Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Жахлівыя бутэрброды», «бяздушная заля» і пагрозы Пуціна: менскія перамовы 2015 году ў кнізе экс-прэзыдэнта Францыі Алянда


Ангела Мэркель, Франсуа Алянд і Аляксандар Лукашэнка на перамовах у Менску, 12 лютага 2015 году
Ангела Мэркель, Франсуа Алянд і Аляксандар Лукашэнка на перамовах у Менску, 12 лютага 2015 году

Франсуа Алянд, прэзыдэнт Францыі ў 2012–2017 гадах, выдаў кнігу мэмуараў «Урокі ўлады» (Les Leçons du pouvoir), у якой сярод іншага ўзгадаў перамовы аб вайне на Данбасе ў Менску ў 2015 годзе, піша ўкраінскі часопіс «Тиждень».

Балятавацца ў прэзыдэнты Франсуа Алянд больш не зьбіраецца, таму цяпер мае свабоду расказаць усё, што лічыць патрэбным, адзначае ўкраінскае выданьне, і ён першы з «нармандзкай чацьвёркі», хто мае такую магчымасьць.

Доўгая ноч у Менску

Перамовы Алянда, украінскага прэзыдэнта Пятра Парашэнкі і канцлеркі Нямеччыны Ангелы Мэркель з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным экс-прэзыдэнт Францыі апісвае як «тую доўгую ноч (…) у вялікай бяздушнай залі Палацу Незалежнасьці ў Менску», якую немагчыма не згадаць.

Намеры Ўладзіміра Пуціна на перамовах, піша Алянд, былі відавочнымі: той хацеў «захаваць свой уплыў на расейскамоўныя рэгіёны і максымальна аслабіць уладу ў Кіеве» ды адцягнуць замірэньне. Заходнія перамоўцы спадзяваліся «прыпыніць страляніну і знайсьці кампраміс», але канфэрэнцыя «ішла бясконца і была безвыніковай» (перамовы доўжыліся 15 гадзінаў).

Як выкручваўся Пуцін

«Я хутка зразумеў, што Пуцін хоча выгуляць час і адтэрмінаваць спыненьне агню на як мага пазьней, каб даць магчымасьць сэпаратыстам атачыць украінскую армію і заваяваць дадатковыя пазыцыі, — піша Алянд у кнізе. — Разам з Ангелай Мэркель мы прапаноўвалі аднавіць перамовы ў вузейшым фармаце, адмовіцца ад вячэры і хутчэй прыступіць да працы».

Алянд адзначае, што адмова ад вячэры была для яго «непрыемнай, але неабходнай ахвярай». У выніку перамоўцаў пасадзілі за «нязручны нізкі круглы стол», пакармілі «жахлівымі бутэрбродамі» — і перамовы працягнуліся.

«А сёмай раніцы пасьля бяссоннай ночы Пуцін і надалей намагаўся перанесьці спыненьне агню на потым, — сьцьвярджае Алянд. — Каб мець вынік, мы скарысталі як аргумэнт ужо абвешчаныя антырасейскія санкцыі. Ён рабіў выгляд, быццам не разумее ці ня чуе, пра што мы. Урэшце ўзгаднілі, што спыненьне агню наступіць праз чатыры дні, затым — адвод цяжкіх узбраеньняў і абмен палоннымі. Аўтаномію правінцыяў адхілілі.

Раптам Пуцін заявіў, што трэба пракансультавацца з кіраўнікамі сэпаратыстаў. Іхныя эмісары таксама ў Менску. Дзе менавіта? У нейкім гатэлі ці ў суседнім з намі кабінэце? Прынамсі мы іх так і ня ўбачылі».

Як спала «нарманская чацьвёрка» ў перапынку перамоваў

Пуцін сышоў, а Мэркель, Алянд і Парашэнка заснулі ў крэслах. А 9-й раніцы стала вядома, што прарасейскія сэпаратысты не прымаюць умоваў. Цярплівасьць, піша Алянд, лопнула, ён з Парашэнкам і Мэркель настаялі на неадкладнай сустрэчы з Пуціным. Выявілася, што пакуль тыя спалі ў крэслах перамоўнай залі, ён уладкаваўся ў вялікім кабінэце з сапраўдным ложкам — і празь дзьве гадзіны сну «меў сьвяжэйшы выгляд, чым мы».

Роля Аляксандра Лукашэнкі ў правядзеньні перамоваў ня згадваецца
Роля Аляксандра Лукашэнкі ў правядзеньні перамоваў ня згадваецца

«Ангела Мэркель ледзяным тонам паабяцала Пуціну працяглую ізаляцыю, — расказвае ў кнізе Алянд. — Той замяўся і ўсе шукаў, як выгуляць час... Ягоная мэта — максымальна аслабіць Кіеў, спадзеючыся пасьля ўбачыць ва ўладзе каманду, больш адданую расейскім інтарэсам і аддаленую ад Эўразьвязу. Найбольш ён ня хоча далучэньня Ўкраіны да NATO і атрыманьня імі зброі, што магло б зьмяніць балянс сілаў.

Пуцін выходзіць патэлефанаваць. Празь некалькі хвілінаў вяртаецца і паведамляе, што сэпаратысты — тыя самыя, пра якіх ён казаў раніцай, што, маўляў, іх ня ведае, — згодныя».

Пуцін пагражаў раздушыць украінскую армію, Чарнавік пагадненьня пісала Мэркель

Алянд сьцьвярджае, што чарнавік тых менскіх пагадненьняў пісала Мэркель, якая не дазваляла нават сваім дарадцам фармуляваць тэкст. Маўляў, «такі ў яе тэмпэрамэнт і такая мэтодыка: яна вельмі сур’ёзная, старанная і ўважлівая», Мэркель «добра ведае Пуціна і вельмі даўно ведае, як зь ім размаўляць», хоць той «зьмешвае разам пагрозы, камплімэнты і ўспаміны».

Пакуль Пуцін і Парашэнка пастаянна падвышалі голас адзін на аднаго, першы, піша Алянд, «так быў расхваляваўся, што стаў пагражаць канчаткова раздушыць войскі свайго візаві». Гэта пацьвердзіла, што расейскія войскі ва Ўкраіне сапраўды ёсьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG