Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у 91-м дамагліся Незалежнасьці


Пачатак Сэсіі Незалежнасьці 24 жніўня 1991. Гаворыць Зянон Пазьняк. Побач Валянцін Голубеў; са сьцягам Вольга Галубовіч.
Пачатак Сэсіі Незалежнасьці 24 жніўня 1991. Гаворыць Зянон Пазьняк. Побач Валянцін Голубеў; са сьцягам Вольга Галубовіч.

25 жніўня 1991 Беларусь зрабілася незалежнай дзяржавай – шляхам наданьня Вярхоўным Саветам Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнага закону.

Фрагмэнты кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста першы», якая ў 2013 выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе» (другое выданьне — 2016).

У верасьні 2011-га, пад час запісу праграмы “Два на Два” на «Белсаце» Дзьмітрый Гурневіч і Павал Мажэйка вярнулі нас зь Зянонам Пазьняком у жнівеньскія дні 91-га і запыталіся: ці ўсьведамлялі, ці адчувалімы, дэпутаты Апазыцыі БНФ, гістарычнасьць падзеяў, у прыватнасьці, абвяшчэньня Незалежнасьці?

Мне падаецца, што ў поўнай меры такое ўсьведамленьне прыйшло пазьней, а тады галоўным было – пасьпець скарыстаць час. Увогуле ж, цяжка прыгадваць уласныя эмоцыі праз дваццаць гадоў, але галоўнае адчуваньне, канешне ж, памятаецца.

Гэта – адчуваньне шчасьця.

Канец жніўня - пачатак верасьня 91-га, гэтыя некалькі дзён пасьля правалу путчу ды абвяшчэньне Незалежнасьці Беларусі былі самымі шчасьлівымі ў маім жыцьці – і, напэўна, у жыцьці калег па дэпутацкай Апазыцыі БНФ.“Гістарычна шчасьлівымі “ – напісаў Пётра Садоўскі на сваёй кнізе. Прытым, што больш напружаных, проста псыхічна і фізычна вымотваючыхдзён у мяне ніколі не было.

Але вось што адметна: многія з маіх калег па Апазыцыі БНФ ня могуць прыгадаць храналёгію падзеяў ва ўсіх дэталях. Верагодна,гэта вынік якраз той максымальнай напружанасьці, бо выклаліся мы, як кажуць да апошняга, і адразу пасьля тых дзён уключыўся нейкі мэханізм псыхалягічнай самаабароны, бо далей трымаць усе гэтыя эмоцыі было цяжка.

Цалкам пагаджуся зь Лявонам Баршчэўскім, які сказаў, што больш зрабіць у тых умовах было немагчыма. Пагаджуся, але з удакладненьнем, што зрабілі значна больш, чым уяўлялася рэальным.

«Не скарыстаем шанец – потым сабе не даруем»


22 жніўня пад націскам дэпутатаў Апазыцыі БНФ (нас падтрымалі яшчэ некалькі дзесяткаў дэмакратычных дэпутатаў) Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету быў вымушаны прызначыць нечарговую сэсію – на 24 жніўня.

Парадак дня, які прапанаваў Прэзыдыюм, складаўся з двух пунктаў.

Першы – “Аб бягучым моманце”. Другі – “Аб Саюзным дагаворы”.

І больш – нічога.

Павестка дня надзвычайнай сэсіі, прапанаваная Прэзыдыюмам ВС БССР. 22 жніўня 1881 г.
Павестка дня надзвычайнай сэсіі, прапанаваная Прэзыдыюмам ВС БССР. 22 жніўня 1881 г.


Колькі разоў члены Прэзыдыюму адкідвалі нашыя, дэпутатаў Апазыцыі БНФ, законапраекты на той падставе, што яны, нібыта, не былі дакладна сфармуляваныя альбо юрыдычна не карэктныя – і тут самі высоўваюць расплыўчатую фармулёўку пра “бягучы момант”... І, канешне, зноў – Саюзны дагавор.

А пра Незалежнасьць – ні слова.

Павестка дня надзвычайнай сэсіі ВС, прапанаваная Апазыцыяй БНФ. 22 жніўня 1991 г.
Павестка дня надзвычайнай сэсіі ВС, прапанаваная Апазыцыяй БНФ. 22 жніўня 1991 г.


Зянон Пазьняк падаў Дземянцею нашыя прапановы - з абсалютна канкрэтнымі фармулёўкамі – у парадак дня нечарговай сэсіі:

"Аб дзеяньнях членаў Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета БССР і службовых асобаў рэспублікі ў час перавароту.

Аб дзеяньнях грамадзка-палітычных арганізацый у час спробы дзяржаўнага перавароту.

Аб наданьні канстытуцыйнага статусу Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР.

Аб зьменах у артыкуле Канстытуцыі БССР.

Аб Саюзным дагаворы.

Аб асноўных пытаньнях павесткі дня пятай сэсіі Вярхоўнага Савета БССР".

Але трэба было падрыхтаваць тэксты законапраекты -- і на гэта ў нас было крыху больш чым суткі.

Гэтыя суткі мы правялі ў нашым 363-ім пакоі Дому ўраду. Разьмеркаваліся па групах; адны рыхтуюць пакет пад канстытуцыйнасьць Дэклярацыі, другія – пастановы аб адстаўках старшыні і Прэзыдыюму ВС, трэція – рашэньні аб забароне дзейнасьці КПБ-КПСС і нацыяналізацыі партыйнай маёмасьці, іншыя – аб перападпарадкаваньні войска, КДБ, МУС і пракуратуры.

Пазьней мне так і не ўдалося знайсьці фотаздымкаў нашай працы тых дзён у памяшканьні апазыцыі – перакананы, што акрамя здымачнай групы фільму “Дэпутаты”, які рабілі Аляксандр Лукашук і Юры Гарулёў, там ніхто і не здымаў (ва ўсялякім разе, пры мне не здымалі дакладна). У фільме ёсьць некалькі сэкундаў – і гэта ўсё, што засталося для Гісторыі.

Валянцін Голубеў, Зянон Пазьняк і Сяргей Навумчык у 363 пакоі Дому ўраду. Жнівень 1991 г.
Валянцін Голубеў, Зянон Пазьняк і Сяргей Навумчык у 363 пакоі Дому ўраду. Жнівень 1991 г.


І тое вельмі лёгка патлумачыць. Нават дэмакратычна арыентаваныя журналісты у тыя дні засяродзілі ўвагу не на Менску, а на Маскве, дзе, як лічылася,адбываюцца галоўныя падзеі – ідуць арышты ўдзельнікаў ГКЧП, нехта з путчыстаў страляецца, нехта з чыноўнікаў выкідваецца з вакна, Гарбачоў прыяжджае да расейскіх дэпутатаў, Ельцын падпісвае указ аб забароне дзейнасьці КПСС...

Ды і нічога радыкальнага, рэвалюцыйнага ад пракамуністычнага Вярхоўнага Савета БССР журналісты не чакалі. Тады і прагучала па Радыё Свабода меркаваньне, што максымум, на што можа пайсьці дэпутацкая большасьць – гэта дэпартызацыя (вывад камуністычных камітэтаў з прадпрыемстваў, дзяржаўных устаноў і войскаў. І нават гэта здавалася маларэальным.

Увогуле, у той дзень, калі мы раніцай сабраліся ў нашым пакоі ў Доме ўраду, Пазьняк сказаў: ў нас ёсьць некалькі дзён, магчыма, нават менш за тыдзень. І калі мы за гэтыя дні не скарыстаем шанец – потым сабе не даруем. Бо можа здарыцца, што больш такой магчымасьці і такіх умоў у нас ня будзе.

Сапраўды, тыя дні былі адметныя: уздым і надзвычайная палітычная актыўнасьць народу і – страх камуністычных кіраўнікоў. Але мы разумелі, што і радасьць, і страх – гэта пачуцьці, а ўсялякія эмоцыі -- недаўгавечныя, хай бы нават яны і ахоплівалі вялікую частку людзей.

Але пакуль такія эмоцыі існуюць – іх трэба скарыстаць. З’явіўся рэальны шанец, упусьціць які было недаравальна.

Тры “путчаўскія” дні ўзялі багата нэрваў і фізычных сілаў, а распрацоўка дакумэнтаў вымагала максымальнай засяроджанасьці. Мы ўсьведамлялі, канешне, якога кшталту дакумэнты рыхтуем – можа быць, самыя галоўныя для лёсу Беларусі. Таму юрыдычныя фармулёўкі павінны былі быць дасканалымі як ніколі.

На шчасьце, у нас ужо быў вопыт стварэньня заканадаўчых дакумэнтаў – хай нашыя прапановы часьцей за ўсё не праходзілі, а адкідаліся пракамуністычным Вярхоўным Саветам, але досьведу мы назапасілі дастаткова, каб у падрыхтоўцы да сэсіі адчуваць сябе ўпэўнена.

Нічога не магу прыгадаць з той дзённай ды начной працы – акрамя вялікага напружаньня і шкадаваньня, што не можаш падзяліцца на два, тры, чатыры чалавекі: у памяшканьні апазыцыі мы пісалі законапраекты, а побач няспынна званіў тэлефон – з Менску, з розных гарадоў Беларусі людзі паведамлялі, хто з мясцовага начальства і якім чынам падтрымаў пераварот, пыталіся, што трэба рабіць...

БНФ тады ня меў свайго памяшканьня, і некалькі чалавек з Сойму сядзелі ў нашым пакоі “на тэлефонах”. Але часта людзі, якія званілі, прасілі падыйсьці да тэлефонаў менавіта дэпутатаў – бо ў дзяржаўных установах на дэпутацкія запыты рэагавалі шпарчэй.

А з пошты нам прыносілі сотні тэлеграмаў з патрабаваньнямі адстаўкі Дземянцея і забароны КПБ-КПСС. Шмат дзе праводзіліся сходы, і цэлыя калектывы прымалі рэзалюцыі – адно такое рашэньне нам перадаў галоўны рэдактар выдавецтва “Беларусь” Аляксандар Лукашук, і яно выразна адлюстроўвае настроі тых дзён.

З вакна нашага пакою ў Доме ўраду на плошчу разьвіваўся Бел-Чырвона-Белы сьцяг – яго прымацаваў Адяксандар Шут.

Увечары 23 жніўня мы перадалі ў Сакратарыят ВС два дзесяткі законапраектаў – пастановы аб наданьні Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнай сілы, аб забароне дзейнасьці КПБ-КПСС і нацыяналізацыі маёмасьці, аб дэпартызацыі, аб падпарадкаваньні МУС, КДБ і пракуратуры Вярхоўнаму Савету і Саўміну Беларусі – усяго на 22 аркушах.

Прапановы дэпутатаў Апазыцыі БНФ на сэсію ВС
Прапановы дэпутатаў Апазыцыі БНФ на сэсію ВС



І адразу пасьля гэтага мы -- Зянон Пазьняк, Уладзімер Заблоцкі, Валянцін Голубеў і я паехалі ў тэлецэнтар на Макаёнка – на прамы эфір.

Гэты эфір мы запатрабавалі яшчэ на пасяджэньні Прэзыдыюму, запатрабавалі катэгарычна і менавіта ў прайм-тайм. Гэта, здаецца, быў адзіны выпадак, калі кіраўнік дзяржтэлерадыё Сталяроў даў нам яго адразу (і раней, і пазьней перамовы зь ім бралі ў мяне не адзін дзень, хаця выхад на тэлебачаньне нібыта і быў нас гарантаваны Законам аб статусе дэпутата).

Уладзімер Заблоцкі, Валянцін Голубеў, Зянон Пазьняк і Сяргей Навумчык у часе прамога эфіру па БТ, 23 жніўня 1991
Уладзімер Заблоцкі, Валянцін Голубеў, Зянон Пазьняк і Сяргей Навумчык у часе прамога эфіру па БТ, 23 жніўня 1991


У студыі працавалі прамыя тэлефоны, і адразу на нас абрынулася інфармацыя з розных куткоў Беларусі пра падтрымку ГКЧП мясцовым начальствам. Мы патлумачылі, чаго будзем дамагацца ад дэпутацкай большасьці на нечарговай сэсіі – галоўнымі пытаньнямі былі адстаўка Дземянцея і Прэзыдыюму ВС, спыненьне дзейнасьці КПБ-КПСС і Незалежнасьць.

І -- заклікалі людзей прыйсьці на плошчу перад Домам ураду з самага пачатку сэсіі, каб падтрымаць дэпутатаў БНФ. Мы ведалі, што парлямэнцкая “большасьць” не пераўтварылася ў “меншасьць”. У тыя дні аўтарытэт кіраўніцтва БССР быў на нулі – але мы ўжо мелі вопыт стасункаў з камуністычнымі дэпутатамі, ведалі, што яны здольныя галасаваць насуперак здароваму сэнсу і нават інстынкту самазахаваньня. А тысячы людзей на плошчы прымусілі б камуністаў больш уважліва паставіцца да нашых патрабаваньняў.

Ня ведаю, ці рабіў хто-небудзь відэазапіс таго эфіру – у архіве Уладзімера Кармілкіна захавалася некалькі фотакадраў з тэлевізара.

Дэталяў нашых выступаў ня памятаю, узгадваецца толькі, што пад тэлевізійнымі сафітамі было вельмі горача – ды і эфір быў даволі працяглы, гадзіны паўтары. Здаецца, першы і апошні раз нам не абмяжоўвалі час выступу.

Дадому я вярнуўся позна ўвечары.

Перамагчы арыфмэтыку


Дні путчу у Менску былі халодныя, як для жніўня, а вось раніца 24-га прыгадваецца цёплай. Першае паседжаньне кожнай Сэсіі Вярхоўнага Савету звычайна пачыналася а 10-ай гадзіне, але гэтым разам было прызначанае на 12. На плошчы ўжо сабралася даволі шмат людзей – яны павесілі на міліцэйскі турнікет плякаты з патрабаваньнямі адстаўкі Дземянцея і забароны КПБ-КПСС.

Перад самым пачаткам сэсіі мяне папрасілі выступіць перад людзьмі, на плошчу таксама выйшлі Алег Трусаў і Яўген Глушкевіч. Гучалі заклікі ісьці да ЦК і вынесьці адтуль камуністаў “уперад нагамі”. Увогуле, настроі людзі мелі рашучыя. Мы заклікалі да цывілізаваных спосабаў – дзейнасьць КПБ-КПСС павінна быць прыпыненая, але легітымным шляхам.

На пачатку сэсіі Галіна Сямдзянава ўнесла ў Авальную залю Бел-Чырвона-Белы сьцяг, замацавала яго за трыбунай разам з Валянцінам Голубевым, а Зянон Пазьняк зрабіў прапанову, каб нацыянальны сьцяг заставаўся ў залі. Дземянцей паставіў на галасаваньне (а мог бы і проста сказаць - «Добра») . Вынік галасаваньня: за – толькі 107 дэпутатаў. Пазьняк сказаў - «Мы пачакаем», і Валянцін Голубеў прыбраў сьцяг са сцэны і паставіў яго ў “менскім сэктары” – усю сэсію сьцяг быў у залі.

Дэпутат Галіна Сямдзянава ўносіць нацыянальны сьцяг у Вярхоўны Савет, 24 жніўня 1991 г.
Дэпутат Галіна Сямдзянава ўносіць нацыянальны сьцяг у Вярхоўны Савет, 24 жніўня 1991 г.

(Потым невядома адкуль ўзьнік міт, што нібыта першым сьцяг у Авальную залю унёс Лукашэнка. Насамрэч, на наступны дзень, вяртаючыся пасьля абеду ў гатэлі на сэсію, дэпутат касманаўт Уладзімер Кавалёнак падышоў да людзей на плошчы, узяў сьцяг і прынёс яго ў залю – побач з ім выпадкова ўвайшлі ў залю Аляксандар Лукашэнка з Інэсай Драбышэўскай (будучы міністар аховы здароўя). . Што да самога Лукашэнкі, дык у пачатку сэсіі ён толькі адзін раз прагаласаваў супраць павесткі дня, а потым заявіў, што ня хоча удзельнічаць у працы сэсіі, каб браць на сябе адказнасьць, паставіў пад сумнеў неабходнасьць сувэрэнітэту і не рэгістраваўся).

Вынік галасаваньня пра сьцяг паказваў, што нашыя засьцярогі наконт неразуменьня сытуацыі значнай часткай дэпутатаў-камуністаў аказаліся слушнымі. Калі ўявіць, што прапанаваныя намі ў павестку дня сэсіі пытаньні зьбяруць такую ж колькасьць, дык для прыняцьця рашэньняў аб адстаўцы Дземянцея і Прэзыдыюму ВС, дэпартызацыі і спыненьня дзейнасьці КПБ-КПСС нам не хапала амаль 70 галасоў. А для абвяшчэньня Незалежнасьці – тут патрабавалася канстытуцыйная большасьць – не хапала амаль 130 галасоў.

Звычайна, каб перацягнуць на свой бок 15-20 дэпутатаў, нам даводзілася прыкладаць вялізныя намаганьні – весьці кулюарныя перамовы, шукаць дадатковую аргумэнтацыю, і займала гэта ня дзень і ня два. Але пераканаць пару дзесяткаў зьмяніць пазыцыю было рэальна, калі ж не хапала 130 галасоў – ня памятаю, каб мы настойвалі на хуткім перагаласаваньні. У такой сытуацыі было зразумела, што пытаньне давядзецца адкласьці на доўгі час. Але цяпер – не было куды адкладаць: сэсію, як мы ведалі, кіраўніцтва Вярхоўнага Савету плянавала правесьці за адзін дзень.

Таму 130 дэпутатаў, галасоў якіх нам не хапала - гэта ў тых умовах была вялізная лічба, амаль недасягальная – усе папярэднія сэсіі паказвалі ўсемагутнасьць арыфмэтыкі ў Авальнай залі.

Стала зразумела, што лёгкага посьпеху – на хвалі перамогай над КГЧП -- не атрымаецца. Цяпер усё залежала ад нашых дзеяньняў у Авальнай залі. А таксама – ад людзей на плошчы.

Увогуле, гэтая сэсія – прыклад удалага спалучэньня стратэгіі і дакладна пралічанай тактыкі.

Стратэгія палягала ў тым, каб прымусіць парлямэнцкую большасьць прыняць нашыя прапановы, абвясьціць Незалежнасьць і забараніць КПБ-КПСС.

Адзіная тактыка, якая падавалася пэрспэктыўнай – спалучэньне націску і пераконваньня. У душах камуністаў панавалі страх і неакрэсьленасьць уласнай будучыні. Што да ціску, дык тут нам вельмі дапамагалі людзі на плошчы: голас народа праходзіў праз вокны ў фае Дому ўраду і праз дзьверы – у Авальную залю. У самой залі пасяджэньняў мы пастаянна ціснулі на дэпутатаў – ва ўсялякім разе, мая роля вымалёўвалася пераважна менавіта такой. Я то зачытваў пратакол пасяджэньня прэзыдыюму, большасьць членаў якога фактычна падтрымалі ГКЧП, то цытаваў гнеўныя тэлеграмы “з месцаў”, то маляваў пэрспэктывы ў тым выпадку, калі б народ з плошчы пажадаў прарвацца ў Авальную залю.

Тэлеграма на сэсію ВС, 25 жніўня 1991 г.
Тэлеграма на сэсію ВС, 25 жніўня 1991 г.

Тое ж самае рабіў і Яўген Глушкевіч – зразумела, што папярэджаньні з вуснаў былога камуністычнага сакратара для дзейных партыйных сакратароў гучалі пераканаўча.

У Валянціна Голубева ці Зянона Пазьняка мэта была крыху іншая. Валянцін прадстаўляў нашыя прапановы ў павестку дня, праўда, і тут ён таксама выявіў свой бліскучы аратарскі талент, надаў эмоцый – але ў меру. Пазьняк рабіў палітычны даклад, тут усё было выверана і ўзважана, але ацэнкі камуністам Пазьняк даваў зьнішчальныя. У канцы сэсіі ён нечакана для парлямэнцкай большасьці згуляе на кантрасьце – зьвернецца да іх з просьбай, якая памяняе сытуацыю кардынальна.

Вось прыклады выкарыстаньня такой тактыкі ў нашых выступах, цытую па стэнаграме:

Навумчык: “... мы стаялі фактычна перад пагрозай тэрору. Таму што вось цытаты з газэты “Віцьбічы”. Бурак, выконваючы абавязкі начальніка Упраўленьня КДБ БССР па Віцебскай вобласьці, цытата: “как орган государственного управления мы стоим на страже конституционного строя. Комитет по чрезвычайному положению в СССР создан в соответствии с Конституцией СССР. Следовательно, будем руководствоваться его решениями “. Вось такі Бурак мог быць дэтанатарам. Я спадзяюся, што таварыш Шыркоўскі ўжо аддаў загад аб зьняцьці яго з пасады. Але мы не павінны пакладацца на сумленных альбо несумленных людзей. Таму мы павінны сёньня зрабіць тое, што робіцца ў Маскве. Першае. Апячатаць літаральна сёньня, цяпер, будынак Дзяржаўнай бясьпекі БССР, каб пазьбегнуць зьнішчэньня архіваў. Тут шмат казалася пра партыю. Літаральна цяпер неабходна прыняць меры, каб пазьбегнуць зьнішчэньня дакумэнтацыі, і апячатаць будынак ЦК кампартыі Беларусі. Я прапаную прыняць гэта рашэньне адразу, тут, у залі”.

І вось яшчэ адзін мой выступ (як і папярэдні, ад мікрафону):

“Паважаныя дэпутаты-камуністы! Тое, што прапанавала Апазыцыя, гэта падтрымана дзесяткамі, сотнямі прадпрыемстваў у абласьцях, у раёнах. Сёньня, калі за 10 хвілін да пачатку гэтай сэсіі я, вось калега Глушкевіч, калега Трусаў выступалі перад тымі тысячамі людзей, якія стаяць на плошчы, мы іх прасілі – былі заклікі пайсьці граміць ЦК і гэтак далей – мы іх прасілі захоўваць спакой. Мы ўсё вырашым законным, канстытуцыйным шляхам. Дык вам – што хочацца? Калі вы гэтыя прапановы ня прымеце – дэпартызацыю і нацыяналізацыю народ правядзе, але ён правядзе гэта ня так, як мы прапануем, -- культурна, цывілізавана, а ён правядзе, выцягваючы вас за валасы. Я гэтага вельмі не хачу. Апазыцыя гэтага вельмі ня хоча. Давайце рабіць так, як зрабіў Ельцын. Давайце будзем рабіць цывілізавана. Мы вас вельмі просім».

Дыскусія ў залі. Зьлева Сяргей Навумчык, справа Яўген Глушкевіч
Дыскусія ў залі. Зьлева Сяргей Навумчык, справа Яўген Глушкевіч

Адразу пасьля гэтага майго выступу Яўген Глушкевіч падышоў да мікрафону і зьвярнуўся да тых хто слухаў і глядзеў тэле-радыётрансляцыю: “Я зьвяртаюся да мінчанаў, тых, хто нас цяпер слухае. Нам патрэбна ваша дапамога. Прыходзьце на плошчу, нам патрэбна ваша падтрымка” – рэмарка ў стэнаграме “Шум у зале” фіксуе абурэньне камуністаў адкрытым заклікам да людзей (як яны разумелі, “натоўпу”) прыходзіць а Дому ўраду і, магчыма, умяшацца ў “законатворчы працэс” (ня выключана, што і шляхам выцягваньня за валасы, пра што намякнуў папярэдні аратар).

Пазыцыю Прэзыдыюму ВС (разгледзіць два пытаньні – аб бягучым моманце і аб саюзнай дамове – і скончыць сэсію ў адзін дзень – прадстаўляў ад імя Прэзыдыюму Станіслаў Шушкевіч.

Мы з такой прапановай былі катэгарычна ня згодныя, бо вырашаўся лёс Беларусі, і дэпутаты павінны былі правесьці ў Авальнай залі столькі часу, колькі спатрэбіцца.

Належнай колькасьці галасоў не не набрала ні прапанова Прэзыдыюму, ні прапанова Апазыцыі.

Градус напружанасьці пры абмеркаваньні павялічваўся.

Віктар Ганчар заклікаў Прэзыдыюм зьняць сваю прапанову – аднак Шушкевіч заявіў, што ня “я ж не магу зьняць тое, што прапанавана Прэзыдыюмам”.

Да мікрафону падыходзіць Пазьняк: “Шаноўны Станіслаў Станіслававіч, галасаваньне паказала ўсю беспэрспэктыўнасьць вашай прапановы, таму што за прапанову Прэзыдыюму не хапіла галасоў і за прапанову Апазыцыі не хапіла галасоў. Так што выхад з гэтага тупіку ёсьць толькі адзін. Гэта тое, што прапанаваў калега Ганчар. Трэба, каб Прэзыдыюм зьняў сваю прапанову.. “

Свой варыянт прапануе Ігар Гермянчук (канкрэтызаваць першы пункт прапановамі апазыцыі і дэпутатаў), нарэшце, Пётра Садоўскі , як член Прэзыдыюму, прапануе зрабіць перапынак і сабрацца ўсім членам Прэзыдыюму, каб перагледзіць сваё стаўленьне да парадку дня. Дземянцей абвяшчае перапынак.

Пасьля перапынку Шушкевіч ізноў прадстаўляе прапанову Прэзыдыюму, гэтым разам у новай форме, там ужо ёсьць пытаньне дэпартызацыі, але ўзьнікае новае; “Аб дзяржаўным забесьпячэньні КПБ” - гэта значыць, ні многа ні мала, узяць кампартыю на дзяржаўнае забесьпячэньне!

Дземянцей хоча ставіць на галасаваньне, але да мікрафону падыходзіць Валянцін Голубеў:

Валянцін Голубеў на трыбуне ВС, 1991 г.
Валянцін Голубеў на трыбуне ВС, 1991 г.

“Паважаны Станіслаў Станіслававіч! Тое размазваньне, пра якое я гаварыў на пачатку, працягваецца. Пытаньне аб дзеяньнях Старшыні Вярхоўнага Савету пад час путчу вы, Прэзыдыюм, зьнялі поўнасьцю. Пытаньне, якое ставіла Апазыцыя, аб дзеяньнях членаў Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета, усяго Прэзыдыюму, Вы зьнялі поўнасьцю. Пытаньне аб дзеяньнях службовых асоб, вы зьнялі поўнасьцю…Пяройдзем далей да Кампартыі Беларусі. Ці ня лічыце вы, што зараз трэба забараніць ці прыпыніць дзейнасьць гэтай злачыннай арганізацыі? Гэтага няма. Дзе пытаньне аб нацыяналізацыі маёмасьці Кампартыі Беларусі? …Паважаны дэпутат Шушкевіч! Дзе дзелася пытаньне аб наданьні статуса канстытуцыйнага закона Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце: Што, мы ізноў уцяклі, ізноў баімся сказаць, што мы беларусы і Вярхоўны Савет Беларусі павінен ахоўваць сваю рэспубліку?

Тут шэраг пытаньняў. Прапала пытаньне аб пракуроры. Прапалі іншыя пытаньні, і мы, Апазыцыя, Дэмакратычны клюб і іншыя дэмакратычныя дэпутаты, настойваем, каб павестка дня прымалася так, як яна была пастаўленая Апазыцыяй, як яна была пастаўленая народам”.

На плошчы зьявіўся плякат :”Шушкевіч! Памяркоўнасьць і маразм – не адно і тое ж!”.

Старшыня ВС Станіслаў Шушкевіч на трыбуне сэсіі. Фота Ул. Сапагова
Старшыня ВС Станіслаў Шушкевіч на трыбуне сэсіі. Фота Ул. Сапагова


Канешне, для нас важнейшым была Незалежнасьць – але тут мы не адчулі падтрымку першага намесьніка старшыні ВС С. Шушкевіча; наадварот, ён пасьлядоўна даказваў немэтазгоднасьць уключэньня пытаньня аб наданьні Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнай сілы.

У нейкі момант Дземянцей, як заўсёды, пачаў блытацца, і тады Шушкевіч папрасіў яго даць яму весьці дыскусію – а фактычна, весьці сэсію. Шушкевіч упарта адстойваў пазыцыю Прэзыдыюму (разглядзець толькі два пытаньні, у якіх дзе не было месца Незалежнасьці).

Паўтаралася сытуацыя, што ўзьнікла на травеньскай сэсіі, калі Шушкевіч рабіў усё, каб не ўключыць у павестку дня прапанаваныя Апазыцыяй БНФ і падтрыманыя страйкавым рухам пытаньні аб дэпартызацыі і аб наданьні Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнай сілы. Толькі цяпер такая пазыцыя Шушкевіча магла значна больш дорага каштаваць грамадзтву, паколькі мог быць упушчаны ўнікальны шанец.

Не перабольшу, калі скажу, што з пачатку сэсіі нам, дэпутатам Апазывцыі БНФ, давялося змагацца на два фронты: з камуністамі і з Шушкевічам. Пазыцыя Шушкевіча адносна Незалежнасьці даўно не была для нас сакрэтам -- яшчэ ў траўні ў інтэрвію «Навінам БНФ» ён заявіў, што Незалежнасьць – гэта «жарт». Аднак цяпер, калі патрабаваньні наданьня Дэклярацыі канстытуцыйнага статусу сталі тэмай сходаў на заводах і ўстановах, калі сотні тэлеграм у адрас Сэсіі пачыналіся са слоў пра Незалежнасьць – такое стаўленьне выглядала па-просту дзіўным.

Станіслаў Шушкевіч: “Паважаны Валянцін Фёдаравіч! Вы мяне прабачце, я рэдка ўжываю слова “нонсэнс”, а часьцей ужываю беларускае слова “бязглузьдзіца”. Дык вы, прабачце, на грані бязглузьдзіцы. Наданьне канстытуцыйнага статусу Дэклярацыі БССР – гэта пярэчыць самой Дэклярацыі”.

І зноў да мікрафону падыходзяць Садоўскі, Пазьняк (кажа, што калі ВС няздольны прыняць патрэбныя рашэньні, яго трэба распускаць, Шушкевіч у адказ прапануе Пазьняку самому скласьці дэпутацкія паўнамоцтвы), выступае Сяргей Слабчанка.

Нарэшце, галасуем. За варыянт Прэзыдыюму – 210 дэпутатаў.

Дземянцей ставіць на галасаваньне “пытаньне, якое ўносіў дэпутат Пазьняк – “Аб наданьні канстытуцыйнага статусу Дэклярацыі “Аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі”.

Вынікі: “за” – 161, а трэба – 174.

Пытаньне не праходзіць.

Пасьля гэтага ў эфіры “Свабоды” карэспандэнтка скажа, што па самых аптымістычных разьліках аналітыкаў, максымум, што магла б прыняць сэсія – рашэньне аб дэпартызацыі дзяржаўных органаў.

Мы лічылі інакш.

«Патрэбны поўны і рэальны, а не дэкляраваны, сувэрэнітэт»


Прасоўваньне нашых патрабаваньняў у парадак дня ішло вельмі цяжка, але мы разумелі, што яшчэ складаней будзе дамагчыся патрэбных для нас вынікаў галасаваньня.

Для выступаў у спрэчках запісалася некалькі дзесяткаў дэпутатаў, але ўдалося выступіць толькі палове. Мы, дэпутаты БНФ, засяроджваліся на трох галоўных тэмах: адстаўка Прэзыдыюму ВС на чале з Дземянцеем, забарона КПСС і Незалежнасьць.

Камуністычныя сакратары спрабавалі давесьці, што кампартыя – чыстая, што яна – не падтрымала путч.

Праблема была ў тым, што, з аднаго боку, мы павінны былі даказаць антыканстытуцыйнасьць пазыцыі кіраўніцтва ВС і ЦК КПБ, а з другога – іх, камуністаў, галасамі атрымаць перамогу. Нашых галасоў для перамогі не хапала – нават з улікам даволі значнай у тыя два дні падтрымкі так званых “нейтральных дэпутатаў”.

Сакратар ЦК КПБ В. Ціхіня, другі сакратар ЦК КПБ А. Камай і першы сакратар ЦК КПБ А. Малафееў. 1991 г.
Сакратар ЦК КПБ В. Ціхіня, другі сакратар ЦК КПБ А. Камай і першы сакратар ЦК КПБ А. Малафееў. 1991 г.

Што рабіць, як будаваць свае выступы?

Заігрываць з камуністамі? Прасіць іх? Мы ніколі гэтага не рабілі, а падзеі жнівеньскага путчу ўвогуле паставілі кампартыю па-за законам. Варыянт быў адзін: паказаць палітычнае і маральнае банкруцтва камуністычнага кіраўніцтва, не пакінуць кампартыі шанцу ўтрымаць ранейшыя кіруючыя пазыцыі (а лепей- увогуле спыніць яе існаваньне) – і разам з тым паказаць выйсьце: адмоўцеся ад заганнай ідэалёгіі і далучайцеся да будаўніцтва незалежнай Беларусі.

Падзеі паказалі, што абраная тактыка была слушнай.

За больш чым год існаваньня Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня ўпершыню выступы і дэбаты дасягнулі такой эмацыйнай напружанасьці.

Дземянцей пачаў свой выступ упэўнена – казаў, што ў Беларусі ўсё было паводле Канстытуцыі, што не былі забароненыя мітынгі, не прыпынялася дзейнасьць ніводнай грамадзкай структуры і, нарэшце, паскардзіўся, што дэпутаты Апазыцыі БНФ распаўсюджваюць “хлусьлівыя абвінавачваньні ў адрас Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета, яго Старшыні”. Гэтаму, па яго словах, папярэднічалі “падтасоўкі, бястактнасьць, бесцэрэмоннасьць і хамства” – што ўжо адносілася пэрсанальна да нас з Пазьняком; Дземянцей паскардзіўся, што яму і членам дэлегацыі на падпісаньне Саюзнай дамовы давялося вытрымаць “пагрозы і шантаж” ад нас з Пазьняком. Скончыў Дземянцей заклікам прыняць новую Канстытуцыю.

Далей пачаліся спрэчкі.

Альфонс Цішкевіч, старшыня Менскага аблвыканкаму: “Сёньня ясна бачна, што той-сёй хоча скарыстаць перамогу дэмакратыі ў сваіх мэтах, вельмі далёкіх ад сапраўдных інтарэсаў нашага грамадзтва, беларускага народа. Мы шукаем ворагаў там, дзе іх няма і не было. ...Я катэгарычна пярэчу супраць разьвязваньня ў рэспубліцы антыкамуністычнай гістэрыі... Але ж усё часьцей вылучаюцца патрабаваньні абвясьціць “крыжовы паход” супраць камуністычнай партыі ў цэлым. Раздаюцца заклікі расправіцца з камуністамі”.

Анатоль Кастэнка, генэрал-палкоўнік, камандуючы БВА: “Паверце, я вам сёньня павінен чэсна сказаць, што цяжка было скідваць з сябе путы падпарадкаваньня, якія панавалі ў гэтай сыстэме. Хай мы не ўзьняліся адкрыта, не расчахлілі зброю і не павярнулі танкі стваламі на ўсход (а няблага было б – танкі з Беларусі рушылі на Маскву скідваць ГКЧП – С.Н.) Але ўсё роўна гэта таксама была нашая пазыцыя. Вытрымка і разважлівасьць беларускага народа, працоўны рытм гарадоў і вёсак, прадпрыемстваў і калгасаў ўмацавалі сытуацыю. Путч захлынуўся там, дзе ён пачаўся, і эскаляцыя яго была выключаная і не дапушчаная. Я перакананы, што у рэспубліцы павінна быць свая нацыянальная гвардыя. Арганізацыйныя формы могуць быць розныя. Гэта значыць у складзе акругі, зьвязаныя з пытаньнямі арганізацыі баявой і прафэсійнай падрыхтоўкі, падпарадкаваньня яны могуць быць іншага альбо падвоенага. Ва ўсіх выпадках тады можна будзе запазьбегчы пагрозы дыктату. Перакананыя ў тым, што важныя вайсковыя кадры павінны прызначацца з санкцыі рэспублікі (і толькі. Пра ўласнае беларускае войска ні слова – С.Н.)".

Генадзь Майсееў, падпісант Апазыцыі БНФ: “Мікалай Іванавіч (Дземянцей), як можна было сядзець тры дні, маючы ўрадавую сувязь, маючы ўсе магчымасьці, маючы пэрсанальны самалёт. Можа не пэрсанальны, але ва ўсялякім разе самалётам Вы былі забясьпечаныя. Практычна Вы кінулі свайго кіраўніка (Гарбачова – С.Н.) , не валодаючы сытуацыяй. А заява, якая была зробленая Прэзыдыюмам Вярхоўнага Савета рэспублікі? Ледзь не сказана: маўляў, мы працуем у галіне сельскай гаспадаркі, вырошчваем і зьбіраем хлеб для хунты. Для рэспублікі і хунты. Прапаную канкрэтна і прашу запісаць – дэпартызацыя ўсіх структураў рэспублікі, нацыяналізацыя будынку ЦК КПБ, Дома палітасьветы і ўсёй маёмасьці, разьмеркаваньня гэтай маёмасьці ўжо пэўнай камісіяй паміж усімі партыямі, якія сёньня будуць афіцыйна зарэгістраваныя...”

Анатоль Андрэеў, народны дэпутат СССР, старшыня арганізацыі вэтэранаў: “Рэспубліканская арганізацыя цьвёрда стаіць на пазыцыі кансалідацыі ўсіх прагрэсіўных сілаў, прагрэсу эканомікі на падставе рацыянальнага спалучэньня ўсіх формаў уласнасьці (насмрэч, дэпутаты-вэтэраны заўсёды галасавалі супраць прыватнай уласнасьці на зчямлю – С.Н.).”

Міхаіл Сукач, падпісант Апазыцыі БНФ:“ЦК КПБ падтрымаў курс захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам... Асабліва будзе злачынна, калі мы не вырашым пытаньне пра дэпартызацыю праваахоўных органаў”

Віктар Ганчар, Дэмклюб:“Крызіс паказаў, што партыя, і ў прыватнасьці, КПБ як структурнае падразьдзяленьне КПСС, зьяўляецца магутнай дзяржаўнай структурай, якой належыць усё: і правахоўчыя органы, і войска, і сродкі масавай інфармацыі. Калі неадкладна на гэтай сэсіі не прыняць рашэньня аб дэпартызацыі, пачнецца ўнізе масавы стыхійны пратэст. Гэта рэальнасьць”.

Выступае дэпутат Апазыцыі БНФ Аляксандар Шут. У пэрспэктыве ля мікрафона Мікалай Крыжаноўскі
Выступае дэпутат Апазыцыі БНФ Аляксандар Шут. У пэрспэктыве ля мікрафона Мікалай Крыжаноўскі


Барыс Гюнтар, Апазыцыя БНФ:“Зьвярніце ўвагу на “Советскую Белоруссию”, орган ЦК КПБ. 22 чысла. Хунта арыштаваная, але “Советская Белоруссия” дае матэрыялы, пратакол нумар 3 і іншыя дакумэнты гэтай хунты. Гэта зрабілі і газэта “Звязда”... Гомельскі гарсавет 20 чысла на сваім пасяджэньні адмежаваўся ад хунты і абвясьціў, што законы, указы хунты ня дзейнічаюць на тэрыторыі Гомелю. Што робіць народны дэпутат Вайцянкоў, старшыня аблвыканкаму? Ён сваім рашэньнем прэзыдыюму скасоўвае рашэньне гарсавета і падтрымлівае хунту. Прычым спасылаецца на Гомельскага пракурора Трубачкіна...”

Анатоль Зеляноўскі, сакратар ЦК КПБ, народны дэпутат СССР: “Антыкамуністычны псыхоз, учынены сёньня парлямэнцкай Апазыцыяй БНФ у Вярхоўным Савеце нашай рэспублікі, назваць дэмакратыяй ніяк нельга. Гэтак жа, як і нельга назваць дэмакратыяй і тое, што сёньня адбываецца на плошчы імя Леніна. Гэта ахлякратыя, улада натоўпу. Ідзе адкрыты псыхалягічны тэрор камуністаў, абразы і нават фізычны гвалт. У перапынку сэсіі натоўпам на плдошчы быў абражаны, прыніжаны і падвергнуты фізычнаму гвалту народны дэпутат БССР, сакратар ЦУК кампартыі Беларусі Ціхіня Валер Гур’евіч, які вымушаны быў зьвярнуцца па хуткую дапамогу ў паліклініку... Што датычыць пытаньня нацыяналізацыі маёмасьці КПБ, дык гэта відавочна супрацьзаконная акцыя... “

На трыбуне - дэпутат Апазыцыі БНФ Сяргей Папкоў
На трыбуне - дэпутат Апазыцыі БНФ Сяргей Папкоў


Сяргей Папкоў, Апазыцыя БНФ:“Я пратэстую супраць прадастаўленьня слова арганізацыі, якая практычна фарміравала тут путч у рэспубліцы... Трэба забараніць гэтай арганізацыі, членам бюро ЦК і ЦК КПБ выступаць з гэтай трыбуны.”

Сяргей Навумчык, Апазыцыя БНФ:“Лічу абавязковым удакладніць тую інфармацыю, якую зрабіў тут вам і народу рэспублікі, які слухае трансьляцыю, сакратар ЦК Зеляноўскі.

Наколькі мне вядома, падчас перапынку да Валерыя Гур’евіча Ціхіні не было зроблена ніякіх спроб фізычнага ўзьдзеяньня. Адзінае, што ён быў ачэплены колам і абпляваны ў літаральным сэнсе. Дарэчы актыўны ўдзел прыняў у вызваленьні Ціхіні з гэтага кола Яўген Міхайлавіч Глушкевіч...

Вось, таварышы камуністы, гаворыце, што кампартыя не падтрымала путчыстаў. Выбачайце, вось газэта чэрвеньская, вось бюро райкаму партыі, вось – “Пастанова нумар адзін Дзяржаўнага камітэту па надзвычайнаму становшчы абавязана стаць праграмай дзеяньняў кожнага грамадзяніна. У сувязі з гэтым, з новай актыўнасьцю павінна ўзяцца за работу раённая кантрольная камісія, раённая партарганізацыя, рабочы кантроль, пракуратура, усе прававыя органы”.

І вось ваша, спадар Малафееў, ваша, спадар Зеляноўскі, ваша, спадар Ціхіня, ваша спадар Камай, заява Бюро ЦК. Дык што, не падтрымала партыя? Падтрымала. І я думаю, што члены Прэзыдыюму таму менавіта вялі такую палітыку, што яны глядзелі ў рот ЦК, як яны глядзелі, у сваёй большасьці, цэлы год. Гэта першае.

Другое. Вось вы ставіце сабе ў заслугу, што заклікалі да спакою. А ўявіце, калі б Хасбулатаў, калі б Ельцын, калі б Сілаеў таксама заклікалі да спакою, калі б не было гэтых пікетаў і барыкад на вуліцах Масквы, калі б не было энэргічных дзеяньняў расейскіх дэпутатаў, дзе былі б мы з вамі?! Вы, можа, і сядзелі б у залі, а мы, відаць, сядзелі б у іншым месцы. А што было б з народам – пра гэта цяжка думаць. А таму тое патрабаваньне нацыяналізацыі маёмасьці і спыненьня дзейнасьці Кампартыі Беларусі, якое выстаўляе тут Апазыцыя, гэта ня толькі патрабаваньне Апазыцыі, гэта патрабаваньне народа. Вам можна цяпер прад’явіць дзесяткі, сотні тэлеграм, дзе дзесяткі тысяч подпісаў. Давайце ня будзем абплёўваць адзін аднаго ў прамым і пераносным сэнсе, давайце мы канстытуцыйным шляхам вырашаць гэтыя пытаньні. Бо калі мы цяпер гэтага ня зробім, зробіць за нас народ але вось ня вельмі культурна… Народ вывады зрабіў, але, відаць, мы тут вывады ня зробім, таму правільна адзінае нармальнае выйсьце з гэтай сытуацыі – гэта роспуск гэтага Вярхоўнага Савета, дэпартызацыя ўсіх структур і новыя выбары. Інакш народ наш будзе каціцца ў бездань”.

Адразу пасьля майго выступу Пазьняк рабіў даклад ад імя Апазыцыі з палітычнай ацэнкай сытуацыі.

Кіраўнік Апазыцыі БНФ дэпутат Зянон Пазьняк. (Кінакадр)
Кіраўнік Апазыцыі БНФ дэпутат Зянон Пазьняк. (Кінакадр)

Зянон Пазьняк: “ Якія высновы можна зрабіць з мінулых падзей? Перш за ўсё гэта быў замах на нашу народную чалавечую і нацыянальную годнасьць. Наша дзяржава Беларусь апынулася безабароннай перад крымінальным абліччам хунты, нам не было чым бараніць свой сувэрэнітэт і свой шлях да свабоды. Пакуль Беларусь ня будзе мець сродкаў для абароны свайго народу, сваёй дзяржавы – ні ваб якой свабодзе і ні аб якім сувэрэнітэце ня можа быць і гаворкі. З намі ніколі ня будуць лічыцца ні таталітарызм, ні таталітарны і агрэсіўны Савецкі Саюз, ні маладая імпэрская Расея, што адраджаецца ў форме дэмакратыі, ні ўсходняя мафія, ні ўсялякая крымінальная група: ці то капээсэсаўскі АМОН, ці то камуністычная хунта.

Беларусі патрэбна беларускае нацыянальнае войска, дзяржаўная сыстэма нацыянальнай бясьпекі, структура аховы краю і грамадзтва. Беларусі патрэбны поўны і рэальны, а не дэкляраваны, сувэрэнітэт. І першым крокам да яго павінна стаць неадкладнае наданьне Дэклярацыі аб дзяржаўнай незалежнасьці Беларускай ССР статусу канстытуцыйнага закона.

Людзі на Плошчы, 24-24 жніўня 1991
Людзі на Плошчы, 24-24 жніўня 1991


КПБ ня мае ніякага юрыдычнага і маральнага права на існаваньне. Яна павінна быць зачынена і распушчана. Павінна адбыцца дэпартызацыя і дэкамунізацыя вытворчасьці і ўсіх устаноў рэспублікі. Павінна быць нацыяналізаваная ўся маёмасьць КПБ-КПСС, нарабаваная ў народа. Усе камуністычныя газэты, якія дэзінфармавалі людзей і друкавалі матэрыялы ў падтрымку перавароту, павінны быць перарэгістраваныя і пераведзеныя ў стан незалежных газэт. Беларусь не павінна падпісваць Саюзны дагавор, а аб'явіць пра сваю незалежнасьць і прыступіць да стварэньня нацыянальнага войска і іншых органаў абароны сувэрэнітэту рэспублікі.

... Зацяжны крызіс заканадаўчай улады можа быць вырашаны толькі шляхам дачаснага роспуску Вярхоўнага Савета БССР і правядзеньня новых выбараў у прафэсійны парлямэнт на шматпартыйнай аснове і аснове дэмакратычнага закона. Толькі ў вольнай і незалежнай некамуністычнай дэмакратычнай Беларусі можа знайсьці сваё шчасьце і свабоду беларускі народ. Дэпутаты Апазыцыі БНФ лічаць, што старшыня Вярхоўнага Света таварыш Дземянцей, які падтрымаў ГКЧП, ня можа знаходзіцца на сваёй пасадзе... Выступленьне спадара Дземянцея, якое мы тут праслухалі – гэта ўзор цынізму і дэмагогіі... Адбываецца глумленьне над народным сэнсам, над народам, над будучыняй нашай рэспублікі, і сядзіць спадар Дземянцей, і кіруе гэтым паседжаньнем, і ўхмыляецца. Што, Вам весела? Над чым тут весяліцца?

Я лічу, што , улічваючы, як ідзе гэта сэсія, ніякага канструктыўнага рашэньня вынесена тут ня будзе. Камуністычная большасьць вядзе сэсію да зрыву, да забалтаньня яе і непрыняцьця ніякіх рэальных пастаноў. Таму я вымушаны зьвярнуцца да людзей Беларусі, улічваць, якая сытуацыя складаецца ў нас, і рыхтавацца да ўсеагульнай беларускай забастоўкі (тут Пазьняк скарыстаў наяўнасьць прамой радыётрансьляцыі – С.Н.). Толькі такім мэтадам --шляхам грамадзкага непадпарадкаваньня – мы можам дасягнуць нашай мэты. І трэба памятаць, што ўсе дзеяньні народа, накіраваныя на падтрымку Канстытуцыі, на падтрымку дэмакратыі, накіраваныя супраць саўдзельнікаў у дзяржаўным перавароце, з'яўляюцца законнымі і яны апраўданыя. Таму я прашу перадаць па ўсіх прадпрыемствах, па ўсіх страйкамах, па ўсіх вытворчасьцях – рыхтавацца да ўсеагульнай забастоўкі супраць саўдзельнікаў у злачынстве. Жыве Беларусь!».

1-га сакратара ЦК КПБ пагналі з трыбуны

Дзьве падзеі пераламалі хаду сэсіі на нашу карысьць: выштурхоўваньне з трыбуны першага сакратара ЦК кампартыі Анатоля Малафеева і прамова Пазьняка з заклікам да камуністаў прагаласаваць за незалежнасьць.

А шостай раніцы 25 жніўня над віцебскай ратушай беларускія патрыёты ўзьнялі бел-чырвона-белы сьцяг.

А ў Авальнай залі дэпутат-касманаўт Уладзімер Кавалёнак заклікае прыняць прапановы Апазыцыі БНФ. Генадзь Карпенка зачытвае заяву некалькіх членаў Прэзыдыюму з патрабаваньнем да Мікалая Дземянцея і Васіля Шаладонава сысьці ў адстаўку. Яўген Глушкевіч кажа, што «калі мы ня вызначымся цягам гэтых дзвюх гадзінаў, паралельная структура будзе створаная. Цяпер ужо фармуецца нацыянальная гвардыя, 300 чалавек запісалася».

І тут адбылася кульмінацыйная падзея: да трыбуны пайшоўгалоўны камуніст Малафееў.

Малафееў падтрымаў ГКЧП, і нават калі кіраўніцтва ЦК КПСС асудзіла путчыстаў (ужо пасьля іх правалу) — выказваўся ў падтрымку хунты. Ён ня быў дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР, але быў народным дэпутатам СССР і таму, паводле рэглямэнту, меў права на выступ. Пасьля выступу Глушкевіча і Ганчара, калі абвінавачваньні ў бок камуністаў дасягнулі, як яму падалося, гранічнай мяжы, ён устаў з «урадавага сэктару», па-камандзірску даў пальцам знак Дземянцею (маўляў, зараз буду выступаць) і пайшоў да цэнтральнай трыбуны.

Малафееў ішоў як гаспадар — павольна, з адчуваньнем уласнай перавагі.

Але не дайшоў.

Дэпутаты зганяюць з трыбуны 1-га сакратара ЦК КПБ А. Малафеева.
Дэпутаты зганяюць з трыбуны 1-га сакратара ЦК КПБ А. Малафеева.

Першай на трыбуне апынулася Галіна Сямдзянава і загарадзіла сабой мікрафон. Мы паўскоквалі зь месцаў — Яўген Глушкевіч, Ігар Гермянук, Павал Холад, Віктар Ганчар, Валянцін Голубеў, Іван Герасюк, Мікалай Крыжаноўскі — і атачылі Малафеева, пачалі крычаць яму ў твар: «Пайшоў вон!» Памятаю, цяжка было стрымацца, каб не схапіць яго за каўнер, але — стрымаліся, запас нэрваў усё ж заставаўся і пасьля бяссонных начэй.

Дарэчы, гэты эпізод зафіксаваны ня толькі фатографамі, але і кінаапэратарам, ён патрапіў у фільм Юрыя Гарулёва і Аляксандра Лукашука «Дэпутаты», і ўжо празь некалькі гадоў я ўбачыў тое, што не заўважыў тады. Лукашэнка мітусіўся паміж трыбунай і Дземянцеем, спрабуючы ўгаварыць Сямдзянаву пусьціць Малафеева на трыбуну — гэта вельмі добра бачна ў фільме.

(За колькі месяцаў да гэтага Лукашэнка, стварыўшы фракцыю «Камуністы за дэмакратыю», жорстка дыскутаваў з Малафеевым і абвінавачваў яго ў аўтарытарызьме ды непрыманьні іншых поглядаў. Пройдзе час, і прэзыдэнт Лукашэнка прызначыць Малафеева кіраўніком свайго «сэнату».)

Малафееў быў вымушаны пайсьці з трыбуны на сваё месца. І гэта псыхалягічна зламала камуністаў: усёмагутны першы сакратар, валадар лёсаў — быў сагнаны, фізычна адпрэчаны палітычнымі праціўнікамі. Такога сьцены Авальнай залі ня бачылі.

Разгублены Дземянцей абвяшчае перапынак на паўгадзіны – але зацягваецца ён нашмат даўжэй. У перапынку ён “раіцца з таварышвамі” – але таварышы-камуністы дэмаралізаваныя. Тыя члены Прэзыдыюму ВС, якія здольныя адэкватна ацаніць сытуацыю, раюць яму выканаць патрабаваньне аб адстаўцы.

Для нас гэта азначала адно — выкарыстаць яшчэ большы націск, каб дамагчыся наданьня Дэклярацыі аб сувэрэнітэце канстытуцыйнага статусу. У перапынках мы зьбіраемся ў нашым 363-м пакоі і карэктуем тактыку.

У нейкі момант каля дзьвярэй зьявіўся Вячаслаў Кебіч. «Я падаю ў адстаўку», — каротка сказаў прэм’ер-міністар.

Чаму Кебіч пайшоў паведаміць пра гэта нам? Наколькі сур’ёзным быў ягоны намер? Я ніколі ў яго пра гэта не распытваў, а ў сваіх даволі аб’ёмістых мэмуарах Вячаслаў Францавіч абышоў гэты эпізод. Думаю, што тут быў элемэнт гульні, а магчыма, ён хацеў нейкіх дамоўленасьцяў з Апазыцыяй БНФ. Але размовы не атрымалася: Кебіча адразу ўзяў пад рукі касманаўт Уладзімер Кавалёнак, палітычная арбіта якога ў тыя дні круцілася вакол БНФ. Касманаўт павёў прэм’ера па даўгім калідоры трэцяга паверху і пачаў угаворваць: «Вячаслаў Францавіч, ні ў якім разе, што ж будзе з эканомікай, Вы спэцыяліст» — і гэтак далей. Тых словаў Кебічу хапіла, каб перадумаць; значыць, і не было ў яго сур'ёзнага намеру сыходзіць, проста прамацваў глебу. Зрэшты, празь некалькі гадзін пасьля свайго тэатральнага дэмаршу Кебіч падтрымаў Пазьняка, і з улікам ягонага аўтарытэту ў намэнклятуры гэтая падтрымка станоўча паўплывала на вынік галасаваньня аб наданьні Дэклярацыі канстытуцыйнай сілы.

Пасьля перапынку Дземянцей заяўляе, што сыходзіць у адстаўку.

Шушкевіч дзякуе Дземянцею «за работу на пасадзе старшыні» і кажа гэтулькі шмат добрых слоў, колькі мы, дэпутаты БНФ, на свой адрас ад яго ніколі ня чулі (і не пачуем). Але знаходзяцца словы і для нас — у зьвязку з выгнаньнем з трыбуны першага сакратара ЦК КПБ.

Станіслаў Шушкевіч: «Мне сорамна за тое, што адбылося ў нас у залі Вярхоўнага Савету! Нідзе, нават на Нюрнбэрскім працэсе, не было такога, каб той, каго абвінавачваюць, каго падазраюць, ня меў слова. Я быў сьведкам той зьявы, што народны дэпутат СССР ня змог выступіць на трыбуне. Мы ня можам ісьці такім шляхам, як бы мы да каго ні ставіліся...»

Адметна, што, калі Дземянцей выключаў мікрафоны праціўнікам камуністаў — дэпутатам Апазыцыі БНФ, Шушкевіч ніколі не заступіўся і ня выказаўся на карысьць магчымасьці народных дэпутатаў «выступіць на трыбуне». Пазьней ужо ён сам адключаў нам мікрафоны.

Шушкевіч прапанаваў «з канстытуцыйных пазыцый спакойна правесьці сэсію і закончыць яе».

«Павінна быць дадзеная ацэнка дзейнасьці Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету, які ня выканаў сваіх канстытуцыйных абавязкаў. Сэсію закрываць сёньня так, як вы хочаце, нельга» — пераконваў Валянцін Голубеў.

Слова бярэ дэпутат Апазыцыі БНФ Вольга Галубовіч: «Вам, Станіслаў Станіслававіч, сорамна за нас, народных дэпутатаў, за тое, што мы не далі магчымасьці гаварыць з самай высокай народнай трыбуны чалавеку. Лідэру партыі, якая была ідэйным натхняльнікам антыдзяржаўнага перавароту, якая хацела зьнішчыць свайго генэральнага сакратара. А мне, паважаны Станіслаў Станіслававіч, было горка і балюча за тое, што ўчора, калі Расея стаяла над трунамі ахвяр антыдзяржаўнага перавароту, у гэтай самай высокай залі рэспублікі што было? Падман і спроба завуаляваць сваю злачынную бязьдзейнасьць».

Шушкевіч пачаў апраўдваць Прэзыдыюм, адстаўкі якога мы настойліва патрабавалі. І першае, што ён зрабіў пасьля таго, як абвясьціў, што бярэцца выконваць функцыі старшыні, даў слова Малафееву.

Мы на знак пратэсту падчас выступу Малафеева пакінулі залю, хоць здагадваліся, што Малафееў пачне адступаць. Так яно і сталася: у фае праз трансьляцыю чулі, што першы сакратар, як раней і ягоныя калегі з ЦК, спрабаваў давесьці, нібыта КПБ не падтрымлівала путчыстаў і КПБ выходзіць з КПСС, і нават сказаў пра «дэмакратычную свабодную Беларусь». Мы разумелі, што гэта — ня болей, чым фарысэйства, спроба ўратаваць партыю, якая канчаткова збанкрутавала.

Намэнклятура ў Авальнай залі зразумела, што Малафееў капітуляваў і ўжо не валодае сытуацыяй. Фактычна, камуністы страцілі лідэра, а разам зь ім — і волю да барацьбы. Іншага выйсьця, як прымаць прапановы Апазыцыі БНФ, у іх не было.

Пасьля гэтага імпэту прыбавілася і ў раней «памяркоўных» дэпутатаў, якія адзін за адным выступалі з гнеўнымі прамовамі. Ужо і Вячаслаў Кебіч заявіў, што ня браў удзелу ў пасяджэньні Бюро ЦК КПБ, на якім была прынятая заява з падтрымкай хунты, а таксама дадае наступнае: «нам трэба карэнным чынам перагледзець нашую ацэнку, што нібыта рэспубліка ў бязьмежнай залежнасьці ад іншых рэгіёнаў. Урэшце, у сьвеце ня так ужо і шмат краінаў, якія маюць увесь набор мінэральна-сыравінных і паліўных рэсурсаў. Аднак жывуць, і жывуць няблага». (Шкада, што праз пару гадоў Кебіч забудзецца на гэтыя словы.)

Увечары 24 жніўня стала вядома, што Гарбачоў зьняў зь сябе абавязкі генэральнага сакратара ЦК КПСС; на дзень раней у Маскве прэзыдэнт РСФСР Барыс Ельцын падпісаў указ аб прыпыненьні дзейнасьці КПСС на тэрыторыі Расеі. Фактычна, беларускія камуністы апынуліся без гаспадароў, і ў Авальнай залі камуністы-дэпутаты загаварылі што КПБ будзе самастойнай, а Беларусь стане сувэрэннай дзяржавай. Узьнікала небясьпека ператварэньня рэспублікі ў камуністычны запаведнік. Тым больш важным было дамагчыся спыненьня дзейнасьці кампартыі.

Нашая тактыка пачынала даваць плён, які высьвечваўся на таблё вынікаў галасаваньня.

Прымаецца пастанова з асуджэньнем дзеяньняў ГКЧП. Ствараецца камісія па ацэнцы дзеяньняў службовых асобаў і ўстаноў у дні путчу на чале з дэпутатам Апазыцыі БНФ палкоўнікам міліцыі Ігарам Пырхам, прымаецца рашэньне аб дэпартызацыі. Нарэшце, дэпутаты пагаджаюцца ўзяць за аснову наш праект пастановы аб забароне дзейнасьці КПБ-КПСС на тэрыторыі Беларусі: 185 галасоў пры патрэбных 174-х.

Усяго за пастанову прагаласуе 212 дэпутатаў.

Пазьняк: “Сувэрэнітэт дасьць нам магчымасьць стаць свабоднымі і незалежнымі”


Шушкевіч пераходзіць да пытаньня аб Незалежнасьці: “У нас ёсьць праект пастановы “Аб наданьні статусу канстытуцыйнага закона Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце”. Вы захоўваеце гэтую прапанову? (маецца на ўвазе Апазыцыя БНФ. Натуральна ж , мы захоўвалі яе , гэта было галоўнае, дзеля чаго мы патрабавалі склікаць нечарговую сэсію – С.Н.). Вы ведаеце, канстытуцыйная большасьць патрэбная нам. Я б хацеў зьвярнуць вашу ўвагу, што вельмі цяжка гэта пытаньне нават пры самых станоўчых адносінах вырашыць”.

Гэта была рэпліка, якую а ні ў якім разе нельга было вымаўляць: пасьля адстаўкі Дземянцея для значнай колькасьці дэпутатаў Шушкевіч ужо успрымаўся “начальнікам”, яны прызвычаіліся галасаваць так, як скажа начальнік, а тут – начальнік сумняваецца ў выніку галасаваньня; дык, можа, і ня варта галасаваць?

Да таго ж, перад гэтым выступіў дэпутат Лукашэнка – у сувэрэнітэце ён убачыў пагрозу ізаляцыі ад Расеі і ад Гарбачова; як я ўжо пісаў, Лукашэнка ўвогуле адмовіўся рэгістравацца і браць удзел у сэсіі. Але пры гэтым пакінуў за сабой права выступаць – ішла прамая трансьляцыя, тое, што адбывалася ў Авальнай залі, слухалі, без перабольшваньня, мільёны, і згубіць магчымасьць чарговы раз “засьвяціцца” ён не жадаў. Дырэктар саўгасу «Гарадзец» узначальваў групу “Камуністы за дэмакратыю”, і пара дзесяткаў галасоў магла адпасьці.

Зянон Пазьняк просіць слова, 1991. Фота Ул. Сапагова
Зянон Пазьняк просіць слова, 1991. Фота Ул. Сапагова

І вось тады ўзяў слова Пазьняк. Ён выступаў спантанна, бяз падрыхтоўкі, але гэта , перакананы, была самая выніковая прамова ў найноўшай гісторыі Беларусі. Калі сёньня параўноўваць яе зь іншымі прамовамі Пазьняка - можна знайсьці значна больш аналітычныя, лепшыя паводле стылю, і нават больш эмацыйныя. Але менавіта тая прамова, сказаная без падрыхтоўкі ад мікрафону, інтуітыўна, "на адным дыханьні" -- самым непасрэдным чынам паўплывала на тое, што на мапе сьвету зьявілася новая краіна -- Беларусь. І сказаная яна была ў патрэбны момант, і тымі словамі, якія толькі і маглі паўплываць на людзей, ад якіх увечары 25 жніўня 1991 году залежыла -- ці спраўдзіцца мара пакаленьняў.

Прамаўляў Пазьняк у поўнай цішыні; я памятаю нейкае пашчоўківаньне, калі адзін з апэратараў у іншым канцы залі павярнуў сваю тэлекамэру.

Тую гістарычную прамову Пазьняка прывяду тут цалкам.

Зянон Пазьняк: “Я хачу зрабіць некалькі заўваг па гэтаму пытаньню, паколькі тут у зале выступалі некаторыя дэпутаты, у прыватнасьці, дэпутат Лукашэнка, які проста заблытаў гэтае пытаньне.
Справа у тым, шаноўныя калегі, што зараз мы ўступілі ў прынцыпова новую сытуацыю. Усе рэспублікі вакол нас аб'явілі аб сваёй нацыянальнай дзяржаўнай незалежнасьці. У тым ліку ўчора гэта зрабіла Украіна. Практычна пытаньне аб Саюзным дагаворы здымаецца на нейкі пэрыяд. Саюз існуе толькі намінальна. I калі ў гэтай сытуацыі мы не прымем адпаведнага закона аб дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, мы трапім у вельмі кепскае становішча. Таму што тыя рэспублікі, якія вакол нас, яны будуць разьвівацца, і разьвівацца як нацыянальныя дзяржавы на прынцыпова новай аснове. Яны ідуць да рынку, у іх будзе больш мабільная эканоміка, і мы трапім у непасрэдную залежнасьць ад гэтых рэспублік. Тым больш, я ў сваім дакладзе гаварыў (а я дастаткова добра знаёмы з расійскай дэмакратыяй на працягу многіх гадоў) і з усёю адказнасьцю магу сказаць, што на Усходзе ў нас фармуецца маладая агрэсіўная імпэрыя ў форме дэмакратыі. Тыя дэмакраты, якіх мы добра ведаем, не прызнаюць фактычна нас як нацыю, яны не глядзяць на нас, як на асобную дзяржаву і на асобную тэрыторыю, а глядзяць на нас, як на вотчыну, на якую яны маюць пэўнае права.

На вялікі жаль, гэта так. I менавіта зыходзячы з гэтых меркаваньняў я неаднойчы выказваўся і пісаў аб тым, што я сумняваюся ў дэмакратычным характары будучай Расіі. Таму што асноўны прынцып дэмакратыі — гэта прызнаньне права нацыі на самавызначэньне. Калі ў грамадзтве існуе імпэрская мэнтальнасьць, дасягнуць дэмакратыі поўнасьцю вельмі цяжка. I тыя высновы, якія мы можам зрабіць зараз, сутыкаючыся з палітыкай з Усходу, прыводзяць нас да думкі, што зараз нам, каб выратаваць наш народ, нашу эканоміку, абавязкова патрэбен дзяржаўны сувэрэнітэт. Тыя хуткія тэмпы, якімі зараз пойдуць разьвівацца дзяржавы, якія заснаваны на дзяржаўнай незалежнасьці, яны прывядуць да таго, што іхняя эканоміка высмакча з нашай рэспублікі рабочую сілу, высмакча тавары. I калі ў нас ня будзе сваёй валютнай сыстэмы (а мы можам яе мець талькі тады, калі будзем мець нацыянальную незалежнасьць), мы трапім у вельмі цяжкае эканамічнае і залежнае становішча. Ужо Расія некалькі тыдняў назад паведаміла, Ельцын паведаміў аб тым, што зьбіраецца павысіць цэны на нафту. Гэта быў у пэўнай ступені шантаж нашай рэспублікі. І ён быў не першы раз.

Калі мы не будзем мець дзяржаўнай незалежнасьці, ня зможам свае рэсурсы, свае ўсе сродкі, свае вынікі працы ўкладваць на дабро нашага народа і нашай дзяржавы, мы не зможам супрацьстаяць гэтай палітыцы. А яна будзе, і будзе абавязкова.

Мы ўступаем у новы стан дзяржаўных узаемаадносінаў. Таму, шаноўныя калегі, я вельмі вас прашу, паколькі палітычная абстаноўка зьмянілася рэзка і хутка і некаторыя з нас не пасьпелі яе адразу ацаніць, я заклікаю ўсіх дэпутатаў зараз ацаніць гатую абстаноўку самым належным чынам. Таму што ўсякае замаруджваньне пойдзе нам на шкоду.

Ня трэба баяцца, што тут, як казалі некаторыя дэпутаты, узьнікне Альбанія, Куба, Карэя. Нічога падобнага. Працэсы, якія пайшлі ў нас, нават ход нашай сэсіі пацьвярджаюць: яны неабарачальныя, яны ідуць на карысьць нашаму грамадзтву. А сувэрэнітэт дасьць нам магчымасьць стаць свабоднымі і незалежнымі, дасьць нам магчымасьць разьвіць тыя асновы, якія мы закладваем, ідучы да рэформ. Я прашу вас паставіць гэтае пытаньне і вырашыць яго сёньня. Бо заўтра можа быць позна. Нас тут ня вельмі многа, і патрэбна канстытуцыйная большасьць. Таму я вырашыў выступіць перад вамі, і, можа, для некаторых было гэта нечаканым. Але я дастаткова добра ведаю, якія ўзаемаадносіны ў тых маладых структурах, якія зараз нараджаюцца. I калі мы спаткаемся з імі потым, не падрыхтаваўшыся, мы проста апынемся ў невырашальным стане. Дзякуй за ўвагу”.

Пазьняк папрасіў камуністаў прагаласаваць за Незалежнасьць – але апэляваў не да беларускай гісторыі (гэта не спрацавала б), не да права нацыі мець сваю дзяржаву (яны не любілі слова “нацыя”) – а да пачуцьця самазахаваньня. Яны чакалі ад Пазьняка ухваленьняў пераможца Ельцына – а Пазьняк сказаў, што сумняецца ў дэмакратычным характары будучай Расеі, што на усходзе фармуецца новая імпэрыя.

Словы Пазьняка сапраўды былі для камуністаў вельмі нечаканым, як нечаканым, шакуючым была і форма звароту («мы», «нам») ад чалавека, які некалькі гадзінаў раней заявіў, што ня хоча ў гэтай залі дыхаць адным паветрам з тымі , хто падтрымаў хунту.

Пасьля Пазьняка слова адразу ўзяў нефармальны лідэр камуністаў Міхаіл Мачуленка (да прыпыненьня дзейнасьці КПБ-КПСС - другі сакратар Гомельскага абкаму КПБ):

“… Я стопрацэнтна падтрымліваю народнага дэпутата Пазьняка і прапаную тут жа, зараз жа прагаласаваць за тое, што ён сказаў” (Аплядысмэнты)»

Булахаў папярэджвае,, што “мы парушаем Канстытуцыю рэспублікі”, але ля мікрафону – старшыня Віцебскага аблвыканкаму Уладзімер Кулакоў.

Уладзімер Кулакоў: “Я б прасіў таксама падтрымаць пытаньне пра тое, каб мы прынялі гэтае рашэньне, таму што, сапраўды, становішча ў эканоміцы сёньня такое, што калі нам цяпер не абараніць эканамічна і палітычна рэспубліку, будзе хаос і рэспубліка пойдзе да эканамічнага краху. Таму трэба падтрымаць”.

Прэм’ер-міністар Вячаслаў Кебіч: “…Я толькі што меў размову з вельмі высокапастаўленымі кіраўнікамі Расеі. І павінен заклікаць вас пасьля гэтай размовы менавіта прыняць такі закон, таму што абстаноўка падпісаньня саюзнай дамовы вельмі зьмянілася. Наўрад ці такое падпісаньне ў бліжэйшы час увогуле адбудзецца. Таму я таксама заклікаю вас знайсьці такую форму, каб нам не парушаць Канстытуцыю. Але такі закон трэба сёньня прыняць (Аплядысмэнты).

Міхаіл Жэбрак, былы першы сакратар райкаму. “… Я да ўчорашняга дня стаяў за абноўлены Саюзны дагавор. Але пасьля ўчорашняга дня, тое, што адбылося на Украіне, мяне прымушае зрабіць заяву пра тое, што калі мы сёньня ня прымем таі закон, тое, што прапануе Зянон Станіслававіч Пазьняк, дык трэба тады прымаць рашэньне аб уваходзе Заходняга Краю ў клад Расейскай Фэдэрацыі. Іншага выйсьця няма. І Беларусь ня будзе існаваць, штаму што тады Беларусі абсалютна ня будзе. Я ў гэтым перакананы і прашу падтрымаць і прыняць такі закон. Давайце ставіць на галасаваньне”.

Ідзе галасаваньне – паэтапна, за прыняцьце “за аснову” (“за” – 249 галасоў), за ўдакладненьне назвы (“Аб наданьні статусу канстытуцыйнага закона Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларускай СССР” (“за” – 252 галасы), закон прымаецца ў першым чытаньні (“за” – 253 галасы – з кожным разам колькасьць прыхільнікаў павялічваецца), затым галасуюцца некаторыя асобныя пункты, і нарэшце – галасуецца Закон цалкам. “За “ – 256 дэпутатаў. Супраць – о, устрымалася – 0.

На таблё – 20 гадзінаў 12 хвілінаў.

Шушкевіч віншуе жыхароў Беларусі.

Далей прымаем патрэбныя зьмены ў 72-артыкул Канстытуцыі і прапанову Саўміну аб перадачы ў падпарадкаваньне Беларусі ворганаў Пракуратуры, МУС, КДБ і ўсёй маёмасьці якая знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі.

У гэты вечар Беларусь робіцца незалежнай дзяржавай.

І тое была – перамога.

Газэта Звязда, 27 жніўня 1991 г.
Газэта Звязда, 27 жніўня 1991 г.

...Мы выйшлі на плошчу, да тысяч людзей, якія віталі нас воплескамі. Пазьняк узьняўся на імправізаваную трыбуну – грузавік з гукаўзмацняльнай апаратурай. На жаль, у аўдыёзапісу, які ў мяне ёсьць, ня мае пачатку выступу – у пачатку лідэр БНФ папярэдзіў, што ня варта недаацэньваць тых, хто яшчэ некалькі дзён таму падтрымаў праімпэрскі путч:

“... Яны зьвядуць да таго, што ўсе гэтыя заваёвы – яны ня будуць выконвацца. Таму трэба іх прымушаць. І гэта – толькі першы крок. Толькі першы крок, але наступны крок, якім вы выйдзем – гэта з узьнятымі сьцягамі аптымістычна, з песьнямі, з патрабаваньнямі, на законнай аснове, не баючыся, нікога не зьневажаючы, а як свабодныя людзі, спраўджваючы тое, што дасягнуў наш Вярхоўны Савет супроць КПБ, якая яшчэ існуе і многа можа нарабіць шкоды. Мы зараз законна будзем змагацца з гэтай гідрай, і ў гэтым сэнсе вельмі важна нам гэта зразумець. Калі такая падтрымка будзе – то я ўпэўнены: Беларусь будзе і свабоднай, і незалежнай, і некамуністычнай. І – дэмакратычнай. І вельмі заможнай. І вельмі хутка. Вельмі хутка! Калі мы толькі пяройдзем да рэформаў, калі мы вырашым пытаньні зь зямлёй, з уласнасьцю, з усімі нашымі сродкамі, - вельмі хутка будзе вынік. Вельмі хутка будзе вынік! Ёсьць разьлікі, элемэнтарна мы тады праз год адчуем паляпшэньне. Праз тры гады мы ўжо будзем добра стаяць на нагах. А разьлікі ўсе паказваюць – пры добрым ходзе спраў за восем гадоў мы можам стаць на ўзровень Фінляндыі, на ўзровень дастаткова заможнай эўрапейскай краіны. Гэта пры ідэальным варыянце. Чым меншая краіна – тым хутчэй ідзе абарачэньне. Скажам, для Украіны такі разьлік – 15-25 гадоў. Для Савецкага Саюзу, калі б ён пачаў тыя рэформы – праз 50 гадоў, таму што краіна велізарная… У нас Беларусь – 10 мільёнаў, кампактная тэрыторыя, выдатнейшае геапалітычнае становішча, выдатнейшае. Усе шляхі, і паветраныя – усе ідуць праз нас. Атрымаўшы Незалежнасьць, мы можам выкарыстоўваць гэта вельмі эфэктыўна, калі мы выкарыстаем і нашую электроніку, нашыя розумы, нашыя мазгі, калі мы будзем любіць нашую Бацькаўшчыну моцна, то ў нас ёсьць усе магчымасьці стаць свабодным, шчасьлівым, заможным народам. І нас будуць паважаць, шанаваць. І тады жыцьцё наша будзе радасным. А жыць добра – гэта самая найвялікшая каштоўнасьць. Проста мы даўно не жылі, мы не жылі яшчэ пры свабодзе. Мы яшчэ добра не ўсьведамляем, што гэта такое. І вось – пачынаецца раніца. Дык давайце ж памятаць аб тым, што ад нас будзе залежыць, як будзе доўжыцца наш сьвеілы дзень! Жыве Беларусь!”.

... А потым Пётра Садоўскі ўзьлез на грузавік і засьпяваў купалаўскую “Тры дарожаньні...”– засьпяваў так, што голас разьнесла далёка за плошчу. І толькі тыя, хто стаяў побач, бачылі ў яго на вачах сьлёзы...


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG