Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Крышталь»: кіно пра 90-я, а быццам бы і пра наш час


Сцэна з фільму «Крышталь»
Сцэна з фільму «Крышталь»

Усё зьмяшалася ў гэтым фільме: блакітнае і чырвонае, правінцыя і горад, Беларусь і Амэрыка, «Песьняры» і Marshall Jefferson, негламурная рэальнасьць і крыштальныя мары. Здаецца, 90-я, а быццам бы і нашы дні.

Апроч інфармацыйнага шуму тут ёсьць нешта яшчэ

«Крышталь» рэжысэркі Дар’і Жук стаў падзеяй яшчэ да старту пракату: нетыповы для кволай беларускай кінаіндустрыі ўзровень увагі, чаканьня, пэўнага ажыятажу, у тым ліку дзякуючы гісторыі пра вылучэньне на «Оскар» ад Беларусі, дасягнуў умоўнага максымуму. Пасьля прэм’еры на Міжнародным кінафэстывалі ў Карлавых Варах, Гран-пры Адэскага міжнароднага кінафэстывалю, захопленых рэцэнзій замежнай прэсы, фільм нарэшце можа ўбачыць і беларускі глядач. Аказалася, апроч інфармацыйнага шуму тут ёсьць нешта яшчэ — пэрыяд, які надзвычай рэдка рэфлексуецца ў нашым кіно, хоць, безумоўна, вызначае нас сёньняшніх.

Карціна пра 90-я, якая зьмясьціла ў сабе камэдыю, драму, карыкатуру, гісторыю сталеньня, у пераносным сэнсе роўд-муві, настальгію (не па мінулым, а па самому сабе), і праўда адгукаецца ў цяперашнім часе. Ці то праз уплеценыя адсылкі да актуальных зьяваў, ці то таму, што за дваццаць гадоў мы недалёка адышлі.

Галоўная гераіня дадае падробленую даведку

Маладая дзяўчына Вэля дыджэіць у клюбе сярод бюстаў Леніна і марыць зьехаць у свабодную Амэрыку. Каб яе заяўка на візу выглядала больш пераканаўчай, галоўная гераіня дадае падробленую даведку, згодна зь якой яна працуе на крыштальным заводзе і атрымлівае шэсьцьсот долараў на месяц. У консульстве абяцаюць патэлефанаваць на працу, а Вэля тэрмінова шукае ўладальнікаў названага ёй нумара і аказваецца ў пасёлку Крыштальны, у звычайнай сям’і, якая рыхтуецца да вясельля старэйшага сына Сьцяпана.

Пасёлак становіцца месцам, якое вырабляе чыстую, узьнёслую, дасканалую «мару» (яна зноў зьвязваецца з замежжам: тут выхваляюцца, што прадукцыя Крыштальнага заводу пастаўляецца на экспарт, а гэта паралеліцца з жаданьнем Вэлі эміграваць), але ў той жа час груба тыкае ў рэальнасьць. Па сэнсе, здаецца, вельмі груба, хоць усю драматычнасьць падзеньня ў простую, непрышпільную і нават жорсткую беларускую рэчаіснасьць давядзецца «даціскаць» самім. Фільм так асьцярожнічае з пачуцьцямі гледачоў і небясьпечна моцна кіруецца балянсам эмоцый, што ўсе непрыемнасьці перакрываюцца хохмамі, лайтовым фонам і неабгрунтаванымі надзеямі. Што вельмі прадбачліва: зьнімі рэжысэрка, якая даўно жыве не ў Беларусі, а ў ЗША, чарнушны фільм пра радзіму без аніякай эмацыянальнай рэтушы, выявіліся б абвінавачваньні, як у бок Сяргея Лазьніцы, які не жыве ў Расіі, але зьняў бескампрамісную «Пакорлівую».

Мова карціны і яе сутнасьць аказаліся ў пэўным канфлікце

У выніку праз аўтарскую асьцярожнасьць фільм моцна страціў і пакінуў гледачу шмат самастойнай працы. Атрымалася як у клясычным выразе «грошай няма, але вы трымайцеся»: «усё так драматычна і паныла, але я гэтага не казаў». Праз жаданьне ўраўнаважыць узрушэньні і пакінуць сьветлую надзею на найлепшае, мова карціны і яе сутнасьць аказаліся ў пэўным канфлікце. Хоць пра якую надзею можа ісьці гаворка, калі глядзіш фільм пра 90-я, а бачыш свой 2018-ы? Толькі пра надзею, прадыктаваную мастацкім мэтадам, што па азначэньні — штучнае.

І ўсё ж калі пазбавіцца палону сонечнага сьвятла, можна ўбачыць ні многа ні мала — партрэт беларускіх жыцьця і грамадзтва. Які пачынаецца з дываноў на сьценах, гармоніка на вясельлі і трасянкі — што ні кажы, спэцыфіка беларускай правінцыі і нашых 90-х адлюстраваная выдатна. Насычаны матэрыяльны сьвет падмацоўваецца ўжо больш грувасткім і шматзначным пластом дзеяньняў — Вэля прышывае на пінжак лэйбл «Giorgio Armani», бабуля настойліва прапануе купіць семачак, хлопчык есьць катлету і выцірае рукі аб пакрывала, нявесьце робяць прычоску і раяць акуратна спаць, мужчыны зьбіраюцца глушыць рыбу, але пужаюцца кантролю і так далей. Але самае балючае — згадка пра самагубства ў войску, «а ў гэтай краіне ёсьць законы?» і «мэдыцына ў нас, як вядома, платная».

Ні Менск, ні правінцыя не патрабуюць спэцыяльных маніпуляцый, каб вярнуць іх у 90-я

Альбо не: самае балючае тое, што ледзь ня кожны элемэнт, які становіцца нагодай для іроніі, засноўвае драму і прымушае галоўную гераіню падаваць заяўку на візу ў ЗША, арганічна ўпісваецца ў характарыстыку сёньняшняга дня. Фільм і здымаўся ў натуральных лякацыях — ні Менск, ні правінцыя не патрабуюць спэцыяльных маніпуляцый, каб вярнуць іх у 90-я. Не патрабуе гэтага і наша маральнае жыцьцё.

Важна, што беларускае навакольле, за якім тут мяркуюцца пэўныя хібы, у прыватнасьці адсутнасьць свабоды, не дэманізуецца і не ўяўляецца прадуктам злоснай сыстэмы ці несправядлівага лёсу. За гэты час і гэтую краіну адказваюць у тым ліку самі героі, кожны з якіх — носьбіт тыповых рыс.

Напрыклад мужчыны, калі зыходзіць з «Крышталю», кіруюцца кімсьці ўстаноўленай генэральнай лініяй, пры гэтым лёгка, і, канешне, тайна, пераступаюць яе дзеля ўласнай выгады. Яны валодаюць трафарэтам установак, як жыць, але ня маюць ні прынцыпаў, ні маралі, і самавольна ўхіляюцца ад сьвету, дзе трэба прымаць рашэньні. Героі нашых дзён — ненадзейны дыджэй і наркаман Алік, старэйшы сын Сцяпан, які не адчувае, дзе мяжа з недазволеным, і яго бацька, што моўчкі назірае за згвалтаваньнем.

Жанчыны ініцыятыўныя і актыўныя выключна ў сьвеце сям’і і надзённага

Жанчыны ў сваю чаргу і ініцыятыўныя, і актыўныя, праўда, выключна ў сваім маленькім, наўмысна агароджаным, сьвеце сям’і і надзённага. Уся ў клопатах аб сваім гуртку патрыятычная маці галоўнай гераіні (экскурсавод у музэі Вялікай Айчыннай вайны), гаспадыня кватэры з тэлефонам і падкрэсьлена безгалосая нявеста.

Галоўная гераіня ў гэтым шэрагу — раўня кожнаму. У тым сэнсе, што яна і станоўчы, і адмоўны пэрсанаж адначасова, яе мысьленьне настолькі ж тыповае, а ўласны сьвет, як бы Вэля ні цягнулася да іншай культуры, гэтак жа абмежаваны і вузкі. Не дурная — з дыплёмам юрыста — дзяўчына аказваецца апантанай марай пра жыцьцё ў іншай краіне, але ўсё з нейкіх дзіўных прычын: таму што там бацькі стукаюцца ў дзьверы, у Амэрыцы знаходзіцца сталіца хаўс-музыкі, можна быццам думаць і казаць, як ты хочаш.

Уцямнай падставы быць захопленай Злучанымі Штатамі ў галоўнай гераіні няма, значыць, яе мара больш паходзіць на неадчэпную, нічым не падмацаваную, ідэю. І гэта важна, таму што віза такім чынам становіцца ня спосабам аказацца ў канкрэтным месцы, а нагодай з канкрэтнага месца зьбегчы.

Эмігрантаў у «Крышталі» аказваецца куды больш, чым нуль

Гэта дзіка нагадвае становішча некаторых сучасных беларусаў, якія нават без уласнага досьведу жыцьця за мяжой (як Вэля) дакладна ведаюць, што недзе лепш, толькі таму што стаміліся лявіраваць паміж мясцовымі абмежаваньнямі. У выніку эмігрантаў у «Крышталі» аказваецца куды больш, чым нуль: кожны з герояў пасьпяхова сыходзіць ад рэальнасьці ў дальнія далі — праз індыйскія мэдытацыі, наркотыкі, абмежаваньне свайго сьвету сям’ёй, проста інстынктыўнае існаваньне альбо мары.

Ужо далёка не дзевяностыя, а нічога амаль не зьмянілася: пакуль са сьцен здымаюцца дываны, спосаб жыць застаецца тым жа. Уласныя маленькія сьветы па-ранейшаму ня маюць сувязі з краінай і, канешне, без асаблівай доказнай базы ведаюць, што свабода знаходзіцца па іншым адрасе. Тыя ж прэтэнзіі, тыя ж мадэлі выжываньня, тое ж прыстасоўваньне.

Пра ўсё безвыходнае, непрагляднае і змрочнае ў фільме расказваецца скрозь зубы

Пра ўсё безвыходнае, непрагляднае і змрочнае, што тут маецца на ўвазе, у фільме расказваецца скрозь зубы. «Крышталь» — вельмі абачлівае выказваньне пра несвабодныя 90-я і беларускі адчай. У выніку і самазабойства ў войску, і адсутнасьць законаў, і сьляпое жаданьне перасягнуць акіян становяцца ледзь не мімалётнымі акцэнтамі ў атачэньні яркага антуражу і камэдыйных сцэн. Глядач быццам бы і дачакаўся сапраўднай падзеі ў беларускай кінаіндустрыі, а яна пабаялася (але хацела!) сказаць яму, што надзея ў 90-х, можа, і была, але дарэмна.

Нарэшце, «Крышталь» мае дзьве вэрсіі — замежную і беларускую. Адна зь іх можа сабе дазволіць пракаціць галоўную гераіню праз Чарнобыльскі шлях, а другая — не. Што яшчэ раз даказвае: калі ты распавядаеш пра рэйвы 90-х, кажаш пра нашы дні.

Ірэна Кацяловіч

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG