Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Севярынца ў турме на Акрэсьціна трымалі ў камэры з трыма ВІЧ-інфікаванымі


Павал Севярынец пасьля адбыцьця 10-суткавага арышту выйшаў з турмы на Акрэсьціна. Менск, 16 жніўня 2018 году
Павал Севярынец пасьля адбыцьця 10-суткавага арышту выйшаў з турмы на Акрэсьціна. Менск, 16 жніўня 2018 году

Пасьля 10-сутачнага арышту на волю выйшаў сустаршыня БХД Павал Севярынец. Адразу паведаміў пра дзьве навіны. Адна добрая: Паўлу вярнулі рукапіс другой кнігі раману «Беларусалім», дазволілі мець асадку — ён працягваў пісаць. Другая — кепская : яго трымалі ў адной камэры з трыма ВІЧ-інфікаванымі.

«ВІЧ-інфікаваных павінны трымаць у асобных памяшканьнях. Самі хлопцы, канечне, не вінаватыя, а вінаватыя тыя, хто пасадзіў іх са мной. Прычым, аднаго ВІЧ-інфікаванага з трэцяй стадыяй (гэта ўжо апошняя перад СНІДам), відаць, шукалі па ўсім Менску, каб ён адседзеў 5 сутак за правапарушэньне, зьдзейсьненае ў 2011 годзе. І калі я запытаўся, чаму так адбываецца, ахоўнікі адказвалі, што тут шмат такіх. Хаця я дакладна ведаю, што ёсьць норма трымаць такіх людзей асобна ад здаровых. Прычым, гэта высьветлілася пры канцы адседкі, калі я ўбачыў, што яны прымаюць адмысловую тэрапію», — распавёў Павел.

«Нават бяздомныя і алькаголікі падтрымліваюць абаронцаў Курапатаў»

З кожным, хто прыйшоў яго сустракаць — а гэта каля двух дзясяткаў чалавек — Павал абняўся, паціснуў руку, падзякаваў усім, хто падтрымліваў, хто маліўся, хто прыносіў перадачы — матулі, сябрам, тым, хто застаецца на варце па абароне Курапатаў. Распавёў, што нават бачыў праз вакно, як выпускалі Максіма Вінярскага.

Ілюстрацыйнае фота. Пратэст супраць рэстарацыі ў Курапатах. 18 чэрвеня 2018 году
Ілюстрацыйнае фота. Пратэст супраць рэстарацыі ў Курапатах. 18 чэрвеня 2018 году

Севярынец кажа, што ў асноўным у ЦІПе сядзяць за дробныя крадзяжы, шмат алькаголікаў, наркаманаў, якім патрэбна доза.

«Але ўсе, зь кім я размаўляў, нават бяздомныя і алькаголікі, падтрымліваюць абаронцаў Курапатаў, асуджаюць гэту рэстарацыю на касьцях. Думаю, уладальнікам рэстарацыі будзе ўсё цяжэй і цяжэй. У пятніцу а 12-й гадзіне мы правядзем паседжаньне штабу па байкоту, абмяркуем, прымем супольнае рашэньне, бо абароне трэба разьвівацца»., — адразу падзяліўся бліжэйшымі плянамі Павал.

«Нігерыец адмовіўся есьці турэмную кашу»

У 8-й камэры на другім паверсе ізалятара разам з Паўлам сядзелі ў розны час ад 4 да 6 чалавек. Стаўленьне да арыштантаў было нармальнае.

«Міліцыянты не лютавалі. Мяркую, што маюць дзеяньне гэтыя ўсе бясконцыя скаргі, паперы, якія мы пастаянна пішам», — робіць выснову Севярынец.

Што да харчаваньня, ён падзякаваў маці і ўсім астатнім за перадачы.

«На Акрэсьціна распавядаюць гісторыю пра нігерыйца, які пешшу з Турэччыны прыйшоў сюды, і калі яму паставілі міску з тутэйшай кашай, ён сказаў «Бррр, я не злачынца, я гэта есьці ня буду».

На волі Паўла сустрэлі сябры і паплечнікі, актывісты, якія абараняюць Курапаты
На волі Паўла сустрэлі сябры і паплечнікі, актывісты, якія абараняюць Курапаты

За кратамі ведалі і пра затрыманьні журналістаў, і пра перамогу «Дынама» над «Зэнітам»

Інфармацыя ў Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў праточвалася рознымі шляхамі, прычым ня толькі з газэт, кажа Павал.

«Я ўжо ведаю, што „фронтаўцы“ расчаравалі нас, „саскочылі“, але варта, дзякуй Богу, працягваецца. Ведаю, што менскае „Дынама“ разграміла „Зэніт“ зь лікам 4:0 і што сёньня матч у адказ. Праўда, ня ведаю, як учора згуляла БАТЭ. Ведаю нават пра пазоў бізнэсоўца Ізраілевіча да „Новага часу“.

Ведаю, што журналістаў бралі, тут быў шум, шурум-бурум, адчувалася, што нешта адбываецца, прыяжджала хуткая. Так што мы тут ня ў поўнай ізаляцыі, інфармацыю схаваць немагчыма», — кажа Павал.

Рукапіс, канфіскаваны падчас папярэдняга арышту, вярнулі

Павал кажа, што быў бязьмежна рады, калі ягоны рукапіс нарэшце знайшоўся. І распавёў дзіўную гісторыю зьнікненьня 11 старонак рукапісу.

Рукапіс кнігі Паўла Севярынца «Беларусалім»
Рукапіс кнігі Паўла Севярынца «Беларусалім»

«З 30 чэрвеня я адбываў папярэднія 10 сутак арышту і ў камэры пісаў свой раман. 5 ліпеня, у той дзень, калі на Акрэсьціна з Курапатаў прывезьлі былога ахоўніка ЦІП Міхася Грамыку, яны, відаць, ашалелі і забралі мой рукапіс. Я пісаў скаргі на Акрэсьціна, пісаў звароты ў Генпракуратуру, у Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў, у ПЭН-цэнтар, у Саюз пісьменьнікаў.

І на гэтай адседцы прыносяць аркуш, падпісаны процьмай начальнікаў, што рукапіс быў канфіскаваны, але, маўляў, ня ведалі ў каго. Зараз я напісаў яшчэ старонак 15. Гэта дадаткі да другой кнігі „Беларусалім“, якая, у прынцыпе, амаль гатовая, але я яе шліфую», — кажа Павал Севярынец.

6 жніўня суд Фрунзэнскага раёну Менску пакараў Паўла Севярынца, аднаго зь лідэраў пратэстаў супраць рэстарацыі «Поедем поедим» ля Курапатаў, 10 суткамі арышту. Тое, што Севярынец быў каля рэстарацыі са сьцягам, суд палічыў несанкцыянаваным пікетам.

Сам Севярынец на паседжаньне суду не прыйшоў. Палітык сказаў Свабодзе, што лічыць прысуд беззаконьнем, што ўлады такім чынам хочуць зьбіць хвалю пратэсту супраць рэстарацыі ля Курапатаў, але «курапацкая варта» будзе працягвацца.

​Што важна ведаць аб пратэстах супраць новай рэстарацыі ў Курапатах

Павал Севярынец падчас пратэсту каля рэстарацыі «Поедем поедим» у Курапатах
Павал Севярынец падчас пратэсту каля рэстарацыі «Поедем поедим» у Курапатах

  • ​Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы яго закрыцьця.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • 27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.
  • Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 13 ліпеня паведаміў пра нейкія дамоўленасьці з уладальнікам рэстарацыі, але якія гэта дамоўленасьці — пакуль не сказаў.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

​Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы.

Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 год у Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG