Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я шчасьлівая, бо магу дапамагаць». Чаму становяцца валянтэркамі


Каардынатарка пашуковага атраду «Анёл», валянтэрка Крысьціна Крук.
Каардынатарка пашуковага атраду «Анёл», валянтэрка Крысьціна Крук.

Не чакай, не разьлічвай на іншых, рабі, што лічыш патрэбным. Такія правілы жыцьця Кацярыны Парыжаскай, якая спрабуе ўратаваць Вайсковыя могілкі ў Менску, каардынатаркі пашуковага атраду «Анёл» Крысьціны Крук і стваральніцы сайту «Нашы дзеткі» Крысьціны Вітушкі.

Чаму становяцца валянтэркамі

Кацярына Парыжаская: Я не хачу аднойчы прачнуцца ў горадзе, дзе будуць толькі спальныя раёны і гандлёвыя цэнтры. Я ўспрымаю сваю працу як захаваньне спадчыны ўсёй Беларусі, каб я магла хадзіць па горадзе, дзе ёсьць помнікі архітэктуры, і каб нашы нашчадкі маглі іх бачыць. А калі далучаецца да гэтай справы мала людзей, то хто, калі ня мы?

Крысьціна Крук: Ня ведаю, што было б, калі б я не прыйшла ў атрад «Анёл», калі б пражыла іншае жыцьцё, зусім нуднае і вялае. Зараз я разумею, што я шчасьлівая, бо я магу дапамагаць, для мяне гэта справа майго жыцьця. Гэта маё хобі, але я разумею, што гэта — і мая праца.

Крысьціна Вітушка: Гэта нармальнае стаўленьне дарослага чалавека — не чакаць, не разьлічваць, што нехта зробіць тое, што табе трэба. Калі ты пачуваесься гаспадаром свайго жыцьця, сваёй зямлі, то ты яе зьмяняеш, ты яе паляпшаеш, ты дапамагаеш тым, хто вакол цябе, адчуваючы адказнасьць за жыцьцё і за сьвет, які застанецца пасьля цябе.

«Калі пабачыла, што моцна патрэбная дапамога, зразумела, што заставацца ўбаку ня маю магчымасьці»

Ганна Соўсь: Як прыйшло ўсьведамленьне, што ваша дапамога патрэбная, што вы ня можаце заставацца ў баку, што вы мусіце ратаваць старыя магілы ці шукаць зьніклых, ці выкладаць дзецям па-беларуску?

Кацярына Парыжаская.
Кацярына Парыжаская.

Кацярына Парыжаская: Гістарычная спадчына мне баліць з самага дзяцінства, але тое, што я жыла ў іншай краіне некалькі гадоў (Кацярына вучылася на пэдагагічным факультэце Заходнечэскага ўнівэрсытэту — РС), не дазваляла мне далучыцца. А зараз, калі пераехала і пабачыла, што моцна патрэбная дапамога, што людзі не асабліва далучаюцца, зразумела, што заставацца ўбаку ня маю магчымасьці. Досьвед у справе аховы гісторыка-культурнай спадчыны істотна адрозьніваецца ад любога іншага, таму што тут акрамя фізычнай працы, напісаньня пастоў у сацсетках, далучаеш яшчэ і юрыдычную працу і робісься фактычна спэцыялістам у ахове гісторыка-культурнай спадчыны.

«Сапраўдных валянтэраў, гатовых дапамагчы незнаёмаму чалавеку, вельмі мала»

Крысьціна Крук.
Крысьціна Крук.

Крысьціна Крук: Жаданьне дапамагчы зьніклым бязь вестак прыйшло спантанна. Аднойчы я выпадкова прыйшла на пошук, пабачыла гэта збоку і зразумела вялікую праблему — вельмі мала сапраўдных валянтэраў, гатовых сарвацца ў любы момант і дапамагчы чужому, незнаёмаму чалавеку. Мне захацелася быць у гэтых шэрагах, гэтак жа дапамагаць і прыносіць дабро, даваць надзею блізкім, сваякам, зьніклым людзям.

Ганна Соўсь: А чаму сапраўдных валянтэраў мала?

Кацярына Крук: Насамрэч ня кожны гатовы прыйсьці на дапамогу незнаёмаму чалавеку. І на сёньня, хоць атраду «Анёл» нядаўна споўнілася 6 гадоў, сталых валянтэраў вельмі мала. Ёсьць абмежаваная колькасьць падрыхтаваных спэцыялістаў, якія выяжджаюць на пошукі. Іх вельмі мала, 30, максымум 40 чалавек. А звычайных валянтэраў, якія жадаюць прыяжджаць на пошукі, і таго менш. З больш чым 100 тысяч падпісантаў у нашых групах у Фэйсбуку, Укантакце, Твітэры, Інстаграме звычайна прыяжджае на пошукі добра калі 20-30 чалавек. Я лічу, што гэта неймаверна маленькая колькасьць на такую колькасьць падпісантаў.

«Разумееш, што бракуе ўласных сілаў — зьвяртайся па дапамогу»

Крысьціна Вітушка.
Крысьціна Вітушка.

Крысьціна Вітушка: Мне здаецца, што гэта традыцыя. Беларусы заўсёды дапамагалі адзін аднаму... Хочаш нешта зьмяніць — зьмяняй. Разумееш, што табе бракуе ўласных сілаў — зьвяртайся па дапамогу, і людзі дапамогуць. Я выхоўвалася на такой літаратуры. Я выхоўвалася на прыкладзе бацькоў. Калі мае бацькі хацелі, каб у мяне была школа, падобная да тых, якія яны бачылі ў фільмах, тата ішоў і ствараў унікальныя экспанаты для нашага кабінэту фізыкі, мама пякла пірагі, каб у нас былі цёплыя і прыемныя вечарыны, а ня проста «лядушкі» з расповедамі пра Леніна.

Гэта нармальнае выхаваньне і нармальнае стаўленьне дарослага чалавека — не чакаць, не разьлічваць, што нейкія адмыслова навучаныя людзі, хтосьці паводле пасады, зробіць тое, што табе трэба. Калі ты пачуваесься гаспадаром свайго жыцьця, сваёй зямлі, то ты яе зьмяняеш, ты яе паляпшаеш, ты дапамагаеш тым, хто вакол цябе, адчуваючы адказнасьць за жыцьцё тут і цяпер, і за сьвет, які застанецца пасьля цябе.

«У суполцы "Вайсковыя могілкі" у ФБ больш за 500 чалавек, вельмі актыўна займаюцца справай чалавек 7»

Ганна Соўсь: Кацярына, я штодня чытаю вашы часам адчайныя пасты ў Фэйсбуку, зь якіх добра адчуваецца градус напружаньня на Вайсковых могілках. Вы аддаяце свой час гэтай справе і зьвяртаецеся па дапамогу. Як на вашае ўражаньне, ці можна зрабіць добрую справу ў Беларусі праз заклікі ў сацыяльных сетках? Наколькі яны дапамагаюць? Крысьціна Крук казала, што падпісчыкаў шмат, а рэальных валянтэраў значна менш. У вашай справе як адбываецца?

Кацярына Парыжаская: Для мяне паказальны факт, што я сама далучылася. Пабачыла перапост паста Паўла Каралёва, у якім ён казаў, што сытуацыя на Вайсковых могілках кепская, і імгненна вырашыла: «Еду!». У той жа дзень далучылася яшчэ два чалавекі, якія сталі касьцяком нашага валянтэрскага руху. Канешне, тых, хто далучаецца дзеяньнем, а ня проста перапостамі, сапраўды мала, але ж яны ёсьць. Сацыяльныя сеткі, і гэтая думка ня будзе арыгінальная, у нашых умовах зараз зьяўляюцца асноўным інструмэнтам кансалідацыі грамадзтва.

У суполцы «Вайсковыя могілкі» у Фэйсбуку мы можам апэратыўна паведамляць аб тэрміновых патрэбах, імпрэзах, пра сытуацыю на могілках. Для таго, каб дасягнуць посьпеху, трэба выканаць некалькі ўмоваў: гарантаваць людзям бясьпеку, мець пэўны сацыяльны багаж, як меў Павал, мець імя і валодаць харызмай, каб абудзіць людзей да дзеяньняў. Сацыяльныя сеткі ў справе Вайсковых могілак ці ня першы інструмэнт, які дапамагае нам быць актыўнымі, заклікаць людзей і трымаць вось гэты градус напружаньня, каб людзі не засталіся абыякавымі да гэтай справы. У нас у суполцы больш за 500 чалавек. Вельмі актыўна займаюцца справай чалавек 7. Але штодня прыходзяць розныя людзі — і тыя, хто ўжо даўно ходзяць, і новыя людзі — ад 4 да 10 чалавек.

«У нас былі рэкордныя пошукі: за 30 хвілін з моманту падачы звароту звычайныя дзяўчаты знайшлі бабулю ў Менску»

Ганна Соўсь: Каля году таму ў Белавескай пушчы зьнік хлопчык Максім Мархалюк. Вы былі адной з каардынатарак пошуку, і ўсе, хто з вамі сутыкаліся, адзначалі вашу неверагодную арганізаванасьць і канцэнтрацыю. Што вас прывяло ў «Анёл»? Як гэта паўплывала на ваша жыцьцё? Пра колькі выратаваных жыцьцяў, знойдзеных людзей вы маглі бы сказаць? Каго шукаеце цяпер?

Крысьціна Крук: Незадоўга да майго прыходу ў атрад у мяне зьнік далёкі сваяк. На той момант я яшчэ ня ведала пра «Анёл», потым сваякі ўжо дзесьці вычыталі, далі арыенціроўку. Я проста адсочвала групу. Ніякіх выездаў там не было, актыўных пошукаў не было. На той момант мне было незразумела, што і як адбываецца. Цяпер, калі я ў гэтай сыстэме, то разумею, як гэта адбываецца. Калі казалі пра маю арганізаванасьць... Насамрэч досьвед прыходзіць з гадамі...

Пасьля таго, як згубіўся мой сваяк (а яго знайшлі праз тры месяцы загінулым), я прачытала на старонцы «Анёлу», што зьнік мужчына ў раёне 9-га кілямэтру ля ваеннага гарадку. Я падумала, што, напэўна, гэта мой шанец прыйсьці і дапамагчы. Калі я пакуль не магу знайсьці свайго сваяка, то паспрабую знайсьці кагосьці іншага. Калі я глядзела збоку на гэтую цяжкую працу, на тое, што робяць гэтыя людзі, гэта для мяне было шокам. Мне здавалася, што гэта нейкія супэргероі, якія робяць столькі справаў адначасова, бо трэба і цьвяроза мысьліць, і правільна паставіць задачу, і галоўнае — вынік. Гэта, напэўна, дар, а ўжо потым досьвед.

Пошукі Максіма Мархалюка. Ілюстрацыйнае фота.
Пошукі Максіма Мархалюка. Ілюстрацыйнае фота.

Як гэта паўплывала на маё жыцьцё? У першую чаргу знаёмствамі, новымі сябрамі. Можа быць, я стала па-іншаму глядзець на сваё жыцьцё. Ня ведаю, што б было, калі б не прыйшла ў атрад «Анёл», калі б пражыла іншае жыцьцё, зусім нуднае і вялае. Зараз я разумею, што я шчасьлівая, я магу дапамагаць, для мяне гэта ўжо справа майго жыцьця. Гэта маё хобі, гэта ж добраахвотная арганізацыя, але я разумею, што гэта — мая праца.

Ганна Соўсь: А дзе вы працуеце?

Крысьціна Крук: Я займаюся продажам. Ня буду паглыбляцца, чаго менавіта, але я звычайны спэцыяліст па продажы, і гэта ніяк не зьвязана з пошукам людзей. У мінулым я вельмі хацела паступіць у Акадэмію МУС, але, на жаль, не атрымалася. Але я лічу, што менавіта гэтым валянтэрствам, тым, што я ўжо дапамагаю людзям, я сваю мару крыху споўніла.

Ганна Соўсь: А колькім людзям вы дапамаглі за гэтыя пяць гадоў?

Крысьціна Крук.
Крысьціна Крук.

Крысьціна Крук: Я не лічыла. Для мяне кожнае выратаванае жыцьцё — каштоўнае. Нейкі дзясятак ёсьць тых, каго непасрэдна я знайшла, але нашмат больш было знойдзеных з дапамогай каардынаваньня і непасрэдна ў пошуках. Знойдзеных «Анёлам» вельмі многа. Часта пытаюцца, колькі ў вас больш — знойдзеных ці ня знойдзеных. Насамрэч вельмі шмат менавіта знойдзеных людзей. Бываюць выпадкі, калі чалавек загінуў, але ён знойдзены пошукавай групай ці з дапамогай інфармаваньня.

​У нас вялікая колькасьць падпісантаў. Мала хто выяжджае непасрэдна на самі пошукі, але ёсьць тыя, хто можа сядзець дома і зрабіць проста рэпост арыенціроўкі. А дзякуючы звычайнаму інфармаваньню і арыенціроўкам у сацыяльных сетках было знойдзена вельмі многа людзей проста звычайнымі мінакамі. Вы можаце спакойна ісьці па вуліцы, наткнуцца на нашу арыенціроўку і знайсьці зьніклых — якіх-небудзь бабулю ці дзядулю ў Менску. У нас былі рэкордныя пошукі: за 30 хвілін з моманту падачы звароту звычайныя дзяўчаты знайшлі бабулю ў Менску.

Ганна Соўсь: А каго зараз шукаеце?

Крысьціна Крук: На дадзены момант актыўных пошукаў няма, больш інфармацыйна працуем. Але я б ня стала казаць, што мы зусім нікога не шукаем. Я гавару з вамі, а праз 5 хвілін мне можа пазваніць камандзір і сказаць, што зараз хтосьці ў лесе зьнік, бо зараз сэзон. Для мяне вельмі цяжкі пэрыяд, таму што даводзіцца сумяшчаць і працу, і валянтэрства. Я спрабую быць у 95% выпадкаў на ўсіх пошуках і кантраляваць любую сытуацыю. Мы ж ня ведаем, калі хто зьнікне, і выезд можа быць ледзь ня кожны дзень.

«Адсотак актыўных і адказных людзей у любым грамадзтве невялікі, і тут беларускамоўныя — не выключэньне»

Ганна Соўсь: Крысьціна Вітушка, у справе адукацыі, беларускамоўнай адукацыі, напэўна пераважна ўсё адбываецца добраахвотна, ахвярна, без спадзяваньня на дзяржаву, нават насуперак. Ці можна сказаць, што фактычна ўсе бацькі беларускамоўных дзетак — валянтэры?

Крысьціна Вітушка: Было б цудоўна, калі б мы маглі так сказаць. У нас ужо была б цудоўная беларуская адукацыя. На жаль, гэта не заўсёды так. Ёсьць людзі, схільныя патрабаваць гатовых рашэньняў, якія лічаць, што вялікі подзьвіг зь іх боку — проста запісацца ў нейкую ўстанову, зрэагаваць на запрашэньне, прыйсьці, прывесьці дзіця. І далей яны пераважна крытыкуюць у сацыяльных сетках, пішуць пра тое, як яны расчараваныя, што не атрымалі нейкіх гатовых рашэньняў, і гэтага няма, і тое горш, чым уяўлялася.

Крысьціна Вітушка зь дзецьмі.
Крысьціна Вітушка зь дзецьмі.

Адсотак актыўных і адказных людзей у любым грамадзтве невялікі, і тут беларускамоўныя — не выключэньне. Зь беларускамоўнай адукацыяй сытуацыя адмысловая. Дзяржава ня тое што ня робіць нічога для гэтага, а робіць усё, каб яе зьнішчыць. Бацькі вымушаныя браць справу ў свае рукі — фізычна дапамагаць установам адукацыі, некаторыя віды дадатковай адукацыі ствараць уласнаруч, быць выкладчыкамі і выхавацелямі (калі каму дазваляе адукацыя), друкаваць дапаможнікі і дзёньнікі, таму што іх проста не выпускаюць, пісаць сцэнары, праводзіць сьвяты, арганізоўваць экскурсіі, мерапрыемствы. Калі мы гэтага рабіць ня будзем, будзе агульная савецкая плынь, якая тлуміць галовы дзецям...

Я — спэцыялістка ў разьвіцьці бізнэсу, працую ў бізнэсе. Калі нарадзілася дзіця, паўстала пытаньне, што акрамя сям’і ў яго мусіць быць нейкая сацыялізацыя. І пачалася праца спачатку з садкамі, потым узьнік сайт «Нашы дзеткі». На сайце гуртаваліся зацікаўленыя людзі, якія мелі на мэце даць сваім дзецям беларускую адукацыю і выхаваньне. 12 гадоў я праводзіла беларускія дзіцячыя сьвяты, «ялінкі», якія рабіліся без нейкіх бюджэтаў, фінансаваньняў звонку, проста праз супольную працу людзей. Пры гэтым мы імкнуліся, каб сьвяты былі сапраўды якасныя, сучасныя, каб быў добры гук, добрае сьвятло і найлепшае памяшканьне.

Крысьціна Вітушка зь дзецьмі.
Крысьціна Вітушка зь дзецьмі.

На сёньняшні дзень магу нясьціпла зазначыць, што калі мы стваралі сайт, пачыналі праводзіць дзіцячыя сьвяты, было 10-15 чалавек, і СМІ, якія зьвярталі ўвагу на нашу бацькоўскую супольнасьць, лічылі нас дзівакамі, і многія не асабліва верылі, што з гэтага нешта будзе. На сёньняшні дзень вельмі шмат беларускіх бацькоўскіх супольнасьцяў, шмат розных установаў. Людзі прытрымліваюцца розных пазыцый адносна таго, як выхоўваць, як адукоўваць дзяцей, хтосьці ходзіць у школу, хтосьці не ходзіць, хтосьці займаецца дома, ёсьць плыні, зьвязаныя з рэлігіяй, зь іншымі перакананьнямі. На сёньняшні дзень я імкнуся актыўна дапамагаць новым ініцыятывам, перадаваць свой досьвед, напрацоўкі, кантакты.

«А калі далучаецца да гэтай справы мала людзей, то хто, калі ня мы?»

Ганна Соўсь: Давайце паспрабуем паглядзець на валянтэрства па-філязофску. Чаму трэба пашыраць добрыя справы? Ці дабро вяртаюцца? Чаму трэба браць на сябе тое, што ня хочуць рабіць іншыя?

Вайсковыя могілкі ў Менску. Супрацоўнікі Спэцкамбінату прыбіраюць надмагілныя пліты. Архіўнае фота.
Вайсковыя могілкі ў Менску. Супрацоўнікі Спэцкамбінату прыбіраюць надмагілныя пліты. Архіўнае фота.

Кацярына Парыжаская: Я б сказала, што не ўспрымаю сваю працу як дабро. Я не хачу аднойчы прачнуцца ў горадзе, дзе будуць толькі адны спальныя раёны і гандлёвыя цэнтры. Я ўспрымаю сваю працу як захаваньне спадчыны ўсёй Беларусі, каб я магла хадзіць па горадзе, дзе ёсьць помнікі архітэктуры, і каб нашы нашчадкі маглі іх бачыць. А калі далучаецца да гэтай справы мала людзей, то хто, калі ня мы?

Крысьціна Крук: Мы ўжо гаварылі пра тое, што вельмі мала жадаючых дапамагаць людзям. Мы вельмі шчыльна ўзаемадзейнічаем з супрацоўнікамі міліцыі, ваеннымі, МНС. Магчыма, мы для іх таксама нейкая дапамога. Нават ня ведаю, як патлумачыць чаму, але мне гэта асабіста патрэбна. Гэта ўжо лад жыцьця, нейкая залежнасьць ад гэтага. Можа быць, я нават груба скажу, але я атрымліваю ад гэтага задавальненьне, ад таго, што магу камусьці зрабіць дабро. І яно вяртаецца! Я ў гэтым упэўненая, што дабро вяртаецца, ці вернецца мне ў будучым. Людзей добрых зараз мала, у большасьці свае праблемы, свае погляды на жыцьцё... І хоць у нас невялікая колькасьць людзей, якія хочуць дапамагаць, але мы будзем працягваць дапамогу да тых часоў, пакуль гэта магчыма.

«Я атрымліваю пэўную асалоду ад таго, што я магу гэта зрабіць»

Крысьціна Вітушка: Калі казаць шчыра, я таксама атрымліваю пэўную асалоду ад таго, што я магу гэта зрабіць. І па-другое, менавіта ў валянтэрстве я знаходжу цалкам заспакаеньне ўсіх сваіх патрэбаў. Валянтэрская праца настолькі шматгранная, настолькі патрабуе ад цябе высілкаў, здольнасьцяў, што ты працуеш фактычна ва ўсіх сфэрах. І гэта таксама дапамагае, падтрымлівае. Валянтэры, якія нешта робяць, таксама шмат для сябе знаходзяць у гэтай працы, гэта ня толькі ахвяры.

Валянтэры ля Курапатаў.
Валянтэры ля Курапатаў.

Ганна Соўсь: Цяпер ля рэстарацыі «Поедем Поедим» штодня стаяць валянтэры, якім неаднойчы даводзілася выслухоўваць ад уладальнікаў рэстарацыі ці наведнікаў, што яны праплачаныя. Валянтэраў, якія спрабуюць уратаваць вайсковыя могілкі, у «Советской Белоруссии» называлі «нейкімі валянтэрамі». Ці трэба рэагаваць на падобныя рэплікі закіды?

Кацярына Парыжаская: Па шчырасьці, вельмі эмацыйна на гэта рэагую. Не магу гэта ператрываць, злуюся. Нядаўна была агучаная думка, што валянтэры, якія робяць нешта для Беларусі, спрабуюць зрабіць яе лепшай, чамусьці абавязкова аплачваюцца Захадам. Каму з Захаду гэта патрэбна? Што наконт закідаў... Так, мы спрабуем і будзем у далейшым на гэта рэагаваць.

Ганна Соўсь: У многіх краінах сьвету валянтэрства ў пэрспэктыве часта дае добрую працу, ня кажучы ўжо пра рэпутацыю. Напрыклад, адпрацаваўшы паўгоду ці год валянтэрам у саліднай міжнароднай арганізацыі і добра сябе зарэкамэндаваўшы, можна атрымаць добрую пазыцыю. Як вы лічыце, што ў Беларусі можна і трэба зрабіць дзеля пашырэньня валянтэрства? Як зрабіць валянтэрства прыбытковай справай? Якое вашае бачаньне гэтага?

Кацярына Парыжаская: Варта працаваць з сацсеткамі. Варта працаваць у розных накірунках, ладзіць імпрэзы, абуджаць эмоцыі людзей. І працаваць увесь час, без перапынку. Галоўнае — каб людзі не баяліся, што ім за гэта нешта будзе. І мне падаецца, гэта адна з тых умоваў, якая дазволіць пашырыць рух валянтэрства.

«Валянтэрства жывое, пакуль яно добраахвотнае, і самае галоўнае, бясплатнае»

Ганна Соўсь: Крысьціна, вы марылі паступіць у Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў. І атрымалася, што вы зараз у атрадзе «Анёл», што ёсьць у нейкай ступені блізкай сфэрай дзейнасьці. Ці магчыма, што гэта стане ў будучыні працай?

Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Крысьціна Крук: Цяжка сказаць. У ідэале хацелася б, каб так і было на афіцыйным узроўні. Ці хаця б, як мінімум, калі ты валянтэр і ў цябе ёсьць асноўная праца, каб можна было пакінуць для пошукаў людзей асноўную працу (мы ж ня ведаем, калі зьнікне чалавек), і каб захаваліся пэўныя працоўныя гадзіны. Каб гэта былі не прагулы, каб ня трэба было браць адпачынак за свой кошт, як гэта часта бывае, калі ты пасьля начных пошукаў ня спаў суткі ці двое. Вельмі хацелася б, каб прынялі адпаведныя законы і паглядзелі на валянтэрства з другога боку і крыху ў гэтым нам дапамаглі. А ў цэлым, валянтэрства жывое, пакуль яно добраахвотнае, і самае галоўнае, бясплатнае, таму што гэтае добрае слова «валянтэрства» мае на ўвазе менавіта звычайную дапамогу — добраахвотную, некарысьлівую. Хацелася б, каб яно далей так і заставалася.

Ганна Соўсь: А каго болей у «Анёле» — мужчын ці жанчын?

Крысьціна Крук: Частае пытаньне (сьмяецца). Насамрэч аднолькава. Так, у нас многа дзяўчатак, вельмі многа, і многа мужчын дакладна столькі ж.

«Ня ўсе могуць кінуць сваю справу і пабегчы туды, куды мы заклікаем у сацыяльных сетках»

Крысьціна Вітушка: Я пагаджуся з Крысьцінай, што па вызначэньні «валянтэрства» — гэта добраахвотна. Як толькі гэта робіцца за грошы, гэта ўжо праца. Цудоўна, калі людзі па сваёй ініцыятыве на валянтэрскіх пачатках паказваюць грамадзтву нейкую праблему, і далей грамадзтва, дзяржава, бізнэс знаходзяць магчымасьць, калі ёсьць такая патрэба, стала гэтай працай займацца.

Зьміцер і Вераніка — валянтэры Чырвонага крыжа — у лютыя беларускія маразы ратуюць кіроўцаў на менскай кальцавой. 2017 год.
Зьміцер і Вераніка — валянтэры Чырвонага крыжа — у лютыя беларускія маразы ратуюць кіроўцаў на менскай кальцавой. 2017 год.

Я б не пагадзілася зь меркаваньнем, якое сёньня прагучала некалькі разоў, што валянтэраў у нас мала. Валянтэраў вельмі і вельмі шмат, паглядзіце вакол — можа быць ня ўсе прыходзяць у тую справу, якой вы займаецеся на дадзены момант. Але ў кожным двары ёсьць бабулькі, якія кормяць бяздомных коцікаў і сабачак, большасьць нашых знаёмых даглядае старых, нямоглых сваякоў, большасьць дапамагае дзецям, і гэта таксама праца. Ня ўсе могуць кінуць сваю справу, сваю адказнасьць, і пабегчы зараз туды, куды мы заклікаем у сацыяльных сетках.

Далучацца імпульсна, калі неабходна ў адзін момант паказаць, што сытуацыя сапраўды важная, вострая і праблема істотная, могуць многія людзі. А далей кожны адказвае за сваю справу, за свой кавалачак сьвету, за свой сьветапогляд, за свае каштоўнасьці. На сёньня ў бізнэсе, калі мы запытваемся ў кандыдата на пасаду, які ён мае досьвед, ня так істотна, за грошы гэты досьвед быў ці гэта была валянтэрская праца, важна, што чалавек умее рабіць, важна, што чалавек можа браць на сябе адказнасьць і можа выконваць працу сумленна і дасягаць пастаўленага выніку. І такія навыкі можна атрымаць у валянтэрскай дзейнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG