скандал.

У выніку Сэнат, які тады быў пад кантролем дэмакратаў, адхіліў Борка 58 галасамі супраць 42.

Дуглас Говард Гінзбэрг — курэньне марыхуаны

Гінзбэрга Рональд Рэйган намінаваў у кастрычніку 1987 году замест адхіленага Робэрта Борка. У 1983-86 гадах Гінзбэрг працаваў у адміністрацыі Рэйгана на розных пасадах.

Прызначэньне Гінзбэрга было сарванае пасьля таго, як СМІ апублікавалі інфармацыю, што ён курыў марыхуану ў 1960-я гады падчас студэнцтва і ў 1970-я гады, калі быў выкладчыкам Гарвардзкага ўнівэрсытэту.

У выніку Гінзбэрг зьняў сваю кандыдатуру, вызваліўшы шлях у Вярхоўны суд для судзьдзі Энтані Кэнэдзі.

Кларэнс Томас — сэксуальныя абвінавачаньні

Судзьдзя Кларэнс Томас быў намінаваны ў Вярхоўны суд прэзыдэнтам Джорджам Бушам замест першага чарнаскурага судзьдзі Таргута Маршала.

Гэтая намінацыя аказалася пад пагрозай пасьля ўцечкі інфармацыі з ФБР аб тым, што адна з былых супрацоўніц Кларэнса Томаса абвінаваціла яго ў сэксуальных дамаганьнях.

Томас, у адрозьненьне ад Борка, падчас абмеркаваньня яго кандыдатуры не раскрываў сваіх палітычных поглядаў, таму быў ухвалены Сэнатам 52 галасамі супраць 48 і стаў другім чарнаскурым судзьдзём Вярхоўнага суду ЗША.

Гаральд Корсуэл — расавая сэгрэгацыя

Гаральда Корсуэла намінаваў у Вярхоўны суд прэзыдэнт Ніксан у 1969 годзе. Але праваабаронцы высьветлілі, што Корсуэл ў 1940-я гады падтрымліваў расавую сэгрэгацыю і, як фэдэральны судзьдзя, меў дрэнную рэпутацыю ў справах па абароне грамадзянскіх правоў.

Корсуэл быў забалятаваны ў Сэнаце 51 голасам супраць 45.

Гэрыэт Алан Маерс

Прэзыдэнт Буш намінаваў сваю галоўную памочніцу ў юрыдычных пытаньнях Гэрыэт Маерс у Вярхоўны суд у 2005 годзе замест сышоўшай судзьдзі Сандры О’Конар.

Супраць Маер выступілі як дэмакраты, так і рэспубліканцы. Па-першае, яна ніколі не была судзьдзёй, і па-другое, паказала нізкае разуменьне юрыдычных нюансаў амэрыканскай канстытуцыі.

Падчас слуханьняў э Сэнаце Маерс не змагла або адмовілася задавальняюча адказаць на пытаньні аб канстытуцыйных паняцьцях. Пасьля гэтага старшыня Сэнату ЗША назваў яе адказы «неадэкватнымі», «недастатковымі» і «абразьлівымі».

Усяго праз восем дзён пасьля намінацыі Белы Дом абвясьціў, Маерс папрасіла прэзыдэнта зьняць яе кандыдатуру і што Букш з гэтым «неахвотна згадзіўся».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG