Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад пагрозай чарговы будынак зь Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў


Будынак былога дзіцячага шпіталя ў Менску
Будынак былога дзіцячага шпіталя ў Менску

Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры накіравала зварот у Генэральную пракуратуру з просьбай даць юрыдычную ацэнку даручэньню Савету міністраў.

Даручэньне прадпісвае Міністэрству культуры разгледзець пытаньне аб пазбаўленьні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці былога абласнога дзіцячага шпіталя 1930-х гадоў па вуліцы Петруся Броўкі, 5 у Менску (будынак унесены ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 713Г000015).

«Можа паўтарыцца сцэнар зь менскай электрастанцыяй»

Першым зьвярнуў увагу на праблему гісторык, гарадзкі актывіст Павал Каралёў. На яго перакананьне, рыхтуецца «зачыстка» чарговага адрасу пад патрэбы інвэстара.

Гісторык Павал Каралёў
Гісторык Павал Каралёў

«Рыхтуецца новая ахвяра гісторыка-культурнай спадчыны, — лічыць ён. — Вялікая верагоднасьць, што са сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў прыбяруць будынак былога дзіцячага абласнога шпіталя на вуліцы Броўкі, 5. Гэта будынак 1930-х гадоў са сваім адметным стылем. Ад 2004-га ён пустуе, і цяпер пад маркай таго, што ён у кепскім стане, яго плянуюць вывесьці зь Дзяржаўнага сьпісу, а на вызваленым месцы ўзьвесьці жылы дом. Што здарылася зь першай электрастанцыяй, мы ведаем. Сцэнар можа паўтарыцца».

У Міністэрстве культуры інфармацыю не камэнтуюць, але, паводле наяўных зьвестак, міністар культуры Юры Бондар ужо даручыў Беларускай рэспубліканскай навукова-мэтадычнай радзе ў пытаньнях гісторыка-культурнай спадчыны даць станоўчы адказ на ўрадавую прапанову.

Антон Астаповіч
Антон Астаповіч

Як адзначае старшыня таварыства Антон Астаповіч, у адпаведнасьці з Кодэксам аб культуры Рэспублікі Беларусь, матэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасьць можа быць пазбаўлена свайго статусу ў выпадку яе «фізычнай страты або страты ёй адметных духоўных, мастацкіх і дакумэнтальных вартасьцяў, у тым ліку ў выніку ўзьдзеяньня фактараў прыроднага або антрапагеннага паходжаньня». Рашэньне аб немагчымасьці аднаўленьня прымаецца радай.

«Прыкметы парушэньня антыкарупцыйнага заканадаўства»

На перакананьне Антона Астаповіча, калі будынак колішняга шпіталя першай паловы ХХ стагодзьдзя будзе пазбаўлены статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці, гэта парушыць ня толькі шэраг артыкулаў Кодэксу аб культуры, але будзе мець прыкметы парушэньня артыкула 25 закону «Аб барацьбе з карупцыяй». Гэты артыкул прадугледжвае, што правапарушэньнямі, якія ствараюць умовы для карупцыі, сярод іншага лічыцца ўмяшаньне службовай асобы ў дзейнасьць дзяржаўных органаў і арганізацый, калі гэта не ўваходзіць у кола яе паўнамоцтваў.

Будынак былога дзіцячага шпіталя
Будынак былога дзіцячага шпіталя

Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры просіць Генпракуратуру правесьці праверку выкладзенай інфармацыі і ў выпадку пацьвярджэньня фактаў прыняць меры, каб не дапусьціць пазбаўленьня будынку былога абласнога дзіцячага шпіталя, унесенага ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці.

Таксама таварыства патрабуе прыняць меры пракурорскага рэагаваньня ў дачыненьні да ўтрымальнікаў будынка і ўпаўнаважаных у сфэры аховы гісторыка-культурнай спадчыны супрацоўнікаў Менгарвыканкаму і адміністрацыі Першамайскага раёну Менску, якія не прымаюць меры, каб забясьпечыць захаванасьць згаданай гісторыка-культурнай каштоўнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG