Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыя БНФ спыняе варту ў Курапатах. Ганна Шапуцька: «Гэта здрада»


Рыгор Кастусёў (зьлева) на пікеце каля рэстарана ў Курапатах
Рыгор Кастусёў (зьлева) на пікеце каля рэстарана ў Курапатах

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў зьмясьціў у «Фэйсбуку» адпаведную заяву. Яе праўдзівасьць ён пацьвердзіў у камэнтары Свабодзе, назваўшы гэта ўзгодненай пазыцыяй партыі. Зь іншымі ўдзельнікамі варты заяву не абмяркоўвалі, паведаміў Кастусёў.

У заяве гаворыцца, што курапацкая варта цалкам дасягнула сваіх мэтаў: увага шырокіх колаў беларускай і міжнароднай грамадзкасьці прыцягнутая да амаральнай ды сумнеўнай з пункту гледжаньня нормаў права дзейнасьці ўстановы «Поедем поедим». Далейшыя дзеяньні будуць скіраваныя на змаганьне за належную мэмарыялізацыю Курапатаў і адкрыцьцё праўды пра злачынствы сталінізму ў іх.

Каб не дапускаць правакацыяў ды спэкуляцыяў экзальтаваных прыхільнікаў расейскага імпэрскага рэваншызму, што часам едуць да рэстарацыі выключна дзеля атрыманьня таннага піяру праз свае канфлікты з нацыянальна-дэмакратычнымі актывістамі, піша ў «Фэйсбуку» Кастусёў, Партыя БНФ ад гэтага дня спыняе блякаваньне брамы «Поедем поедим».

Дзеяньні абаронцаў вывелі зь ценю, прымусілі паказаць сваё сапраўднае аблічча і гэтым цалкам здыскрэдытаваць сябе ўласьнікаў рэстарацыі, яе наведнікаў і саму ўстанову ля Курапатаў. Адмоўная рэпутацыя бізнэсоўцаў ды іхнай забаўляльнай установы сфармаваная назаўсёды.

Ганна Шапуцька: «Гэта здрада»

Ганна Шапуцька, удзельніца курапацкай варты, кажа, што ўпершыню чуе пра гэтае рашэньне, яно стала для яе нечаканасьцю.

«Я не падтрымліваю іх дзеяньняў. Лічу, што калі адбываюцца рэпрэсіі супраць абаронцаў мэмарыялу ў Курапатах, такія дзеяньні не адпавядаюць таму, каб можна было называць сяброў партыі годнымі і шчырымі людзьмі. Я супраць такога. Я чытала, што спынілі сяброў БХД зь Віцебску, якія ехалі на курапацкую варту. Ведаю, што шукаюць Дзяніса Садоўскага (сябар БХД. — РС). Ідзе ўзмацненьне ціску.

Ганна Шапуцька
Ганна Шапуцька

Учора мы бачылі, як на курапацкай варце зьявіліся новыя людзі з боку аховы. Раней там былі 1-2 чалавекі, учора было пяцёра, і мы бачылі, як яны разам зь людзьмі, якіх мы лічым супрацоўнікамі спэцслужбаў, нешта абмяркоўвалі.

У гэты момант нельга пакідаць курапацкую вахту. Трэба, наадварот, яе ўзмацняць. Трэба назіраць за тым, што там будзе адбывацца. Цяпер пераломны момант. Нельга сыходзіць. Сябры Партыі БНФ ня маюць рацыі.

Змаганьне за Курапаты ідзе ў гэтым месцы — супраць «бульбашхолу». Нельга кідаць варту, нельга кідаць людзей, тым больш не папярэдзіўшы іх пра гэта. Гэта здрада. Гэта здрада тым людзям, зь якімі яны стаялі побач.

Віталь Рымашэўскі: «БНФ зрабіла ня вельмі карэктна, без інфармаваньня іншых»

Сустаршыня партыі БХД Віталь Рымашэўскі адмоўна ставіцца да рашэньня БНФ аб спыненьні курапацкай варты без абмеркаваньня зь іншымі партыямі і рухамі. На яго думку, кожная партыя, кожны палітык мае права дзейнічаць згодна са сваімі маральнымі прынцыпамі, ідэалягічнымі ўстаноўкамі, але абарона Курапатаў і варта патрабуе салідарнасьці, супольнай працы.

Віталь Рымашэўскі ў Курапатах з дачкой. 2017
Віталь Рымашэўскі ў Курапатах з дачкой. 2017

Паводле Віталя Рымашэўскага, можна спрачацца, ці трэба гвалтам спыняць машыны. Асабіста ён гвалтам машыны ніколі не спыняў і кажа, што кіроўцы самі спыняліся. І калі ім давалі літаратуру пра Курапаты, расказвалі пра гэтае месца, 90% разварочвалі свае машыны і самі зьяжджалі.

«Тое, што Партыя БНФ ні з кім не параілася, адвольна прыняла такое рашэньне, гэта, безумоўна, аслабляе агульныя пазыцыі абаронцаў, тым больш што цяпер лета, пэрыяд адпачынкаў. Зрабіў БНФ ня вельмі карэктна, без інфармаваньня іншых удзельнікаў. Мы б інакш разьмяркоўвалі сілы. Але, спадзяюся, іншыя запоўняць гэтую „дзірку“.

Я лічу, што інфармацыйную кампанію трэба працягваць, бо нават раздача буклетаў, інфармаваньне наведнікаў — гэта вельмі важны складнік абароны Курапатаў. Гэта абсалютна не адмаўляе таго, што трэба змагацца за мэмарыялізацыю Курапатаў. Але мэмарыялізацыя ня можа быць апраўданьнем адмовы ад абароны ахоўных межаў мэмарыялу.

Я б усё ж заклікаў прадстаўнікоў БНФ далучацца да супольных акцый абароны Курапатаў. Нават калі яны адмовіліся ад варты каля рэстарацыі, спадзяюся, іхныя словы пра мэмарыялізацыю не застануцца пустым гукам», — кажа Віталь Рымашэўскі.

Тацяна Севярынец падазрае, што Кастусёва падкупілі

Каардынатарка партыі БХД па Віцебскім рэгіёне Тацяна Севярынец, якая зь Віцебска прыехала на варту ля рэстарацыі «Поедем поедим», выказала ў інтэрвію Свабодзе абурэньне заявай БНФ аб сканчэньні іх удзелу ў абароне Курапат.

«Гэта здрада, гэта палітычна некарэктна. Няўжо спадара Кастусёва падкупілі? Так ня робіцца, калі мы паплечнікі», — сказала Севярынец.

Яе абурыла тое, што заява БНФ зьявілася пасьля таго, як прадстаўнікі партыі праігнаравалі панядзелкавую нараду пратэстоўцаў і перад днём, калі менавіта БНФ меў чаргу стаяць у варце — у чацьвер.

Сын Тацяны Севярынец Павал адбывае 10-суткавы арышт за ўдзел у абароне ў Курапатах.

7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго

​Што важна ведаць аб пратэстах супраць новай рэстарацыі ў Курапатах:

Пратэст каля рэстарацыі «Поедем поедим» у Курапатах
Пратэст каля рэстарацыі «Поедем поедим» у Курапатах

  • Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы яго закрыцьця.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • 27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.
  • Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 13 ліпеня паведаміў пра нейкія дамоўленасьці з уладальнікам рэстарацыі, але якія гэта дамоўленасьці — пакуль не сказаў.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

​Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы.

Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG